"М.Рудкоўскі, пры ўсёй сціпласці яго натуры, стаў прыкметным у слаўнай плеядзе паэтаў, чые душы заўчасна разбудзіла вайна, апякла іх вогненнымі зорамі і гартавала слязамі матак і ўдоў, прозай галоднага і халоднага пасляваеннага бытавання".
Так трапна і дакладна ахарактарызаваў М.Рудкоўскага і ў цэлым пасляваеннае пакаленне творцаў, паэтаў-шасцідзясятнікаў Беларусі (плён творчасці якіх прыпадаў на 60-ыя, гады "хрушчоўскай адлігі”) даследчык і натхняльнік літаратуры "берасцейскага вогнішча” Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Сапраўды балючая рана вайны доўга не гоілася ў творчай свядомасці паэта, час ад часу крывавіла дзіцячай памяццю пра ахвяры, спачуваннем да землякоў, якія мужна трывалі пакуты і наступствы ліхалецця:
У нас у сяле ў кожнай хаце дзесятай Не прычакала жанчына салдата…
Калі пачалася вайна, Міхасю толькі споўнілася пяць гадоў. Нарадзіўся ён у вёсцы Востраў у сялянскай сям’і, дзе традыцыйна на Палессі шанаваліся працавітасць і сціпласць, а "фальш і гультайства — па прызнанні паэта — лічыліся самымі вялікімі заганамі ў чалавеку". Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі была вучоба ў Ганцавіцкім педвучылішчы, а дыплом настаўніка юнак атрымаў у такой жа навучальнай установе ў Пінску ў 1955 годзе. З цеплынёй і прыязнасцю згадваў наш зямляк гады настаўніцтва на радзіме, у Кукаўскай сямігодцы, нягледзячы на тое, што прыйшлося спалучаць працу з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута. Менавіта тут лёс звёў яго з выкладчыкам, знаўцам роднай літаратуры У. Калеснікам, які разгледзеў у здольным студэнце паэтычны патэнцыял і далей адыграў у яго жыцці лёсавызначальную ролю. Патрэба ў інтэлектуальным асяроддзі, творчым суразмоўстве, жаданне займацца вершапісаннем прывялі М.Рудкоўскага ў рэдакцыю ганцавіцкай газеты, якая тады называлася "Сялянская праўда". Менавіта ў гэтай газеце літаратурны талент палескага самародка сталеў і аздабляўся новымі гранямі. Усвядоміўшы сваё жыццёвае прызванне, М.Рудкоўскі цалкам аддае сябе творчасці і журналісцкай дзейнасці. З 1962 года ён пераязджае ў Брэст, дзе на працягу 20 гадоў шчыраваў на пасадзе рэдактара літаратурна-драматычных і музычных перадач Брэсцкай студыі тэлебачання. М.Рудкоўскі выявіў сябе не толькі як прафесіянальны журналіст, які шмат зрабіў для прапаганды культуры, мастацтва на Берасцейшчыне, але і як вопытны настаўнік-літаратар, які адкрыў не адзін паэтычны талент на Палессі. Адным з лепшых яго вучняў з’яўляецца паэт з Пінска Валерый Грышкавец — лаўрэат прэстыжнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Платонава. Свае першыя вершы М.Рудкоўскі надрукаваў у ганцавіцкай раёнцы, працуючы настаўнікам. Творчую спадчыну паэта, члена Саюза пісьменнікаў былога СССР, складаюць шматлікія зборнікі, якія з часам станавіліся вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. З найбольш вядомых можна назваць "Першыя вёрсты" (1963), "Сінія Брады" (1967), "Залатазвон" (1986), "Гарынь" (1992). Творы паэта прываблівалі чытача шчырасцю, выяўленнем незвычайнай у часы ідэалагічнага ўціску ўнутранай свабоды аўтара. Бясспрэчна, дамінуючай тэмай творчасці нашага земляка стала родная зямля, край бярозаў і гонкіх соснаў, край лугоў і заток азёрных, жыццё палескай вёскі з яе працавітымі, выхаванымі на патрыярхальных і багатых фальклорных традыцыях працаўнікамі: Мы дзверы інстытутаў адчынялі, А ён паціху жыў — касіў, араў. Усё радзей яго мы ўспаміналі, А ён ніколі нас не забываў.
Жывучы ў Брэсце, М.Рудкоўскі душою быў на радзіме, вершамі гутарыў з землякамі, яго творчая настальгія часамі межавала з пачуццём віны перад імі. Як да жывых істот у вершах-прысвячэннях паэт звяртаецца да блізкіх і знаёмых з дзяцінства ціхага гарадка над рэчкаю Цною, святыні Вострава, Сініх Брадоў, як замовы матулі ад напасці-бяды. Але М.Рудкоўскага ні ў якім выпадку нельга назваць паэтам местачковым, правінцыяльным: яго творчыя зацікаўленні сягаюць далёка за межы малой радзімы. Вялікі пласт лірыкі паэта складаюць яго пейзажныя вершы, у якіх прырода, як трапна заўважыў У.Калеснік, — гэта "храм хараства і ачышчэння, адраджэння пачуццяў":
Ад стомы і болю, ад тлуму і пылу жыве ў дажджах ачышчальная сіла, жыве ў іх вясёлая прага здзіўлення, і нараджэння, і абнаўлення.
М.Рудкоўскі найперш паэт Беларусі, творца нацыянальнага маштабу. Шмат вершаў ён прысвяціў Радзіме, паэт не саромеецца ў сваіх шчырых прызнаннях Бацькаўшчыне: "Як цябе не любіць, як табою не ганарыцца, прыгажуня ў суквецці вясны — Беларусь".
Ні пра каго так цёпла, усхвалявана і паважна не адгукаўся М.Рудкоўскі, як пра паэта-сімвала Беларусі, вытанчанага і дасканалага майстра вершаскладання Максіма Багдановіча. Чытаючы вершы нашага земляка, прысвечаныя класіку нацыянальнай паэзіі, міжволі ловіш сябе на думцы пра фатальную падобнасць лёсаў майстроў слова розных гістарычных эпох. У 70 — 80-ыя гады мінулага стагоддзя паэт стаў недамагаць: цяжкая і невылечная хвароба — рак лёгкіх — прыносіла не толькі фізічныя пакуты М.Рудкоўскаму, але і выклікала творчую і духоўную дэпрэсію:
Не так хвалююць трэлі салаўёў, Як трубы журавоў на небакраі.
Да гонару паэта, ён мужна змагаўся з цяжкай хваробай, знаходзячы паратунак у паэзіі і суцяшэнне — у шчымлівых думках-зваротах да любімай жанчыны: "Прашу: прыйдзі! Прыйдзі і на магілу ўсё той трывожнай, маладою, мілай…". Вяртаючыся да размовы пра М.Багдановіча, згадаем верш М.Рудкоўскага "Апошняя малітва", у якім аўтар вуснамі вялікага паэта дакладна перадае яго душэўны стан у апошнія дні жыцця, імкнецца разгадаць яго запаветныя жаданні. Адчуваецца, што яны супадалі з надзеямі смяротна хворага М. Рудкоўскага: "Краю мой любы, краю мой мілы, Як бы сустрэцца з табою хацеў!" Хутчэй за ўсё з такімі думкамі ды з клопатам пра сына Алеся вяртаўся Паэт у родны Востраў, каб знайсці там вечны прытулак на могілках побач з бацькамі, з аднавяскоўцамі, якія так шанавалі і любілі яго:
У краі тым, дзе сосны ў сонцы плачуць, Ступіўшы да высокіх курганоў, У краі тым, дзе й сёння голас матчын — Бы колас пераспелы — пра сыноў. |