Аўторак, 23.04.2024, 16:46

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Педагагічныя кадры агульнаадукацыйнай школы заходніх абласцей Беларусі ў 1939 – 1941 гг. (пачатак)
З рэарганізацыяй польскай школьнай сістэмы ў савецкую, безумоўна, наступіла адпаведнае кшталтаванне педагагічных кадраў. Папярэдняя кадравая палітыка, як было прынята, ганьбавалася: перадусім за тое, што паводле яе для працы адбіраліся адданыя патрыёты Польшчы, а прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў траплялі ў жорсткую дыскрымінацыю, падвяргаліся масавым звальненням, адзначаліся таксама вялікія нагрузкі польскага настаўніцтва (на аднаго настаўніка прыходзілася 80-100 і больш вучняў, а НКА БССР імкнуўся, каб настаўнік савецкай школы праводзіў навучанне не больш чым у 40 вучняў і толькі пры працы ў дзве змены – 80). За гэтымі хібамі не заўважаліся высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў для школ і параўнаўча прыстойная матэрыяльная як працоўная, так бытавая забяспечанасць педагогаў ІІ Рэчы Паспалітай. 

Паводле логікі новыя ўлады павінны былі імкнуцца ліквідаваць недахопы, не разбураючы таго лепшага, што ўжо было створана. Дэвізам кадравай палітыкі ў сферы асветы сталі словы В. І. Леніна: "Народны настаўнік павінен у нас быць пастаўлены на такую вышыню, на якой ён ніколі не стаяў і не стаіць і не можа стаяць у буржуазным грамадстве”. У савецкай гістарыяграфіі таксама дадавалася, што "Ленін вучыў партыю ставіць перад настаўнікамі велізарную задачу – насычаць духам камунізма працоўныя масы". Такім чынам абазначаліся месца і функцыя савецкага настаўніцтва ў барацьбе за пабудову новага ладу і распаўсюджванне ідэй бальшавіцкай рэвалюцыі, што было асабліва актуальным на інкарпараваных землях. Высветліць і вытлумачыць, навукова абгрунтаваць, якія ж захады прадпрымаліся Саветамі ў абвешчаным накірунку на заходнебеларускіх тэрыторыях, іх практычныя форму і змест з выцекаемымі адсюль вынікамі, – такая мэта дадзенага артыкула, які, улічваючы шырокавядомы савецкі труізм "кадры решают все", набывае ў даследаванні рэарганізацыі асветы далучаных у 1939 годзе беларускіх земляў ці не ключавое стратэгічнае значэнне. Кадравы фактар з’яўляецца адным з індыкатараў і шляхоў даследавання развіцця нацыянальнай школы, якая, калі яна сапраўды з’яўляецца патрэбнай і абавязковай, як гэта дэкларавала савецкая ўлада, павінна быць забяспечана "належным чынам падрыхтаванымі, нацыянальна свядомымі, валодаючымі нацыянальнай мовай выкладчыкамі і настаўнікамі".

Істотны рост колькасці школ і іх вучняў запатрабаваў аператыўнага вырашэння востра паўстаўшага кадравага пытання, якое ўскладнялася тым, што стваралася нацыянальная школьная сетка. Тут Саветы ўжо мелі вопыт 1920-х гадоў, калі з мэтаю адраджэння нацыянальнай школы былі выкарыстаны ўсе магчымыя сродкі, пачынаючы ад масавай перападрыхтоўкі настаўнікаў на зарганізаваных ва ўсіх паветах рэспублікі спецыяльных курсах да станоўчага вырашэння вельмі няпростага на той час пытання аб неадкладным вяртанні на працу ў родныя школы ўсіх настаўнікаў-беларусаў, якія служылі ў Чырвонай Арміі. Аднак спецыфіка заходнебеларускіх земляў узору 1939 – 1941 гадоў і савецкая палітычная стратэгія мелі значныя адрозненні ад перыяду нэпу на Савецкай Беларусі, што абумовіла новыя падыходы да фарміравання настаўніцтва, часта зусім адваротнага характару ў параўнанні з часамі каранізацыі этнічных тэрыторый Савецкага Саюза.
 
Стварэнне савецкай педагагічнай арміі на былых "крэсах усходніх" адбывалася некалькімі шляхамі. Асноўным рэсурсам для гэтага сталі мясцовая інтэлігенцыя, лаяльная да савецкай улады, і прысылаемыя ў заходнебеларускія школы для ролі авангарду з усходу.

Нязначную, але іншы раз важную частку настаўніцтва Заходняй Беларусі складалі бежанцы з захопленых Германіяй заходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай, часцей гэта былі яўрэі. У Савецкім Саюзе ж яны апынуліся пад пагрозай вывязення ў глыб краіны ці наогул ў яе азіяцкую частку (пэўна, у залежнасці ад іх сацыяльнага паходжання і сваяцкіх сувязей), а "праца ў школе стварала цень надзеі на ўзнікненне трагічнага лёсу". Дзе-нідзе абавязковае перасяленне з прымежжа настаўнікаў-бежанцаў (адно з праяўленняў шпіёнаманіі на дзяржаўным узроўні) ставіла пад пагрозу працу вялікай колькасці школ. Так, у Саколкаўскім раёне згодна з пастановай Беластоцкага аблвыканкама ад 13 сакавіка 1940 года школы павінны былі пакінуць 45 настаўнікаў, што з улікам дэфіцыту ў педкадрах больш чым у 40 чалавек (у суме атрымлівалася б амаль 90) стварала пагрозу функцыянаванню (нават фармальнаму) яшчэ 16 школам, акрамя тых чатырох, якія і без таго не працавалі па той самай прычыне.

Наогул, мяркуючы па дадзеных дакладной запіскі народнага камісара асветы БССР Е. Уралавай сакратару ЦК КП(б)Б У. Маліну, у якой паведамлялася пра наяўную колькасць настаўнікаў і іх недахоп па ўсёй БССР, кантынгент педагогаў у школах Заходняй Беларусі павінен быў скласці амаль 25 тысяч чалавек. Таму, нягледзячы на пастаўленыя ідэалагічныя задачы, каб не падвяргаць крызісу функцыянаванне школ, Саветы не маглі ігнараваць (ва ўсялякім разе на першапачатковым этапе) 13666 настаўнікаў (дадзеныя па дакуменце ад 25 кастрычніка 1939 года), якія працавалі пры Польшчы і засталіся ў савецкай школе, хаця сярод іх бачылі шмат антысавецкіх элементаў. Напрыклад, па Беластоцкай вобласці настаўнікі, працаваўшыя пры польскай уладзе, складалі да 1940/41 навучальнага года не менш 25 %. Значная частка ранейшых педагагічных кадраў, як сведчаць розныя крыніцы, пакуль гэта было магчыма, падавалася (нярэдка папросту ўцякалі) за мяжу (у Германію і Літву), з-за чаго многія школы або зусім не функцыянавалі, або працавалі вельмі кепска.

Складанымі і супярэчлівымі былі ўзаемаадносіны паміж ранейшым настаўніцтвам і савецкай уладай. Педагогам былых польскіх і яўрэйскіх школ (толькі такія школьныя ўстановы засталіся на "крэсах усходніх" у 1939 годзе ды яшчэ тры рускія і адна нямецкая), тым, якія "прызнавалі савецкую палітыку рэарганізацыі сістэмы народнай адукацыі ў Заходняй Беларусі, гарантавалася праца па спецыяльнасці". Звычайна рапартавалася, што "асноўная маса настаўніцтва з вялікім пад’ёмам узялася за працу ў савецкай школе”. Аднак побач з такімі аморфнымі заяўкамі ў справаздачах фігуравалі канкрэтныя факты і лічбы, паведамленні аб істотных недахопах у школьнай працы, звязаных перадусім з "засмечанасцю” настаўніцкіх кадраў "чуждымі” элементамі. Напрыклад, паводле іх, 600 настаўнікаў толькі па Брэсцкай вобласці з’яўляліся "выхадцамі з буржуазных, памешчыцкіх і папоўска-ксяндзоўскіх сем’яў”. Яны ў ходзе рэгістрацыі сацыяльнага паходжання педкадраў браліся на ўлік і станавіліся патэнцыяльнымі прэтэндэнтамі на звальненне або рэпрэсіраванне ў залежнасці ад іхняй дзейнасці і дзейнасці іх родных у розныя перыяды гісторыі, пачынаючы з дакастрычніцкіх часоў. Падобнага "кампрамату" шмат захоўваецца ў архівах Рэспублікі Беларусь.

"Для таго, каб нам рашуча палепшыць працу нашых школ і органаў народнай адукацыі мы павінны: асабліва пільна сачыць за сацыяльным і палітычным абліччам настаўніцкіх кадраў, ачышчаць іх ад варожых людзей, а засмечанасць гэтых кадраў асабліва вялікая". Прыведзеная вытрымка з архіўнага дакумента досыць паказальна сведчыць пра ацэнку ўладай становішча з педкадрамі рэарганізаваных школ. Сацыяльнае паходжанне стала лакмусавай паперкай пры характарыстыцы педагагічных кадраў рэарганізуемай сеткі школ. Часта гэты крытэрый стаяў паперадзе узроўню адукацыі настаўніцтва і з’яўляўся пропускам для атрымання працы.

Наогул жа праверка лаяльнасці да савецкай улады органамі НКУС усіх слаёў насельніцтва, інтэлігенцыі асабліва, сацыяльнага складу рэгіёнаў (акцэнт рабіўся на тых, якія сталі памежнымі, напрыклад, Ломжынскі павет) пачалася з першых дзён з’яўлення Чырвонай Арміі на землях усходніх ваяводстваў Польшчы. Настаўніцтва тут трапіла пад самы пільны нагляд, бо, паводле дакладной запіскі намесніка народнага камісара асветы К. Чарнова, у школы памежных з БССР паветаў накіроўваліся настаўнікі – агенты польскай дыфензівы, дый у іншых школах працавалі перадусім адданыя ўраду людзі. 

Найбольш аператыўна рэпрэсіўная машына пашчыравала на землях Віленшчыны, якія перадаваліся Літве: па паведамленні народнага камісара НКУС Л. Цанавы, якое захоўвалася пад грыфам "Зусім сакрэтна", акрамя ў ім ужо згаданых (! – А. Т.) польскіх і сіянісцкіх арганізацый, "па гораду Вільня на 5 кастрычніка гэтага года ўстаноўлены 253 (! – А. Т.) грамадскія арганізацыі з поўнымі ўстановачнымі, характарызуючымі дадзенымі", у тым ліку "Саюз польскіх настаўнікаў".
 
На астатняй далучанай тэрыторыі такога "цэйтноту" не было, што дазволіла працэс ператрусу і фільтрацыі педагагічных і не толькі кадраў праводзіць не так рэзка, але і не настолькі павольна, каб інтэнсіўнасць і экстэнсіўнасць працэсу нельга было заўважыць. Да таго ж непрывыкшыя да ўмоў "дэмакратыі па-савецку”, незадаволеныя палітыкай кшталтавання школьніцтва настаўнікі самі часта стваралі прэцэндэнты для абвінавачвання іх у "контррэвалюцыйнай" дзейнасці. 

Часцей гэта было стыхійна і нават несвядома, відаць, "па інерцыі" сістэмы адукацыі Польшчы і ўсталяванай культуры наогул, шмат чаго з якой зрабілася пры савецкай уладзе негатыўным, іншы раз нават незалежна ад аб’екта, які парушаў савецкія нормы. З вялікім абурэннем дакументы тых часоў распавядаюць пра рознага кшталту настаўнікаў-дысідэнтаў, сёння віна якіх выглядае нонсенсам: у вёсцы Востраў "настаўніца Альхоўская М. Ю. дачка папа... не ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, трымае сябе ў баку ад усяго", настаўніца Доўкша В.С. вёскі Ялуцэвічы... ходзіць у касцёл, таму мае свой уплыў на дзяцей"; "настаўніца вёскі Ярнева... Багдановіч А.М. у мінулым буйная кулачка, мела 40 га зямлі, 4 коні, 3 каровы. Муж афіцэр, знаходзіцца ў палоне ў Германіі" (усё Зэльвенскі раён); Бадзількіс (настаўнік Гродзенскай СШ) даў вучням задачу на працэнты, пры чым па ўмовах яе атрымалася, што "лічба галасаваўшых за кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных не перавышае 67 % выбаршчыкаў". 

Нашмат цяжэйшымі злачынствамі ў адказе перад сацыялізмам з’яўляліся праяўленні антысемітызму, выкладанне ўжо забароненай і 7 снежня 1939 года практычна выкінутай са школы рэлігіі ці чытанне малітваў у школе, адмова праводзіць антырэлігійную працу і ўдзельнічаць ў сацыялістычным спаборніцтве паміж школамі, сабатаж і супраціў саветызацыі школы, спроба абароны арыштаванага НКУС калегі, патуранне і нават арганізацыя вучнёўскай антысавецкай дзейнасці (у Свенцянах старшакласнікі гімназіі пад кіраўніцтвам прафесара французскай мовы В. Урбанова стварылі групу для "вядзення контррэвалюцыйнай прапаганды сярод вучняў"), не кажучы ўжо пра нацыяналістычныя настроі, якія назіраліся ў польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх і іншых школах, і агітацыю супраць далучэння да Савецкай Беларусі, і да т. п.

Некаторы раз антысавецкія выступы працаўнікоў асветы набывалі вельмі сур’ёзны характар, выліваючыся ў форму сабатажу. 

Лёс антысавецкіх актывістаў быў прадвызначаны. Бывалі выпадкі арышту выкладчыкаў з памяшкання райана. Даходзіла да таго, што настаўнікі кідалі школу і з-за страху пастаянна мянялі месца начлегу, каб не схапілі. Высяленне класава чужых і ліквідацыя варожых элементаў напужала настаўнікаў, прымусіла апрануць "маску лаяльнасці”, хаця, на думку улады, яны заставаліся вернымі сваім ранейшым перакананням.

Абсалютная большасць такіх калізій прыпадае на "прапольскіх" настаўнікаў (што зразумела, ўлічваючы папярэдні перыяд іх працоўнай дзейнасці). Аднак не выключэннем былі антысавецкія з’явы і ў літоўскім асяродку школьніцтва, педагагічныя кадры якога былі ўкамплектаваны нездавальняюча "як па дзелавой падрыхтоўцы, так і па палітычнай добранадзейнасці", але нязначная ўдзельная вага літоўскіх школ, відаць, абумоўлівала меншую ўвагу да іх кіраўніцтва рэспублікі.

НКУС рыхтавалі "спісы на высылку нацыянальна-свядомых і ўсіх класава-ненадзейных элементаў занятай тэрыторыі", куды, безумоўна, траплялі падазроныя ці тым больш яўна настроеныя супраць Саветаў настаўнікі, рэпрэсіі якіх (звычайна ў форме дэпартацыі) працякалі ў агульным рэпрэсіўным кантэксце па заходніх абласцях Беларусі, а асабліва многа настаўніцтва было вывезена падчас другой хвалі дэпартацыі – у маі 1940 года. Гэта дало падставы ў хуткім часе некаторым органам савецкай улады рапартаваць, што "за час пасля рэарганізацыі школ горада (Гродна – А. Т.) і пераходу іх на савецкія праграмы выкладання, партыйныя і савецкія арганізацыі горада аказалі дапамогу школам у навядзенні бальшавіцкага парадку, партарганізацыя з’яднала настаўніцкі калектыў, значна ачысціла яго ад варожых элементаў". Такім чынам, ужо да 1940/41 навучальнага года як правіла сілавымі метадамі Саветы ў асноўным "разабраліся” з праблемай тых педагагічных кадраў, якія засталіся ёй у спадчыну ад ІІ Рэчы Паспалітай, частка іх была рэпрэсіравана, а большасць астатніх гэтым запужана.

Такое становішча дазволіла ў наступным навучальным годзе праводзіць больш мяккую і памяркоўную палітыку ў дачыненні да настаўнікаў, якіх па-ранейшаму бракавала. Прынамсі, у выпадку масавага звальнення педагогаў польскіх школ на пачатку 1940/41 навучальнага года ў некаторых раёнах Беластоцкай вобласці райкамы КП(б)Б крытыкаваліся за нежаданне займацца "карпатлівай працай па індывідуальным вывучэнні, выхаванні і вырошчванні" педкадраў з мясцовага насельніцтва; загадана было іх уладкаваць назад і ў далейшым пры звальненнях і перамяшчэннях настаўнікаў захоўваць індывідуальны падыход. 

Адсутнасць праяўленняў антысавецкіх настрояў сярод настаўнікаў не азначала адсутнасці дыферэнцыяцыі іх па добранадзейнасці. З месцаў працягвалі паступаць дакладныя запіскі з такой інфармацыяй. Так, сакратар Маларыцкага РККП(б)Б, нягледзечы на тое, што гэты раён не быў забяспечаны педкадрамі нават на палову, у чэрвені 1940 года паведамляў, што з 54 працуючых у школах настаўнікаў 24 (!) патрэбна вызваліць з-за неадпаведнасці свайму прызначэнню ("классово-чуждые" або без педагагічнай адукацыі). Колькасць настаўнікаў, якія выкладалі пры Польшчы, з цягам часу мінімалізавалася.

Савецкія крыніцы і гісторыяграфія любяць згадваць пра такое дасягненне савецкай улады, як працаўладкаванне беспрацоўных пры Польшчы настаўнікаў. Увогуле, паводле тых дадзеных, па Заходняй Беларусі ў першыя месяцы атрымалі працу каля шасці з паловай тысяч чалавек з мясцовага насельніцтва, якія не працавалі ў школе на верасень 1939 года (прыблізна 42 % ад агульнага складу). Аднак сярод прынятых на працу ў савецкія школы, акрамя сапраўды звольненых некалі настаўнікаў, нярэдкасцю былі "былыя палітзняволеныя і рэвалюцыйна настроеныя”, гэта значыць, не мелі педагагічнай адукацыі; у сапраўднасці спачатку ішлося толькі пра 2438 беспрацоўных настаўнікаў на былых "крэсах усходніх". Да таго ж гарантаванае канстытуцыяй права на працу абарочвалася іншы раз абавязкам, калі чалавека ангажавалі і распараджаліся ім у "добраахвотна-прымусовым" парадку: партыя прымала рашэнні "для поўнага ахопу дзяцей школай навербаваць добра пісьменных беларусаў і паслаць іх на працу ў школы". Галоўнай зручнасцю для ўлады гэтай катэгорыі настаўніцтва з’яўлялася адсутнасць такіх сацыяльна-палітычных праблем, як з працаваўшымі ў школах Польшчы, што абумовіла месцамі высокі працэнт прынятых на педагагічную працу савецкай уладай (напрыклад, у школах Навагрудскага раёна такіх настаўнікаў працавала 69 %). У дадзеным выпадку ўзнікала праблема прафесіяналізму наваяўленых педагогаў, якую патрэбна было ліквідоўваць тэрмінова, не забываючы пры гэтым на іх ідэалагічнае выхаванне, што тычылася таксама ў вялікай ступені педагагічнай спадчыны польскай сістэмы адукацыі, бо адукацыя тых настаўнікаў разыходзілася з патрабаваннямі савецкіх праграм, не кажучы пра свядомасць. 

Гэтыя два прабелы настаўніцтва інкарпараванай тэрыторыі – прафесійны ды ідэалагічны – пачалі ліквідоўвацца неўзабаве, нават хутчэй, чым саветызацыя навучання (дзеля яе ж адпаведным чынам і выхоўваліся, "каваліся" кадры, бо аднымі прызначэнцамі з усходу праблему нельга было вырашыць). Прычым відавочна, што акцэнт рабіўся менавіта на ідэалагічнай апрацоўцы настаўнікаў, – тымі мерапрыемствамі, праз якія прайшла абсалютная большасць педагогаў савецкай школы ў заходніх абласцях Беларусі, нібы па шматплыннаму канвееру, дасягнуць пастаўленай Саветамі мэты (забяспечанне школ кадрамі – не толькі ідэйна здаровымі ў разуменні ўлады, але і адукаванымі) магчыма было толькі фармальна, аднак і гэта потым дало падставы савецкім гісторыкам трубіць пра "паспяховую і бесперабойную" працу школ Заходняй Беларусі.

Самым першым крокам на гэтым шляху стала правядзенне ў кожнай вобласці і, па магчымасці, раёне кароткачасовых курсаў перападрыхтоўкі і падрыхтоўкі (з беспрацоўных) настаўнікаў. Курсы шырокай сеткай пачалі дзейнічаць з першых тыдняў устанаўлення савецкай улады. Для выкладання на курсах накіроўваліся з усходу настаўнікі рускай і беларускай моў. 

Даволі хутка развіццё курсавых мерапрыемстваў набыло маштабны характар, сфармавалася ў нешта сістэмнае. Яны былі разнастайнымі па працягласці (ад трохдзённых семінараў ці двух тыдняў да дзевяці месяцаў) і зместавым напаўненні (для розных настаўнікаў-прадметнікаў, выключэннем з’яўлялася вывучэнне асноў марксізму-ленінізму, што было абавязковым для ўсіх). Цікава і дзіўна, што ў бюджэце БССР на 1940 год не планаваліся расходы на курсавыя мерапрыемствы ў заходніх абласцях, аднак гэта не перашкодзіла ім актыўна функцыянаваць.

Не проста масава, а татальна (загад НКА БССР Е. Уралавай) было ахоплена настаўніцтва курсамі на зімовых канікулах 1939/40 навучальнага года, пасля якіх адбываўся пераход на савецкія праграмы. Праз двухтыднёвыя курсавыя мерапрыемствы, на якіх праводзілася навучанне беларускай і рускай мовам, прайшлі ўсе (!) настаўнікі, атрымаўшы "ідэйную зарадку для перавода школы на савецкі лад".

Аднак, зразумела, якім бы інтэнсіўным не было навучанне на вакацыйных курсавых мерапрыемствах, яго вынікі не маглі задаволіць ні адукацыйныя (ці ж магчыма вывучыць мову для выкладання на ёй за два тыдні?), ні тым больш ідэалагічныя мэты Саветаў, да таго ж паступалі сігналы аб выключна кепскай арганізацыі курсаў і нават іх беспадстаўны роспуск. Але такая форма апрацоўкі настаўніцтва набыла разнастайнасць і перманентнасць, бо яна дазваляла асноўнай масе настаўніцтва не пакідаць працоўных месцаў на доўгі тэрмін, што было немалаважна, улічваючы істотны недахоп у педкадрах.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (09.10.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2409 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.