Чацвер, 28.03.2024, 12:51

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Марыя Шчаўкун

Радзіма – як песня, як казка…
На працягу трох дзён у нашым раёне працавала здымачная група Першага нацыянальнага тэлеканала: да выхаду ў эфір рыхтуецца чарговы фільм з цыкла "Зямля беларуская" — аднаго з цікавейшых праектаў, ініцыятарам якога выступіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Леанід Зімоўскі.

Работа над праектам пачалася летам мінулага года. І аўтар, і яго аднадумцы-паплечнікі ўвасабляюць у жыццё высакародную ідэю: ахапіць цыклам фільмаў, кожны працягласцю ў 13 мінут, усе рэгіёны Беларусі, паказаць найцікавейшыя мясціны нашай краіны — ды так, каб не толькі замежных гледачоў зачараваць, але і самім здзівіцца яе прыгажосці.

А што ім гэта ўдаецца, сведчаць і цікаўнасць тэлегледачоў да цыкла "Зямля беларуская", і Гран-пры — высокая ўзнагарода, якой адзначаны праект сёлета, у Год роднай зямлі, у конкурсе "Тэлевяршыня".

Ганцавіцкі раён — сёмы па ліку на Брэстчыне, дзе вяліся здымкі фільмаў гэтага праекта. Тэлегледачы ўжо змаглі ўбачыць і адчуць адметнасць пяці з іх — Камянецкага, Брэсцкага, Кобрынскага, Пінскага, Столінскага. Аб дакладнай даце паказу фільма пра Ганцаўшчыну яе жыхарам журналісты здымачнай групы Першага нацыянальнага тэлеканала паабяцалі загадзя паведаміць праз раённую газету "Савецкае Палессе". На заключны этап работы над кінастужкай, вядома ж, спатрэбіцца пэўны час. Будзем чакаць...

А мне ўжо ў аўторак, на другі дзень знаходжання сталічных тэлевізіёншчыкаў у раёне, пашчасціла паназіраць за іх работай у час здымак, паглядзець, якія ж мясціны яшчэ за тыдзень да гэтага, у час пробнай паездкі ў наш раён, выхапіла назіральнае вока маладога рэжысёра Юліі Ганчар, прасачыць, як творча працуе ў дуэце з ёй аператар Дзяніс Сакалоўскі, іх калегі, як яны гэтак жа смела адольваюць багністую дрыгву з маімі землякамі. Тыя хоць і імправізавалі людзей на балоце, але былі імі спакон веку: бо многімі з іх яшчэ да гэтай падзеі ў нашым раёне пройдзена не адна вярста бяскрайніх балот, бо захавалі куфэркі сваіх бабуль, бо дасталі з іх зберажоныя рукатворныя скарбы. У гэты дзень яны апранулі вытканыя кашулі, прыпнулі палатняныя фартухі, завязалі вышытыя хусткі, павесілі на паясках торбачкі, узялі плеценыя каробкі і… акунуліся ў этнаграфічнае мінулае сваіх продкаў, роднай Ганцаўшчыны.

Разам з дарослымі ў здымках фільма прымалі ўдзел і дзеці: Аліна Стральцова з райцэнтра і Вераніка Наумік з Хатыніч. Апранутыя ў традыцыйнае паляшуцкае адзенне, яны разам з мамамі смела адправіліся ў "дрыгвяную" экспедыцыю. Нішто не спалохала і не спыніла дзяўчынак: спадчына продкаў — у надзейных руках! Менавіта гэта прыкмеціў і адзначыў у час работы здымачнай групы на Ганцаўшчыне карэспандэнт АТН, член здымачнай групы Яўген Пуставой. А ў панядзелак пад пільным кіраўніцтвам рэжысёра, нястомнай Юліі Ганчар, усе разам адольвалі перашкоды — дзеля, магчыма, усяго толькі мінутнага сюжэта з гэтых балоцістых мясцін, але каб зачараваць тэлегледача, ды каб і самі мы па-іншаму зірнулі на сябе, на тую, як сказаў у гаворцы са мной больш свабодны на той момант Яўген Пуставой, некранутую прыгажосць палескага куточка.

Здавалася б, ну чым можа здзівіць мяне ці маіх землякоў — дзяцей палескіх балот і лясоў — прырода тутэйшых мясцін (здымкі вяліся далёка за вёскай Сукач, ва ўладан-нях Боркаўскага лясніцтва)? Аднак і здзівілі, і ўразілі! У дзіцячыя і юнацкія гады мы, паляшуцкія нашчадкі, ідучы на далёкія балацяныя пакосы, спяшаліся кожны за сваім бацькам, стараліся патрапіць у яго след, каб хаця не збочыць у гіблую дрыгву, якая, здаецца, толькі і чакала, каб усмактаць па самую шыю кожнага, хто незнарок аступіцца. Спяшаліся і бачылі толькі татаву спіну ды яго імгненна зацягваемыя мутнай цінай сляды. Няслі з балот важкую ношку журавін (трапкач глыбока ўпіваўся ў дзявочыя плечы), а перад вачыма — высокая падушка ўзнятага імшыстага балота, пераступіць якую ледзь хапала сілы... Вакол сябе, на жаль, рэдка што бачылі.

Разумею: гэта не апраўданне маёй (і ці толькі маёй!) душэўнай і такой непрадбачлівай слепаты. Не хапала часу (не, усё ж жадання!) выкраіць хоць гадзінку, дзянёк, каб, як і ў час нядаўніх здымак, паглядзець на сваю зямлю і яе людзей збоку і здзівіцца ўсяму, што мы ўбачылі: такім знаёмым, але і такім усё ж незвычайным, па-свойму прыгожым балацяным прасторам, далёкія чараты на якіх нагадваюць высокія шэрыя марскія хвалі. I вялікім, памерам з буйныя вішні, балотным журавінам, якія да палымянай чырвані ўжо выспелілі на сонцы свае бакі. I доўгім ценям, што пакідалі ў нескаламучаным балотным азярцы нашы землякі-"акцёры", шукаючы згубленую сцежку, калі сонца ўжо садзілася за цёмную зубчастую сцяну ельніку. I начному вогнішчу, ля якога вячэралі людзі на балоце ды ціха спявалі шчырую песню, задумліва марылі аб шчасці — сваім і нашчадкаў...

Не ведаем, якія кадры, знятыя тэлевізіёншчыкамі ў нашым раёне, трапяць у фільм. Журналісты, безумоўна, знайшлі іх і ля былога панскага маёнтка, што захавася ў Агарэвічах, і ў час сустрэчы з фальклорным гуртом "Завіца" вёскі Раздзялавічы, не толькі слухаючы, як яго ўдзельнікі спяваюць, але і на зіраючы, як пякуць хлеб у печы, і ў далёкіх дрыгвяністых балотах за вёскай Сукач, і ў цэрквах, і на хутары Сержпутоўскага, і ў Ізбіцкім Бары... Для нас гэта пакуль застаецца загадкай.

Гаворачы паэтычнымі радкамі Г. Бураўкіна, "Гэта ўсё, безумоўна, не нова. А ці трэба, каб новым было?". Трэба! Бо ўжо цяпер мы жывём светлымі, хвалюючымі прадчуваннямі гонару: тут, на Ганцаўшчыне, куды так марылі прыехаць і зняць яе і Юлія, і яе калегі, пачынаецца, як казаў Яўген, Палессе. Тут даваў першыя ўрокі дзеткам-палешукам будучы пясняр беларускай старонкі Якуб Колас, тут, у палескай глушы, ён чэрпаў багаты матэрыял для сваёй вядомай трылогіі "На ростанях". Дык як не паказаць, па словах сталічных гасцей, і гэты чароўны куточак на карце нашай Радзімы?!

"Я сёння на досвітку пабываў ужо на балоце, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад навед-вання Ганцаўшчыны Яўген Пуставой, — адчуў яго незвычайны і такі непаўторны пах, які здзівіў і пакарыў мяне. Гэта ж пах нашай чыстай, спрадвечнай Беларусі, якая — як песня, як казка, як крынічнае слова Коласа і Купалы".

Кожнаму б з нас такога азарэння, каб разгледзець перш-на-перш сваю старонку пад белымі крыламі. I палюбіць яе... I берагчы яе... I не толькі ў Год роднай зямлі, а штохвілінна.

Катэгорыя: Марыя Шчаўкун | Дабавіў: admin (25.09.2009) | Аўтар: Марыя ШЧАЎКУН - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2586 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Мария Щелкун | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.