Пятніца, 29.03.2024, 16:35

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Літаратурнае падарожжа: за Коласам – у глуш і глыб Палесся
Сёлета спаўняецца 127 гадоў з дня нараджэння класіка нашай нацыянальнай літаратуры - Якуба Коласа. Прапаную ўзгадаць знакамітую трылогію Якуба Коласа "На ростанях", якую многія вывучалі яшчэ ў школе, і зрабіць своеасаблівае падарожжа па мясцінах, што апісваюцца на старонках першых дзвюх яе аповесцей. Тым больш, што трылогія, як вядома, аўтабіяграфічная. Правобразам Лабановіча з'яўляецца сам аўтар, які пасля сканчэння ў 1902 годзе Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у Люсінскім народным вучылішчы, потым у вёсцы Пінкавічы.

Цельшынскімі шляхамі 

Пра вёску Люсіна, што ў Ганцавіцкім раёне, сёння ніяк не скажаш: глуш Палесся. Ад Баранавіч на цягніку да яе дабірацца крыху больш за гадзіну, а ад Ганцавіч - некалькі хвілін. І ўсё ж вёска захоўвае свае традыцыі, не страціла адметнасць. Пра гэта яскрава сведчыць, напрыклад, гаворка мясцовых жыхароў. Слова "Якуб" яны вымаўляюць з націскам на "Я".


Памятны знак на месцы, дзе размяшчалася школа
ў якой працаваў Якуб Колас у вёсцы Люсіна


Тым, хто ўпершыню прыехаў у Люсіна (у трылогіі Цельшына), варта спачатку пабываць на месцы, дзе знаходзілася народнае вучылішча, у якім настаўнічаў Колас. І хоць сам будынак не захаваўся, пазнаць месца вельмі лёгка. Там створаны невялікі своеасаблівы комплекс. Пафарбаваныя бярвенні складзены на зямлі ў форме зруба будынка народнага вучылішча. У цэнтры - вялікі памятны камень. Побач стаяць драўляныя скульптуры з выявамі людзей, а так-сама словамі з твораў пісьменніка. Непадалёк маладзенькія дрэўцы. Гледзячы на іх, узгадваеш радкі трылогіі, у якіх расказваецца, як Лабановіч хадзіў са сваімі вучнямі ў лес выкопваць дрэўцы, каб потым пасадзіць іх каля школы. Гэты эпізод не выдуманы. Захаваўся ліст, напісаны Канстанцінам Міцкевічам: "Дарагія мае люсінцы, як там растуць нашы дрэўцы, якія мы саджалі з вучнямі?" 

А яшчэ ў Люсіна неабходна наведаць музей, што дзейнічае ў школе. Яго вялікі пакой падзелены на дзве палавіны. Адна прысвечана творчасці пісьменніка, гадам працы ў вёсцы. Асабліва цікава паглядзець здымкі, на якіх вучні Коласа, пачытаць іх успаміны пра настаўніка. Другая палавіна расказвае пра этнаграфічныя асаблівасці вёскі. Тут знаходзяцца кросны, вышываныя ручнікі, розныя гаспадарчыя прылады. За больш чым 20-гадовую гісторыю музея яго наведалі сотні людзей. Акрамя беларусаў, тут пабывалі госці з многіх краін свету, нават з Германіі, Амерыкі. Шкада, што не давялося сустрэцца з загадчыкам музея. Але гэта не засмуціла. Прафесійна складзеная экспазіцыя была добрым экскурсаводам. 

У пошуках Яшуковай гары 

Вядома, што Якуба Коласа ніколі не пакідала цікавасць да вуснай народнай творчасці. Таму і падчас працы ў Люсіна ён запісваў ад вяскоўцаў казкі, легенды і паданні. Найбольш вядомая легенда, якая апісваецца і ў трылогіі, пра Яшукову гару. На старонках аповесці "У глыбі Палесся" нам яе распавядае дзядзька Раман, калі вязе Лабановіча на станцыю. "Быў тут калісь маёнтак, і гэты лес, і балоты гэтыя належалі да яго. А ў маёнтку жылі паны… Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды такі ўжо вырадак і гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога… Людзі цярпелі… Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека... Так і прапаў на адным паляванні. Скончылася паляванне, збор трубіць пачалі, пазбіраліся паны, а пана Яшука няма і няма… І толькі на трэці дзень знайшлі пана. Вісеў пан Яшук паміж дзвюх тоўстых асін… Тут і пахавалі яго і курган над ім насыпалі". 

Гэтая легенда не можа пакінуць абыякавым. Я вырашыў, што абавязкова трэба пабачыць Яшукову гару, тым больш яна не выдуманая і знаходзіцца, са слоў палешукоў, "кілометры за два ў лесе" за вёскай. Арыенцірам павінны быць дубы, якія цэлай чарадой растуць там. Што ж - наперад! Цікава пабачыць тое месца, з якім раней (сёння люсінцы нічога не ведаюць пра тую легенду) людзі звязвалі самыя розныя незвычайныя і жахлівыя гісторыі. 

У лесе каля Люсіна расце вельмі багата дубоў, ды і мясцовасць узгоркавая. Улічваючы, што з часоў Коласа прайшло цэлае стагоддзе, мне, як не мясцоваму чалавеку, любы пагорак падаваўся Яшуковай гарой. Праз пэўны час я зразумеў, што проста заблукаў. Ведаў толькі, у якім баку знаходзіцца вёска. Добра, што па- 

шчасціла сустрэць чалавека, які падрабязна распавёў, дзе знаходзіцца гара. Аказваецца, да яе на самой справе яшчэ каля трох кіламетраў і столькі ж - у адваротным кірунку да Люсіна (варта было спачатку здагадацца, што для вяскоўцаў, якія добра ведаюць гэты лес, два кіламетры - гэта як мінімум чатыры!). Пасля шматгадзіннага безвыніковага блукання, калі ўжо дакладна вядома мэта пошукаў, тры кіламетры - гэта не адлегласць… 

Яшукова гара зусім не нагадвала ўзгорак. Сапраўдны курган, які, паводле легенды, насыпалі людзі. Першыя думкі былі пра тое, што тут паселішча першабытных людзей, але пазней у Ганцавіцкім краязнаўчым музеі даведаўся, што не. Тады што ж гэта за гара? Можа, і сапраўды, тут пахаваны пан Яшук?! 

Новае месца - новыя ўражанні 

"Аказалася, што яго новае месца ў пяці вярстах ад Пінска…" Так Колас гаворыць пра вёску Пінкавічы (у трылогіі Выганы), якая сёння цалкам злучылася з Пінскам і стала яго прыгарадам. З горада сюды лёгка дабрацца і на аўтобусе, і на "маршрутцы". Лабановічу ж, калі ён упершыню прыехаў у Пінск, даводзілася наймаць возніка, каб трапіць спачатку на Каралінскі рынак, дзе ён хацеў знайсці выганаўскіх сялян. Цікава прачытаць апісанне палешукоў, якіх пабачыў малады настаўнік. "Сям-там пападаліся тыповыя постаці палешукоў і паляшучак, надзвычай паважных і нават гордых, бо яны так зняважліва паглядалі на ўсё, што не было палешуком…" Пісьменнік успамінаў пасля, што, калі ён сам упершыню пабачыў у Пінску палешукоў, яму было няёмка і нават страшнавата падыходзіць да іх - так паважна яны сябе паводзілі. 

Захоўваюць памяць пра песняра 

У адрозненне ад Люсіна, у Пінкавічах захаваўся будынак народнага вучылішча. Праўда, не першапачатковы драўляны - таго ўжо даўно няма, - а адносна новы, пабудаваны з цэглы. Ён мае такі ж знешні выгляд, як і той, у якім настаўнічаў Колас. Знайсці яго няцяжка: на галоўнай вясковай вуліцы стаіць указальнік. 

Калі вам давядзецца бываць у Пінску, не пашкадуйце часу - наведайце літаратурна-краязнаўчы музей у вёсцы Пінкавічы. Вялізныя бярозы, пасаджаныя каля музея, прыветна сустрэнуць пошумам сваёй лістоты, падораць лірычны настрой. А экскурсія па музею пакіне незабыўнае ўражанне. 

- Стварэнне музея было б немагчыма без намаганняў, адданасці такой пачэснай справе Івана Іосіфавіча Калошы, настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Спачатку музей размяшчаўся ў невялікім школьным пакойчыку. Афіцыйна ж, ужо ў новым будынку, быў адкрыты 11 лістапада 1990 года, - расказвае яго загадчык Ніна Рыгораўна Палавец. - У тым урачыстым свяце прымала ўдзел шмат ганаровых гасцей, навукоўцаў, літаратараў. Гучала шмат прыемных і шчырых слоў. А наш знакаміты мастак Уладзімір Васільевіч Кароль падараваў музею карціну з пінкавіцкімі краявідамі, а таксама прыгожую чаканку з выявай Канстанціна Міцкевіча і аркуша паперы, на якім замест подпісу пісьменніка - жытнёвы колас. 

Пасля Ніна Рыгораўна правяла экскурсію па залах музея. Свой цікавы аповед яна пачала ў зале этнаграфіі з прадмета жаночага адзення - андарака. Калісьці ён быў своеасаблівым пашпартам жанчыны, паказваў не толькі на тое, з якога яна рэгіёну, а нават з якой вёскі. Пінкавіцкія жанчыны насілі белы андарак з некалькімі чырвонымі палосамі. Захоўваецца ў зале і прыгожая блузачка, якую "хрэшчычкам" вышываў… мужчына-паляк, прычым не горш за любую жанчыну. Шмат у музеі і самых розных гаспадарчых прылад, прадметаў побыту. Тут і калаўрот, кросны, ганчарныя і бандарныя вырабы. Напрыклад, барыла - спецыяльная драўляная фляга. Вада ў ёй заставалася халоднай нават у спёку. Ёсць і шчотка. Ёй падбівалі чарот, якім крылі хаты. А яшчэ ёсць кораб, плецены з рагозу. У такія раней складвалі яйкі. Аказваецца, гэты кораб Ніна Рыгораўна падабрала на набярэжнай у Пінску, дзе ён проста валяўся, нікому не патрэбны. 

Астатнія залы музея расказваюць пра творчае сталенне Якуба Коласа, пра яго працу ў Пінкавічах. Тут і буквар, і падручнікі тых часоў, і ўспаміны вучняў, і здымак старожкі цёткі Ганны, і копія петыцыі сялян вёскі Пінкавічы пану Скірмунту. За яе напісанне Лабановіч, як і сам пісьменнік, быў арыштаваны. Колас пазней успамінаў, што менавіта ў Пінкавічах ён пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай і ўжо "быў заўзятым ворагам самадзяржаўя і ў гэтым напрамку вёў работу". За настаўнікам пачаўся пільны паліцэйскі нагляд. Ролю даносчыка выконваў дзяк Хацяноўскі (правобраз дзяка Бацяноўскага). 

"Палеская" частка трылогіі заканчваецца тым, як "арыштаваных сялян і настаўніка вядуць выганам, а потым паварочваюць налева, на дарогу ў Пінск". 

Больш за стагоддзе мінула, як Канстанцін Міцкевіч пачаў працаваць настаўнікам на Палессі. З таго часу шмат чаго змянілася… Няма з намі пісьменніка, памерлі і яго вучні. Нават тыя, калісьці багатыя рыбай затокі, з-за якіх судзіліся сяляне вёскі Пінкавічы з панам Скірмунтам, даўно абмялелі, зараслі травою. Ды і сама рака Піна, як расказалі палешукі, ужо не такая паўнаводная і рыбная. За доўгім часам шмат што знікае, забываецца, як, напрыклад, легенда пра Яшукову гару. І ўсё ж памяць пра працу маладога настаўніка, будучага класіка нашай літаратуры, ушаноўваецца і беражліва захоўваецца, дзякуючы ў першую чаргу музеям у вёсках Люсіна і Пінкавічы. 

Таму, думаю, не пашкадуе той, хто вырашыць адправіцца ў падарожжа за Коласам - на Палессе.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (02.11.2009) | Аўтар: Автор: Ігар ГРЭЧКА - 7 дней W
Праглядаў: 4106 | Тэгі: газета 7 дней, Люсіна, Пінкавічы, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.