Аўторак, 16.04.2024, 13:46

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Памёр Уладзімір Марук
nullІмя нашага земляка, Уладзіміра Антонавіча Марука, добра вядомае па ўсёй беларускай краіне. Але найперш, канешне, землякам – ураджэнцам Ганцавіччыны. Любоў да сваёй маленькай радзімы чырвонай ніткай праходзіць праз усю творчасць Уладзіміра Антонавіча. І гэта не дзіўна. Бо маляўнічая прырода палескага краю стала жыццядайнай крыніцай натхнення адоранага паэтычным талентам чалавека. Хаця яшчэ са школьнага ўзросту ён зведаў разлуку з роднымі мясцінамі.

Нарадзіўся Уладзімір Марук 6 студзеня 1954 года ў вёсцы Гута. Але атэстат сталасці атрымаў у Моўчадскай сярэдняй школе-інтэрнаце Баранавіцкага раёна. Як і ў многіх паэтаў, біяграфію нашага земляка нельга назваць гладкай. Так, пасля школы, у 1970 годзе Уладзімір Марук не ідзе, як большасць пачынаючых паэтаў тагачасся, на філалагічны факультэт якога-небудзь ВНУ, а паступае ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Падчас вучобы адбываецца дэбютнае выступленне ў друку з вершамі, якія ў 1972 годзе публікуе «Магілёўская праўда».

Паэт відавочна гарнуўся да роднае зямелькі. Таму пасля заканчэння тэхнікума прыязджае працаваць у родны кут. Першай старонкай яго працоўнай біяграфіі стала Шашкоўская сельская бібліятэка, з якой перайшоў у раённую дзіцячую. Затым была нават пасада загадчыка аўтаклуба.

Станаўленне на паэтычнае крыло Уладзіміра Марука знешне падаецца няўпэўненым. Але за гэтым хаваецца сціплая натура тонкага і спакойнага лірыка, які не штурмаваў вяршыняў, а шукаў гармоніі ў свеце – і людскім, і паэтычным.

Філфак усё ж для мастакоў слова пасляваеннага пакалення абмінуць было практычна немагчыма. Таму не стала дзівам і заканчэнне Уладзімірам Антонавічам такога ж факультэта ў вядучым універсітэце Беларусі – БДУ (1980).

Далей – праца настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Мінску. Але ненадоўга. Голас маладога паэта гучаў усё больш адметна і прыкметна на ніве беларусчыны. Яго заўважылі. З 28 красавiка 1981 года ён працуе ў газеце "Звязда" карэспандэнтам аддзела культуры i лiтаратуры, а праз колькi гадоў — i загадчыкам аддзела. 

Неўзабаве выспеліўся і першы зборнік – "Зоркi ў кронах” (1982). Ціхую лірычную плынь вершаў Уладзіміра Марука можна параўнаць з паўнаводнаю ракою, якая, нягледзячы на маруднае цячэнне, тым не менш характарызуецца глыбінёй і шырынёй – у адрозненне ад рэчак бурапенных, але малаводных і неглыбокіх. У 1984 годзе паэта прымаюць у Саюз пісьменнікаў (тады СССР).

З 1986-га года Уладзімір Марук загадчык рэдакцыi выдавецтва "Юнацтва", а ў 1998-м — галоўны рэдактар выдавецтва "Белфакс". У 2003-м прыходзіць у вядучы літаратурна-мастацкі часопіс краіны "Полымя”, дзе становіцца намеснікам галоўнага рэдактара.



Пасля дэбютнага зборніка быў яшчэ шэраг кніг і мноства публікацый у перыёдыках, а таксама незлічоная колькасць выступленняў, у першую чаргу перад школьнікамі і студэнтамі. Уладзімір Марук сказаў важкае слова і ў дзіцячай літаратуры. Дасціпнае вершаванае апісанне прыгодаў жэўжыка Чыжа падчас падарожжаў птушачкі па розных кутках свету высвеціла аўтара перад дзіцячай аўдыторыяй у самым прывабным святле. 

Нават бегла зірнуўшы на творчасць паэта, прыходзіш да меркавання, што ён не гнаўся за колькасцю вершаў ці прыгожай слоўнай эквілібрыстыкай. Галоўнай рысай яго лірыкі з’яўляецца душэўнасць і духоўнасць.

Да ўсяго паэт займаўся і перакладамі з розных моў. Аднак найперш яго голас інкрустуе (ад назвы зборніка "Інкрустацыя голасам”) нашу паэтычную прастору сваім сінтэзам шчымліва-гуманістычнай любові і народнай філасафічнасці.

***

Сабралася бедна басота...
З народнай песні

П’ём нашу долю
з гноем і потам,
Доўга яшчэ баляваць.
"Сабралася бедна басота...” –
Нельга адрэдагаваць.

Песню не ўтоіш,
песню не ўтопіш,
Песню – не прап’еш...
Даўнія раны песняй акропіш,
Ды – 
не перажывеш.


***

Нагорнуцца слёзы. То выйшла душа з берагоў.
Надоечы хмара над ёю раўла-бушавала.
Сышлiся над ёю i здрада мая, i любоў –
Што знала яна i чаго анiзгадкi не знала.

Адвеку было ёй – цярплiвасцю зло асуджаць,
Давеку ёй стала слязамi цярпенне-маўчанне...
Не здрада з любоўю, а лёс прымушае крычаць,
Крычаць, покуль слёз – i мяне – ўжо не стане.

Што тут сказаць? Глыбокадумна. Глыбокасумна. І… прароча…

Жыццё кароткае, мастацтва вечнае, бо напісанае застаецца, – паводле старажытных рымлян. 

Чалавек сышоў. Паэт – жыве. У пакінутай людзям паэзіі.

Уладзімір Марук ніколі не забываў край, які даў яму пуцёўку ў жыццё, – Ганцаўшчыну. Землякі таксама будуць помніць сціплага і добрага чалавека родам з Гуты.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (28.01.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2601 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Уладзімір Марук, Гута, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.