Чацвер, 25.04.2024, 17:19

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Ганна Дулеба

Народныя вучылішчы Ганцаўшчыны
У 19 стагоддзі па тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна, як і іншых рэгіёнаў Беларусі, сярод насельніцтва, пераважную большасць якога складалі сяляне, панавала масавая непісьменнасць. У большасці населеных пунктаў людзей, якія маглі больш-менш пісаць і чытаць, можна было пералічыць па пальцах адной рукі. Але развіццё прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) патрабавала адукаваных людзей, Ды і саміх сялян, якія складалі праваслаўную большасць насельніцтва Беларусі, ужо не задавальнялі школы граматы і царкоўна-прыходскія школы. Многія хацелі даць сваім дзецям хаця б пачатковую свецкую адукацыю. Таму ў сярэдзіне 19 стагоддзя ўлады пачалі адкрываць па ўсёй Беларусі так званыя народныя вучылішчы — своеасаблівы тып пачатковай свецкай сельскай школы. У 1864 годзе ўрадам Расіі было прынята "Палажэнне пра народныя вучылішчы".

Асноўную масу навучэнцаў гэтых школ складалі дзеці сялян. Яны вывучалі Закон Божы, пісьмо, чытанне і царкоўныя спевы. Закон Божы ў вучылішчах выкладалі святары, астатнія прадметы — настаўнікі.

Першае народнае вучылішча на тэрыторыі сучаснай Ганцаўшчыны пачало дзейнічаць у 1863 годзе, а ўжо да 1917 года тут іх мелася шэсць: Хатыніцкае, Круговіцкае, Кукавіцкае, Любашаўскае, Люсінскае і Раздзялавіцкае.

Хатыніцкае народнае вучылішча пачало сваю дзейнасць у 1863 годзе. Яно, па сутнасці, і было першым на тэрыторыі цяперашняга Ганцавіцкага раёна. Размяшчалася ўстанова ў грамадскім доме і ўтрымлівалася на сродкі дзяржаўнага казначэйства і мясцовай сялянскай абшчыны. На яго ўтрыманне казначэйства выдаткоўвала ад 175 да 200 рублёў у год, а сялянская абшчына — да 130 рублёў. У 1886 — 1887 навучальным годзе тут вучыліся 36 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, а ў 1900 — 1901-ым — 46 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Адным з першых настаўнікаў у вучылішчы быў выпускнік Мінскай праваслаўнай семінарыі Павел Паўлавіч Крычэўскі. Потым тут вучылі дзяцей Яфім Паляшчук, Уладзімір Паўлавіч Дылеўскі, Уладзімір Гурбак, Цярэнцій Крываносаў, Сямён Сагановіч і Стурукава. Закон Божы выкладалі хатыніцкім дзецям свяшчэннікі Максім Данілавіч Ціхановіч і Іаан Радакоўскі — абодва выпускнікі Мінскай праваслаўнай семінарыі.

Круговіцкае народнае вучылішча было заснавана ў сяле (цяпер вёска) Вялікія Круговічы ў 1869 годзе. Размяшчалася яно ў грамадскім будынку і ўтрымлівалася на сродкі дзяржаўнага казначэйства, а таксама мясцовай сялянскай абшчыны. Так, у 1874 годзе на ўтрыманне гэтага вучылішча было выдаткавана казначэйствам 175 рублёў 22 капейкі, сялянскай абшчынай — 105 рублёў 78 капеек. У 1886 — 1887 навучальным годзе казначэйства зрасходавала на яго ўтрыманне 69 рублёў 22 капейкі, абшчына — 478 рублёў 14 капеек. Тады ў Круговіцкім народным вучылішчы навучаліся 44 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, а ўжо ў 1900 — 1901 гадах — 87 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Адным з першых настаўнікаў тут працаваў Рыгор Іванавіч Талак, які атрымліваў жалаванне ў памеры 150 рублёў у год і бясплатна забяспечваўся жыллём. Пазней у Круговіцкім вучылішчы ў розны час вучылі дзяцей Канстанцін Сільвестравіч Іалоб (выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі), Мікалай Васільевіч Лобан, Вольга Ясінская і Алена Мазанік. Перад самай Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Круговічах настаўнічалі Аляксандр Савіцкі і Ніна Лакіза. Выкладаў Закон Божы выпускнік Мінскай праваслаўнай семінарыі свяшчэннік Юліян Ануфрыевіч Гарбацэвіч, які атрымліваў за сваю працу ў школе 25 рублёў у год. Акрамя грошай, настаўнікі вучылішча атрымлівалі так званую ссыпку. Яна ўяўляла сабой аплату працы настаўніка натурай, шляхам збору па некалькі кілаграмаў зерня з кожнага сялянскага двара. Яе назначалі валасныя сходы, бо настаўнікі атрымлівалі мізэрную плату і жылі бедна, як і самі сяляне.

Кукавіцкае (так значыцца ў архіўных дакументах) народнае вучылішча было адкрыта ў вёсцы Кукава ў пачатку 20 стагоддзя. Адной з першых настаўніц тут была Аляксандра Вабішчэвіч.

Любашаўскае народнае вучылішча таксама створана на пачатку 20 стагоддзя. Першым настаўнікам у ім працаваў ажно да Кастрычніцкай рэвалюцыі Пётр Бараноўскі.

Люсінскае народнае вучылішча пачало дзейнічаць у канцы 19 стагоддзя. У 1900 — 1901 навучальным годзе тут вучыліся 35 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, настаўнікам якіх быў выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Аляксандр Усцінавіч Фурсевіч. У 1902 — 1904 гадах яго змяніў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Ён прыехаў у Люсіна пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Якуба Коласа вельмі непакоіла масавая непісьменнасць тутэйшых людзей, а таму ён усяляк імкнуўся, каб сялянскія дзеці наведвалі школу. Ён падрабязна азнаёміўся з жыццём і бытам мясцовага люду, сабраў шматлікія звесткі аб ім, на аснове гэтага пачаў пісаць аўтабіяграфічную аповесць "У палескай глушы", якая стала першай часткай шырока вядомай трылогіі "На ростанях". У кнізе Якуб Колас яскрава і праўдзіва адлюстраваў жыццё і быт людзей гэтай вёскі.

У 1904 годзе на пасадзе настаўніка Якуба Коласа змяніла Юліянія Адо, а перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй — Уладзімір Шкробаў.

Раздзялавіцкае народнае вучылішча заснавана ў пачатку 20 стагоддзя. У ім доўгі час настаўнічаў Георгій Грыб.

Усе згаданыя вышэй вучылішчы былі змешанага тыпу (у іх маглі вучыцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі). Аднак дзяўчынак вучылася значна менш: многія бацькі лічылі, што веды ім не патрэбны: умелі б працаваць па гаспадарцы. Малалікасць школьнікаў у вучылішчах тлумачылася і тым, што ўсе яны не мелі сваіх памяшканняў, а туліліся ў прыстасаваных і знаходзіліся на значнай адлегласці ад большасці паселішчаў. Па гэтай прычыне, а таксама з-за беднасці сялян асноўная маса дзяцей школьнага ўзросту не мела магчымасці вучыцца. Аднак, нягледзячы на гэтыя і іншыя недахопы, стварэнне і дзейнасць народных вучылішчаў на Ганцаўшчыне з'яўлялася для таго часу з'явай прагрэсіўнай і садзейнічала развіццю цікавасці ў дзяцей да ведаў, пашырэнню пісьменнасці сярод сялян.
Катэгорыя: Ганна Дулеба | Дабавіў: admin (14.11.2009) | Аўтар: Ганна ДУЛЕБА - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3214 | Тэгі: народныя вучылішчы, газета Савецкае Палессе, Ганна Дулеба | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.