Пятніца, 19.04.2024, 08:29

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі прыйшоў у беларускую літаратуру ў пачатку 60-х гадоў з самай глыбінкі Палесся – Ганцаўшчыны. Нарадзіўся ён 17 красавіка 1936 года вёсцы Востраў у сялянскай сям'і, у якой, па словах паэта, "гультайства і фальш лічыліся самымі вялікімі заганамі ў чалавеку". Пасля заканчэння Астраўской васьмігадовай школы М.Рудкоўскі выбірае высакародную прафесію настаўніка і паступае ў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Неўзабаве разам з іншымі навучэнцамі быў пераведзены ў Пінскае педвучылішча, і ў 1955 годзе стаў выпускніком гэтай навучальнай установы. Наступныя пяць гадоў давялося спалучаць працу ў Кукаўскай сямігодцы (Ганцавіцкі раён) і вучобу на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна.

Міхась Рудкоўскі

Захапленне паэзіяй, жаданне пісаць самому прывяло М.Рудкоўскага ў рэдакцыю Ганцавіцкай раённай газеты "Сялянская праўда", якая яшчэ ў 1958 годзе апублікавала яго першыя вершы ("Успаміны", "Восень" і інш). На той час рэдакцыю газеты ўзначальваў вядомы журналіст, пісьменнік Васіль Праскураў. Ён стаў для паэта-пачаткоўца сапраўдным настаўнікам і дарадцам, а праца ў рэдакцыі пад яго кіраўніцтвам – першай літаратурнай школай.

У 1962 годзе Міхась Рудкоўскі пераехаў у Брэст, доўгі час працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных перадач Брэсцкай студыі тэлебачання, пісаў вершы. Яны складалі ўсё новыя і новыя паэтычныя зборнікі якія з часам станавіліся вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі "Першыя вёрсты" (1963), "Сінія Брады" (1967), "Позвы" (1971), "У краі тым” (1975), "Векавечная Бацькаўшчына" (1976), "Трыгор'е" (1981), "Засцярога” (1984), аднатомнік выбранай лірыкі "Залатазвон" (1986), "Гарынь" (1992). Апошняга з названых зборнікаў паэт, праўда, не дачакаўся. Летам 1991 года яго не стала. Пахаваны ў роднай вёсцы Востраў. На радзіме створаны Літаратурны музей М.Рудкоўскага, Востраўская сярэдняя школа носіць імя пісьменніка-земляка. На доме ў Брэсце, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Міхась Рудкоўскі – сапраўдны майстра слова. Пра гэта сведчыць не толькі вялікая колькасць напісаных ім кніг, a і той факт, што яму былі падуладны многія жанры: балада, элегія, санет, трыялет і іншыя. Ён выступаў як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моў, пісаў рэцэнзіі і шматлікія артыкулы па пытаннях сучаснай беларускай паэзіі. Праўда, часцей за ўсё з-пад яго пяра з'яўляліся вершы. Яны знешне даступныя і простыя, ім уласцівы тонкі лірызм, яркая вобразнасць, непасрэднасць і шчырасць пачуцця.

Як паэт-лірык Міхась Рудкоўскі быў улюбёны ў Беларусь, у яе працавітых, добрых і мужных людзей, ганарыўся гісторыяй краю, разважаў над праблемамі сучаснасці і будучыні. Крыніцай натхнення для яго найперш з'яўлялася малая радзіма – Палессе.
Край бярозаў і гонкіх соснаў,
Край лугоў і заток азёрных...
Тут усё люба і дорага сэрцу паэта: і горкі пыл дарог, і подых бур, і мядовыя росы, і жытнёвыя ночы, і агні бліскавіц, і нават курганы і абеліскі... У гэты край, у родную вёску ён заўсёды прыязджаў не як госць ці старонні назіральнік, а як чалавек, для якога Палессе стала неад'емнай часткай не толькі жыцця, але і душы:
Ёсць Востраў у мяне. 3 нягод і скрух
Я да яго лячу, як да святыні:
Ён даў дыханне мне, і зрок, і імя.
I, разамкнуўшы небасхілу круг,
"Ідзі, – сказаў і вывеў на разлог, –
Перад табой адкрытая дарога.
Ідзі і зведай рух жыцця зямнога,
I мудрым стань, нібы мужычы бог..."
Сімвалічнай назвай роднага палескага краю ў творчасці М.Рудкоўскага сталі Сінія Брады. У іх цячэ казачная жывая вада, якая асвятляе вочы, робіць шчырым сэрца, не дазваляе рукам рабіць брудныя справы. Гэтая мясціна ў свядомасці паэта – своеасаблівы эталон маральнасці і хараства. Вось чаму
У хвіліну трудную,
у хвіліну шчасную,
бы кулік з навальнічнага выраю,
ты вяртаешся зноўку і зноўку сюды.
Сінія Брады,
родныя Брады,
як замова матулі ад напасці-бяды...
Каларыт роднага Брэсцка-Пінскага рэгіёна ў большай ці меншай ступені выявіўся ва ўсіх паэтычных кнігах Міхася Рудкоўскага, адбіўся ў многіх яго вершах, якія можна аб'яднаць у своеасаблівыя тэматычныя групы. Першую з іх складаюць творы, у якіх апяваецца экзатычная прырода Палесся, ад Пінскіх балот да цяністых белавежскіх бароў ("Лясная элегія", "Лось", "Паядынак аленяў", "Лясы маленства", "Зубр-адзінец", "Сустрэча ў лесе", "Летняя ідылія" і іншыя). У многіх з іх перадаецца не толькі рамантычнае ўспрыманне свету прыроды як храма хараства і духоўнага ачышчэння, але і гучыць трывога за яе сённяшні стан.
І ціша, і травы, і воды,
Альха, і сасна, і кусты…
Ты зачараваны прыродай,
Прыродай палонены ты.

…Усе яна раны залечыць
На целе тваім і душы…
А мы з ёй "змагаемся” начага…
…Калі ж гэта па-чалавечы
Навучымся з ёю мы жыць? –
задаецца пытаннем аўтар у вершы "Дума на беразе возера".

У асобную групу можна вылучыць вершы, так званыя прысвячэнні пэўным мясцінам нашага краю, з якімі было звязана жыццё паэта, ці якія нечым уразілі яго: "Над Начанкай-ракою...", "Нараўка", "Сінія Брады", "Давыд-Гарадок", "Гарынь", "Ганцавічы", "Брэсту", "Мой родны Востраў", "Песня пра вёску Крыніца" і іншыя. Так, у вершы "Ганцавічы" аўтар шчыра і з удзячнасцю прызнаўся, што было б з ім, каб не такі паэтычны край дзяцінства і ганцавіцкая літаратурная школа ў гады маладосці:
Ёсць ціхі гарадок над рэчкай Цною,
сярод лясоў палескіх і балот…
Не знаю, што ў жыцці было б са мною,
калі б яго на свеце не было.
Відаць, я б жыў, відаць бы, не загінуў,
пісаў бы вершы, сена ў копы клаў, –
ды толькі не такой была б Айчына
і песня б незакончанай была.
Адрасатамі многіх твораў Міхася Рудкоўскага сталі сваякі, суседзі, аднавяскоўцы ці проста знаёмыя з іх штодзённым жыццём, клопатамі і трывогамі ("Мой дзед быў сельскім кавалём", "Мая радаўніца", "Бабіна лета", "Ляснік”, "Мікола Засім чытае паэтычную пошту газеты "Заря" і інш.). Асаблівай цеплынёй напоўнены вершы, прысвечаныя бацьку і маці. Ва ўспамінах паэта яны найперш засталіся шчырымі працаўнікамі: "Бацька, Міхаіл Іванавіч, сёння паўстае перада мною жывым увасабленнем сялянскай працавітасці, сілы і здатнасці. Звычайна нетаропкі, як сам казаў, цяжкі на пад'ём, ён, калі ўваходзіў у смак работы, станавіўся зусім другім. Араць – дык араць, касіць – дык касіць, весяліцца – дык весяліцца! Сёння мяне здзіўляе тое, што бацька ўмеў рабіць амаль усё. Трэба ў гаспадарцы цабэрак ці бочка – зробіць цабэрак і бочку; трэба нож – зробіць нож; навастрыць нарог – навострыць нарог. Ён умеў пашыць для нас чаравікі ці боты. Нават воз і сані былі ў яго сваёй работы. На паклон да другіх хадзіць ён не любіў, ды ў гэтым не было патрэбы. Калі ж арганізаваўся калгас і пачаліся розныя няўладзіцы жыцця, амаль усе клопаты пра сям'ю ляглі на душу мацеры, Марыі Юльянаўны. Тут ужо, як пчала, шчыравала яна...". Вось чаму ў вершы "Апошняя дарога" Міхась Рудкоўскі падкрэслівае:
Сумны я: майго бацькі не стала –
Смерць ланцуг яго дзён абарвала,
Дзён, што пахлі і сонцам, і потам,
А дакладней – работай...
У вершы "Дома без маці" ад чыстага сэрца прызнаецца, што родная хата, калі б ні прыехаў, заўсёды сустракае гасцінна, толькі
Чамусьці бацькоўская хата без маці –
Што грудзі жывыя без сэрца.
У шэрагу сваіх вершаў паэт уваскрашае героіку мінуўшчыны, аднаўляе гісторыю роднага краю. Прыкладам такіх вершаў могуць служыць "Смерць Апанаса Філіповіча", "Берасцейская быліна". Напрыклад, у апошнім з названых твораў аўтар дае свой паэтычны варыянт легенды пра ўзнікненне Бярэсця:
На зялёным узгор 'і Прыбужжа,
ля пушчанскіх зялёных застаў,
Берасцея, высокі і дужы,
у зямлю першы камень паклаў.
— Каб злы дух абмінаў гэта месца,
каб не ведаў дарогі сюды!..
I тры ночы, тры дні пад Бярэсцем
медавухаю пахлі брады.
А пасля гаманілі сякеры
над вянцамі смалістай сасны...
На мяжы той Русі, што калісьці
Руссю Белаю нараклі,
горад рос; у вяках ветравейных
гнаў у грунт і ў шыркі карані,
і нёс мужна імя Берасце і
нат у самыя трудныя дні...
Праўда, у сваёй творчасці паэт часцей за ўсё звяртаецца да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Многія з яго вершаў гучаць як памяць пра яе ўдзельнікаў і ахвяр. Як слушна заўважыў Віктар Гардзей, "вершы пра мінулую вайну ў творчай спадчыне Міхася Рудкоўскага займаюць увогуле нямнога месца, і хоць сапраўдных удач і знаходак тут даволі шмат, але нават сярод іх моцным, сканцэнтраваным пачуццём усё ж вылучаецца "Балада пра маіх аднагодкаў". У ёй паэт апавядае пра трагедыю палескай вёскі Красніца, што стаяла непадалёку ад Выганаўскага возера. Сёння на яе месцы расце толькі сасоннік, – "гонкі, балючы сасоннік", бо сама Красніца стала адной з вогненных вёсак на нашай зямлі:
Фашысты аддалі вёску,
усю да апошняй хаты,
да апошняга чалавека – чуеш ты? –
да апошняга чалавека! –
аддалі агню і смерці.
Вось чаму тут "плакун-травы і сёння плачуць па маіх аднагодках страчаных, што не ў вёсках Ё у сэрцах жывуць".

Вершы "Была ў хлапчука свая казка", "Балада белых коней", "Каменні цытадэлі" прысвечаны Брэсцкай крэпасці і яе героям.

Было б, аднак, вялікай памылкай думаць, што лірыка Міхася Рудкоўскага абмежавана геаграфіяй Брэсцка-Пінскага Палесся, а фантазія паэта не выходзіць за межы гэтага рэгіёна. Пагартайце старонкі яго паэтычных кніг, і вы знойдзеце вершы пра хараство сонечнага Крыма, пра Байдарскі перавал і Ленінград, даведаецеся пра апошнія хвіліны Архімеда і пра далёкія планеты, што прыходзяць у снах адважным касманаўтам, прачытаеце "Пісьмо на зямлю каханай...". Што б ні было прадметам мастацкага асэнсавання Міхася Рудкоўскага, яго думкі пра чалавека, яго духоўны свет, пра сёння і заўтра, пра дабро і зло, пра красу і хараство, пра сутнасць чалавечага жыцця.

Тым не менш менавіта да роднага краю звяртаўся хворы паэт з просьбай адпусціць яму яшчэ хоць крышачку творчых дзён.
Востраў

Што дружа мой, і ты ўспомніў востраў,
Сяло па-над Начанкай прыгадаў,
Адкуль паляцелі ў даросласць,
Як птушаняты з цёплага гнязда?

Мы дзверы інстытутаў адчынялі,
А ён паціху жыў – касіў, араў.
Усё радзей яго мы ўспаміналі,
А ён ніколі нас не забываў.

І слаў лісты нам, слаў кавалкі сала,
Што браў на дне прасоленых кублоў.
Знімаў кажух з плячэй сваіх,бывала,
Калі каму з нас холадна было.

Таму цяпер, саскочыўшы з машыны,
мужчыны, што пабачылі ўсяго,
нібы зайцы ад пуху канюшыны,
п'янеем мы ў ваколіцах яго...
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (11.04.2011) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 4602 | Тэгі: Міхась Рудкоўскі, Літаратурная Ганцаўшчына, Галіна Снітко | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.