Пятніца, 26.04.2024, 04:03

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Марыя Шчаўкун

"Хоць не былі мы на вайне…"
Дзень за днём, месяц за месяцам — і, нібы вёрсты, імчаць гады. На парозе ўжо 2009-ы, у якім Беларусь урачыста адзначыць 65-ю гадавіну з дня вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў. Нялёгкім быў шлях нашага народа да Перамогі. Ён пазначаны журботнымі абеліскамі загінуўшым землякам, слядамі-шрамамі на целе тых, хто выжыў...

Час няўмоўльны. На жаль, радзее строй ветэранаў Вялікай Айчыннай. Але жыве памяць — трывожная, чуйная, святая. I застаецца гісторыя. Яна — ва ўспамінах жывых сведкаў мінулай вайны. Сёння мы адкрываем новую рубрыку — да дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы будзем друкаваць успаміны ветэранаў, тых, хто быў сведкам вайны, расказваць пра баявы і слаўны шлях да Перамогі, каб засталася нашчадкам памяць пра мінулае, бо, па словах мудрых, "той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на тое, каб перажыць яго зноў".

null
Вера Адамаўна Кандратовіч

Жыхарка вёскі Любашава Вера Адамаўна Кандратовіч памятае. "Не дай Бог вайны, не дай Бог", — усхвалявана паўтарае яна, і ў яе чыстых, даверлівых вачах успыхваюць трывожныя сполахі.

Вера Адамаўна была зусім маладзенькай, калі пачалася вайна. Немцы прыйшлі ў яе родную вёску, і ў мерным жыцці Верынай матулі і яе траіх дзяцей, сваякоў, землякоў спалоханай птушкай забілася трывога. Не яны ўжо былі гаспадарамі сваіх хат: чужынцы ўладарна займалі пакоі, выцясняючы да самых парогаў дзя¬цей, жанчын. "Асабліва неспакойна было, — згадвае Вера Адамаўна, — калі фашысты адчулі набліжэнне свайго паражэння. Лютавалі ў 44-ым, не хацелася ім адступаць. А фронт праходзіў ужо недалёка ад нашай мясцовасці. Мы цэлымі сем'ямі некалькі тыдняў хаваліся на балоце. І кароўку-карміцельку з сабой вадзілі, яна і ратавала нашу сям’ю ад голаду. Ад камароў ратунку не знаходзілі, дзетак малых яны вельмі даймалі".

7 ліпеня немцы, адступаючы, запалілі школу, сталі гарэць дамы вяскоўцаў. Вера Адамаўна згадвае: "Уратаваць жыллё ад агню не маглі. Мой брат спрабаваў выцягнуць аконныя рамы, каб было чым зашкліць акенцы ў часовым прытулку — зямлянцы". Немцы ж назаўсёды пакідалі вёску.

Але радасць вызвалення роднай старонкі мела горкае адценне трывогі: менавіта ў 44-ым пачалася мабілізацыя на фронт. Адпраўлялі маладых, у самым росквіце сіл мужчын з Заходняй Беларусі, у тым ліку і з Любашава.

Першы набор праводзіўся ў ліпені, успамінае Вера Адамаўна. Зборны пункт знаходзіўся ў іх вёсцы і ў Ганцавічах у педвучылішчы (цяперашняя школа-інтэрнат). Якраз выпала нядзелька — сонечны прыгожы дзянёк у зеніце лета. Сорак вагонаў стаяла на пуцях, а ўсю тэрыторыю, прыкладна там, дзе цяпер склады райпо ў райцэнтры, запаўнялі людзі. На фронт праводзілі з пякучымі, горкімі слязамі — хто мужа, хто бацьку, хто братоў, а хто і тых, і другіх. Пражыўшы пад акупацыяй, ведалі, на якія зверствы здольныя захопнікі, асабліва ў час адступлення. Вера выпраўляла сваіх двух братоў — Аляксандра і Міхаіла, дзядзьку Юльяна, развітвалася з землякамі. А сярод іх быў і яе каханы — статны хлопец Мікалай.

Пакуль фарміраваўся састаў, жанчыны, не адчуваючы стомы, насілі вёдрамі ў вагоны ваду, злівалі яе ў жалезныя бочкі, каб было чым праганяць іх блізкім і летнюю смагу, і горыч разлукі.

Праз год на гэтым месцы прыгожая, спрытная Вера зноў сустракала ваенны эшалон. Але цяпер на людскіх тварах было больш светлых слёз, чым горкіх. 3 вагонаў выходзілі салдаты, і ў гэтым шматлюдным рознагалосым натоўпе разгубленая, усхваляваная дзяўчына шукала вачыма сваіх. Першымі ўбачылі Веру яе браты: яны разам адпраўляліся на фронт, разам даў ім Бог і вярнуцца. У Мішы, праўда, застаўся знак ад вайны — раненне. Ды не ўсе Верыны землякі прычакалі блізкіх. Колькі іх — прыгожых, працавітых, з добрымі марамі і надзеямі — скасіла вайна!

Верын каханы вярнуўся дамоў толькі праз год пасля Перамогі: цяжка паранены, ён доўга лячыўся ў шпіталях. Яго родны брат Аляксандр загінуў.

Кожную вестачку пра аднавяскоўцаў В. А. Кандратовіч прапусціла праз сваё сэрца. Граматную на той час, не па гадах мудрую дзяўчыну якраз у 44-ым годзе, калі адступілі немцы, узялі на работу ў сельскі Савет. Пайменна ведала яна, хто пайшоў на фронт, потым з радасцю сус¬тракала і ставіла на ўлік тых, хто вяртаўся з яго дамоў. А яшчэ ведала пра пачуцці-трывогі амаль кожнага з іх і іх блізкіх з пісьмаў на фронт і з фронту: не ўсе жанчыны ў той час былі граматнымі. Бывала, прыходзяць пісьмы-трохкутнікі — бягуць усхваляваныя жанчыны да Веры: "Прачытай хуценька. Што там, ці хоць жывы?". "Прабягаю вачыма першы радок, — вядзе нітачку-ўспамін Вера Адамаўна, — і пякучы камяк у горле пакрысе знікае. Жывы, жывы твой гаспадарык, кажу. Суцяшала, і на сэрцы так светла станавілася. Не дай Бог горкую вестку каму несці".

Вера і Мікалай Кандратовічы пажаніліся ў 1947 годзе. Дваіх сыноў выгадавалі, прыгожы дом паставілі на ўзгорачку. Вера Адамаўна працавала і ў сельскім Савеце, і ў арцелі "Сцяг працы", а затым 20 гадоў — у райпо. У гэтай арганізацыі памятаюць В. А. Кандратовіч, шануюць: у пульхным сямейным альбоме Кандратовічаў шмат памятных фотаздымкаў, грамат, віншавальных паштовак, якія дасылалі ёй да свят і ў дні нараджэння з райпо. У светлай хаце Веры Адамаўны гадамі ўсталяваны парадак, чысціня, утульнасць. Нягледзячы на ўзрост — ёй у мінулым месяцы споўніўся 81 год, на хваробу, якая прыгнула некалі статную постаць жанчыны, Вера Адамаўна не цураецца работы, трымае пакуль свінчо. Сын Толя дапамагае матулі па гаспадарцы. Вось толькіі шкада, што пацішэла ў хаце — амаль дзесяць гадоў, як не стала мужа Веры Адамаўны, інваліда Вялікай Айчыннай вайны. Цяжкае раненне заўчасна падкасіла яго, дзевятнаццаць гадоў ён моцна хварэў. Толькі ёй, вернай, мудрай жонцы ды яе сынам ведаць, як няпроста было. Але яна не схілялася перад цяжкасцямі, захавала дабрату, і чалавечнасць, жыве па Божых запаведзях, умее цаніць і цэніць кожную хвіліну жыцця, дадзеную ёй Богам, і, як і ўсе, хто перажыў вайну, добра ведае цану мірным дням, і хлебу на стале, спакою ў хаце. Жанчына шчыра прызнаецца: "Паслухаю навіны — і душа шчыміць. Кладуся спаць з удзячнасцю: лепшай краіны, чым наша, — няма. Не лянуйся працаваць, шануй здароўе, жыві прыстойна — што больш трэба?".

...Пакідаю гасцінную хату В. А. Кандратовіч, а яе словы "не дай Бог вайны" пераклікаюцца з вершаванымі радкамі, што захоўвае мая памяць: "Хоць не былі мы на вайне, яна прайшла праз нашы сэрцы...". Прайшла яна і праз сэрца В. А. Кандратовіч.
Катэгорыя: Марыя Шчаўкун | Дабавіў: admin (03.04.2009) | Аўтар: Марыя ШЧАЎКУН - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3262 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Мария Щелкун | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.