Субота, 27.04.2024, 01:37

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Артур Бартэльс як папярэднік Якуба Коласа
Кожная нацыянальная літаратура мае два комплексы чыннікаў – фальклорны і кніжна-літаратурны. Беларускае прыгожае пісьменства не выключэнне. Паказальным чынам такі дэтэрмінізм прасочваецца на прыкладзе класікаў, у тым ліку Якуба Коласа. Да таго ж, як пісаў Уладзімір Казбярук, толькі з улікам дасягненняў папярэднікаў гэтага народнага паэта можна дастаткова поўна прааналізаваць тую ж паэму "Новая зямля” як з боку ідэйнага зместу, так і ў адносінах кампазіцыі, стылю, форм мастацкай вобразнасці і наогул усяго таго, што складае сутнасць і спецыфіку рэалістычнага метаду.

Артур Бартэльс і Якуб Колас

Канстанцін Міцкевіч нарадзіўся ў 1882 годзе, і яго першае знаёмства з кніжным словам адбылося яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Натуральна, гэта была літаратура сучаснікаў ці трохі ранейшых пісьменнікаў. Дзякуючы і паведамленням самога Песняра, і шматлікім даследаванням у шэраг знаёмай будучаму народнаму паэту яшчэ з дзяцінства літаратуры трапілі творы рускіх мастакоў слова Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, украінскага Тараса Шаўчэнкі, польскага Адама Міцкевіча, беларускіх Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны, Францішка Багушэвіча і інш. Яшчэ ў савецкі час адносна станаўлення беларускай класічнай літаратуры адзначалася, што "пра добратворны ўплыў рускай літаратуры гаварылася даўно. <…> З цягам часу ўсё большую ўвагу пачынае прыцягваць праблема беларуска-польскіх літаратурных узаемасувязей ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя”.

У названым шэрагу, аднак, няма Артура Бартэльса, імя якога вынесена ў загаловак. Узнікае пытанне: якое ж месца займае гэты творца ў жыцці і творчасці беларускага класіка? Дый увогуле, як могуць некаторыя запытаць, хто гэта? Пачнём з апошняга пытання.

Артур Бартэльс з’явіўся на свет 13 кастрычніка 1818 года. Па нашым меркаванні – у вёсцы Дзяніскавічы (сучасны Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Атрымаў добрую адукацыю (Варшава, Парыж). Пасля паўстання 1863 года, у якім прыняў удзел, быў ва ўцёках і заключны перыяд жыцця правёў у Кракаве. Памёр у 1885 годзе. Талент Артура Бартэльса раскрыўся адразу ў некалькіх іпастасях – паэта, нарысіста, драматурга, публіцыста, мастака, кампазітара, урэшце артыста. У дадзеным выпадку нас цікавіць яго літаратурна-мастацкі бок. А гэта: чатыры паэмы ("Deniskowicze”, 1862; "Tydzień poleski”, каля 1860; "Zimowe łowy na Litwie”, 1879; "Polowania letnie i jesienne”, 1880), 40 вершаў зборніка "Piosnki i satyry” (1888), п’есы (драма "Serce brata” і камедыя ў адным акце "Niewiniątko”, (абедзве 1859); аднаактавы абразок "Goście” (1875); монадрамы "Moja emulacja z panną Marianną” (1870) і "Czy to tak dawniej bawili się?” (1878); камедыі "Pisarz prowentowy” і аднактоўка "Popas w Miłosnej, czyli Zemsta cioci Salusi” (абедзве 1875)), пяць нарысаў пра паляванне на Літве (1878–1879). Акрамя таго, тры альбомы графічных малюнкаў, прычым сюжэтна складзеных, з дасціпнымі каментарыямі, – іх можна расцаніць як свайго роду Graphic novel / графічны раман; плюс адзін альбом каляровых "Літоўскіх тыпаў”. Таксама ў апублікаваную і захаваную спадчыну Артура Бартэльса ўваходзяць ноты з тэкстамі песень. 

Якуб Колас нарадзіўся за тры гады да смерці Артура Бартэльса. Фактычна яны размінуліся сваімі дарослымі шляхамі. Аднак нават у жыцці (на творчасці спынімся далей падрабязней) паміж імі знаходзяцца кропкі судакранання. Канечне, хутчэй метафізічнага, але не толькі. Звернем увагу на наступнае. Вёска, якую Артур Бартэльс лічыў сваім родным кутом, належала да ўладанняў Радзівілаў. У іх жа служыў лесніком бацька Якуба Коласа. Несумненна, абодва адчувалі адну і тую ж атмасферу прыроднага асяроддзя. Больш таго, для кожнага з іх кола леснікоў не было чужым: Канстанціну Міцкевічу так было наканавана жыццём, Артуру Бартэльсу – у сілу яго любові да палявання, таму апошні ў творах колькі разоў згадвае стражнікаў як добрых знаёмых. Адзначым, што Артур Бартэльс, хоць і належаў да шляхецкага саслоўя, пасля вучобы не забываў пра родны кут – любіў дзяніскаўскія лясы. Важнымі старонкамі ў біяграфіях названых творцаў з’яўляецца той факт, што Канстанцін Міцкевіч два першыя гады свайго прафесійнага жыцця правёў якраз у мясцовасці, якую ўздоўж і ўпоперак выхадзіў Артур Бартэльс, – у Люсіне, якое размяшчаецца на паўднёвы ўсход ад Дзяніскавіч, якраз праз апаэтызаваны польскамоўным творцам лес. Значыць, абодвух паэтаў гадаваў і тым самым нябачна яднаў тоесны прыродны дух. Таму і ў творчасці не магло не быць некаторай пераклічкі.

Адметна, што ў названых паэтаў назіраюцца аналагічныя эскапады лёсаў: першую частку жыцця яны правялі на радзіме, затым, пасля сацыяльна-палітычных катаклізмаў (для кожнага сваіх: у храналагічнай паслядоўнасці – паўстання 1863 года і Першай сусветнай вайны), апынуліся ў эміграцыі / бежанстве. На "вялікую” радзіму Якуб Колас вярнуўся, аднак таксама не на тую, пра якую марыў, да таго ж родны кут заставаўся яшчэ доўга недасягальным. Артур Бартэльс, эміграваўшы, бацькаўшчыны ўжо не пабачыў.

Выпрабаванні лёсаў, тым не менш, толькі ўзмацнілі гуманістычны пафас творчасці. Таму што без агульначалавечых каштоўнасцей, няхай і, як можа падацца, таўталагізаваных у мастацтве, патрыятычны лейтматыў не стаў бы такім цвёрдым стрыжнем, якім ён з’яўляецца ў любога пісьменніка.

Пераклічка паміж творамі аўтараў розных эпох выяўляецца ў аснове творчага матэрыялу. Ён браўся ад жыцця. Што праўда, у Артура Бартэльса – шляхецкага, у Якуба Коласа – сялянскага. Але ў абодвух гэта жыццё на адной і той жа зямлі. Да яе паэты адчуваюць невымерную любоў. Хаця сама тэматыка мае пэўныя разыходжанні. Так, паэма Якуба Коласа "Новая зямля” заснавана на матэрыяле сялянскай працадзейнасці канца ХІХ стагоддзя. Цыкл вышэйназваных паэм Артура Бартэльса – галоўным чынам пра паляванне. У той жа час адметна, што і ў беларускага класіка, і ў яго папярэдніка гэтыя творы атрымалі самую высокую ацэнку – як па сваёй маштабнасці, так і ў сувязі з эстэтычнымі якасцямі: паэма Якуба Коласа названа энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства; цыкл паэм Артура Бартэльса – адзінай у сваім родзе паляўнічай эпапеяй. Менавіта ў гэтых шэдэўрах назіраецца найбольш відавочная пераемнасць мастацкіх традыцый у творчасці названых аўтараў. 

Даследчыкамі даўно ўстаноўлена падабенства паміж "Панам Тадэвушам” і "Новай зямлёй”. Творчасць Артура Бартэльса, як і, бадай, усяго яго пакалення, гадавалася на спадчыне Адама Міцкевіча і такім чынам стала своеасаблівым пераходным звяном паміж польскім і беларускім класікамі. 

Якуба Коласа звязвае з Артурам Бартэльсам яшчэ адна асоба – пісьменніка і журналіста Адама Плуга (сапраўднае імя – Антоні Пяткевіч, 1823–1903), сучасніка абодвух. Апошні доўгі час пражываў на Стаўпеччыне ў вёсцы Жукаў-Барок. Пра яе напісана аднайменная паэма (1848). Твор, відавочна, паўплываў на паэму Артура Бартэльса "Дзяніскавічы”. Як бачым, нават назвы ўзыходзяць да родных кутоў кожнага аўтара. Адам Плуг і Артур Бартэльс былі знаёмымі, супрацоўнічалі на літаратурнай ніве. Такія ж уплывы адчуваюцца і на Коласавай "Новай зямлі”. Паэмы кожнага з трох аўтараў – пра бацькаўшчыну. Але творы звязаны не толькі лейтматывам – на ўзроўні рэцэпцыі адчуваецца іх духоўная аднароднасць. Яна не магла не рэалізавацца і ў выглядзе рацыянальных пералелей, тыпалагічных з’яў.

У беларускай літаратуры традыцыйна разглядаюцца польскамоўныя "Na głuszce. Akwarela myśliwska z Polesia” ("Паляўнічыя акварэлі з Палесся”) трохмоўнага паэта Янкі Лучыны (вядома, звычайна ў перакладзе). Уладзімір Мархель і Святлана Тарасава гэты твор Янкі Лучыны ставяць у адзін шэраг з "Песняй пра зубра” Міколы Гусоўскага, "Панам Тадэвушам” Адама Міцкевіча і "Новай зямлёй” Якуба Коласа. Трэба заўважыць, што названы твор Янкі Лучыны створаны пазней, чым "паляўнічая эпапея” Артура Бартэльса (першыя звесткі пра "Паляўнічыя акварэлі…” адносяцца да 1882 года, а цалкам яны былі апублікаваны ў 1898 годзе). Мяркуючы па храналогіі, Янка Лучына да напісання свайго твора мог азнаёміцца з "эпапеяй” земляка. Некаторыя пераклічкі адчуваюцца. Хоць у цэлым паляўнічая тэма ў Янкі Лучыны раскрыта значна вузей, чым у Артура Бартэльса. Аднак Лучынавы "Паляўнічыя акварэлі…” маглі ўзнікнуць і ў сувязі з тым, што паляўнічая тэма была ўвогуле ў трэндзе – як у Расійскай імперыі (успомнім «Записки охотника» Івана Тургенева, 1847–1851), так і сярод польскіх пісьменнікаў. Каштоўнасць "Паляўнічых акварэлей…” таксама прыкметная. Перадусім для беларускай літаратуры. Хаця б таму, што сам аўтар даў беларускамоўны варыянт урыўка з іх – верш «Стары ляснік». Сімптаматычна, што і паэмы Артура Бартэльса, і "Паляўнічыя акварэлі…” Янкі Лучыны ствараліся падобна – па-першае, з натуры, па-другое, блізкай была геаграфія (Палессе), па-трэцяе, назіраецца тоеснасць у мастацкім метадзе. Значыць, уплыў Артура Бартэльса на Якуба Коласа адбыўся, так бы мовіць, транзітам праз творчасць маладзейшага сучасніка. Таго, што творчасць Янкі Лучыны ўразіла беларускага класіка, сам Якуб Колас і не хаваў, успамінаў не раз, падкрэсліваў. Несумненна, паэмы Артура Бартэльса ў вышэйназваным радзе будуць глядзецца таксама арганічна. Таму, называючы "Паляўнічыя акварэлі…” "далейшым крокам у набліжэнні да нацыянальнага сялянскага эпасу”, беларускім літаратуразнаўцам варта прызнаць, што папярэднім такім крокам стала "паляўнічая эпапея” Артура Бартэльса.

Канечне, жыццёвыя праблемы сялянства і шляхты розніліся. Тэматыка творчасці разгляданых паэтаў не магла супадаць напоўніцу. Тым не менш існуюць тэмы вечныя для кожнага чалавека ці чалавечай супольнасці. Як прыземленыя, так і метафізічныя. 

У прыватнасці адной з іх з’яўляецца харчаванне. Прыкметнае месца ў паэмах "Палескі тыдзень” і "Новая зямля” адведзена расказам пра кулінарны бок жыцця – адпаведна паляўнічых і сялян. Тут маем як адрозненні, так і падабенства. Прывядзём толькі па адным урыўку (наогул тэма заслугоўвае асобнага даследавання):

Артур Бартэльс
Każdy dobywa swoje zapasy
Półgęsek, szynkę, kółko kiełbasy.
A tu przy ogniu stojąc ukośnie
Bigos hultajski skwirczy żałośnie,
Bigos z schabkami, kwaśną kapustą,
Cały przesycon słoninką tłustą,
Mało co ogień nosy popiecze,
Głowna rzecz bigos, aż ślinka ciecze!...
Якуб Колас
Крыніцы бурнага натхнення,
Крыніцы бурнага натхнення,
Мінут вясёлых, ажыўлення,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
І ласа ўсе на іх глядзелі.
Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласць божа:
Тут сыр, як першы снег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсць у Беларусі.

Сімптаматычна, абодва аўтары ганарацца маслам сметанковым. Артур Бартэльс хваліцца, што гэты літоўскі (тут чытай: беларускі) прадукт вельмі добра ідзе на экспарт, цэніцца за межамі краю: "Masło litewskie wciąż kupujecie”. Беларускі класік згадваючы пра часы дабрабыту, назваў менавіта выдатнейшага смаку масла ў якасці своеасаблівага сімвалу колішняга жыцця, прычым назваў настолькі эмацыйна, што цэнзуры давялося здымаць тыя радкі:

А масла!.. Не! Маўчу, баюся 
У час пайковай суяты 
Дражнiць пустыя жываты.

У той жа час намі не заўважана ў творах Артура Бартэльса згадкі пра бульбу. На сярэдзіну ХІХ стагоддзя яна ўжо заняла сталае, можна сказаць, асноўнае месца ў сталаванні сялян. Гэты прадукт некалькі разоў згадваецца ў лепшых паэмах Якуба Коласа. Багата меншае значэнне бульба мела для шляхты, што магло і спрычыніцца да яе адсутнасці ў мастацкіх тэкстах Артура Бартэльса.

Шляхта мела большую разнастайнасць у спіртовых напоях. Сярод іх, акрамя знаёмых і Коласавым сялянам піва і гарэлкі (для жанчын яе зафарбоўвалі салодкім сіропам), – ром, старка, крупнік… 

A było pić co, lecz myślicie może,
Że jakieś wina i likiery pańskie,
Te śzambertyny, albo żal się Boże
Po cztery ruble ckliwe to Śzampańskie?
Bynajmniej, same domowe specyały,
Miód, naleweczki z malin i poreczek,
A na dobitkę, ten nasz doskonały
Na zimno z lodu litewski krupniczek,
Ów poncz krajowy, którego szklenica
Zawsze witana mile przez szlachcica...

Разам з тым і прадстаўнікі вышэйшага саслоўя не цураліся сялянскіх прысмакаў, напрыклад, таго ж сала на ражэньчыку. Што праўда, да эксперыментаў у выглядзе гатавання клёцак на бярозавіку ў герояў Артура Бартэльса не даходзіла, хаця гэты сок імі шанаваўся ў лесе падчас вясновых паляванняў, дзе не было чыстай вады.

Нямала тоеснасці паміж творчасцю вынесеных у загаловак асоб знаходзіцца і праз прызму паэтыкі.

Не раз адзначалася, што кампазіцыя паэмы "Новая зямля” адпавядае гадавому кругавароту сялянскага жыцця. Гэтаксама рэпрэзентуецца панарама паляванняў у беларускім лесе Артурам Бартэльсам: першая паэма – пра вясновы час, дзве другія – і гэта закладзена ў назвах – пра іншыя поры года. 

Паказальна, што ідэнтычныя запеўкі ў паэмах творцаў:

Артур Бартэльс
Witaj wiosko ty poleska…
Якуб Колас
Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Паэты ў першым жа радку звяртаюцца да бацькаўшчыны. Ізноў-такі тут бачыцца ўплыў Адама Міцкевіча на абодвух з яго сусветнаславутым зваротам да радзімы "Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie...”. У творчасці апошняга лакалізацыя шырэйшая. Тым не менш і яна мае рэгіянальны характар, таму што ў самым шырокім сэнсе паняцце радзімы для аўтара распаўсюджвалася на ўсю Рэч Паспалітую. З іншага боку, і ў разгляданых тут аўтараў вузкалакалізаванае месца можна і варта расцэньваць у тым ліку як метафару радзімы ў больш маштабным сэнсе.

Галоўным і храналагічна першым сярод намі зафіксаваных у творчасці Артура Бартэльса найменняў з’яўляецца назва роднай вёскі паэта – Дзяніскавічы. Што праўда, гэта не мікратапонім – айконім, ці, яшчэ дакладней, камонім – назва сельскага пасялення. Ёю названа паэма, створаная ў лютым 1862 года. Гэтай вёскай пазначана месца напісання аднаго з вершаў – "Skutki cywilizacji” (15 красавіка 1856 года). Здавался б, адно дзве згадкі. Але першая з названых (асабліва сваім зместам, пра што казалася вышэй) становіцца канцэптуальным локусам у творчасці Артура Бартэльса – закрытым прасторавым вобразам. Звернемся да ўдалага для нашага выпадку азначэння: "Локус — это место-имение тотальности. Место-имение необходимо здесь понимать как уникальный и локализированный в космологическом отношении топос, вне которого тотальность таким способом нигде и никогда не сбудется”. Прычым значэнне локуса заключаецца толькі ў назве твора. Па змесце яна нідзе не фігуруе (за выключэннем адной спасыкі ў іншай паэме) і дзякуючы гэтаму трансфармуецца ў топас – вёску наогул, вёску, якая можа быць (павінна быць?) у кожнага з прадстаўнікоў рода чалавечага – родную зямлю, бацькаўшчыну, цэлы свет.

Witaj domu, gdzie dzieciątkiem
Pierwsze spędził lata,
Tyś się zdawał mi początkiem
Razem koncem świata.
Вітаю свой дом, дзе дзіцяткам
Няўцямна шалеў, – гэты дом
Здаваўся мне свету пачаткам
І разам з тым свету канцом.

Назіраем перарастанне не проста закрытай, але прыватнай мясціны ў адкрыты прасторавы вобраз. Зрэшты, гэта трансфармацыя з’яўляецца ў аўтара на ўзроўні метафары. Значыць, і топаснасць вобразу Дзяніскавіч адносная, дакладней, пераносная. Так робіцца паэтам, канечне, міжволі, і працуе на пафаснае ўзвышэнне мясцовасці. Кожны матыў паэмы і кожны элемент дзяніскаўскай прасторы прасякнуты філасафічнасцю анталагічнай па сваёй сутнасці.

Z sosny zgniłej, co służyła
Dziś nam do ogniska,
Może kiedyś moja była
Sieroca kołyska!

Już z tej sosny być nie może
Do trumny mej deska,
Żegnam cię więc w imię Boże,
Rodzino poleska!!
З сасны, што ўзрасла на Ізбіску,
Скуль вызнаў сірочыя дні,
Шкада, не зрабілі калыску,
А так і згарыць у агні.

Ужо з тае хвоі нічога
Не ўзяць для магілкі маёй,
Развітваюся ў імя Бога
З палескаю крэўнай сям’ёй...

Свайго роду дваістасць канструявання прасторы ў паэмах Артура Бартэльса рэалізуецца праз ужыванне драбнейшай рэчаіснай тапанімікі роднай для аўтара глыбінкі (большасць назваў належыць дзяніскаўскаму наваколлю, яшчэ частка адносіцца да лясоў пад Клецкам). З аднаго боку, гэта ажыццяўляецца згодна з трэндам рамантычнай паэтыкі, якая на той момант яшчэ не страціла сваіх уплываў, але з іншага боку, выяўляецца і ўздзеянне новай для мастацтва пазітывісцкай тэндэнцыі (асабліва ў творах пазнейшага перыяду паэта). 

Супастаўляльныя працэсы назіраюцца і ў творчасці Якуба Коласа. Найперш варта звярнуць увагу, што ў адрозненне ад абсалютнай большасці беларусаў-сялян тагачасся, якія нараджаліся і гадаваліся, сталелі і паміралі на адной і той жа сядзібе, сям’я Міцкевічаў змяніла некалькі месцаў жыхарства. Паняцце і пачуццё бацькаўшчыны ў аселых сялян фарміравалася даволі літаральна – як зямлі, перадаванай у спадчыну. У выпадку з дзецьмі лесніка Міхала не было ўмоў для ўзнікнення такой літаральнасці. Разам з тым у іх паняцце і пачуццё бацькаўшчыны таксама фарміравалася. Толькі яе лакалізацыя, па-першае, адпачаткова праграмавалася шырокай, па-другое, тая шырыня дэтэрмінавала выхад на алегарычную канатацыю слова, якое ў выніку сінанімізавалася з радзімай у любым яе праяўленні. Таму родным кутом для Канстанціна Міцкевіча сталі не колькі гектараў прыватных угоддзяў (іх да таго ж у сям’і не мелася аніяк), а даволі шырокая геаграфія з ахопам не толькі шматлікіх засценкаў ці фальваркаў, леснічовак ці ўрочышчаў (Караліна, Затокі, Ліпава, Княжое, Церабяжы, Смалярня, Акінчыцы, Ласток, Альбуць і інш.), але і некалькіх сёл – Свержня, Мікалаеўшчыны, Русаковічаў (гэтыя тапонімы ў сваёй большасці так ці інакш фігуруюць у паэме "Новая зямля”). Пагодзімся з расійскай даследчыцай Наталляй Куранной, якая прыйшла да наступнага меркавання, што праўда, у сувязі з аналізам вобраза трылогіі "На ростанях” Андрэя Лабановіча, але рэлевантнасць яго суадноснасці з аўтарам відавочная, таму не будзе некарэктнай экстрапаляцыя на таго ж самага аўтара "Новай зямлі”: «Родной дом – "родны кут” Лобановича скорее – окружающий его мир, лес, поля. Именно здесь он находит душевный покой, где все знакомо и мило. Особое место в картине мира главного персонжа отведено лесу, который заменяет яму родной дом…» Фактычна маем трансфармацыю Коласава роднага кута з локуса (паводле Юрыя Лотмана, закрытай прасторы) у значэнне топаса (прасторы адкрытай). Гэта арганічна кладзецца ў тэзіс, выведзены яшчэ адным расійскім тэарэтыкам Вікторыяй Пракоф’евай: "Один и тот же пространственный образ может называться и топосом, и локусом, в зависимости от осмысления его как национального символа с актуализацией в его репрезентации оценочных смыслов или реального описания с превалирующими в тексте денотативно-референциальными отсылками”. У якасці прыкладу па творчасці Якуба Коласа прывядзём пасаж, быццам створаны для практычнай ілюстрацыі працытаванага тэарэтычнага палажэння:

Парэчча — слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы…

Адметна, што арганізацыя прасторы ў творах абодвух пісьменнікаў адбываецца з шырокім выкарыстаннем мікратапонімаў. Яны групуюцца вакол галоўнага для мастацкага героя населенага пункта: у Артура Бартэльса – гэта вёска Дзяніскавічы, у самай вядомай паэме Якуба Коласа – леснічоўка Парэчча ("прататыпам” стала Альбуць). Прастора дзеяння ў названых паэмах аўтараў рознага часу канкрэтная і прыземленая (асабліва з улікам іх існавання ў рэчаіснасці). Разам з тым апаэтызаваная і такім чынам узнесеная да ўзроўню духоўнай каштоўнасці. Хаця, заўважым, што ўжыванне мікратапонімаў саміх па сабе робіцца без прэтэнзій на сімвалізм, універсалізм і анталагічнасць (у адрозненне ад камонімаў "Дзяніскавічы” і "Парэчча”). Мікратапонімы маюць характар прыватны, індывідуальны. Яны вартасцёвыя, канечне, і паасобку. Але галоўная іх роля – дапамагаць раскрыццю аўтарскага свету, які пачынаецца ў аднаго з Дзяніскавіч, у другога з Парэчча і ў далейшым рассоўвае свае межы да этнічных маштабаў пры захаванні памяці пра вытокі. Гэтак свет эксклюзіўны становіцца інклюзіўна анталагічным. Ля вытокаў такога разгортвання прасторы знаходзяцца якраз дробныя, нікому не вядомыя мясціны, не раўнуючы як маленькія часцінкі ў бяскрайнім космасе. Дарэчы, менавіта форма і змест арганізацыі прасторы ў паэмах Артура Бартэльса сталі адным з важнейшых фактараў, якія не далі гэтаму аўтару адбыцца як паўнавартаснаму польскаму пісьменніку. Пэўным доказам таму – тоеснасць гэтага боку творчасці з Коласавым творчым падыходам. У паэмах і нарысах Артура Бартэльса цягнула да беларушчыны – і геаграфічна, і ментальна. Як слушна мяркуе Жанна Шаладонава, "прастора навакольнага свету з’яўляецца важнейшым модусам існавання, найбольш відавочным спосабам праяўлення феномена чалавека ў адзінстве яго духоўна-ментальных, сацыяльных, псіхалагічных і фізічных характарыстык”, – тэзіс, які арганічна стасуецца і з творчасцю разгледаных паэтаў.

Таксама звернем увагу, што і ў Артура Бартэльса, і ў Якуба Коласа важнейшую ролю граюць лірычна-філасофскія адступленні. Гэта – найперш пейзажныя замалёўкі і развагі пра хуткаплыннасць часу і сэнс чалавечага існавання. Яны перамяжоўваюцца з наратывам, дапаўняюць і рэзюмуюць яго, надаюць мастацкую завершанасць падзейнаму пласту. Прывядзём дзеля паказальнасці толькі ўрывак з паэмы Артура Бартэльса "Палескі тыдзень”:

Piękna ta nasza wiosna poleska,
Cała ozdoba głuchej krainy,
Taka urocza, taka niebieska,
Jak uśmiech naszej młodej dziewczyny!

I laka wonna, i tak zielona,
Tak strojna młodym liściem brzeziny,
I tak wesoła, rozpromieniona
Jak dusza młodej naszej dziewczyny!

A taka wdzięczna i tak łaskawa,
I tęskna, Bóg wie, z jakiej przyczyny,
Tak dobroczynna i taka prawa,
Jak serce młodej naszej dziewczyny!

Tak czasem wietrzna, jak ta filutka. 
I tak obfita w różne nowiny, 
Czemuż, mój Boże! i taka krótka, 
Jak młodość każdej biednej dziewczyny!

Акрамя таго, зазначым, што і матыў вясны, і параўнанне пэўных з’яў з дзяўчынай, і сумныя інтанацыі – усё знаходзіцца і ў лепшых творах беларускага класіка. Канечне, гэта ў цэлым не нова для мастацкай літаратуры. Але на ўзроўні рэцэпцыі паміж мастацкімі з’явамі гэтых паэтаў адчуваецца блізкасць.

Тоеснасць архітэктонікі паэм Артура Бартэльса і Якуба Коласа назіраецца па многіх аспектах. Закранём найбольш відавочныя. Аднак спачатку заўважым наступнае. Польская паэтычная традыцыя заснавана ў сілу моўных асаблівасцей на прынцыпах сілабічнага вершаскладання (радок у такім выпадку складаецца з пэўнай колькасці складоў). У беларускім прыгожым пісьменстве ўсталяваўся сілаба-танічны верш (памер утвараецца праз чаргаванне націскных і ненаціскных складоў). Адметна, што Артура Бартэльс у сваіх паэмах (падкрэслім, напісаных для душы) схіляецца менавіта да сілаба-тонікі (цытаваных тут прыкладаў дастаткова для пераканання). У той жа час Якуб Колас, які карыстаўся сілаба-танічнымі памерамі пры стварэнні вершаў, іншым разам адыходзіў ад зададзенай рытмікі – у бок сілабікі.

Калі заколеш япрука ты,
Ды не пабегаеш за хаты,
То гэта — гонар невялікі,
Гэта вяселле без музыкі…

У дадзеным, узятым адмыслова, пасажы маем займеннік "гэта” ў дзвюх пазіцыях. Першы раз ён арганічна ўпісваецца ў сілаба-танічны памер. Другі раз націск напрошваецца на іншым складзе, але так будзе не правілах беларускай акцэнталогіі. Нібыта невялікі збой. Тым не менш ён практычна непрыкметны і абумоўлены мілагучнасцю беларускай мовы, у якой націскныя і ненаціскныя склады па працягласці гучання не надта розняцца (у параўнанні, напрыклад, з рускай мовай). Але хіба найбольш такія выпадкі ў паэзіі Якуба Коласа дэтэрмінаваны некаторай рудыментарнасцю, якая засталася ў спадчыну ад стараславянскага дыскурсу, і ўплывамі польскага сілабічнага вершаскладання. Гэта значыць, калі Артур Бартэльс ішоў ужо ў свой час у бок традыцый, паводле якіх тварыў Якуб Колас, дык апошні яшчэ не зжыў усіх асаблівасцей, якія акружалі Артура Бартэльса.

У рытміцы вершаваных твораў Артура Бартэльса і Якуба Коласа таксама маем некаторыя аналогіі. Абодва любілі 2-складовыя памеры ў 4-стопных радках. Разам з тым пры неабходнасці паслугаваліся іншымі рытмамі. Успомнім Коласаву паэму "Сымон-музыка”. У "Новай зямлі” таксама знаходзяцца некалькі ўставак, дзе аўтар адступае ад зададзенага памеру. Такога падыходу патрабавала неабходнасць перадаць адпаведныя настроі. Тое самае бачым у паэмах А. Бартэльса: яны проста перасыпаны разнастайнымі памерамі. Дзеля прыкладу працытуем пачатак яго лепшай паэмы, дзе бадзёры рытм (бо вясна кліча на паляванне) перададзены 2-стопным радком, і побач паставім урывак беларускага класіка з "Сымона-музыкі” пра дарогі з блізкім – рыхтык паходным – настроем:

Артур Бартэльс
Hej Litwinie,
Lasów synie,
Wiosna tuż!
Piękny dzionek,
I skowronek
Śpiewa już;
Powódź bliska,
Z łohowiska
Niedźwiedź wstał,
W uroczyszczu,
Na Niwiszczu*)
Głuszec gral;
Więc gwintówka,
Lepażówka
Na bok precz,
Z nią na potem,
Dzisiaj z śrótem
Cała rzecz.



















Якуб Колас
Гэй, дарогі ў край шчаслівы!
Гэй дарогі
Паясы!
Колькі ножак праняслі вы
Праз аблогі,
Праз лясы!
Гэй, дарогі, ніці-кросна,
Тканкі кола
I зямлі!
Як зацята-безгалосна
Поўзверх долу
Вы ляглі!
Гэй, дарогі-пуцявіны.
Чыёй волі
Вы ганцы?
Што гамоняць каляіны
I на полі
Растанцы?
Вы паведайце нам былі,
Што пісалі
Вам тут дні;
Няхай скажуць вашы мілі,
Як знікалі
Тут агні!
Няхай скажуць вашы далі,
Дзе звісае
Мгла-туман:
Што яны нам абяцалі?
Гэты зман!
Гэй, дарогі ў чыстым полі,
Ніці шэрыя зямлі!
Колькі к долі і нядолі
Ног людскіх вы праняслі!
Выйшла-б казка, ды якая,
Каб маглі вы расказаць
То, што й думка не згадае,
Што адным вам толькі знаць!

Такім чынам, выяўлена нямала кропак судакранання паміж творчасцю Артура Бартэльса і Якуба Коласа. Вышэйпрыведзеная аналітыка толькі абазначае вектары болей шырокага і глыбокага літаратуразнаўчага даследавання. З аднаго боку, мы някепска ведаем айчынную класіку. З іншага боку, вывучэнне папярэднікаў дазваляе павысіць ступень яе спазнанасці. 

У якасці заключэння таксама зазначым наступнае. Ранейшымі літаратуразнаўцамі прызнана, што буйнейшыя беларускія пісьменнікі пачатку ХХ стагоддзя. вырасталі пераважна на іншамоўных традыцыях. Адтуль яны ўспрымалі і творчыя прынцыпы, і ідэйныя, эстэтычныя канцэпцыі. Адным з прадаўжальнікаў тых традыцый з’яўляўся Артур Бартэльс. Яго творчасць спрычынілася да ўзгадавання класікаў беларускай літаратуры. На прыкладах названага польскамоўнага паэта і Якуба Коласа бачны творчыя перазовы двух талентаў. Паміж імі не зафіксавана рэальнага кантакту (канечне, у выглядзе пераймання з боку больш маладога паэта). Але дзякуючы пераемнасці традыцый сувязь не дыскрэтызавалася. Разам з тым гэта аніякім чынам прынцыпова не сказалася на самабытнасці беларускага песняра, наадварот – адно ўзмацніла яе.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (14.12.2021) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 661 | Тэгі: Дзяніскавічы, Люсіна, Якуб Колас, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавіцкі раён, Ганцавічы, Артур Бартэльс | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.