Нядзеля, 18.11.2018, 01:16

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

На сустрэчу з гіcторыяй роднага краю
На працягу двух гадоў мы, вучні 8 класа Нацкай сярэдняй школы, разам са сваім класным кіраўніком В. М. Вадап'ян вядзём даследчую работу аб таямніцах ясянецкіх каталіцкіх могілак — месцы пахавання шляхецкіх родаў Вендорфаў і Яленскіх. Зразумела, да моманту, калі прадстаўнікі іх адышлі ў нябыт, яны недзе жылі, дзейнічалі. Мы падумалі, што людзі, якія з такой пашанай клапаціліся аб захаванні памяці сваіх продкаў, не маглі не пакінуць след пражывання на зямлі. Толькі дзе ён?

Улічваючы тыя факты, што вёска Ясянец знаходзіцца на мяжы з Мінскай вобласцю, а раней тэрытарыяльны падзел быў іншым, мы вырашылі звярнуцца да гістарычных звестак аб Клецкім раёне. Атрымаць іх нам дапамаглі дырэктар Галынкаўскай сярэдняй школы Ларыса Анатольеўна Пухнач і навуковыя супрацоўнікі Клецкага гісторыка-энтаграфічнага музея. Л. А. Пухнач арганізавала для нас экскурсію да сядзібна-паркавага комплексу "Галынка".


Сядзібна-паркавы комплекс "Галынка"

Аказалася, у мінулым гэта было памесце шляхецкага роду Вендорфаў, які, як мы даведаліся, узыходзіць да XVII стагоддзя і запісаны ў VI частку радаслоўнай кнігі Віленскай і Мінскай губерняў.

Па звестках былога дырэктара Клецкага гісторыка-этнаграфічнага музея Зоі Іосіфаўны Мініч, сядзібна-паркавы комплекс быў пабудаваны на прыўзнятай рачной тэрасе ракі Лань у другой палове XVIII стагодцзя ў барочных формах. Комплекс меў рэгулярны барочны парк з элементамі тэрасіравання і маляўнічай тапіярнай апрацоўкай дрэў (піраміды ядлоўцу пакрывалі ўвесь партэр). Кожная тэраска з боку ракі мела сваё кветкавае афармленне і фармаваныя расліны. Апошнюю тэрасу акружала ліпавая шпалера. Рэчышча ракі было апрацавана ў выглядзе прамога канала. З другога боку сядзібы ляснога масіву меўся лабірынт.

У эпоху пейзажнага паркабудаўніцтва парк быў перапланаваны, у пойме ракі з'явіліся два вадаёмы. Узводзіцца таксама шэраг новых прамысловых і гаспадарчых пабудоў: спіртзавод, свіран, будынак пад галубятню (1811 год), вяндлярня, сховішча для агародніны і іншыя.



Сядзібны дом дом Вендорфаў у Галынцы

Зараз ад сядзібы застаўся падмурак, па якім можна меркаваць, што дом меў памер 10x15 метраў, тэрасу, пад якой захаваліся падвальныя памяшканні. Прасочваюцца контуры былой планіроўкі, падмуркі спіртзавода, падвалы былой сыраварні, паўразбураныя сцены капліцы, галубятня.

Капліца, у якую прыходзілі памаліцца жыхары памесця, была пабудавана ў 1809 годзе, аб чым сведчыць зроблены на ёй надпіс. У плане яна ўяўляла невялікі квадрат, вуглы якога абрамлены пілястрамі, сцены — дэкарыраваны нішамі. Дах зроблены двухскатны, франтоны не захаваліся.

Калі параўнаць знешні выгляд капліцы на тэрыторыі памесця і капліцу на ясянецкіх могілках, пад якой знаходзіцца склеп прадстаўнікоў роду, можна заўважыць падабенства іх знешняга выгляду, формы, кожная з пабудоў дэкарыравана нішамі.



Дзве падобныя адна на адну капліцы

Аб годзе пабудовы галубятні расказвае ўмураваная ў яе сцяну дошка. Галубятня уяўляе сабой васьміграннік, зроблена з чырвонай цэглы, у плане — 30x5x6 метраў, з шырокім швом на вапнавай звязцы. Таўшчыня сцен у ніжнім ярусе 0,8 метра, у верхнім — 0,6 метра. Вялікія аконныя праёмы закладзены цэглай у шахматным парадку, што складае маляўнічыя рады адтулін. Унутры сцены маюць цыркульны абрыс. Яны расчленены нішамі з лучковым верхам, не атынкаваны. Дах васьміскатны, плоскі шацёр. Унутры захаваліся бэлечная канструкцыя і замацоўваючыя металічныя цягі. Ніжні ярус быў прыстасаваны пад сховішча для віна, верхні — пад галубятню. Будынак выкарыстоўваўся да 1939 года.


Галубятня


Прадстаўнікі роду Вендорфаў

Звестак пра Вендорфаў захавалася мала. Архіўныя даныя, якія змешчаны ў кнізе "Памяць" Клецкага раёна, сведчаць: "У 1775 годзе Ёдчыцы ў заставе ў Вендорфа ад Радзівілаў, 26 гаспадарак. У 1779 годзе Радзівілы перадалі Ёдчыцы і Цецеравец бясплатна "да жывата" Станіславу Вендорфу, а ў 1791 годзе А. Радзівіл запісаў "да жывата" за 27000 злотых фальварак А. Вендорфу, пасля смерці бацькі Станислава". "У 1782 годзе А. Пагарэльскі прадаў свой фальварак Малы Карацк і частку в. Малы Карацк С. Вендорфу". "Адстаўны капітан Міхаіл Вен-дорф з Галынкі валодаў вінакурным заводам, вадзяным млыном і карчмой". "У 1887 годзе на Галынкаўскім вінакурным заводзе атрымалі 7,1 тысячы вёдзер бязводнага спірту".

Па ўсяму відаць, Вендорфы, якія жылі ў маёнтку Галынка, былі апошнімі прадстаўнікамі роду ў гэтай мясцовасці.

Менавіта ў маёнтку Галынка правяла дзіцячыя гады і вядомая пісьменніца, рэвалюцыянерка, мемуарыстка XIX стагоддзя Ева Фялінская, народжаная Вендорф. Нарадзілася яна ў вёсцы Узнога Клецкага раёна ў сям'і збяднелага шляхціца, юрыста Зыгмунта Вендорфа. Пасля смерці бацькі яе ўзяў на выхаванне блізкі сваяк, уладальнік маёнтка ў Галынцы Міхаіл Вендорф. Калі Еве споўнілася 18 гадоў, яна выйшла замуж за Герарда Фялінскага і пераехала з ім у яго маёнтак — сяло Ваюцін на Валыні.


Ева Фялінская

Ева Фялінская прымала непасрэдны ўдзел у паўстанні 1830 — 1831 гадоў, а таксама ў пазнейшых рэвалюцыйных акцыях. У 1838 годзе яе арыштавалі. Тры гады правяла Е. Фялінская ў ссылцы ў Сібіры, яшчэ тры — у Саратаве. Каб разнастаіць сваё жыццё ў гэты час, Ева вяла дзённікі, куды заносіла назіранні за людзьмі і прыродай, і публікавала напісанае. Дзённікі Фялінскай са старанным апісаннем цікавых фактаў звярнулі на сябе ўвагу грамадскасці, аб чым сведчаць пераклады запісаў на заходнееўрапейскія мовы. Даследчыкі творчасці Льва Талстога заўважылі, што менавіта дзённікі Е. Фялінскай ляглі ў аснову апавядання пісьменніка "За што?": яна расказала аб няўдалай спробе ўцёку ссыльнага паўстанца Мігурскага, арганізаванага яго жонкай, і аб трагічнай смерці мужнай жанчыны.

Пазней Ева прыступіла да ўспамінаў аб юнацтве і давяла іх да 1821 года. Работу над успамінамі, пяць тамоў якіх выйшлі ў свет у 1856 — 1860 гадах, спыніла смерць Е. Фялінскай у Ваюціне 20 снежня 1859 года.

Звесткі захаваліся таксама пра дачку Міхаіла Вендорфа, якая выйшла замуж за памешчыка Лазіцкага і атрымала маёнтак Вендорфаў у спадчыну. У кнізе "Памяць" Клецкага раёна ёсць запіс: "Алена Лазіцкая. Вытворчасць спірту 880000 вёдзер у год".

У Клецкім гісторыка-этнаграфічным музеі мы даведаліся, што маёнтак перайшоў па жаночай лініі да Лазіцкіх прыкладна ў канцы XIX стагоддзя. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкай Беларусі Лазіцкія выехалі ў Польшчу.


Прадстаўнікі роду Яленскіх

Яленскія паходзяць з літоўскага дваранскага роду, герба Корчак. Продак іх, Станіслаў, быў цівуном камянецкім у 1514 годзе. Род Яленскіх падзяляецца на чатыры галіны, унесеныя ў I і IV радаслоўныя кнігі Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Мінскай і Смаленскай губерняў.

Зноў гартаем кнігу "Памяць. Клецкі раён": "У 1760 годзе Ю. Радзівіл даў у заставу маёнтак Маствілавічы з вёскамі Вялікія Маствілавічы, Маствілавічы, Рудкі, Забалатнікі, Нарашэвічы, Глыбоўчыцы, Панача і Ганявічы за 85000 злотых Гедэону Яленскаму, выкупіў у 1767 годзе і зноў даў яму ў заставу на адзін год у 1768 годзе за 92000 злотых. У 1768 годзе М. Ю. Радзівіл даў у трохгадовую заставу за 8000 злотых вёску Вялікі Карацк Гедэону Яленскаму, які трымаў яе (з 20 гаспадаркамі) яшчэ ў 1775 годзе". Тут жа сказана, што Гедэону Яленскаму належалі Дунайчыцы, дзе ён збудаваў царкву, якая валодала 2,5 валокамі зямлі. У 1775 годзе В. Яленскаму належалі Траццякі і вёска Туча (20 гаспадарак). Акрамя Тучы, Яленскім належалі вёскі Шыйкі і Чаша.


Сядзібны дом Яленскіх у вёсцы Туча

У "Спісе землеўладальнікаў Мінскай губерні за 1876 год" адзначана, што ў Слуцкім павеце было 222 уладальнікі. Кожны меў больш за 50 дзесяцін зямлі. Сярод самых багатых называюцца і Яленскія. 404 дзесяціны атрымаў у спадчыну Антон Яленскі з маёнтка Дунайчыцы, а Казімір Яленскі з Тучы — 1776. Апошні меў вінакурны завод, вадзяны млын, карчму, ад якіх атрымліваў у год звыш 570 рублёў. У 1903 годзе 500 дзесяцін зямлі ў вёсцы Туча належала Іосіфу Яленскаму. Апошняй уладальніцай вёскі была Ядвіга Яленская. Пры ёй у пачатку XX ст. у Тучы былі пабудаваны 4 свірны, кузня, 2 складскія будынкі, спіртзавод. Пералічаныя вышэй факты сведчаць аб тым, што Яленскія валодалі землямі, перадаючы іх з пакалення ў пакаленне.

Да сённяшніх дзён у вёсцы захавалася сядзіба Яленскіх, пабудаваная ў XIX стагоддзі. Яна ўключае сядзібны дом, мураваныя гаспадарчыя пабудовы, парк. Сядзіба — помнік архітэктуры класіцызму. Гаспадарчы двор фарміраваўся ў розныя часы, апошнія пабудовы былі зроблены ў пачатку XX ст.

Мы наведалі вёску Туча і звярнуліся да яе старажылаў Анатолія Іосіфавіча Куракова і Яўгеніі Васільеўны Уласень. З успамінаў Я. В. Уласень (запісана В. П. Вадап'ян): "Я нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Траццякі, што прымыкае да Тучы, куды ў дзяцінстве часта хадзіла гуляць. Там знаходзілася сядзіба памешчыкаў Яленскіх. Маімі сяброўкамі былі дзяўчынкі, дзеці парабкаў. У той час у доме жылі дзве жанчыны — пані Марыя Яленская, якая рана аўдавела, і яе дачка Ядвіга. Пані Марыя запомнілася мне як вельмі прыгожая жанчына, высокая, статная. Яна насіла чамусьці чорную хустку і сукенку.

Парабкі жылі на тэрыторыі сядзібы ў асобным доме. Пані забяспечвала іх адзеннем і прадуктамі харчавання, клапацілася аб іх. Дзяцей парабкаў пані вучыла культуры паводзін. Мне асабліва запомнілася, што пані Марыя вучыла дзяўчынак вязаць. Мне так хацелася навучыцца гэтай справе, што я папрасіла дазволу ў пані Марыі (праз дзяўчынак) наведваць гэтыя заняткі. Збіраліся мы ў памешчыцкім доме, у вялікім пакоі, дзе стаяла шмат абразоў. Хадзіць у іншыя пакоі было забаронена.

Памятаю, як Ядвіга выходзіла замуж. Мужа яе звалі Адам. Затым прыйшла Савецкая ўлада. Маёнтак быў канфіскаваны. Яленскія жылі некаторы час у Сіняўцы, у сваякоў... А затым Яленскіх саслалі ў Сібір".

З ўспамінаў А. I. Куракова (запісана В. П. Вадап'ян): "Я нарадзіўся і пражыў усё жыццё ў вёсцы Туча. Добра памятаю памешчыцкі дом і яго гаспадароў. Мая маці працавала ў Яленскіх служанкай. Яна расказвала, што ў доме было вельмі прыгожа, пакоі багата абстаўлены. У садзе амаль круглы год цвілі кветкі. Але гаспадары дома жылі сціпла. Пышных баляў не ладзілі. Ім належалі многія вёскі ў акрузе: суседнія Траццякі, Дунайчыцы, Яленполе, што за Карацкам, а таксама 370 гектараў лесу. Сям'я Яленскіх часта выязджала ў Польшчу, у Познаньскае ваяводства.

Мне было гадоў 15, калі прыйшла Савецкая ўлада. Уладальніцай маёнтка тады была Ядвіга Яленская, маладая жанчына, якая была замужам за памешчыкам Залескім. У сям'і былі малыя дзеці. У маёнтку жыла таксама маці Ядвігі — Марыя. Калі канфіскавалі маёнтак, Ядвіга хадзіла па вёсцы і збірала подпісы аб тым, што іх сям'я не нанесла ніякай шкоды людзям. Аднак гэта не дапамагло пазбегнуць ссылкі.

Пра жыццё ў ссылцы Ядвіга піша ў сваёй кнізе ўспамінаў, напісанай па-польску, якую падаравала мне яе ўнучатая пляменніца. Ядвіга страціла маці і дваіх дзяцей. Муж, які ў гады Другой сусветнай вайны служыў у арміі Андэрса, дапамог ёй пераехаць у Польшчу, дзе яна таксама служыла ў арміі.

У цяперашні час Ядвіга пражывае ў Вільнюсе. Яна ўжо не можа адпраўляцца ў далёкую дарогу бо амаль страціла зрок. Ды і ўзрост яе больш за дзевяноста гадоў".

Сядзіба Яленскіх і сёння ўражвае сваёй веліччу, хаця і знаходзіцца ў паўразбураным стане. На беразе рэчкі, у акружэнні векавых дрэў, з многімі гаспадарчымі пабудовамі, якія выкарыстоўваюцца да гэтага часу, яна — жывы напамін аб тым, што людзі тут жылі, працавалі на зямлі і мелі ад гэтага немалы прыбытак.

У вёсцы Шыйкі захаваўся ветраны млын — помнік народнага драўлянага дойлідства, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. У свой час ён таксама належаў роду Яленскіх.


Вятрак у вёсцы Шэйкі

* * *
Калі параўноўваць прозвішчы, якія пазначаны на помніках з ясенецкіх могілак, і прозвішчы, змешчаныя ў кнізе "Памяць. Клецкі раён”, можна заўважыць, што многія з іх — адны і тыя ж. Пэўна, Вендорфы і Яленскія жылі на тэрыторыі Клецкага раёна, а хавалі сваіх продкаў на могілках у Ясянцы. Чаму менавіта гэтую вёску яны абралі месцам свайго пахавання, адказаць сёння цяжка. Магчыма, таму, што, як сцвярджаюць жыхары вёсак, дзе пражывалі паны, каталіцкіх могілак на іх тэрыторыі не было. А можа, з-за незвычайнай прыгажосці мястэчка?

Акрамя атрыманых звестак, падчас нашай пошукавай работы мы адкрылі для сябе цікавы турыстычны маршрут Ясянец — Галынка — Туча, дзе можна сустрэцца з даўніной усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (08.10.2009) | Аўтар: Вучні Нацкай CШ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3092 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Начская средняя школа | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [34]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [74]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [11]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [1]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [75]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.