Аўторак, 23.04.2024, 12:17

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Андрэй Блінец

Будчанскі след акадэміка Карскага
nullІмя акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага – аўтара фундаментальнага даследавання "Беларусы", складальніка этнаграфічнай карты Беларусі, мовазнаўцы і фалькларыста ў нашай краіне добра вядома. А вось пра яго сваякоў і бацькоў інфармацыі амаль ніякай. Толькі нядаўна, дзякуючы дакументам, якія захаваліся ў бібліятэцы вёскі Будча, удалося ў некаторай ступені запоўніць гэты прабел.

Лёс гэтых дакументаў заслугоўвае ўвагі. Іх перадаў бібліятэцы мясцовы краязнаўца, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Барысавіч Карпеня. Усё сваё жыццё ён пражыў у гэтай вёсцы. Працаваў у мясцовай школе настаўнікам працы, пасля выхаду на пенсію заняўся вывучэннем гісторыі родных мясцін. Фёдар Барысавіч прыгадвае, што ў 70-я гады мінулага стагоддзя на вуліцы апынулася шмат дакументаў з мясцовай царквы, якая тады была зачынена. Нешта трапіла на сметнік, нешта ў печ, частка – у дамы вяскоўцаў. Менавіта тады ён і папрасіў вучняў прыносіць яму ўсё, што яны могуць знайсці. Доўгі час дакументы захоўваліся ў яго дома, а пасля былі перададзены ў сельскую бібліятэку. Менавіта на іх аснове і ўдалося аднавіць некаторыя факты біяграфіі першага беларускага акадэміка.

У сакавіку 1910 года ў сяло Будча, якое тады адносілася да Слуцкага павета Мінскай губерні, прыбыў святар Фёдар Мікалаевіч Навіцкі. Дзе ён нарадзіўся і кім былі яго бацькі – невядома. Сам Навіцкі згадваў толькі, што яны выхадцы з мяшчан. Верагодна, хлопец рана асірацеў і выхоўваўся ў манастыры. Потым скончыў Гродзенскае духоўнае вучылішча і быў накіраваны ў сяло Лаша Гродзенскага павета. Там малады святар пазнаёміўся з 15-гадовай Магдалінай Карскай – дачкой мясцовага дзяка Ануфрыя. Знаёмства з цягам часу перарасло ў каханне, а ў снежні 1860 года (01.01.1861 г. па новаму стылю) у іх нарадзіўся сын Яўхім – будучы акадэмік-беларусазнаўца. Паколькі гэта адбылося яшчэ да шлюбу, першынца запісалі ў метрычную картку пад прозвішчам маці – Карскі. Пазней ужо ў законным шлюбе Фёдар і Магдаліна мелі чатырох сыноў – Мікалая, Івана, Аляксандра і Уладзіміра і дзвюх дачок – Марыю і Веру.

Сям'я шмат павандравала па Беларусі. Пераезды былі выкліканы частымі пераводамі Ф.Навіцкага да месца новай службы ў розныя прыходы. Пасля Лашы, з 1862 па 1866 год, ён служыў у Бытчы Барысаўскага павета, потым 13 гадоў у сяле Ятра пад Навагрудкам. Адтуль у 1890 годзе быў пераведзены ў Гарадзенскую царкву Пінскага павета. Праз тры гады Навіцкія пераехалі ў Волму непадалёк ад Мінска. Тут ад бранхіту лёгкіх у 60-гадовым узросце памерла Магдаліна. Пасля яе смерці Фёдар папрасіў у царкоўнага начальства пераводу псаломшчыкам у Дунайчыцкую царкву Слуцкага павета. Непадалёк адсюль, у Блячыне (цяпер в.Садовая Клецкага раёна), служыў яго сын Іван.

Аднак знаходжанне ў Дунайчыцах аказалася непрацяглым. У лістападзе 1904 года Фёдар Мікалаевіч быў пасвечаны ў свяшчэннікі і накіраваны ў Дольскую царкву Пінскага павета. У 1907 годзе яго на два з паловай гады перавялі ў пазаштат з-за дрэннага стану здароўя. 1 сакавіка 1910 года яго прызначылі святаром Праабражэнскай царквы ў сяло Будча, размешчанае сярод неабсяжных балот. 69-гадоваму святару належала ехаць у сапраўды глухія мясціны, аднак гэта яго не напалохала. Працавітасці і старання айцу Фёдару было не займаць. Ён сумленна выконваў свой абавязак усюды, куды яго закідваў лёс. Сведчаннем гэтага сталі царкоўныя ўзнагароды: набедранік і адмысловыя галаўныя ўборы – скуф'я і камілаўка.

Прыход Спаса-Праабражэнскай царквы (па іншых крыніцах – Юр'еўскай) складаўся з жыхароў Будчы і Чудзіна. Сам храм быў адносна новым. Паводле расказаў старажылаў ранейшая Троіцкая царква згарэла недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Неўзабаве будчанцы вырашылі збудаваць новы храм на свае сродкі. На яго ўзвядзенне аддавалі ўсё, што хто меў. I ў 1896 годзе царква адкрылася. Першым святаром у ёй быў А.Шамоўскі, псаломшчыкам – Біруковіч, царкоўным старастам – Сцяпан Андрэевіч Савеня. Бліжэйшыя цэрквы знаходзіліся ў Дзяніскавічах (12 вёрст), Морачы (14 вёрст) і Круговічах (18 вёрст).

У Будчы прайшлі апошнія гады жыцця Фёдара Мікалаевіча Навіцкага. Бацюшка даволі хутка здабыў павагу прыхаджан. Цікава, што памяць аб ім захавалася і дасюль. Падчас наведвання Будчы я гутарыў з мясцовай бабулькай, дзед якой Міхаіл Савеня, што памёр у 1934 годзе, сябраваў з айцом Фёдарам і выказваўся аб ім як аб надзвычай сумленным і адукаваным чалавеку.

Акрамя службы ў царкве, айцец Фёдар вучыў дзяцей Закону Божаму ў Чудзінскай і Будчанскай школах, абучаў іх царкоўным спевам.

Свае ж дзеці былі далёка. Яўхім выкладаў у Варшаўскім універсітэце, Мікалай працаваў у банку ў Растове-на-Доне, Аляксандр быў начальнікам руху Варшаўскай чыгункі. Бліжэй за ўсіх жыў Іван – святар Івана-Прадцечанскай царквы сяла Блячын (каля 80 кіламетраў ад Будчы). Дочкі павыходзілі замуж. Вера жыла ў Рэвелі (сёння Талін), Марыя – у Слабодцы пад Мінскам. Тым не менш, бацька падтрымліваў пастаянныя кантакты з дзецьмі. На пачатку 1914 года, маючы за плячыма 73 гады, ён ездзіў у Рэвель да малодшай дачкі.

21 студзеня 1918 года Фёдар Мікалаевіч Навіцкі памёр ва ўзросце 77 гадоў. Яго пахавалі побач з царквой, за некалькі крокаў ад яе паўночнай сцяны, паміж будынкам і царкоўнай агароджай. Яго магіла захавалася ў добрым стане да нашых дзён. Адметна, што гэта адзінае пахаванне святара, якое знаходзіцца на могілках пры Будчанскай Праабражэнскай царкве. Хутчэй за ўсё, клопаты аб пахаванні айца Фёдара ўзялі на сябе прыхаджане, а помнік на магіле быў устаноўлены дзякуючы сыну Івану. Балазе, ён бліжэй за ўсіх жыў ад Будчы – у Блячыне.


Магіла бацькі Яўхіма Карскага
Феадора Навіцкага.

Паўстае заканамернае пытанне: а ці быў у Будчы сам Яўхім Фёдаравіч Карскі? Думаю, што на яго можна адказаць станоўча. Вядома, што да рэвалюцыі прафесар Варшаўскага універсітэта прыязджаў разам з сям'ёй да брата Івана ў Блячын. Дакументальна такі візіт пацверджаны ў чэрвені 1915 года. Браты сумесна маглі праведаць бацьку. Акрамя таго, лічу, што акадэмік Карскі мог двойчы наведаць і бацькаву магілу.

Першы раз гэта адбылося ў чэрвені 1920 года, падчас польскай акупацыі. Тады Яўхім Фёдаравіч прыехаў з Мінска ў Блячын. Галоўнай прычынай якраз і магло стаць жаданне наведаць магілу бацькі, паколькі было нерэальна дабрацца за адзін дзень з Мінска ў Будчу. Блячын паслужыў Карскаму своеасаблівай "перавалачнай базай". Адсюль акадэмік і рушыў у Будчу, дзе, верагодна, затрымаўся на некалькі дзён, каб пагутарыць з людзьмі і падрабязней даведацца пра апошнія дні жыцця свайго бацькі. Прытулак ён мог знайсці ў святара Бялюсціна, які змяніў Ф. Навіцкага.

Другі раз вучоны меў магчымасць завітаць у Будчу ў жніўні 1926 года, калі вяртаўся ў СССР з замежнай камандзіроўкі. На зваротным шляху ён заязджаў да брата Мікалая ў Мірацічы (пад Навагрудкам), нейкі час затрымаўся ў Івана ў Блячыне. Лагічна дапусціць, што адбыўся ягоны візіт і ў Будчу.

Магчыма, далейшыя пошукі краязнаўцаў дазволяць аднавіць малавядомыя раней старонкі біяграфіі славутага навукоўца. А магілай яго бацькі, як мне здаецца, трэба заапекавацца ўжо зараз. 1 студзеня 2011 года спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Я.Ф. Карскага. Увага навуковай грамадскасці, заканамерна, будзе прыцягнута да мясцін, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю. I вельмі важна, каб на агульным фоне Будча выглядала належным чынам.
Катэгорыя: Андрэй Блінец | Дабавіў: admin (05.02.2010) | Аўтар: Андрэй БЛІНЕЦ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3400 | Тэгі: Будча, Андрэй Блінец, Яўхім Карскі, газета Савецкае Палессе, Феадор Навіцкі | Рэйтынг: 4.7/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.