Чацвер, 25.04.2024, 10:01

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Па коласаўскіх мясцінах
Больш за стагоддзе мінула з таго часу, калі маладзенькім настаўнікам сюды ў самую глыб Палесся, у ціхую вёсачку Люсіна, што зграбненька тулілася сярод лесу ды непраходнага балота, прыехаў працаваць выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанцін Міцкевіч, будучы класік беларускай літаратуры. 

Праз пэўны час з’явіцца на свет яго знакамітая трылогія «На ростанях», у першай частцы якой Якуб Колас апіша гады свайго настаўнічання. У вёсцы і сёння не толькі памятаюць, але і шануюць вялікага песняра. Аб тым, што калісьці тут жыў і працаваў Якуб Колас, прыгадвае і чыгуначны прыпынак з аднайменнай назвай, і крамы, на якіх красуюцца шыльдачкі з надпісамі «На ростанях» ды «Ядвіся», і нават назва мясцовага СВК «Цельшына», і, безумоўна, літаратурна-этнаграфічны музей, што размясціўся ў вясковай школе. 

У палескай глушы

Я прапаную накіравацца ў захапляльнае падарожжа па тых самабытных мясцінах, што апісвае ў сваёй трылогіі "На ростанях" Якуб Колас. Сёння Люсіна ў Ганцавіцкім раёне ніяк не назавеш глухім паселішчам у адну вуліцу, што выглядае непрыветна і непрытульна. Тая пячатка нядбайнасці і нейкай недаробленасці, што ў першыя дні заўважыў у вёсцы малады Міцкевіч, даўно бясследна знікла. І вуліцы не патанаюць у гразі, і школа ў вёсцы маецца шыкоўная, з прасторнымі ды светлымі класамі. Напэўна, калі б завітаў у сучасную вёсачку настаўнік Лабановіч, ён, прыемна здзівіўшыся, многага не пазнаў бы. 

Люсіна цяпер нават і не вёска, а аграгарадок з развітай інфраструктурай. Для паслуг сяльчан працуюць амбулаторыя, аддзяленні паштовай сувязі і банка, маюцца комплексна-прыёмны пункт і баня, ёсць клуб і бібліятэка. Ды і Люсіна лічыцца зусім не маленькім населеным пунктам, пражывае тут каля паўтары тысячы чалавек.

Ганцевичский район, деревня Люсино
Адна з вуліц вёскі Люсіна

Аграгарадок будуецца, на вуліцах з’яўляюцца дыхтоўныя дамы, з дагледжанымі агародамі, чыстымі дварамі. Неўзабаве насупраць Люсінскага сельскага савета распачнецца ўзвядзенне храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, на добрую справу люсінцы ахвотна адгукнуліся. Старшыню Люсінскага сельскага савета Марыю Занька цешыць той факт, што вёска не старэе, што маладыя ўсё ж такі застаюцца ў родных мясцінах ды нараджаюць дзетак. 

- На тэрыторыі Люсінскага сельскага савета пражываюць 45 шматдзетных сем’яў, - расказвае старшыня Марыя Занька. – У нас нават чарга ў дзіцячы садок. Да 2013 года плануецца расшырыць дашкольную ўстанову, зрабіўшы прыбудову.

Марыя Аляксееўна прапаноўвае экскурсію па вёсцы, якая патанае ў садах ды рознакаляровых кветках, што цвітуць ля кожнай хаты, вокны якіх, аздобленыя драўлянымі карункамі, весела пазіраюць у свет. 

Люся і хцівы пан Яшук

Усё ж такі не вытрымліваю, мяне перапаўняе цікаўнасць, таму і пытаюся ў старшыні сельскага савета: «Назва ў вёскі адкуль такая прыгожая, цёплая ды мілагучная – Люсіна?».

- Адназначнага адказу няма, - тлумачыць Марыя Аляксееўна. – А вось паданні захаваліся да нашых дзён. Кажуць, што ў незапамятныя часы жыў у нашых мясцінах багаты ды надзвычай крыважэрны пан, звалі якога Яшук. Лютаваў моцна, бедным людзям спасу не было ад яго злосці. Пачаў заляцацца ён да найпрыгажэйшай дзяўчыны. Але яна не ўпадабала злога пана і адмовілася стаць ягонай жонкай. Тады раз’юшаны пан загадаў кінуць непаслухмяную дзяўчыну ў сутарэнне. Нейкім цудам прыгажуні ўдалося вырвацца ад панскіх прыслужнікаў. Ведаючы, што жыцця ёй усё роўна хцівы пан не дасць, яна кінулася ў раку. Панскі палац неўзабаве спаліла маланка. А вёску з таго часу людзі пачалі называць Люсіна, у памяць аб загінуўшай прыгажуні Люсі.

Хто яго ведае, ці было тое калі, ці не. Сведкаў няма. А вось тое, што ў некалькіх кіламетрах ад вёскі стаіць гара, якую завуць Яшукова, гэта праўда. Рос на ёй велізарны волат дуб да таго часу, пакуль у яго не трапіла маланка. Зрэшты, у час працы ў Люсіна малады настаўнік Міцкевіч шмат занатаваў казак, легенд ды паданняў. Пра адну з легенд можна прачытаць на старонках яго аповесці "У палескай глушы": «Быў тут калісь маёнтак, і гэты лес, і балоты гэтыя належалі да яго. А ў маёнтку жылі паны... Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды такі ўжо вырадак і гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога... Людзі цярпелі... Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека... Так і прапаў на адным паляванні. Скончылася паляванне, збор трубіць пачалі, пазбіраліся паны, а пана Яшука няма і няма... І толькі на трэці дзень знайшлі пана. Вісеў пан Яшук паміж дзвюх тоўстых асін... Тут і пахавалі яго і курган над ім насыпалі». У Люсіна вам могуць старажылы яшчэ шмат чаго цікавага паведаміць, тут жывуць неверагодныя паданні ды легенды. 

Люсінскія пявунні

Непрыкметна за размовай падышлі да хаты мясцовай рукадзельніцы і спявачкі Ніны Жалезнай. Толькі пераступілі парог і ахнулі: пакоі аздабляюць вышываныя работы бабулі. Вісяць фіранкі ў яркіх ружах, бялеюць настольніцы, вышытыя крыжыкам, ложкі ды канапа засцелены даматканымі рознакаляровымі дыванамі. Падлога ўслана ходнікамі ды і сама жанчынка, расчырванелая нібыта маладзіца, сустракае апранутая ў самабытны народны строй, таксама створаны ўласнымі рукамі. А ў пакойчыку ўжо сабраліся сяброўкі Ніны Уладзіміраўны, удзельніцы фальклорнага гурта "Дубравушка", што існуе пры сельскім клубе, кіруе якім загадчыца Тамара Занька.

- Знаёмцеся, вось яшчэ адна наша майстрыха-чараўніца Зося Сямёнаўна Сенюковіч, - прадстаўляе кабет загадчыца клуба Тамара Занька. – Зося Сямёнаўна і дыван вышые, і ручнік расквеціць ніткамі так прыгожа, што вачэй не адарваць, ды і пакрывала яна ўмее ткаць надзвычай тонкія ды прыгожыя. Няма роўных майстрыхам Вользе Валуевіч ды Ганне Амельяновіч. А як задушэўна голасна ды напеўна спяваюць жанчыны, толькі паслухайце. 

Звонка пачынае песню бабулька Ганна, голас малады, сакавіты, працінае да душы, неўзабаве яе дружна падхопліваюць жанчыны. Ва ўсю моц льецца песня, плыве над старажытнай вёсачкай, што прыціхла, стаміўшыся пад промнямі паўдзённага сонца. І чуецца ў словах нейкі невыказаны боль, і гучыць трапяткая жаноцкая радасць. «Пойду я на гору. Под каліной стаіць хлопец з дзяўчынай. Дзяўчынанька плачэ, слёзы пралівае, сваю долю праклінае...» - напеўна выводзяць жанчыны. А ў вачах загараюцца гарэзныя іскрынкі. Затым гучыць "Кукушка", "Дробны дожджык ідзе", " У сераду нарадзілася". І хацелася слухаць іх яшчэ доўга, запамінаючы словы старадаўніх мясцовых песень, такіх мудрых і простых. Яны ніколі не хадзілі ў музычную школу, а спяваць навучыліся ад маці ды бабуль на вячорках, калі пралі кудзелю ці вышывалі свае знакамітыя люсінскія палотны. 

- Спявалі і за працай, калі жыта жалі, - дадае Зося Сямёнаўна, - і калі хадзілі за чарніцамі, журавінамі ды багульнікам. 

Жанчыны і зараз ходзяць у лес ды на балота за ягадамі. На падворку ў гаспадыняк ёсць кароўкі, парсючкі, коні. Жанчыны свае жыццё без песні і працы проста не ўяўляюць. Вось такія яны, прыгажуні-працаўніцы люсінскія спявачкі.

На ўрок да Лабановіча

На жаль, школка, у якой працаваў і кватараваў у бабкі Марыі малады пісьменнік, да нашага часу не захавалася. На тым месцы да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага песняра ўстаноўлены памятны комплекс. Драўляны зруб нагадвае аб школе, у цэнтры месціцца валун, на якім напісана, што на гэтым месцы знаходзілася школа, у якой з 1902 па 1904 гады працаваў настаўнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас. Побач стаяць драўляныя скульптуры палешукоў, герояў коласаўскіх аповесцяў. Школа ў Люсіна сёння стаіць у іншым месцы. І наведваюць яе не 37 вучняў, як тое было ў часы настаўнічання Міцкевіча, а 240 хлопчыкаў і дзяўчынак. Адметнасць навучальнай установы – літаратурна-этнаграфічны музей, які таксама носіць назву вялікага песняра. Экскурсіі па музеі праводзяць вучні школы. Дарэчы, тут нават малышы ведаюць, хто такі дзядзька Якуб і прыгажуня Ядвіся. 

Ганцевичский район, деревня Люсино
Памятны знак на месцы, дзе знаходзілася школа
ў якой працавай Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч)


- У нашым музеі сабрана больш за 300 экспанатаў, - апавядае загадчыца музея, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Занька, - прычым 174 – арыгінальныя.

 Музей падзелены, так бы мовіць, на дзве часткі. Адна з экспазіцый апавядае аб побыце палешукоў. Тут стаяць кросны, жорны, да бэлькі падвешана дзіцячая калыска. Другая – прысвечана жыццю і творчасці пісьменніка. Цікавасць уяўляюць фотаздымкі ўжо пасталеўшых вучняў Канстанціна Міцкевіча: Сямена Сенюковіча, Міхаіла Занькі, Сямёна Цялушкі, Івана Занькі, Фёдара Рылка. Захоўваецца і ліст Якуба Коласа да сваіх былых вучняў, стаіць макет школы, у якой ён на працягу двух гадоў працаваў. Музей карыстаецца вялікай папулярнасцю, толькі з пачатку бягучага года яго наведала каля тысячы чалавек. 

Ля Дубаўскага возера

Пабываць у Люсіна і не наведаць незвычайнае Дубаўскае возера было б недаравальна. Не толькі таму, што гэта адно з найпрыгажэйшых і чароўных мясцін Ганцавіцкага краю, а яшчэ і таму, што тут любіў бавіць час малады настаўнік Міцкевіч-Лабановіч. Пад раскідзістымі кронамі магутных дубоў, залюбаваўшыся бясконцым блакітам азёрнай гладзі, Міцкевіч складаў вершы, а па вечарах, калі сонца акунала ў чорную глыбіню вады свае залацістыя промні, малады настаўнік чакаў на спатканне прыгажуню Ядвісю. Нават праз стагоддзе возера не змянілася, яно такое, як і было ў гады маладосці Коласа. Стромкія сосны густым кальцом абступаюць бераг. Цвіце лотаць, касачы, лілеі. Вада чорная, нібыта нафта. Возера славіцца багатымі залежамі бузы. Неба глядзіцца ў люстэрка вады. Цішыня.

Ганцевичский район, озеро Дубовское
Возера Дубаўское

- Бачыце, вунь, на тым беразе, і сустракаўся Лабановіч са сваёй каханай пад Целяшовым дубам, - гаворыць Марыя Аляксееўна, паказваючы на другі бераг возера. - На жаль, таго дуба не захавалася, але растуць маладзенькія.

Прыглядаюся. І здаецца, бачу высокую постаць мужчыны, да пляча якога схіліла сваю зграбную галоўку маладое дзяўчо. Падалося. І усё ж такі рамантычна-узнёслы настрой Канстанцін Міцкевіч аб сабе тут пакінуў назаўсёды.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (06.07.2011) | Аўтар: Кацярына БУРЫК - газета Заря W
Праглядаў: 3526 | Тэгі: газета Заря, Кацярына Бурык, Літаратурная Ганцаўшчына, Люсіна, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.