Панядзелак, 25.05.2020, 20:26

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Да 70-й гадавіны далучэння Заходняй Беларусі
Ранкам 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу, бо, паводле пакта Молатава-Рыбентропа, большая частка польскай дзяржавы адыходзіла Савецкаму Саюзу. II Рэч Паспалітая тым часам мужна абаранялася ад германскага агрэсара. Таму на мяжы з СССР польскага войска было вельмі мала і Чырвоная Армія прасоўвалася амаль без баёў. Ішлі бальшавікі пад лозунгам вызвалення кроўных братоў-беларусаў і ўкраінцаў, што было неўзабаве названа «гістарычнай справядлівасцю», бо адбылося аб'яднанне народаў.

Узнікаюць лагічныя пытанні, ці захавалася б справядлівасць, каб уз'яднанне Беларусі адбылося праз захоп II Рэччу Паспалітай БССР? Ці, можа, захавалася б справядлівасць тады, калі б Сталін, просячы перадышкі ў Гітлера (снежань 1941 г.), аддаў III Рэйху заходнюю частку сваёй імперыі, у тым ліку Беларусь? У апошнім выпадку ж наша краіна таксама была б «аб'яднанай».

Польскія ваённыя ўзятыя ў палон Чырвонай арміяй

Наяўнасць міжнародных правапарушэнняў з боку Масквы і Берліна сёння ўжо нікім не аспрэчваецца. Аднак і рэалізацыя савецкім бокам справядлівасці не вытрымлівае крытыкі. Прычыны часткова бачацца ў непасрэдных адносінах савецкага кіраўніцтва да справядлівасці ў гістарычным развіцці: «Вопрос о борьбе... нужно рассматривать не под углом зрения справедливости, а под углом зрения политического момента, под утлом зрения политической потребности партии в каждый данный момент» (I. Сталін). Фактычна галоўныя бальшавіцкія тэарэтыкі прыйшлі да наступнага кантрапункта сваёй ідэалогіі: справядліва тое, што ім выгадна.


Савецкі плакат на ўкраінскай мове: "Так было! Так ёсць!"

Насамрэч жа для Крамля тыя падзеі братэрскім вызваленнем і аб'яднаннем падзеленае Беларусі (і Украіны) зусім не з'яўляліся. Як справядліва і трапна заўважае гісторык А. Салькоў, «воссоединение белорусского и украинского этносов в рамках национальных государств» з'явілася «побочным, хотя и необыкновенно важным результатом реализации советских геополитических целей». СССР выступіў у тых падзеях звычайным захопнікам: «Если на Запад – русская армия заслуживает колонии», – запісаў у дзённіку савецкі ідэолаг А. Жданаў. Пра такія адносіны савецкага кіраўніцтва да аб'яднання Беларусі сведчыць наступнае:
1) Савецкі Саюз захапіў землі, якія ніколі не лічыліся Заходняй Беларуссю (на захад ад Беластока) (першапачаткова планавалася ўвогуле заняць землі амаль да Варшавы!);
2) да чарговага падпісання савецка-германскага дагавора 28 верасня 1939 г., на гэты раз аб дружбе, не было нават канкрэтных планаў адносна занятых Чырвонай Арміяй зямель II Рэчы Паспалітай, бо спачатку ў Крамлі меркавалі стварыць там тры дадатковыя саюзныя рэспублікі: Заходнебеларускую, Заходнеўкраінскую і Польскую;
3) пры правядзенні і ўдакладненні дэмаркацыйнай савецка-германскай мяжы тэрыторыя, уключаная ў БССР, разглядалася па-ранейшаму як разменная ў кантэксце палітыкі еўрапейскага маштабу: пасол у Маскве Шуленбург прызнаваўся: «Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию»;
4) у той жа час Віленшчына, заходнебеларускасць якое з 1923 па 1939 гг. не ставілася ў Маскве пад сумнеў, была ў якасці траянскага каня прэзентавана Літве;
5) у гэтым прызнавалася само кіраўніцтва СССР: так, Л. Кагановіч, не цырымонячыся з выразамі, казаў, што адной з першачарговых задач Крамля было «прибрать к рукам» дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Германіяй да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза. На першым месцы тут знаходзілася ленінска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Германіяй у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла яна ў 1921 г. у хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта – падзяліла землі суседа. Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, дык у 1939 г. распачыналася Другая сусветная вайна. Скажыце, што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця – «абы вайны не было»;
6) больш таго, у святле сёння; даказанага факту падрыхтоўкі Савецкага Саюза да наступальнай вайны гаворыцца пра змену ў яго палітыцы адносна Польскага пытання: ужо Польшча станавілася праэтэкстам для вызвалення, таму ў 1940 г. у Крамлі вярнуліся да меркавання стварыць на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны польскую адміністрацыйную адзінку, да якой у будучыні маглі б быць далучаны захопленыя Германіяй землі II Рэчы Паспалітай (з гэтай мэтай нават пачалася падрыхтоўка да стварэння польскіх «чырвоных легіёнаў»), – такім чынам, ізноў Беларусь разглядалася як прадмет палітычных маніпуляцый, як сродак чарговай савецкай стратэгічнай кампаніі.

Паштовая марка СССР з серыі "Уз'яднанне Заходняй Украіны з УССР
і Заходняй Беларусі з БССР"

Дарэчна таксама будзе яшчэ давесці, што 17 верасня 1939 г. з'яўляецца толькі датай, паводле савецкае тэрміналогіі, вызвалення, але ні ў якім разе не аб'яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць «крэсы паўночна-ўсходнія» ў адной рэспубліцы. Толькі 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. тую «просьбу» афіцыйна задаволіў Крэмль, што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР. Нелігітымнасць, недэмакратычнасць выбараў на той сход, як і потым у саветы розных узроўняў, з'яўляюцца сёння відавочнымі. Дзіўна і нават смешна становіцца пры суаднясенні абгрунтаванняў некаторых навукоўцаў, якія з аднаго боку сцвярджаюць пра амаль 100-адсоткавую актыўнасць электарату, а з іншага – кажуць (у дадзеным выпадку слушна) пра тое, што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70% (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмелі? Адказ у дадзеным выпадку адзін: іх рукою настойліва вадзіла ўлада.

Вышэйсказанае значыць, што фармальна аб'яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля «вызвалення». А фактычна яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо спачатку праз старую мяжу не дазволілі вольнага перамяшчэння. Старую мяжу па-ранейшаму моцна ахоўвалі пагранвойскі і НКУС. Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры германскай акупацыі.

Такім чынам, ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня – 14 лістапада 1939 г. неабходна прызнаць для таго часу толькі фармальна аб'яднаўчым для Беларусі, самы бліжэйшы лёс якой тады быў цьмяны. Аднак трэба падкрэсліць канцэптуальнае значэнне гэтай даты ў генезісе беларускай дзяржавы. Неабходна толькі скарэктаваць паняцце таго аб'яднання. Па-першае, аб'яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў III Рыма і III Рэйха. Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя бакі, якія аб'ядноўваліся: іх аб'ядналі, не пытаючыся іх згоды, і толькі потым postfactum правялі інсцэніроўку «Народнага» схода. Акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., толькі па яго форме можна маркіраваць тэрмінам «аб'яднанне», аднак нельга забываць пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняе часткі беларускіх зямель. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна «далучэнне» дазваляе канкрэтызаваць гістарычную сутнасць шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і яго суседзяў. 17 верасня не адбываўся акт аб'яднання. Аб'яднанне сталася ў выніку тых падзей.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (22.09.2009) | Аўтар: АнатольТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2935 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/16
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [35]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [76]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [2]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [76]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.