Пятніца, 26.04.2024, 23:20

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Андрэй Блінец

Сям’я Навіцкіх
Кожны, хто займаўся вывучэннем біяграфіі акадэміка Яўхіма Карскага, звяртаў увагу на адну акалічнасць. Ва ўсіх працах, прысвечаных біяграфіі вучонага, амаль нічога не гаворыцца пра яго сям'ю — бацькоў, братоў і сясцёр. Такі прабел выкліканы адсутнасцю дакладных звестак. Па-першае, многія дакументы з сямейнага архіва былі страчаныя ў Варшаве пад час Першай сусветнай вайны. Па-другое, і бацька, і маці Я.Карскага былі прадстаўнікамі духавенства, згадваць аб чым у гады савецкай улады было непажадана. Таму гэтую тэму як сам навуковец, так і аўтары яго першых біяграфіяў стараліся асабліва не закранаць. Вынікам стаў поўны прабел ва ўсім, што датычыць блізкіх сваякоў акадэміка-беларусазнаўцы. I вось у Клецкім і Ганцавіцкім раёнах удалося адшукаць дакументы, якія праліваюць святло на гэтае пытанне.

Маці

Маці будучага аўтара «Беларусаў» паходзіла з сям'і Карскіх з вёскі Лаша Гродзенскага павета. Упершыню гэтае прозвішча з'явілася ў Лашанскім царкоўным прыходзе ў 1805 г., калі ў мясцовай царкве стаў служыць дзяк Вікенцій Карскі. Адкуль ён тут з'явіўся, невядома, але менавіта ён паклаў пачатак роду, прадстаўнік якога стаў першым акадэмікам-беларусам. У Вікенція было тры сыны: Ігнат (1800 г.н.), Ануфрый (1802 г.н.) і Сцяпан (1805 г.н.). Старэйшы і малодшы даволі рана памерлі, пакінуўшы пасля сябе шасцёра дзяцей-сіротаў. Іх узяў на выхаванне сярэдні сын Ануфрый. Ён, як і бацька, служыў дзячком Лашанскай царквы. Акрамя прыёмных, у Ануфрыя з жонкай было 8 уласных дзяцей. Такім чынам, пад адным дахам разам жыло 16 чалавек! Неверагодна многа па сённяшніх мерках.

Пра маці будучага вучонага звестак вельмі мала. Дастаткова сказаць, што даследчыкі нават не ведалі яе імя. Было вядома толькі, што яно пачынаецца з літары «М». Узнікла меркаванне, што гэта імя Марыя. Аднак, як сведчаць выяўленыя дакументы, гэта не адпавядае сапраўднасці.

Варта зрабіць невялікае адступленне, каб чытач зразумеў, пра якія дакументы ідзе гаворка. Справа ў тым, што з ліпеня 1895 г. да снежня 1928 г. настаяцелем царквы Іаана Прадцечы ў м.Блячын Слуцкага павета (цяпер в.Садовая Клецкага раёна) служыў родны брат Я.Карскага Іван Навіцкі. Пасля смерці I.Навіцкага застаўся даволі вялікі архіў, якім апекавалася яго жонка Надзея, а потым – унучка Надзея Мікалаеўна Хільтова. Частку дакументаў яна перадала ў Клецкі музей, частка апынулася ў сямейных зборах Хільтовых, некаторыя – у настаяцеля адноўленай Іаана-Прадцечынскай царквы а.Андрэя Парфёнчыка.

У музеі аказаўся і пашпарт (Dowod osobisty) I.Навіцкага, выданы ўладамі Другой Рэчы Паспалітай у 1925 г. У ім запісаныя імёны бацькоў уласніка дакумента: бацька Фёдар і маці Магдаліна. Такім чынам, імя маці Я.Карскага сапраўды пачынаецца з літары «М», але гэта не Марыя, як думалі раней, а Магдаліна.



Нарадзілася яна ў 1842 г. і была дачкой Ануфрыя Карскага. У 1857 г. 15-гадовая Магдаліна пазнаёмілася з выпускніком Гродзенскага духоўнага вучылішча Фёдарам Навіцкім, які прыбыў на сваё першае месца службы ў Лашанскую царкву. Знаёмства з часам перарасло ў больш моцнае пачуццё, і ў снежні 1860 г. (01.01.1861 г. па н.ст.) нарадзіўся сын Яўхім. Паколькі гэта адбылося яшчэ да афіцыйнага шлюбу, хлопчыка запісалі ў метрычную кнігу пад прозвішчам маці. Пазней, ужо ў законным шлюбе, Фёдар і Магдаліна мелі чатырох сыноў – Мікалая, Івана, Аляксандра і Уладзіміра; і дзвюх дачок – Марыю і Веру.

Сям'я добра такі павандравала па Беларусі. Пераезды былі выкліканыя частымі пераводамі Ф.Навіцкага ў розныя прыходы. Пасля Лашы, з 1862 да 1866 гг. Навіцкія жылі у Бытчы Барысаўскага павета, 13 гадоў правялі ў м.Ятра пад Навагрудкам, a потым – 11 гадоў у Бярозаўцы Навагрудскага павета. Адтуль у 1890 г. Ф.Навіцкі быў пераведзены ў царкву Пінскага павета, а ў 1893 г. сям'я пераехала ў м.Волму Мінскага павета. Тут прайшлі апошнія гады жыцця Магдаліны Ануфрыеўны.

Сярод дакументаў, якія захоўваюцца ў Клецкім раёне, ёсць і «Выпіска...» з метрычнай кнігі Валмянскай царквы, частка III «Об умерших». З яе вынікае, што жонка псаломшчыка, дзяка Ф.Навіцкага памерла 19 ліпеня (ст.ст.) 1902 г. ад «бранхіта лёгкіх – сухотаў» ва ўзросце 60 гадоў і была пахаваная на мясцовых могілках. Пахавальны абрад правёў «святар Ксенафонт Бунякоўскі з Якавам Нарушэвічам і з пеўчымі».

Бацька

У 1925 г., запаўняючы анкетны лісток, Я.Карскі на пытанне аб бацьках адказаў лаканічна: «...даўно памерлі. Бацька быў сельскім настаўнікам». Сцвярджэнне аб тым, што Фёдар Навіцкі быў настаўнікам, паўтарылася і ў шэрагу біяграфічных працаў. Аднак гэта не зусім адпавядае сапраўднасці. У першую чаргу бацька Я.Карскага быў святаром, а працу ў школе сумяшчаў з царкоўным служэннем.

Праўнуку акадэміка, архівісту Аляксандру Карскаму з Санкт-Пецярбурга, на падставе паведамленняў «Літоўскіх...» і «Мінскіх Епархіяльных Ведамасцяў» удалося ў многім аднавіць жыццёвы шлях свайго продка. Аднак шэраг важных пытанняў па-ранейшаму заставаўся без адказу. У прыватнасці, не былі вядомыя дакладныя гады жыцця Ф.Навіцкага, час і месца яго смерці.

Адказ адшукаўся ў бібліятэцы в.Будча Ганцавіцкага раёна. Апошняя згадка пра Ф.Навіцкага, датаваная 1917 г., адносіцца менавіта да Будчы. У «Мінскіх Епархіяльных Ведамасцях» (№ 9-10 за 1917 г.) згадваецца аб утрыманні грошай з заробку некаторых святароў цэркваў прыфрантавой паласы. У тым ліку са святара Будчанскай царквы Навіцкага – 28 р. 68 к. Верагодна, у гэты час – вясной 1917 г. адбыўся нейкі канфлікт паміж царкоўным начальствам і святаром, прычыны якога не вядомыя.

Лагічным было пашукаць сляды прабывання Ф.Навіцкага менавіта ў Будчы. I тут мне пашанцавала: удалося звязацца з мясцовым краязнаўцам Фёдарам Барысавічам Карпенем. Гэты чалавек, былы партызан, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пражыў у Будчы ўсё жыццё, за выключэннем службы ў Чырвонай Арміі. Працаваў у школе настаўнікам працы, а па выхадзе на пенсію заняўся вывучэннем гісторыі родных мясцінаў. У тэлефоннай размове Фёдар Барысавіч паведаміў, што каля царквы захавалася магіла Ф.Навіцкага, а ў мясцовай бібліятэцы – дакументы аб яго дзейнасці. Гэта і падштурхнула мяне да паездкі ў Будчу.

Там удалося азнаёміцца з кліравымі ведамасцямі Будчанскай Праабражэнскай царквы за 1914 г. У паслужных спісах ёсць і звесткі пра Фёдара Навіцкага, падпісаныя ім уласнаручна. Гэты дакумент захаваўся дзякуючы Ф.Карпеню. Як ён прыгадвае, у 1970-я гг. царква была закрытая і паціху разбуралася. Усе дакументы, кнігі, паперы, што ў ёй захоўваліся, апынуліся на вуліцы і былі разабраныя. Нешта трапіла на сметніцу, нешта ў печку, частка – у дамы вяскоўцаў. Менавіта тады Фёдар Барысавіч папрасіў вучняў прыносіць яму ўсё, што яны змогуць знайсці. Доўгі час дакументы захоўваліся ў яго дома, а цяпер перададзеныя ў сельскую бібліятэку.

Як вынікае з паслужнога спіса, Фёдар Мікалаевіч Навіцкі нарадзіўся 31 сакавіка 1841 г. Пра сваіх бацькоў ён згадвае толькі, што яны паходзілі з мяшчанскага саслоўя. Верагодна, хлопец рана асірацеў і выхоўваўся ў манастыры, а потым (гэта вядома дакладна) скончыў Гродзенскае духоўнае вучылішча. 14 сакавіка 1857 г. ён быў накіраваны дзячком у Лашу, дзе і сустрэў Магдаліну Карскую. Чаму яны не змаглі ажаніцца яшчэ да нараджэння першынца, сказаць цяжка. Калі Яўхім з'явіўся на свет, Фёдару было ўжо 19 гадоў. Узрост дастатковы для ўступлення ў шлюб. Аднак нешта гэтаму перашкодзіла. Тым не менш, Фёдар і Магдаліна пражылі разам 42 гады.

Пасля смерці жонкі Фёдару Навіцкаму было нялёгка заставацца ў Волме. Ён папрасіў царкоўнае начальства перавесці яго псаломшчыкам у Дунайчыцкую царкву Слуцкага павета, бо недалёка ад Дунайчыцаў, у Блячыне, служыў яго сын Іван, чыя падтрымка магла аказацца вельмі дарэчы ў гэты цяжкі час. Прабыванне ў Дунайчыцах аказалася непрацяглым. У лістападзе 1904 г. Фёдар Мікалаевіч прыняў святарскі сан і быў накіраваны ў Дольскую царкву Пінскага павета. Верагодна, епархіяльнае начальства вырашыла ацаніць па заслугах яго шматгадовую службу. Цікава, што дагэтуль вакансія святара ў мясцовай царкве заставалася свабоднай 5 месяцаў. Ніхто не жадаў выпраўляцца ў сяло, аддаленае на 50 вёрстаў ад павятовага горада. А вось Ф.Навіцкі не пабаяўся, і гэта ў 64 гады! У 1906 г. ён быў узнагароджаны набедранікам, a таксама атрымаў падзяку ад Мінскай Епархіяльнай Вучылішчнай Рады «за особо усердное отношение к церковно-школьному делу». Увогуле, на працягу ўсяго жыцця Ф.Навіцкі сумяшчаў царкоўную службу з настаўніцкай працай: вучыў дзяцей у царкоўна-прыходскіх школах і народных вучылішчах. Так было ў Лашы, у Бярозаўцы, у Гародні... Сярод іншага ў яго быў і своеасаблівы талент: ён любіў царкоўныя спевы і паспяхова навучаў ім дзяцей.

У 1907 г. Фёдар Мікалаевіч быў пераведзены ў заштат па прычыне кепскага здароўя, дзе знаходзіўся больш двух гадоў. Але гэта зусім не азначае, што святар сядзеў без справы. Яму давялося часова ўзначальваць прыход Гарадзішчанскай царквы Наваградскага павета. Пад час свайго знаходжання за штатам а. Фёдар быў узнагароджаны скуф'ёю і камілаўкаю. A 1 сакавіка 1910 г. ён быў прызначаны святаром Праабражэнскай царквы сяла Будча. Заўважу што 70-гадовы чалавек быў накіраваны не ў вялікі горад, не ў павятовы цэнтр, а зноў жа ў даволі глухое сяло, размешчанае ў балоцістай і маланаселенай мясцовасці. Так што праблемы з здароўем былі часовыя, а ўвогуле, бацьку акадэміка Карскага працавітасці і старання не бракавала. Ён не інтрыгаваў, a служыў, не наракаў на долю, а сумленна выконваў свой абавязак усюды, куды яго закідваў лёс. Адчувалася манастырскае выхаванне.

У Будчы і прайшлі апошнія гады яго жыцця. Акрамя службы ў царкве, Фёдар Мікалаевіч вучыў дзяцей Закону Божаму ў Чудзінскай і Будчанскай школах. Цікава, што і да сёння там памятаюць гэтага чалавека. Калі я рабіў фотаздымак магілы Ф.Навіцкага, разгаварыўся з адной бабуляй, з мясцовых. Яна расказала, што яе дзед Міхаіл Савеня, які памёр у 1934 г., блізка сябраваў з бацюшкам, і гаварыў пра яго як пра вельмі сумленнага, адукаванага чалавека.

Памёр Ф.Навіцкі 21 студзеня 1918 г., на 16 гадоў перажыўшы жонку, пахаваны на могілках Будчанскай Праабражэнскай царквы. Цікава, што яго пахаванне – адзіная магіла святара, якая захавалася каля царквы, ён аказаўся адзіным яе настаяцелем, які памёр ва ўласным прыходзе. Час быў неспакойны, і наўрад ці ўсе дзеці змаглі сабрацца на пахаванне бацькі. Хутчэй за ўсё, пахаваннем і ўстаноўкай помніка займаўся сын Іван – настаяцель Блячынскага прыхода. Яўхім Фёдаравіч мог наведаць бацькаву магілу толькі праз два з паловай гады. Летам 1920 г., у час польскай акупацыі, ён прыехаў у Блячын да брата.

Нішто не замінала яму наведаць Будчу, пагутарыць пра бацьку з мясцовымі жыхарамі, паглядзець на месца яго вечнага спачыну. Другі раз на магіле Ф.Навіцкага акадэмік мог пабываць у жніўні 1926 г., калі вяртаўся ў СССР з замежнай камандзіроўкі. Праўда, дакументальна гэтыя візіты не пацверджаныя.

Дзеці

Фёдар Навіцкі і Магдаліна Карская мелі сямёра дзяцей: пяцёра сыноў і дзвюх дачок. Пісаць тут пра Яўхіма Карскага няма патрэбы, яго біяграфія добра вядомая. Лішнім будзе расказваць і пра Івана Навіцкага, аб якім была асобная публікацыя. А вось пра астатніх варта хоць бы сцісла згадаць.


Аляксандр Навіцкі
пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі. 1896 год

У вышэй згаданых паслужных спісах Фёдар Навіцкі называе даты нараджэння сваіх сыноў і дачок: Марыя (1865 г.), Мікалай (27 красавіка 1870 г.), Аляксандр (20 сакавіка 1875 г.), Вера (20 траўня 1878 г.). Сыны пачыналі навуку ў Мінскім духоўным вучылішчы, а працягвалі – у Мінскай Духоўнай семінарыі. Вось толькі вынікі гэтай навукі былі розныя.

Мікалай вучыўся слаба. У першым класе духоўнай семінарыі яго пакінулі на другі год, а з II класа ён увогуле сышоў. Вярнуўся да бацькоў у Бярозавец, настаўнічаў у мясцовай школе. У траўні 1890 г. быў накіраваны псаломшчыкам у м.Свіслач Бабруйскага павета. I ўсё ж царкоўная служба і настаўніцкі хлеб не прывабілі Мікалая. Ён рэзка змяніў накірунак сва ёй дзейнасці, акунуўшыся ў фінансавую сферу. Вядома, што ў 1914 г. ён працаваў бухгалтарам Дзяржаўнага банка ў Растове-на-Доне, а пазней – сакратаром Дзяржбанка ў Харкаве. Дзе яго застала рэвалюцыя і якія выпрабаванні давялося вынесці пад час грамадзянскай вайны, невядома. Аднак пасля Рыжскага міра Мікалай апынуўся не на савецкім, а на польскім баку мяжы. Прынамсі, у 1926 г. ён жыў у Мірацічах каля Навагрудка. Вяртаючыся з замежнай камандзіроўкі, да яго заязджаў акадэмік Карскі. На жаль, род заняткаў Мікалая Навіцкага ў гэты час, дата яго смерці, месца пахавання мне невядомыя.

А вось Аляксандр зрабіў неблагую кар'еру. У адрозненне ад Мікалая, вучыўся добра, аднак не збіраўся звязваць свой лёс з царкоўнай службай. Па заканчэнні Мінскай духоўнай семінарыі ў 1896 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай. Але на гэтым не спыніўся і працягваў вучобу ў Санкт-Пецярбургскім Інстытуце інжынераў шляхоў зносінаў (1900-1904). Яшчэ падчас вучобы выдаў зборнік задачаў па механіцы, а ў 1905 г. – «Краткий курс элементарной механики». У далейшым А.Навіцкі працаваў на чыгунцы. Быў начальнікам станцыі Коўна, потым – начальнікам руху цягнікоў на варшаўскай лініі. Верагодна, у 1915 г. яго перавялі памочнікам начальніка руху Лібава-Роменскай чыгуначнай лініі. He думаю, каб ён з радасцю ўспрыняў кастрычніцкія падзеі 1917 г. Прынамсі, пасля грамадзянскай вайны ён апынуўся ў Чэхаславакіі, грамадзянства якой атрымаў у 1931 г. Аляксандр Навіцкі стаў прафесарам. Памёр у 1961 г., пахаваны ў Празе.

Малодшы сын Уладзімір, верагодна, рана памёр. Пра яго жыццё немагчыма сказаць нешта канкрэтнае. У кліравай ведамасці ён нават не згадваецца.

Гэтак жа мала звестак і пра сясцёр Яўхіма Фёдаравіча. Марыя выйшла замуж за святара. У 1914 г. жыла ў сяле Слабодка пад Мінскам. Што з ёй сталася далей, невядома.


Сын Веры Навіцкай Аляксандр -
пляменнік Я.Ф.Карскага. 1914 год


Пра тое, што ў Я.Карскага была яшчэ адна сястра – Вера, навукоўцы да нядаўняга часу не ведалі. Як вынікае з паслужных спісаў кліравай ведамасці, яна выйшла замуж за чыноўніка, жыла ў Рэвелі. У сямейным архіве захавалася паштоўка, якую яна адправіла да бацькі ў Будчу 28 лютага 1914 г. На ёй выява хлопчыка ў гімназічнай форме. Як вынікае з подпісу, гэта 9-гадовы Аляксандр – унук Ф.Навіцкага і пляменнік Я.Карскага. Аднак гэта не адзіны яе сын. У тэксце згадваюцца ўнукі: «...внучата только и говорят, что про дедушку, и мечтают, что как станет тепло, то дедушка приедет». На жаль, гэта ўся інфармацыя, якую ўдалося адшукаць пра рэвельскіх сваякоў Я.Ф.Карскага.
Катэгорыя: Андрэй Блінец | Дабавіў: admin (18.12.2010) | Аўтар: Андрэй БЛІНЕЦ
Праглядаў: 3182 | Тэгі: Будча, Яўхім Карскі, Ганцавіцкі раён, Феадор Навіцкі | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.