Аўторак, 16.04.2024, 12:05

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Над балотамі, над бяскрайнiмi
У Польшчы прайшоў фестываль "Песнi балот". На сцэну тэатра ў Люблiне выйшаў аўтэнтычны фальклорны калектыў "Завiца" з в. Раздзялавiчы Ганцавiцкага раёна.



Чаму менавiта на спявачак з гэтай вёскi выпаў выбар? Што, у Беларусi мала вёсак на балотах?

Вёсак хапае, але такiх калектываў больш няма. Таму менавiта "Завiца" i паехала на фестываль, — растлумачыла начальнiк аддзела культуры раёна Iрына Марцiнкевiч. — А яшчэ i польскi бок, пазнаёмiўшыся з матэрыяламi пра нашых спявачак, зацiкавiўся iмi. Вось у вобласцi i прынялi рашэнне...

Назва "Завiца" — гэта старадаўняе палескае слова, якое можна перакласцi як "залоўка" цi "радня". У калектыве шэсць жанчын, пяць з iх носяць прозвiшча Рабцэвiч, i толькi адна — Кiсялевiч. Блiзкiя i далёкiя, але ўсе сваякi.

Сабралiся жанчыны ў доме Соф'i Рабцэвiч — яна Мiкалаеўна, бо ў калектыве ёсць яшчэ адна Соф'я, але ўжо Фёдараўна.

У печы палаў агонь, а гаспадыня замешвала ў дзежцы цеста, у хаце было цёпла, i атмасфера схiляла да душэўнай размовы. Так яно i атрымалася.

А як прымалi ў Люблiне?

Афiшы былi расклееныя па ўсiм горадзе, але калi за паўгадзiны да выступлення мы выглянулi са сцэны — у зале нiводнага чалавека, — павяла аповед дырэктар мясцовага Дома культуры Людмiла Рабцэвiч. Яна хоць i з Вiлейшчыны, але як трапiла ў Раздзялавiчы, то выйшла замуж. — Нашы жанчына запанiкавалi. Як перад пустой залай выступаць? Чаго мы сюды прыехалi? Але за нейкiя дзесяць хвiлiн да выхаду на сцэну залу запоўнiлi гледачы, i здзiўляла тое, што амаль усе маладыя. Наша выступленне разлiчана было на сорак хвiлiн, а нас не адпускалi са сцэны дзве гадзiны.

Так добра нас нiдзе не прымалi, — працягвае размову Соф'я Мiкалаеўна, — дома ногi баляць, а там нiчога. Нiводная з нас не кашлянула i не ахрыпла.

Яе падтрымалi астатнiя.

Першыя дзве песнi спявалi заціснута, а затым, адчуўшы такую падтрымку, пайшлi танцаваць кракавяк, польку, казу, Мiкiту... Мы на сцэне, а гледачы наладзiлi танцы ў зале...

Адзiн пан адрэкамендаваўся Тадэвушам i сказаў, што прыехаў на фестываль за сто кiламетраў, каб паслухаць нас...

Там людзi крыху iншыя, суперажывалi разам з намi. Было вiдаць, што наша выступленне iх цiкавiць... А мы ж у лапцях былi.

Вось такiя ўражаннi былi ў раздзялавiцкiх спявачак ад паездкi на фестываль.

Жанчын нiхто спевам не вучыў, а яны спяваюць у тры-чатыры галасы, i спявачкi ведаюць, дзе ўзяць "вышэй", а дзе "нiжэй". I песнi старадаўнiя дасталiся ад мацерак i бабуль, ды i строi, у якiя апранулiся жанчыны, не сённяшняга дня. Ва ўзорах няма каляровай эклектыкi, якая апошнiм часам прысутнiчае ва ўбраннi шмат якiх калектываў: спаднiцы — зялёныя, а гарсэты — сiнiя. А тут чырвоны дэкор на белым фоне — народны матыў.

А як некалi было? I жанчыны разгаварылiся.

Цяжка некалi было. Былi дзяўчатамi, а бралi косы ды iшлi касiць. Убачыла я хлопцаў, паклала касу i сяджу, бо сорамна неяк было. А яны падышлi, касу тую падвастрылi ды яшчэ i па пракосе прайшлi...

За Раздзялавiчамi ўжо пачынаюцца Выганаўскiя балоты, i далей дарогi няма. Гэта сёння асфальт ляжыць — дарога, як струна, а некалi да Ганцавiчаў дабiралiся пешшу, балотам. Затым пусцiлi да нас "буду", якую часта даводзiлася выцягваць з гразi, а разбiтая дарога пятляла...

Да комплексаў як жылi? Са сваiм мужам ягады збiралi. Удваiх тону журавiнаў з балота выцягнеш i цэлы год на тыя грошы жывеш. Тады за кiлаграм 40 капеек плацiлi... А як пабудавалi комплексы, то мы ўсе на кароўнiкi пайшлi...

Я адна засталася, без мужа. 400 тысяч пенсii малавата, бо трэба i сена набыць — каня трымаю. Каб сыны не дапамагалi, то адна не ўправiлася б...

I тут высветлiлася, што ў гаспадарках усiх жанчын, якiя сядзелi перада мною, ёсць конi, а каровы ды свiннi — само сабой. Ды i зямлi пад гектар. Але ж не толькi на гэтым трымаюцца палешукi. Галоўны iх набытак — гэта вялiкiя сем'i.

У Соф'i Мiкалаеўны пяць сыноў i дачка, адзiнаццаць унукаў, i ўсе жывуць у Раздзялавiчах, у Таццяны Васiльеўны — шасцёра дзяцей i дзесяць унукаў, у Ганны Аляксееўны таксама шасцёра i столькi ж унукаў. У Алены Фёдараўны — пяцёра i дзевяць унукаў... Можа, я крыху i пераблытаў, але жанчыны сказалi, што не пакрыўдзяцца.

Вось якiя ў нашых спявачак сем'i.

А што тут дзiўнага? Гэта сёння ўтаропяцца ў тэлевiзар i да ночы не адрываюць вачэй. А нiчога добрага ў гэтай скрынцы няма. Раней мы тэлевiзара не мелi, электрычнасцi таксама не было, то як прыцямнела, лезлi ў ложак... — пажартавалi кабеты.

Старэйшае пакаленне яшчэ спявае ў Раздзялавiчах, але цi ёсць каму гэтыя песнi перадаць?

Мы спявалi заўсёды. Бывала, зацягнеш "Цяжка жыцi, цяжка быцi" — i ляцiць песня над балотамi, а iм краю няма, — кажа гаспадыня. — А нашы ўнучкi i не супраць паспяваць, але ж у iх няма часу. Усё некуды спяшаюцца...

"Ты калiна, ты малiна, да вады схiлiлася, а я малада-а-я зажурылася", — спявала "Завiца", а ў печы падымаўся ў бляхах аржаны хлеб, бо Соф'я Мiкалаеўна з крамы не прызнае, i падыходзiў час яго даставаць... i ўжо на стол ставiлi сваю каўбасу...

А цi шчаслiвыя вы? — задаў апошняе пытанне.

Шчаслiвыя! — у адзiн голас адказалi жанчыны. — Мы маем гаспадаркi, працуем, у нас сем'i, на нагах трымаемся i ўсё яшчэ спяваем.

Калi вярталiся ў райцэнтр, Iрына Марцiновiч адзначыла:

— Iншым разам сустрэнешся з гэтымi жанчынамi — i пачынаеш разумець сэнс жыцця. Нам чагосьцi пастаянна не хапае, мы чымсьцi незадаволеныя, а ў iх шчасце вельмi зразумелае i трымаецца на простых рэчах: праца, хлеб, сям'я...

* * *

Ужо няма пад Раздзялавiчамi жывёлагадоўчага комплексу, але стаiць у вёсцы шыкоўны Дом культуры, якi адрамантавалi, i ён цяпер цягне на Палац. А галоўнае, што ён не пустуе — моладзь наведвае. У Раздзялавiчах пражывае 1326 чалавек, вёска вымiраць не збiраецца. Але ёсць адна праблема — няма працы. Вырашыць бы праблему з працай, i Раздзялавiчы спявалi б, спявалi б.... ад малога да старога.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (31.12.2009) | Аўтар: Сымон СВІСТУНОВІЧ - Звязда W
Праглядаў: 2380 | Тэгі: Раздзялавічы, Завіца, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.