Субота, 15.08.2020, 19:02

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

Асаблівасці прызыву ў Чырвоную Армію ў Ганцавіцкім раёне ў ліпені 1944—1945 гг.
Нягледзячы на тое, што Беларусь была ўжо вызвалена і савецкія войскі паспяхова рухаліся далей на захад, вельмі складана праходзіла ў 1944 – 1945 гг. мабілізацыя ў Чырвоную Армію.

У 1944 г. ў Пінскай вобласці, у якую ўваходзіў і Ганцавіцкі раён, 80 % ваеннаабавязаных заявілі, што яны хворыя. Многія юнакі, каб не патрапіць у войска, упрысквалі пад скуру ядавітыя рэчы, прыкладвалі ядавітыя травы і інш. [1, ст. 85].

Прычынай усяго гэтага было тое, што сярод насельніцтва распаўсюджваліся розныя чуткі аб тым, што савецкія войскі нясуць паражэнні на захадзе, што немцы могуць вярнуцца і т. п.

Так, напрыклад, у жніўні 1944 года ў вёсцы Новы Рожан Ганцавіцкага раёну Барай Марыя Андрэеўна 1928 г. нараджэння гаварыла, што "немцы хутка вернуцца назад”. У той жа вёсцы Жыбуртовіч Таццяна 1927 году нараджэння казала, што "Турцыя выступіла супраць Расіі, хутка прыйдзе турэцкае войска і вызваліць нас ад савецкай улады” [2, ст. 85].

Гэтыя словы сведчаць аб тым, што ва ўмовах адсутнасці сродкаў камунікацыі ў найбольш аддаленых вёсках пачыналі хадзіць такія абсурдныя чуткі.

Многія з тых, каго прызывалі ў войска, выказвалі нежаданне ваяваць.Напрыклад, Суднік Віктар Францавіч з вёскі Чудзін 30 ліпеня 1944г., ад’язджаючы на мабілізацыйны пункт у Ганцавічы, казаў былым прызыўнікам: "Куды мы паедзем, за што будзем ваяваць?” Захарчэня Рыгор Кандратавіч з той жа вёскі не жадаў з’яўляцца ў ваенкамат, кажучы: "хай лепш мяне заб’юць дома, чым дзе-небудзь” [2, арк. 4].

Існавалі выпадкі і адкрытага запалохванння з мэтай нез’яўлення прызыўнікоў на мабілізацыйны пункт.

У вёску Крышылавічы ў ноч з 30 на 31 ліпеня 1944 г. прыйшлі 6 узброеных чалавек у вайсковай форме і сказалі каб людзі не ішлі ў Чырвоную Армію і што хутка ізноў прыйдуць немцы. У выніку, з гэтай вёскі на прызыўны пункт да вызначанага часу не з’явілася 40 чалавек [3, арк.2].

Былі таксама і выпадкі дэзерцірства з Чырвонай Арміі. Так, напрыклад, з вёскі Будча хаваліся ў суседніх з вёскай лясах 4 дэзерціры па стану на 10 верасня 1944 г. [2, арк.8].

Ад службы ў Чырвонай Арміі хаваліся ў лясах і жыхары іншых вёсак.Так, з вёскі Радзялавічы па лясах туляліся 32 чалавекі,частка з якіх была са зброяй [3, арк. 8].

Хаця і не толькі дэзерціры былі ў лясах. Прыходзілі на тэрыторыю Ганцаўшчыны і больш арганізаваныя антысавецкія фармаванні. Так, напрыклад, быў зафіксаваны выпадак прахода аунаўцаў у раёне станцыі Буда ў колькасці ля 50 чалавек, якія амаль усе былі узброеныя [3, арк.8].

Таксама ў вёсцы Задуб’е 14 верасня 1944г., група "бандытаў” у колькасці 15 чалавек праходзіла праз вёску [3, арк.10].

Аб тым, як адносіліся людзі, якія хаваліся ў лясах, да савецкай улады, сведчаць некаторыя акцыі, якія можна прывесці ніжэй.

У ноч з 30 па 31 ліпеня 1944 г. была заўважана дыверсійная група ў колькасці 5 чалавек, якія падпаўзлі да нядаўна адбудаванага маста чыгукі ў 4 км на паўднёвым усходзе ад Ганцавічаў. У выніку, адзін з дыверсантаў быў забіты, а чацьвёра ўцяклі [3, арк.2].

У жніўні 1944 г. НКУС заняўся справай знікнення члена Хатыніцкага сельсавета Анісімава.Ён знік без вестак, рухаючыся праз лес з в.Раздзялавічы ў в.Хатынічы [3, арк.8].

8 верасня 1944 г. з в. Раздзялавічы рухалася група чырвонаармейцаў у колькасці 4 чалавек пад камандаваннем старэйшага лейтэнанта. На 8-м кіламетры іх абстралялі. Адразу былі забітыя лейтэнант і адзін чырвонаамеец. Другі чырвонаармеец быў ранены і яшчэ адзін прапаў без вестак. Былі захоплены і трафеі – аўтамат, вінтоўка і пісталет ТТ [3, арк.9].

У выніку, з вёскі Радзялавічы хлебапастаўкі дзяржаве не паступалі. З вёскі шмат мужчын ішлі ў лясы, там хавалася ля 40 чалавек [3, арк.9].

Восенню 1944 г. былі забітыя таксама ўпаўнаважаны райкаму КП(б)Б і райвыканкаму Хаўруга і старшыня Чудзінскага сельсавету Шостак [4, арк.25].

Якія ж меры прынялі улады? Ужо восенню 1944 г. у раёне быў арганізаваны знішчальны батальён з партыйнага складу і былых партызанаў колькасцю 50 чалавек [3, арк.4]. Камандуючым знішчальным батальёнам быў прызначаны былы партызан Зайкоў [4, арк.25]. Для ўзбраення батальёну райкам прасіў абкам выслаць 20 аўтаматаў, 3 кулямёты, 27 вінтовак [3, арк.9].

Знішчальны батальён павінен быў вышукваць у лясах дэзерціраў, ухіляючыхся ад службы ў Чырвонай Арміі і ўсіх, хто па якой прычыне хаваўся ў лесе. Таксама батальён займаўся канфіскацыяй маёмасці ў дэзерціраў. Пры гэтым здараліся і некаторыя казусы.

Так, у студзені 1945 г. была праверана законнасць дзеянняў камандзіра батальёна пры канфіскацыі 62 скур у Рожанскім сельсавеце. Меркавалася, што Зайкоў забраў іх дзеля сваіх патрэб. Але выявілася, што ён забраў гэтыя скуры ў дэзерціраў і здаў у нарыхтоўчы пункт [5, арк.12].

Існавалі і вападкі злоўжывання байцамі батальёну сваімі паўнамоцтвамі. У сакавіку 1945г. байцы Уфімцаў і Дрэнь разбілі вокны ў доме дэзерціра, які падазраваўся ў забойстве ўпаўнаважанага райкаму Хаўругі. У выніку, гэтыя байцы былі зняволены і прасядзелі пад арыштам некалькі дзён. Але, ўлічваючы тое, што "они осознали свою ошибку”, а таксама зрабілі вялікую работу па вышуку дэзерціраў (вышукалі 43 чалавекі), абмежаваліся папярэджаннем [6, арк.42].

Аб тым, што пагражала дэзерцірам, сведчаць лічбы дакладу аб рабоце вайсковага трыбуналу войск НКУС Пінскай вобласці, які склаў старшыня трыбуналу, капітан юстыцыі Шчаглоў. Усяго за другі квартал 1945 г. у Пінскай вобласці было асуджана 137 дэзерціраў, з іх да вышэйшай меры пакарання (растрэл) – 19 чалавек, да катаржных работ – 6 чалавек, да пазбаўлення волі – 112 чалавек [6, арк 154].

Літаратура і крыніцы
1. Белозорович В.А. Западнобелорусская деревня в 1939-1953 годах. - Гродно, 2004 г. 
2. ДАБВ - Ф.7581. - Воп.3. - Спр.40
3. ДАБВ - Ф.2219. - Воп.1. - Спр.4
4. ДАБВ - Ф.2219. - Воп.1. - Спр.2.
5. ДАБВ - Ф.7581. - Воп.3. - Спр.183
6. ДАБВ - Ф.7581. - Воп.3. - Спр.90
Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (21.11.2009) | Аўтар: Павел ДАЙЛІД
Праглядаў: 2101 | Тэгі: Чырвоная Армія, Павел Дайлід, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [35]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [76]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [2]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [76]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.