Пятніца, 29.03.2024, 07:57

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Нас падзялілі – хто? Чужаніцы…». Да 90-годдзя падзелу Беларусі
Радкі, якія далі назву гэтаму артыкулу, напісаў Якуб Колас у сувязі з чарговай дзяльбой беларускіх зямель: 18 сакавіка 1921 г. бальшавіцкая Расія і панская Польшча падпісалі мірны дагавор, разадраўшы Беларусь на кавалкі. Такі марадзёрскі ўчынак абедзвюх дзяржаў выклікаў абурэнне ў многіх беларускіх паэтаў – і тагачасных, і сённяшніх: апроч Якуба Коласа, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар, Сяргей Законнікаў, Ірына Багдановіч і многія іншыя таксама сказалі сваё слова пра той трагічны момант нашай гісторыі. У іх вершах асуджаюцца абедзве драпежніцкія дзяржавы. Аднак за савецкім часам беларускі народ вучылі, што гэта Польшча вінавата ў падзеле Беларусі, якую нібыта хацела абараніць Савецкая Расія. Паўстае пытане, чаму ж паэты апошнюю таксама асудзілі?

У той неспакойны час Беларусь перацярпела шматлікія перакрэсленні межаў, змены розных уладаў. Сваёй дзяржавы беларускаму народу не ўдалося пабудаваць. На беларускія землі стала сквапна паглядаць адроджаная Польшча. Бальшавікі ж мелі цвёрдыя намеры ўстанавіць сваю ўладу на Беларусі. Паміж імі пачалася вайна, у ходзе якой кожны з бакоў маніпуляваў беларускай тэрыторыяй так, як яму было выгадна. А поспех у баявых дзеяннях быў пераменлівым. То большавікі наступаюць, а палякі бягуць, то наадварот.

Вадаварот падзей прывёў да таго, што праблема беларускай дзяржаўнасці бальшавіцкім кіраўніцтвам некалькі разоў пераглядалася і ўдакладнялася. Што характэрна, Беларусі бальшавікі імкнуліся пакінуць як мага менш тэрыторыі.

Непасрэдна да падзелу нашай краіны прывялі наступныя падзеі.

Летам 1920 г. польска-савецкі фронт пакаціўся на захад. Бальшавікі сталі ўсур’ёз планаваць сусветную рэвалюцыю. Беларусі ў тых планах месца на палітычных картах не адводзілася, хоць зусім нядаўна – 1 студзеня 1919 г. – бальшавікі абвясцілі БССР, хутка забыўшы пра гэта. Наша краіна тады называлася "Заходняй вобласцю". Яе кіраўнікі Р. Пікель і І. Рэйнгольц паслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы "Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі”. У дакуменце беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці: "Беларусы – не асобная нацыянальнасць або народнасць. Іх мова, рэлігія, культура нічым не адрозніваюцца ад велікарускай". 

Пад канец лета 1920 г. пачалося шпаркае адступленне Чырвонай Арміі. У.Ленін быў згодны на мір любым коштам. Прадметам гандлю стала Беларусь, якой было не шкада, бо ад яе эканамічная выгада была невялікай. Аднак і значнай тэрыторыі пад Беларусь бальшавікі не збіраліся адводзіць. Гэтым разам планавалася зрабіць Савецкую Беларусь у рамках 18 паветаў Мінскай губерні. Усходнюю частку этнічна беларускіх зямель уключна з Віцебскам, Смаленскам і Магілёвам Расія "прысабечыла". Хоць у «Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці ССРБ» ад 31 ліпеня 1920 г. чорным па беламу было напісана, што межы рэспублікі з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаюцца «вольным выражэннем беларускага народа на павятовых і губернскіх з'ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадам РСФСР і ССРУ». Нехта ў таго народа пытаў! 

Савецка-польскія баявыя дзеянні знясілілі абодва бакі. І яны пайшлі на заключэнне мірнага дагавора. У той час большая частка ССРБ знаходзілася ўжо пад польскай акупацыяй. Ніводную з дзвюх беларускіх дэлегацый (ад БНР і ад ССРБ) за стол перагавораў не пусцілі. Паводле мандата ад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, яе інтарэсы прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Пазіцыя апошняй стасоўна мяжы з Польшчай была няўстойлівай. І ў Рызе бальшавіцкая беспрынцыпнасць была чарговы раз прадэманстравана. Калі яшчэ летам 1920 г. Масква дамагалася правядзення савецка-польскай мяжы па "лініі Керзана", дык праз некалькі месяцаў яна прадэманстравала, што можа ахвяраваць усёй новастворанай Савецкай Беларуссю (чым фактычна выявіла свае адносіны да яе функцыі ў міжнароднапалітычных варунках). Больш таго, 23 верасня 1920 г. Усерасійскі выканаўчы камітэт звяртаўся да кіраўніцтва Польшчы з прапановай адкінуць пытанні аб самавызначэнні народаў (у тым ліку беларускага), а абмежавацца ўстанаўленнем усходняй граніцы Польшчы, якая прапаноўвала зрабіць Беларусь незалежнай у яе этнаграфічных межах. Але бальшавікі былі не супраць аддаць чым больш беларускай зямлі, толькі б не было на ёй самастойнай дзяржавы.

Як пракаменціраваў тую сітуацыю беларуска-польскі пісьменнік Сакрат Яновіч, "палякам Ленін аддаваў пасля і Менск, але яны не захацелі, расшыфраваўшы бальшавіцкую задуму накарміць "польскага гусака" меншасцямі да такое ступені, што скончыўся б з абжорства…". Масква, дарэчы, была гатова саступіць Беларусь Польшчы яшчэ ў 1919 г. у якасці платы за мір, неабходны бальшавікам, каб засяродзіцца франтах грамадзянскае вайны. А падчас заключэння Мірнага дагавора ў Рызе ўжо ва ўступнай фазе перамоваў кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Іофэ быў схільны аддаць Беларусь пад уплыў Польшчы наўзамен за прызнанне ёю Савецкае Украіны, – яшчэ адзін бок разменнай манеты пад назвай "Беларусь". Палякі не прынялі падарунка, і толькі 2/3 з адведзенай пад ССРБ тэрыторыі пасля Рыгі апынуліся ў складзе Рэчы Паспалітае. 


Фрагмент карты падзелу, на якім добра бачна,
што тэрыторыя сучаснага Ганцавіцкага раёна адыйшла да Польшчы


Такім чынам, рэспубліка была расціснута молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (ІІ Рэчы Паспалітай), што замацавалі 18 сакавіка 1921 г. Шасціпавятовая Беларусь, як адзначае беларускі гісторык Я. Юхо, хоць і аб’яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР, аб чым сведчыць і пастанова ІІІ з’езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.), у якой аб прававым становішчы рэспублікі запісана: "Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, однако они должны иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни". 


Карыкатура 1921 года

У Рызе быў скончаны першапачатковы складаны этап станаўлення новае беларускае дзяржаўнасці. Найбольшымі "ворагамі беларусчыны" (Янка Купала) праявілі сябе бальшавікі. Нават палякі не захацелі забіраць беларускай зямлі столькі, колькі ім аддавала бальшавіцкае кіраўніцтва. Але Масква была вымушана не толькі прызнаць нацыянальныя памкненні беларускага народа, але і арганізаваць яму хоць намінальную суверэннасць, кіруючыся, праўда, меркантыльнымі інтарэсамі – не выпусціць гэты народ са сваёй палітычнай арбіты і маніпуляваць беларускімі землямі ў вялікіх геапалітычных гульнях.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (19.03.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2896 | Рэйтынг: 5.0/14
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.