Панядзелак, 22.07.2019, 00:14

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Іван Кірэйчык
Іван Кірэйчык належыць да пакалення пісьменнікаў, дзяцінства якіх абпаліла вайна. Яго бацька, Аляксандр Цімафеевіч, загінуў на фронце ў 1945 годзе. Маці, Лізавеце Герасімаўне, давялося адной выводзіць дзяцей – сына і дачку – у людзі. У вёсцы Гута, дзе жылі Кірэйчыкі, Лізавету Герасімаўну ведалі як таленавітую спявачку, выдатнага знаўцу беларускіх народных песень, павер’яў, прыкмет, прыказак і прымавак. Менавіта маці перадала Івану любоў да сваёй зямлі, роднага слова.

Дзіцячыя гады будучага пісьменніка былі нялёгкімі. З васьмігадовага ўзросту ён пасвіў каровы, таму ў школу меў мажлівасць хадзіць толькі зімой, калі выпадаў снег. Пазней, згадваючы сваё цяжкае дзяцінства, у нарысе "Дарога” Іван Кірэйчык напіша: "А ноччу мне прысніўся сон. Я – пастушок. Летняе сонца ўжо добра-такі паднялося па-над Ланню, і я адпрасіўся ў такіх жа, як і сам, на сняданне. Бягу па расе, спяшаюся. А дома нязвыклае для раніцы няўтулле: халодная, яшчэ не напаленая печ, маўклівая маці. Маці ведае, чаго я прыбег, і яна, паглядзеўшы ўважліва на мяне, уздыхае і ідзе на агарод. І нешта вельмі доўга яе адтуль няма. Я іду паглядзець, што там такое, і бачу: маці трымае ў руках вырваны куст бульбы з дробнай, як пацеркі, завяззю на каранях і плача. Мне становіцца зразумелай прычына яе слёз. І я моўчкі паварочваюся і няспешна вяртаюся на пашу. Бурчыць жывот, а на душы так крыўдна сябе ж, што вось прышоў і зрабіў маці балюча…”.

Пасля заканчэння ў 1955 годзе Гуцянскай сярэдняй школы Іван Кірэйчык быў прызваны ў армію і чатыры гады служыў на Балтыйскім флоце. У гэты час шмат пісаў, праўда на рускай мове. Яго вершы друкаваліся ў газеце «Страж Балтики» і ў калектыўным зборніку паэтаў-балтыйцаў «Песня, рождённая морем», які выйшаў у Калініградзе. На флоце адбылася сустрэча Івана Кірэйчыка з паэтамі Генадзем Бураўкіным, В.Сямерніным, Мікалаем Сідарэнкам, якая, як адзначае жонка пісьменніка Вера Кірэйчык, "станоўча паўплывала на развіццё яго літаратурных здольнасцей. Пад уплывам гэтых паэтаў ён стаў вяртацца да роднага слова, асабліва пад уздзеяннем паэта Мікалая Сідарэнкі, які пахваліў Іванавы вершы, але пры гэтым сказаў яму вельмі крыўдныя словы, якія балюча апяклі сэрца: Вось так у вас, беларусаў, і атрымліваецца: самі пішаце па-руску, а на родную мову пасля перакладваюць вас… іншыя”. Гэтая калючая фраза вельмі ўзрушыла яго свядомасць і заставіла задумацца аб тым, адкуль ён родам, дзе яго карані. Іван Аляксандравіч змог перайсці на родную мову і ў творчасці і ў жыцці. "У сям’і паміж сабой, – успамінае Вера Кірэйчык, мы заўсёды размаўлялі па-беларуску, за што нас і паважалі яго вяскоўцы-землякі. "Малайдзец, Янак (так звалі Івана ў вёсцы), – гаварыла цётка Гэля, – колькі гадоў жывеш у горадзе, а матчыну мову не забываеш, шануеш яе. Вунь як хораша і ўся сям’я размаўляе па-нашаму”.


Іван Кірэйчык з саслужбоўцамі.
(3-ці рад зверху, 2-гі злева-направа)


Дэмабілізаваўшыся ў 1958 годзе, Іван Кірэчык вярнуўшыся ў родныя мясціны і па запрашэнні тагачаснага рэдактара ганцавіцкай раённай газеты "Сялянская праўда” Б.С. Лісецкага стаў спачатку яе літсупрацоўнікам, затым загадчыкам аддзела. Праца ў раёнцы была добрай школай для пачынаючага журналіста і літаратара. Пад уплывам Васіля Праскурава ён захапіўся жанрам нарыса. У друку з’явіліся яго "Быль Узбійскага бору”, "Мачаха”, "За возерам Горным” і іншыя нарысы, якія прынеслі вядомасць аўтару-пачаткоўцу.


На ганку рэдакцыі газеты "Сялянская Праўда".
Злева-направа: І.Кірэйчык, С.Дзерышаў,
І.Лісецкі, В.Праскураў


У хуткім часе ў сувязі з ліквідацыяй Ганцавіцкага раёна як адміністрацыйнай адзінкі рэдакцыя раённай газеты была закрыта. Журналісты былі вымушаны шукаць новае месца працы, і Іван Кірэйчык накіраваўся ў Мінск, уладкаваўся карэспандэнтам на Беларускае радыё. Завочна паступіў на факультэт журналістыкі БДУ. "Праца ў эфіры, – піша Віктар Гардзей, яму не спадабалася: як сам казаў, зашмат мітусні, усё, што ні напішаш, вылятае на вецер, не пакінуўшы і следу. А тут любімая "Чырвонка” (газета "Чырвоная змена”) прапанавала пасаду ўласнага карэспандэнта па Гомельскай вобласці з прапіскай і кватэрай у абласным цэнтры – Гомелі. Для даволі ўжо спрактыкаванага журналіста гэта было цудоўнае вырашэнне прафесійных і сямейных праблем. Таму ён адразу даў згоду на пераезд і неўзабаве з маладой жонкай Верай Фёдараўнай (у дзявоцтве Дубянецкай) апынуўся ў незнаёмым і чужым яшчэ Гомелі. Не думаў вандроўнік, што лёс прапіша яго тут назаўсёды, да самага скону, не гадаў бедачына, што прыгожы горад над Сожам, зрэшты, як і ўся казачная Гомельшчына, стане другой радзімай пісьменніка…”.


Злёт маладых літаратараў.
На пярэднім плане І.П. Шамякін, побач І.Кірэйчык


На Гомельшчыне Іван Аляксандравіч працаваў уласным карэспандэнтам газеты "Дняпровец”, загадчыкам аддзела пісьмаў газеты "Перамога Кастрычніка” (г.Ветка), намеснікам адказнага сакратара газеты "Гомельская праўда”, рэдактарам абласной студыі тэлебачання. Усюды знаходзіў час для творчасці. Часцей за ўсё пісаў у начы. Творы, па ўласным прызнанні, "пісаліся… як песня на адзіноце, споведзь перад самім сабой…”.

Творчая спадчына нашага земляка складаецца з паэтычных зборнікаў "Аснова” (1977) і "З маіх крыніц” (1994), а таксама кніг нарысаў і апавяданняў "Багацце душы – людзям” (1966), "Калінавая квецень” (1984). Многія яго празаічныя творы друкаваліся ў калектыўных зборніках "Вернутае шчасце”, "Люблю будзёны дзень” і іншыя. У літаратурным запісе Івана Кірэйчыка выйшлі кніга ўспамінаў партызана Р.Лабазеева "Лясныя пабрацімы” і дакументальная аповесць М.Качана "Апалены ранак”.

Свае вершы, апавяданні, нарысы Іван Кірэйчык прысвячаў Брэсцка-Пінскаму і Гомельскаму Палессю. Яго аднолькава вабілі Лань і Сож, Прыпяць і Дняпро, мілая Гута і Гомельскі левабярэжны парк… Прырода і людзі Палесся, якіх напаткала чарнобыльская бяда, – любімая тэма пісьменніка.


Рэдка здымаюць, рэдка --
падумаў Кірэйчык, гледзячы ў аб'ектыў


Была, аднак, у яго і свая, уласная бяда. З арміі ў цынкавай дамавіне прывезлі ў Гомель малодшага сына Сяргея, у якім Іван Аляксандравіч бачыў свайго прадаўжальніка. Праз 11месяцаў не стала і старэйшага – Сашы. Цяжкае гора падарвала здароўе. Жонка пісьменніка расказвае, "што Іван адчуваў сваю смерць. Калі памёр Іван Чыгрынаў, ён (Іван Кірэйчык) быў цяжка хворы і не мог сам чытаць, таму штодзённа прасіў, каб я чытала ўголас некралогі з усіх газет пра Івана Чыгрынава. Аднойчы я запытала: "Навошта так часта чытаць пра гэта? Ты хочаш вывучыць на памяць усё надрукаванае?” Ён адказаў: "Я вельмі любіў і паважаў Івана Чыгрынава. Ведаю, што гэта было ўзаемна. Адчуваю, што ён мяне хутка забярэ”. І вось за два дні да смерці ён прачнуўся са словамі: "Бачыў сон, нібы прыйшоў да нас Іван Чыгрынаў і сказаў: "Сёння я заначую ў вас, а заўтра пойдзем з табой, Іван, да мяне”. "Гэта ж толькі сон, не хвалюйся, у цябе яшчэ столькі творчых планаў, задум, шмат чаго не дапісана, не закончана, – спрабавала я яго супакоіць, хаця ведала, што будзе так, як яму прыснілася (ўрачы ўжо мяне папярэдзілі), але ж яшчэ спадзявалася на нешта лепшае. Надзея памірае апошняй. На жаль сон спраўдзіўся. Ён памёр…”.
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (21.02.2010) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 2661 | Тэгі: Іван Кірэйчык, Літаратурная Ганцаўшчына, Галіна Снітко | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [35]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [75]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [1]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [76]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.