Нядзеля, 28.04.2024, 07:28

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Артур Бартэльс: талент, народжаны на беларускай зямлі
Менавіта тут, па ўласным прызнанні Артура Бартэльса "ў Мінскай губерні”, 205 гадоў таму прыйшоў на свет гэты знакаміты мастак-сатырык, паэт, драматург, публіцыст, кампазітар і спявак.


Калі б існаваў тэрмін "універсальны баец культурнага фронту”, то герой нашага аповеду такі ганаровы тытул атрымаў бы адным з першых. Сапраўды, хто, калі не Артур Бартэльс? Ва ўяўных куфрах з яго творчай спадчынай — сотні малюнкаў, аб’яднаных у альбомы-коміксы або змешчаных у кнігах іншых аўтараў, незлічоная колькасць вершаў і паэм, дзясяткі песень на ўласную музыку (многія сталі шлягерамі пры жыцці аўтара). А яшчэ — паляўнічыя нататкі. Аналагаў ім, прынамсі да з’яўлення інтэрнэту і блогаў, што вядуць аматары палявання (Бартэльс быў зацятым паляўнічым з вялізным стажам), падаецца, не існавала. А колькі ўсяго страчана ў часы войнаў ХХ стагоддзя або чакае свайго часу ў архівах? Таму не дзіва, што постаццю Бартэльса цікавяцца мастацтвазнаўцы і мастакі, літаратуразнаўцы і паэты, музыказнаўцы, краязнаўцы і генеалогі. Дарэчы, апошніх магнітам цягне пусты сшытак з надпісам на вокладцы: "Радавод Артура Бартэльса”.

Малая радзіма

Надпіс на помніку Артуру Бартэльсу на Ракавіцкіх могілках у Кракаве сцвярджае, што творца "нарадзіўся 13 кастрычніка 1818 года ў Літве”. Паколькі метрыка хросту Артура яшчэ не знойдзена, то немагчыма ўстанавіць, да якога календара адносіцца дата — да юліянскага ці грыгарыянскага. Дзе-нідзе ўказваюць, што Бартэльс прыйшоў на свет у Вільні. Але беларускія даследчыкі гэтыя звесткі ставяць пад сумнеў. Уладзімір Рынкевіч (светлая памяць — памёр 5 снежня 2021-га), мастак, аўтар кнігі і нарысаў пра Бартэльса, у адным з нявыдадзеных альбомаў адшукаў уласнаручную пазнаку Артура: "Нарадзіўся ў 1818 г. у Мінскай губ.”. Філолаг Анатоль Трафімчык, які шмат гадоў даследуе жыццяпіс і літаратурную спадчыну Бартэльса, мяркуе, што імаверная малая радзіма мастака — вёска Дзяніскавічы ў Ганцавіцкім раёне. Пра гэта сведчыць паэма Бартэльса "Дзяніскавічы”, у якой ёсць радкі:

Вітаю, палеская вёска,
Дзе зоры мне ззялі ярчэй.
Сплыла тут і першая слёзка
З дзіцячых нявінных вачэй.

Вітаю свой дом, дзе дзіцяткам
Няўцямна шалеў, — гэты дом
Здаваўся мне свету пачаткам
І разам з тым свету канцом.

Беларускае Палессе, а дакладней радзівілаўскі маёнтак Радзівілімонты паміж Дзяніскавічамі і Клецкам, як магчымае месца нараджэння мастака згадваецца ў выданні Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich (1888). Аўтар гэтай версіі — знакаміты гісторык з Міншчыны Аляксандр Ельскі, "патрыярх беларусазнаўства”, які не мог не ведаць земляка. А вось на карысць пашыранаму ў ХХ стагоддзі варыянту пра Вільню пакуль няма ніякіх аргументаў. 

Сканаў жа Артур Бартэльс у Кракаве, дзе прабавіў апошнія гады, 22 снежня 1885-га — а не 23-га, як лічыцца сёння. Пацвярджэннем новай даты выступаюць надпіс на помніку, абвестка ў газеце і знойдзеная намі метрыка смерці мастака-паэта. Ён пайшоў з жыцця праз сардэчную хваробу. 

Айчынае Бартэльсазнаўства

Аб тым, што Артур Бартэльс не "прахадны персанаж” у беларускай культуры, сведчыць наступнае. У 1960 годзе выдавецтва Акадэміі мастацтваў СССР выпусціла кнігу "Мастацтва Савецкай Беларусі” (сярод кансультантаў — дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава). Пішучы пра графікаў, аўтар Марына Арлова зрабіла даволі глыбокі агляд спадчыны Артура Бартэльса — друкаванай і рукапіснай. Прычым, на думку Арловай, найлепшыя альбомы "беларускага памешчыка” менавіта тыя, што так і не былі выдадзены ("Чалавек высакароднага паходжання”, "Аканом”, "Суседскі абед”). Яна ж адзначыла, што сатыра Бартэльса вельмі вострая і глыбокая (нагадвае творы Міхаіла Салтыкова-Шчадрына і Мікалая Гогаля. — З. Ю.). Не абмінуў асобу Бартэльса вядомы беларускі мастацтвазнаўца Леанід Дробаў у кнізе "Графіка Беларусі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя” (2000). Але, як падаецца, найбольш увагі земляку ўдзяліў беларускі жывапісец, мастацтвазнаўца Уладзімір Рынкевіч. З-пад яго пяра з 2003 года выйшла некалькі навуковых артыкулаў, брашура (2013) і нарыс у выданні "Асобы і вобразы. Беларуская графіка ХІХ стагоддзя” (2019). Уладзімір Іванавіч арганізаваў у гонар Бартэльса Першы Рэспубліканскі мастацкі пленэр, які адбыўся ў 2011 годзе на Лагойшчыне, а таксама выставу ў сталічным Палацы мастацтва ў 2012-м. Напачатку 2012-га мастацтвазнаўца Барыс Крэпак апублікаваў у газеце "Культура” нарыс пра жыццё і творчасць Артура Бартэльса. З 2016-га далучыўся да ўшанавання памяці Бартэльса айчынны філолаг Анатоль Трафімчык, аўтар вялікай колькасці навуковых публікацый. Уласна кажучы, сёння менавіта ён вядзе рэй у беларускім бартэльсазнаўстве. Мастакі аб таленавітым творцу забыліся (спадзяёмся, часова), а музыказнаўцы толькі-толькі ўзяліся за даследаванні (і ўжо ёсць вынікі). Напрыклад, высветлены цікавы факт: варыянт музыкі да адной з песень Бартэльса напісаў кампазітар з Чэхіі Адольф Грунау. Ён быў заняты ў школе арганістаў у Бялынічах і супрацоўнічаў з Булгакамі, гаспадарамі Жылічаў (дарэчы, іх палац адноўлены і даступны для наведвальнікаў).

Вось і атрымліваецца, што беларускія бартэльсазнаўцы хоць і пачалі апошнімі, але дасягнулі значна большых вынікаў, чым замежныя. І, думаецца, гэта не выпадковасць. Істотная частка жыцця Бартэльса прайшла на радзіме, якую ён называў Літвой, а мы — Беларуссю. Лакацыі ў яго творах, на тых жа малюнках, у вершах, паляўнічых байках, — Дзяніскавічы (і ваколічныя лясы, вёсачкі), Радзівілімонты, Клецк, Нясвіж, Давыд-Гарадок, Слуцк, Наваградак, Мінск, Лагойск, Барысаў, Муравы, Бярэзіна, Смаргонь, вядома ж, і колішняя сталіца Вялікага Княства Літоўскага Вільня. Прычым патрыятызм выразна прасочваецца ледзь не ў кожным дзецішчы майстра.

Аўтар першых беларускіх коміксаў

Уладзімір Рынкевіч, што нямала часу шукаў сляды мастацкай спадчыны Бартэльса як у нашай краіне, так і ў замежжы, яшчэ 10 гадоў таму канстатаваў: "Шкада, ніводнага арыгінальнага графічнага твора А. Бартэльса ў Беларусі, на яго радзіме, няма. Арыгінальныя малюнкі і літаграфічныя выданні знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Варшавы, Кракава, Вільнюса, Парыжа, Лондана і іншых гарадоў Еўропы”. У Беларусі і сёння няма аніводнага твора Бартэльса. Добра, што ў свеце пачалі алічбоўваць спадчыну мастака-паэта. Ужо не абавязкова далёка ехаць, каб, гартаючы малюнкі земляка, здзейсніць разам з ім вандроўку ў нашу не такую і далёкую гісторыю, у перыяд, калі жыццём прыгоннага селяніна распараджаўся "вянец развіцця млекакормячых — аканом”. За малым выключэннем, мастацкая спадчына Бартэльса — зброя, якой ён бічуе заганы тагачаснага грамадства. Аб’екты яго сатыры — тыя, хто стаяў на вяршыні сацыяльнай піраміды: дваране, арыстакраты... У беларускім сегменце Сеціва можна напаткаць некаторыя вершы, паэмы, нарысы майстра. На жаль, зборнікі, якія не выходзілі ў друку, і цяпер недаступныя шырокай аўдыторыі.

Асобная старонка ў мастацкай творчасці Артура Бартэльса — супрацоўніцтва з гаспадарамі Лагойска братамі Тышкевічамі, Яўстахам і Канстанцінам. Гэтыя годныя прадстаўнікі старога графскага роду засталіся ў нашай памяці як гісторыкі, этнографы і адны з пачынальнікаў беларускай археалогіі. Дарэчы, Яўстах заснаваў у 1855-м Віленскую археаграфічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей. Фактычна ў кожным выданні братоў Тышкевічаў можна знайсці ілюстрацыі Бартэльса. Больш за ўсё іх у кнізе Канстанціна "Вілія і яе берагі” (1871). Запрошаны апошнім у 1857 годзе ў вандроўку як ілюстратар Бартэльс зрабіў некалькі дзясяткаў выдатных малюнкаў знакавых мясцін маршруту. Варта згадаць "Друскенікі. Смерць Чачота” — працу, якую Артур стварыў, з’ездзіўшы на знакаміты курорт у 1854-м. Сведкам скону Бартэльс не быў, бо Чачот пайшоў з жыцця ў 1847-м, затое прысутнічаў пры ўсталёўцы помніка пачынальніку айчыннай этнаграфіі.

Радавод і жыццяпіс. Самае цікавае

З нейкай таямнічай прычыны радавод Бартэльса яшчэ не станавіўся аб’ектам пільнай увагі даследчыкаў. Вядомы хіба факт, што Бартэльс — пазашлюбны сын аднаго з Радзівілаў. Яны таго не адмаўлялі. Часам бацькам Артура называлі Леана Радзівіла, расійскага генерала. Праўда, як зазначыў Анатоль Трафімчык, такая кандыдатура не падыходзіць, бо гэты арыстакрат быў старэйшы за Артура толькі на 12 гадоў. Ды і дадзеныя іншых крыніц таму пярэчаць. У 1898-м надрукаваны ўспаміны Генрыка Аляхновіча-Стэцкага, які выдатна ведаў Бартэльса. У 1844-м Генрыка запрасілі як сведку на шлюб Артура з Валерыяй Рупнеўскай, прыёмнай дачкой Фелікса Рупнеўскага. Стэцкі няблага разбіраўся ў сямейных таямніцах Радзівілаў. Ён сцвярджаў, што быў знаёмы яшчэ і з сястрой Артура Бартэльса, таксама пазашлюбнай дачкой Людвіка Радзівіла, толькі ад іншай жанчыны. І мае далейшыя пошукі паказалі, што стары мемуарыст не памыляўся. Такім чынам, сапраўдны бацька Артура Бартэльса не невядомы "Заблоцкі”, а князь Людвік Радзівіл, унук Марціна Мікалая Радзівіла. Гэты князь так захапляўся фізікай і хіміяй, а яшчэ медыцынай, што стаў вучыць іўрыт, заняўся алхіміяй і ў рэшце рэшт быў абвешчаны вар’ятам і ўзяты сваякамі пад апеку. Мусіць, таму, калі Ёган Гётэ звярнуўся з прапановай да Людвікавага брата і Артуравага дзядзькі, дзяржаўнага дзеяча і кампазітара Антонія Радзівіла, напісаць музыку да оперы "Фаўст”, той не прымусіў сябе прасіць двойчы. Тэма аказалася блізкая, так бы мовіць, сямейная.

Што датычыцца маці Бартэльса, то і тут ужо ёсць пра што распавесці. Яе бацька Фрыдэрык Бартэльс — немец, які паходзіў з Магдэбурга. Нейкія акалічнасці прывялі яго на схіле жыцця ў Варшаву, дзе ён сканаў у 1837-м у 72 гады. Акрамя Канстанцыі (маці Артура), у Фрыдэрыка Бартэльса былі дочкі Юлія ды Элеанора і сын Ян Генрык, які працаваў у консульстве Прусіі ў Варшаве. Мяркую, менавіта гэтым і тлумачыцца факт, што першую адукацыю Артур Бартэльс атрымаў у прэстыжнай варшаўскай гімназіі. Там ён пазнаёміўся з будучым вядомым пісьменнікам ураджэнцам Пружаншчыны Юзафам Крашэўскім, а таксама Цыпрыянам Норвідам, слынным польскім паэтам, мастаком і скульптарам.

Страціўшы першую абранніцу, у 1852-м Артур ажаніўся паўторна. На гэты раз — з Канстанцыяй, прадстаўніцай старога беларускага роду Ваньковічаў, пляменніцай мастака Валенція Ваньковіча (а яе пляменнікам быў знакаміты ў ХХ стагоддзі пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч). Артур і Канстанцыя жылі ў фальварку Муравы, амаль на самым беразе ракі Бярэзіны (на поўдзень ад Барысава і на ўсход ад Калюжыцаў, маёнтка Ваньковічаў).

Уласна кажучы, сапраўдныя генеалагічныя даследаванні толькі пачаліся. Многае яшчэ застаецца невядомым, некаторыя звесткі мы пакінем па-за гэтай публікацыяй. Што ж датычыцца Артуравага жыццяпісу, то сёння над ім утрапёна і плённа працуе філолаг Анатоль Трафімчык, якога з Артурам Бартэльсам яднае малая радзіма: яны абодва сыны Ганцавіцкай зямлі.

Нагадаю, што на 22 снежня прыпадае дзень памяці мастака, паэта, драматурга і кампазітара Артура Бартэльса. Было б годна, калі ў родных мясцінах майстра — у Ганцавічах і Лагойску, Клецку і Мінску, Барысаве і Беразіне — прайшлі б адмысловыя вечарыны.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: vitalis (20.12.2023) | Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
Праглядаў: 81 | Тэгі: Дзяніскавічы, Анатоль Трафімчык, Зміцер Юркевіч, Артур Бартэльс, Ганцавіцкі раён, газета Культура | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.