Пятніца, 19.04.2024, 13:02

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Канстанцін Мохар

І кліча памяць сэрца…
Кожны год, 12 жніўня, у Ганцавічы прыязджае высокі, убелены сівізной пажылы чалавек. Яго хударлявую, крыху сагнёную цяжарам пражытых гадоў постаць у гэты дзень можна ўбачыць на Кастрычніцкай плошчы, ля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам, і на гарадскіх могілках, дзе ўстаноўлена надмагільная пліта ў памяць расстраляных у Ганцавічах фашысцкімі пачварамі мірных жыхароў, у пераважнай большасці яўрэйскай нацыянальнасці.

Абапіраючыся на кіёчак, Андрэй Фёдаравіч (Ізраіл Файвелавіч) Шостак (а гэта менавіта ён) схіляе сваю сівую галаву над святымі для ўсіх нас, і для яго асабіста, месцамі.

Чаму ж менавіта 12 жніўня наведвае ветеран наш горад і сваю малую радзіму? Адказ на гэтае пытанне знайсці не складана: у гэты дзень 1941 года ў Ганцавічах разыгралася страшная трагедыя — гітлераўскія вырадкі па-зверску расстралялі ў мястэчку больш 6000 яго жыхароў і вязняў яўрэйскага гета. Сярод забітых — родныя, блізкія, сябры і проста добрыя знаёмыя Андрэя Фёдаравіча.

З таго часу мінула шмат гадоў. Але памяць сэрца, боль па блізкіх трывожаць душу І непакояць сэрца, клічуць ветэрана да родных мясцін.

Цікавы лес і самога Андрэя Фёдаравіча Шостака.



Андэй Фёдаравіч Шостак (злева)
і Сцяпан Львовіч Разумец

Чатырнаццацігадовым хлапчуком з глухога палескага мястэчка Ганцавічы прыехаў Андрэй у сталіцу, каб паступіць у вучылішча фабрычна-заводскага навучання. Але марам не суджана было збыцца: пачалася вайна — вераломная, жорсткая, кровапралітная. Пасля бамбардзіроўкі фашысцкімі самалётамі Мінска, дарога дамоў Андрэю была адрэзана і ён пайшоў з горада на ўсход, на Маладзечна. Хлапчуку пашчасціла: неўзабаве ён сустрэўся з камандзірам 30-га стралковага палка 64-й стралковай дывізіі, што абараняла Мінск, палкоўнікам А.I. Яфрэмавым. На просьбы яўрэйскага хлапчука залічыць яго ў байцы строгі палкоўнік адказаў катэгарычна: "Не!". I тут у штабную палатку прывялі дваіх палонных нямецкіх лётчыкаў. Вось дзе спатрэбілася неблагое веданне Андрэем нямецкай мовы! Пасля допыту гітлераўскіх ваяк, суровы камандзір злітасцівіўся над хлопцам і загадаў залічыць яго ў сваю часць чырвонаармейцам — на правах сына палка.

А неўзабаве Андрэю разам з іншымі чырвонаармейцамі 30-га палка каля вёскі Казекава давялося адбіваць атаку гітлераўскіх танкаў, што рваліся да беларускай сталіцы. Кінутая юным байцом бутэлька з бензінам, падпаліла адзін танк. Ад супрацьтанкавых гранат чырвонаармейцаў застылі ў полі яшчэ сем варожых машын. Але сілы былі няроўныя. Немцы прарвалі нашу абарону і полк аказаўся ў акружэнні. Пры выхадзе з вогненнага кальца Андрэй Шостак быў паранены і кантужаны, і яго накіравалі на лячэнне ў Махачкалінскі ваенны шпіталь. А 11 верасня 1941 года ў раёне саўгаса "Няелава" на Смаленшчыне ў няроўным баі з гітлераўцамі загінуў і апякун юнага байца палкоўнік Аляксандр Іванавіч Яфрэмаў...

Дамоў, у Ганцавічы, Андрэй Фёдаравіч вярнуўся ў 1945 годзе і ў складзе знішчальнага батальёна НКУС змагаўся з бандытамі на тэрыторыі Ганцавіцкага, Лунінецкага, Целяханскага і Лагішынскага раёнаў Пінскай вобласці. I тут ён, як і ў гады вайны, не пасаваў перад ворагам. Аб гэтым сведчыць характарыстыка чэкіста, аднаго з кіраўнікоў Пінскага НКУС А.I. Прышчэпава: "Як баец актыўна ўдзельнічаў у баявых аперацыях па ліквідацыі і затрыманню ўдзельнікаў бандфарміраванняў... Праяўляў асабістую ініцыятыву і знаходлівасць пры правядзенні баявых аперацый. Неаднаразова ўдзельнічаў у засадах, праследаванні бандытаў, перастрэлках...".

Пасля заканчэння баявых дзеянняў А. Ф. Шостак працаваў у Ганцавічах начальнікам раённага аддзела кінафікацыі, старшынёй арцелі інвалідаў "Чырвоны гвардзеец", з 1959 па 1969 год быў адным з першых дырэктараў гародніна-сушыльнага завода, з 1969 і да выхаду на пенсію з'яўляўся намеснікам начальніка ўпраўлення "Мінгарплодагародніна" ў Мінску. Пражыў чалавек багатае, шчодрае на падзеі жыццё, у якім было месца і пакутам, і подзвігам, і радасці.

Цяпер ветэран вайны і працы жыве ў Мінску. Але памяць сэрца, зямля, на якой ён нарадзіўся і вырас, за шчасце якой і яе людзей змагаўся ў грознае ліхалецце, клічуць яго. I гэты покліч вечны — пакуль глядзяць вочы, пакуль б'ецца сэрца.
Катэгорыя: Канстанцін Мохар | Дабавіў: admin (18.12.2009) | Аўтар: Канстанцін МОХАР - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2745 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Канстанцін Мохар | Рэйтынг: 1.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.