Чацвер, 28.03.2024, 14:52

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Марыя Шчаўкун

“Мір шануйце на зямлі”
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Марцінавіч Качан жыве ў нашым райцэнтры не так даўно. З вёскі Востраў Капыльскага раёна, дзе нарадзіўся, жыў, выгадаваў разам з жонкай Таццянай траіх дзяцей, яго забрала да сябе ў Ганцавічы дачка.

null
Іван Марцінавіч Качан

Нязвыкла вясковаму чалавеку змалку прывучанаму да паўсядзённай працы на зямлі-карміцельцы, сядзець у гарадской кватэры без справы. "Рух — гэта здароўе і жыццё, — пераканаўча сцвярджае I.М. Качан. — Чалавек датуль цвёрда трымаецца на нагах, пакуль рухаецца". Гэта вывераны часам рэцэпт даўгалецця Івана Марцінавіча, якому сёлетняй вясной споўнілася дзевяноста гадоў. Але выглядае ён значна маладзей свайго ўзросту: здаровы румянец на твары, жвавая хада, дапытлівая цікаўнасць да візіту нечаканай госці з раённай газеты, якую па-джэнтэльменску пасадзіў за стол. Толькі памкнулася запярэчыць, што самы час адпачыць, як Іван Марцінавіч апярэдзіў: "У Востраве б ужо з лапатай хадзіў па агароду. Сумна без работы жыць".

Колькі ж ён перарабіў яе за сваё жыццё! I прафесія ў яго была спачатку самая зямная і мірная: пачынаў I.М. Качан свой працоўны шлях паляводам. Затым настаў час ісці ў армію. Служыў у Магілёве, потым у Арле. Тут і застала маладога салдата вайна. Дывізію, у якой ён служыў, накіравалі пад Смаленск, дзе прыняў першае баявое хрышчэнне. Вораг, які вераломна напаў на нашу краіну, нахрапіста рваўся да Масквы. Баі пад Смаленскам былі кровапралітныя, гарады Вязьма, Ельня і іншыя па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Сілы былі няроўнымі, нашым войскам, як гэта не было крыўдна і балюча, даводзілася адступаць. Чаго граху таіць, згадвае той час Іван Марцінавіч, было ў душы пачуццё разгубленасці і горычы: нашы палі, на якіх бы жыту каласіцца, ворагі ператваралі ў суцэльныя варонкі, руйнавалі гарады, сёлы. Але на змену гэтаму пачуццю прыйшлі рашучасць, самаахвярная адвага.

Амаль усю вайну I.М. Качан прайшоў разведчыкам. Пад шквалістым агнём здабываў патрэбныя звесткі пра ворага, браў "языкоў". З асаблівай смеласцю выконваў любое заданне камандзіраў, бо хацелася як мага хутчэй загнаць ворага ў яго ж логава, вярнуцца ў сваю вёску і працаваць на роднай зямлі. Пасля перамогі нашых войскаў у Курскай бітве дывізія, у якой быў Іван Марцінавіч, разам з іншымі пайшла ў наступленне. Менавіта ў 1943 годзе атрымаў I.М. Качан за смеласць і адвагу тры свае ўзнагароды: у лютым — ордэн Чырвонай Зоркі, у жніўні — два медалі "За баявыя заслугі".

Скупа расказвае былы разведчык пра тыя гарачыя баі. Не хочацца згадваць яму іх крывавыя малюнкі. Ды і ці варта трывожыць загоеную часам, супакоеную 65-ю мірнымі гадамі душу дзевяностагадовага чалавека? Таму пераводжу тэму на мірнае пасляваеннае жыццё. Іван Марцінавіч, праўда, згадвае, што радасную вестку аб Перамозе ён сустрэў у Празе, затым была служба ў Аўстрыі. У бацькоўскую хату салдат вярнуўся ў пачатку верасня 1946 года. Яго ж брат Міхаіл, які прызываўся ў армію раней за яго і служыў у Карагандзе, загінуў пад Сталінградам."Чалавек трыццаць маіх землякоў не вярнуліся з вайны дамоў, — расказвае ветэран і пачынае пералічваць іх, у думках ідучы па вуліцах сваей вёскі. — У Гіля двое сыноў загінулі, у Бабенкі — двое, столькі ж у Галочыка...".

Разам лічым горкія ахвяры. Гэта ж на колькі сем'яў большай была б вёска! Можа, не такой пустой выглядала б яна зараз...

Будучае сучаснага сяла хвалюе I.М. Качана. "Няўжо моладзь працы вясковай так баіцца, што пакідае бацькоўскія хаты?"— разважае Іван Марцінавіч. Затым, адганяючы настальгічныя ноткі ў голасе, дзеліцца прыемнымі ўражаннямі: яго, ветэрана Вялікай Айчыннай, не забываюць на Капыльшчыне, ветліва прынялі і тут, на Ганцаўшчыне. Вучні сярэдняй школы № 2 г. Ганцавічы раз-пораз забягаюць да ветэрана, прапануюць дапамогу. "Дзякую ім за клопат, але якая ў мяне тут работа? Пагавару з імі, удзячны, вядома ж, што не забываюць, — расказвае Іван Марцінавіч і дадае: — Хай растуць здаровыя, шануюць мір на зямлі і ніколі не зведаюць, што такое вайна. Бо яна — самае страшнае кашчунства над чалавекам і над зямлёй. З астатнімі праблемамі можна спраўляцца".
Катэгорыя: Марыя Шчаўкун | Дабавіў: admin (28.05.2009) | Аўтар: Марыя ДЗЁМІНА - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2876 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Мария Дёмина | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.