Пятніца, 29.03.2024, 10:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Якуб Колас
Якуб Колас (1882 – 1956)

"Ваша Люсінская школа была маім першым настаўніцкім месцам, з якога пачалася мая дарога ў жыццё... Я вас любіў чыстым юнацкім сэрцам, хацеў дапамагчы вам знайсці лепшую дарогу ў жыцці, лепшую за тую дарогу, па якой ішлі вашы дзяды і бацькі", – пісаў Якуб Колас у лісце да люсінцаў у чэрвені 1948 года. У Люсіне (тады Пінскі павет Мінскай губерні, цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці) пісьменнік працаваў амаль два гады – з 1 кастрычніка 1902 па 1 верасня 1904. Адзначым, што год разам з ім жыла сястра. Дадзеныя "Памятной книжки Минской дирекции народных училищ за 1902/1903 учебный год", сведчаць, што на той час у Люсінскім вучылішчы (школе) было 37 вучняў – 35 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, а настаўнікам з аплатай працы 240 рублёў. тут прызначаны Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, які закончыў курс Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Малады Колас захапіўся педагагічнай дзейнасцю, цэлымі днямі займаўся з дзецьмі ў школе. Адзін з яго вучняў Міхаіл Занька пазней прыгадваў: "...Нялёгка было пачынаць работу ў вёсцы, дзе нават аб газавай лямпе маглі толькі марыць. Нястомна пераконваў малады настаўнік, што сялянам, як святло, патрэбна пісьменнасць. Настаўніка любілі ўсе: і старыя, і дзеці".

Месца, дзе знаходзілася школа, дакладна апісана ў першай частцы трылогіі "На ростанях" – аповесці "У палескай глушы", у якой Люсіна фігуруе пад назвай Цельшына: "Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягваў увагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіраты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як бы ў іх была адна доля". У 1960-я гады будынак школы, у якой працаваў Якуб Колас, разабралі. На месцы былой школы да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, па рашэнні мясцовых улад, быў устаноўлены памятны знак – узведзены новы падмурак і выкладзены вянец з круглых бярвенняў.

У Люсіне Канстанцін Міхайлавіч цікавіўся этнаграфіяй і фальклорам палешукоў. Той самы Міхал Занька ўспамінаў: "Бывала збярэ нас і пачне распытваць, якія песні ў нас спяваюць, якія гульні бываюць у святы. Усё: і легенды пра татарскае нашэсце, і народныя звычаі і абрады – цікавіла педагога". Ён наведваў сялянскія хаты, прыглядаўся да посуду і мэблі, іншы раз рабіў дакладныя чарцяжы самабытных рэчаў. У Люсіне Якуб Колас напісаў на рускай мове этнаграфічны нарыс "О крестьянских постройках (деревни Люсина Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)". Нарыс быў напісаны ў звычайным вучнёўскім сшытку і дасланы ў Вільню ў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Даследчык Г. Кісялёў у кнізе "З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы" (Мн., 1982), у якой змешчаны гэты нарыс, адзначае, што ў тэксце рукапісу "ёсць сляды рэдагавання простым алоўкам і чырвоным чарнілам... На палях тым жа чырвоным чарнілам прастаўлены тэматычныя рубрыкі, якія раскрываюць змест нарыса: "Местоположение", "Народные сказания", "Окрестности", "Занятия жителей", "Улица", "Дворы' "Хата", "Хозяйственные постройки", "Печь", "Внутреннее убранство". Магчыма, нарыс рыхтаваўся да друку ў адным з выданняў Геаграфічнага таварыства. Праўда, у пачатку XX стагоддзя гэтая праца Якуба Коласа так і не была апублікавана. Многае з таго, пра што расказвае пісьменнік у ёй, пазней увойдзе ў трылогію "На ростанях". Найперш гэта легенда пра Яшукову гару. У Люсіне Якуб Колас пачуў і запісаў два паданні пра яе. "Одно предание, – піша ён у нарысе "О крестьянских постройках", – говорит, что на этой горе был бой между шведами и князем Яшуком и что последний был убит и похоронен там, отчего и самая гора получила название Яшуковой горы. Другое предание сохранилось подробнее и отзывается большею современностью, захватывая эпоху крепостного права.

Где-то в десяти верстах от Люсина был богатый "двор", т.е. помещичья усадьба, куда и ходили люсинцы отбывать панщину. Никаких остатков от этого двора не сохранилось, если не принимать в расчёт бугра земли да груды камней. В эту усадьбу приезжал какой-то безродный пан Яшук. Этот пан был большой ловелас, ухаживал за "дзевками" и молодыми бабами, что вызвало неудовольствие среди многих парней. Яшук был большой чудак, гуляка, страстный охотник. Он увлёк одну красавицу-крестьянку, на которой хотел жениться панский лакей, а потом бросил её вместе с ребёнком. Та с горя бросилась в речку и потонула. Однажды была охота. На пана Яшука выскочил дикий кабан. Пан выстрелил в него, но промахнулся. А кабан как нарочно бежал медленно, выбирая "прогалины" – места, скудно поросшие кустарником или деревьями. Пан пустился верхом на лошади вдогонку. Долго он бежал, "отбился" от людей, заехал в незнакомый лес. Кабан вдруг пропал, точно провалился в землю. А в это время надвигалась уже ночь. Пан не знал, куда идти. Пробовал трубить и кричать, никто не отзывался. Вдруг ему почудилась песня. Пела девица, заклятая панна, и так очаровала пана, что тот привязал лошадь и пошёл туда, где слышалась песня. Что он там увидел, как провёл ночь, об этом не упоминается. Но когда спохватились и стали искать пана, то его нашли повешенным на дереве. Труп был снят и зарыт в землю. В рассказе также не упоминается, какими судьбами пан очутился на дереве".

У трылогію "На ростанях" уключана толькі частка другога падання, пасля якога Якуб Колас у нарысе дадае: "Рассказ этот характеризует отчасти душевный и умственный склад полешука. Полешук очень хитёр и в то же время чрезвычайно скрытен. Эта скрытность кладёт в некоторой степени печать на его творчество. Нужно ещё добавить к этому рассказу, что поднялась буря в лесу, когда повесился пан Яшук. Это замечание в глазах полешука имеет глубокий смысл: оно доказывает ту мысль, то верование полешука (да кстати и всего простого народа нашего края), что бури происходят оттого, что кто-то умер насильственною смертью – удавился, утонул и т.п."

Пра Яшукову гару Якуб Колас у першы год працы ў Люсіне напісаў вершаваны твор, які, на жаль, не захаваўся. Пад некаторымі іншымі яго вершамі пазначаны 1904 год, аднак на сёння невядома, якія з іх былі напісаны ў Люсіне. Часта творчае натхненне прыходзіла да Канстанціна Міхайлавіча ў час адпачынку ў дуброве на Дубаўскім возеры, што непадалёку ад Люсіна. 3 таго часу тут захаваліся дзевяць з дзесяці дубоў, пад якімі любіў бываць пісьменнік.

Першае месца працы, убачанае і перажытае тут, Якуб Колас па-мастацку ўвасобіў у аповесці "У палескай глушы". У творы шырока прадстаўлены геаграфічныя тапонімы Ганцаўшчыны. З сапраўдных згадваюцца Ганцавічы, Сяльцо, Татарка, Завітанкі, Яшукова гара, Целяшоў дуб. Некаторыя назвы зменены, але лёгка пазнаюцца па гукавому падабенству ці апісанню: Маневічы – Малькавічы, Хатовічы – Хатынічы, Цельшына – Люсіна.

Прататыпамі многіх герояў аповесці сталі тыя, з кім пазнаёміўся Якуб Колас у час настаўніцтва ў Люсіна: Ядвіся – Ядвіга Баранцэвіч, бабка Мар'я, яе сын Рыгор, цельшынскі стараста Раман Круглы і інш. Пісьменнік слушна заўважае, што "...палешукі – людзі паважныя, сталыя, асцярожныя, не адразу і не кожнаму расчыняюць сваю душу, бо ўжо мусіць, сама прырода Палесся налажыла на іх сваю адзнаку. Бясконцыя балоты вучылі іх мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу..."

Рэгіянальны каларыт выявіўся і ў пейзажных замалёўках Палесся. Ёсць у аповесці апісанні позняй восені, зімовага лесу, вясны. Палескія краявіды захаплялі Якуба Коласа, таму іх апісанні вельмі дэталёвыя і шматфарбныя.

Пісьменнік палюбіў гэты край, "бы яго родны сын". Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён ліставаўся з жыхарамі Люсіна. У 1948 годзе яны звярнуліся да Коласа з просьбай дапамагчы пабудаваць новую школу. "Мае дарагія сябры-прыяцелі, мае былыя вучні і суседзі-люсінцы, – пісаў ён. – Я ўсё зраблю, што ад мяне залежыць, каб у вас на месцы старой драўлянай школы, ля якой стаяў высачэзны крыж, была пабудавана новая, прасторная, светлая школа". Сваё слова пісьменнік стрымаў. У хуткім часе ў Люсіне быў узведзены новы будынак школы. Канстанцін Міхайлавіч марыў наведаць гэты край, аднак яго планы не ажыццявіліся.

У Люсінскай сярэдняй школе, на якой устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар славутага Песняра, створаны літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа. "Гэта, – як апісвае В.Гардзей, – даволі прасторная зала, дзе з вялікай дакладнасцю ўзноўлена атмасфера жыцця і побыту сялян на пачатку мінулага стагоддзя. Вось прыземістая паляшуцкая хата з усёй сваёй няхітрай абстаноўкай. Увагу прыцягваюць кросны і самаробны зэдлік, стол з махрыстым настольнікам, да бэлькі падвешана дзіцячая калыска, і ўсюды: над падслепаватымі вокнамі, на покуці і на лаўках – зачароўваюць позірк прыгожыя вышываныя ручнікі, а мастацкай вышыўкай люсінскія кабеты славіліся даўней, славяцца і сягоння. Уздоўж сцен раскладзены сувеніры, падарункі, кнігі гасцей, у тым ліку і берасцейскіх літаратараў, ды, вядома ж, большасць экспанатаў прысвечана жыццю і творчай дзейнасці Якуба Коласа на люсінскай зямлі. Ганаровае месца ў экспазіцыі займаюць творы Песняра, краязнаўчыя матэрыялы, якія сабраны бібліятэкарамі і ўдзельнікамі вучнёўскага аб'яднання "Юны краязнаўца". Сярод экспанатаў шмат цікавых дакументаў з часу настаўніцкай працы пісьменніка ў Люсіне, ёсць звесткі аб яго вучнях і іх нашчадках. Так, прыкметны след у гісторыі вёскі пакінулі першыя вучні маладога Кастуся Міцкевіча – М.В. Занька, С.І. Цялушка, С.Ф. Сенюковіч, П.В. Цялушка, І.А. Занька. Фотаздымкі былых школьных неслухаў і гарэзнікаў, якія ўдалося адшукаць, змешчаны навідавоку перад партрэтам любімага настаўніка".
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (06.11.2010) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 4623 | Тэгі: Люсіна, Галіна Снітко, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
компания стоматология одинцово новый век
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
компания стоматология одинцово новый век
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
компания стоматология одинцово новый век

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.