Пятніца, 19.04.2024, 02:06

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Педагагічныя кадры агульнаадукацыйнай школы заходніх абласцей Беларусі ў 1939 – 1941 гг. (заканчэнне)
Летам 1940 года адбылася другая па велічыні хваля курсавых мерапрыемстваў. Толькі ў Беластоцкай вобласці імі была ахоплена не меней чатырох тысяч настаўнікаў – абсалютная большасць (сюды, відавочна, не трапілі толькі накіраваныя на працу ў школы з усходу):

Якія ж прадметы выкладаліся прысланымі з усходу спецыялістамі для заходнебеларускіх калег? Думаецца гэта нескладана будзе ўявіць па праграме, складзенай для настаўнікаў матэматыкі і фізікі, навучанне па якой ажыццяўлялася ў Беластоку і Гродне ў чэрвені 1940 года на трохтыднёвых курсах:
• гісторыя ВКП(б) – 30 гадзін,
• педагогіка – 15 гадзін,
• руская мова – 24 гадзіны,
• беларуская мова – 24 гадзіны.

Толькі зрэдзьчасу, дый то ў апошнюю чаргу, кароткатэрміновыя мерапрыемствы праводзіліся аб’ектыўна для спецыялістаў, як, напрыклад, курсы для павышэння кваліфікацыі настаўнікаў яўрэйскай мовы і літаратуры 15 – 20 жніўня 1940 года, курсы настаўнікаў гісторыі школ Баранавіч, семінары для біёлагаў і некаторых іншых (адбыліся восенню 1940 года пры настаўніцкім інстытуце, але былі зусім нешматлікімі). 

Меркавалася, што вялікую метадычную дапамогу настаўніцтву (у тым ліку слабападрыхтаваным прыезджым) разгорнуць абласныя і перадусім раённыя педкабінеты, а таксама "куставыя" аб’яднанні настаўнікаў (суседніх школ для абмену вопытам). Гэтыя формы удасканальвання педагагічнай адукацыі не ўсюды рэалізоўваліся належным чынам. Так, з запланаваных 170 педкабінетаў па ўсёй Беларусі ў 1940 годзе было адкрыта толькі 138. 

Існавалі яшчэ дзевяцімесячныя настаўніцкія курсы пры ВНУ заходніх абласцей, але яны не адыгралі істотнай ролі ў фарміраванні кадравай палітыкі народнай асветы тагачаснай Заходняй Беларусі, бо іх курсанты павінны былі прыступіць да працы ў 1941/42 навучальным годзе.

Выпускнікі ж кароткатэрміновых курсаў кшталтавалі ўзровень навучання ў агульнаадукацыйнай школе заходніх абласцей. Якім быў гэты ўзровень можна меркаваць па тым, што ў школах працавала вялікая доля настаўнікаў, якія не мелі педагагічнай адукацыі, але навучаліся на кусах. У прыватнасці ў Беластоцкай вобласці такіх было на пачатак 1940/41 навучальнага года 2950 чалавек (каля паловы). Яшчэ пра адну рысу, якая яскрава характарызуе становішча з педкадрамі заходнебеларускай школы тагачасся, паведамляе вядомы беларускі пісьменнік А. Карпюк: на трохмесячныя курсы прымалі пасля 7-і класаў, але прасочваліся людзі і з 5-класнай адукацыяй, а адказныя органы потым рапартавалі: "Прынёманскі край, дзякуючы савецкай уладзе, атрымаў 300 чалавек новых, высокаадукаваных педагогаў".

Настаўніцтва, што засталося працаваць з часоў школы ІІ Рэчы Паспалітай, найчасцей іранічна адносілася да навучання на курсавых мерапрыемствах, часам абсурдны змест якіх быў навідавоку, да таго ж выкладчыкі нярэдка былі адукаваныя меней, чым слухачы, аднак паводзілі сябе фанабэрліва. Выклікала незадавальненне нават на афіцыйным узроўні – загадчыкаў райана Беласточчыны – арганізацыя курсавых мерапрыемстваў на беларускай мове, а не на патрэбнай ім польскай.

Новая ўлада разумела сваю несімпатычнасць для вялікай часткі насельніцтва і ўсімі сродкамі імкнулася гэта калі не ліквідаваць цалкам (экспліцытна ці латэнтна такая з’ява ўсё адно б існавала), то хаця б нівеліраваць у як мага карацейшыя тэрміны – шляхам аператыўнай саветызацыі анексіраваных тэрыторый, для чаго патрабавалася агромістая колькасць людзей. Адным з важнейшых сродкаў ідэалагічнай экспансіі з’яўлялася асвета, а праваднікамі – педагогі. Іх роля павінна была не абмяжоўвацца працай у школе, а мець актыўны грамадскі характар (г. зн. несці дзяржаўную ідэалогію ў масы, напрыклад, праводзіць агітацыю на выбарах). Зразумела, мясцовым настаўнікам давяраць было нельга, таму пад шыльдай вострага недахопу педкадраў у навучальных установах Заходняй Беларусі ў сферу народнай асветы першых дзён пачалі прысылацца сотні "сваіх", савецкіх (ці, лепей сказаць, саветызаваных) людзей і не абавязкова з педагагічнай адукацыяй, бо галоўнай іх задачай бачылася зусім не ажыццяўленне навучання.

Каб зразумець, якімі ж педагагічнымі кадрамі папаўняліся школы заходніх абласцей Беларусі, трэба хаця б лапідарна разгледзець сітуацыю з настаўніцтвам на ўсходзе рэспублікі, адкуль у сваёй большасці і чэрпаўся рэсурс дапамогі.

На 1-га верасня 1939 года ў Савецкай Беларусі налічвалася каля 41000 настаўнікаў (з каторых толькі недзе 6000 мелі закончаную вышэйшую і сярэднюю адукацыю) пры аптымальнай іх колькасці 46651. 

Вялікія палітычныя пертурбацыі апошніх месяцаў 1939 года пацягнулі за сабой значныя ратацыйныя трансфармацыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у тым ліку адукацыйнай. На аснове прынятага ІV Пазачарговай сесіяй Вярхоўнага савета СССР 1-га верасня 1939 года Закона аб усеагульным воінскім абавязку настаўнікі сельскіх школ, якія карысталіся раней адтэрміноўкай, прызываліся на тэрміновую службу. Прызыву ў тым жа годзе належала каля 15000 настаўнікаў Беларусі, у асобных школах – да 50 % педперсанала (урэшце прызвана было толькі 8000). У сувязі з гэтым (а сітуацыю яшчэ ўскладніла цяжкае становішча з настаўнікамі ў былых "крэсах усходніх") ЦК КП(б)Б 26 верасня 1939 года прымае пастанову "Аб укамплектаванні школ БССР педагагічнымі кадрамі" з шэрагам крокаў па вырашэнні вострапаўстаўшай праблемы, такіх як:
датэрміновы выпуск студэнтаў ва ўсіх педагагічных навучальных установах;
• накіраванне гарадскіх настаўнікаў у вясковыя школы;
• павелічэнне нагрузкі настаўнікаў;
• перападрыхтоўка кадраў для працы ў класах узроўнем вышэй;
• правядзенне шэрагу курсавых мерапрыемстваў (да 9 месяцаў) па падрыхтоўцы настаўнікаў малодшых класаў і прадметнікаў для няпоўнай сярэдняй школы;
• падрыхтоўка старшакласнікаў некаторых сярэдніх школ для працы ў малодшых класах;
• выяўленне працуючых не па спецыяльнасці настаўнікаў і накіраванне іх на працу ў школы;
• браніраванне часткі патэнцыяльных прызыўнікоў (6000 чалавек), бо кадравы недакамплект склаў бы 8000 педагогаў.

Першыя вынікі з’явіліся неўзабаве: педагагічны склад школ папоўніўся тысячамі новаспечаных настаўнікаў, яшчэ тысячы былі "недавучанымі" накіраваны на педагагічную працу, а таксама многія былі пераведзены пасля кароткатэрміновых курсаў на выкладанне ў сярэдніх ці старэйшых класах. Па прыблізных падліках (з-за адсутнасці дакладных абагульняючых дадзеных) у гэтых ратацыйных працэсах асветы ва ўсходняй частцы Беларусі было задзейнічана каля 15000 чалавек. Відавочна, што і тут мэтай выступалі колькасныя, а не якасныя паказчыкі.

Аналіз кадравага забяспечання мае, акрамя кваліфікацыйнага, яшчэ адзін падставовы аспект – нацыянальны. І тут варта, безумоўна, зазначыць, што яму пры падрыхтоўцы кадраў у Савецкай Беларусі перад далучэннем "крэсаў усходніх" катастрафічна бракавала ўвагі (нацыянальныя школы імкліва русіфікаваліся), а савецкія гісторыкі зусім не прыдавалі яму істотнага значэння, закрывалі вочы на гэты амбівалентны "пралік" "ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі". Між тым, прадэклараванае Саветамі задавальненне нацыянальных інтарэсаў у сферы асветы вымушала ў прынцыпе не ўнікаць гэтай праблемы пры падрыхтоўцы педкадраў, якія накіроўваліся на працу ў заходнія вобласці Беларусі. Ігнараванне ж яе (праблемы кшталтавання нацыянальных педкадараў для школ Заходняй Беларусі ва ўсходняй яе частцы) з самага пачатку, у корані, спарадзіла рэзка негатыўныя з’явы ў сістэме адукацыі потым, пры развіцці. Гэта было відавочным, таму відавочнай бачыцца і мэта ўпартых інтэнцый савецкай улады захоўваць прыняты курс, тэндэнцыю, з невялікай доляй яе карэкцыі, так бы мовіць, касметычных і папулісцкіх мераў, якімі магчыма было прыкрывацца ад эвентуальнай крытыкі. Мэтай жа была, як ужо гаварылася, саветызацыя тэрыторый, дзе школа адыгрывала ролю адной з асноўных рухаючых сіл (пра што казаў яшчэ М. Мураўёў-"вешальнік", вялікі русіфікатар "Паўночна-заходняга краю" ХІХ стагоддзя), таму і "пралікі", звязаныя з прысыланнем у заходнебеларускія рознанацыянальныя школы настаўнікаў, з’яўляюцца адным з пунктаў свядомай адукацыйнай палітыкі Саветаў на займаемых землях.

У першыя ж месяцы пасля прыходу савецкай улады на заходнебеларускія землі ў аддзелы народнай асветы БССР пачалі паступаць "шматлікія заявы ад настаўнікаў з просьбай накіраваць іх на работу ў школы заходніх абласцей БССР", Наўрад ці такія імкненні можна расцэньваць як ідэйны энтузіазм. Землі, што "стагналі пад прыгнётам капіталізму", і іх жыхары аказаліся матэрыяльна лепей забяспечанымі, чым ахвяры квітнеючага сацыялізму. 

Гэтай міграцыі садзейнічаў яшчэ адзін важкі фактар – прыезджыя з усходу станавіліся стратай накшталт эліты. Як правіла з-за недаверу да мясцовага насельніцтва яны займалі ключавыя пасады ва ўсіх абласцях грамадскага жыцця, у тым ліку ў сферы асветы. 

Агульнаадукацыйныя школы па магчымасці забяспечваліся дырэктарамі з усходу, асабліва найбольш неспакойныя польскія, на Беласточчыне.

Плыня камандзіруемых не спадала і за ўвесь 1939/40 навучальны год склала лічбу ў 7844 чалавекі (31 % ад плануемай агульнай колькасці настаўнікаў Заходняй Беларусі). Размяркоўваліся яны па рэгіёнах і школах нераўнамерна. Так, раёны Беластоцкай вобласці мелі ў школах прысланых настаўнікаў ад 3 (Ломжынскі) да 137 (Ваўкавыскі). Прынцып размеркавання застаўся да канца не зразумелым, хутчэй за ўсё шмат было абумоўлена тагачасным хаосам, калі людзі пасылаліся ў заходнія вобласці, бывала, без уліку патрэб. Напрыклад, Беластоцкаму аблана накіравалі 458 настаўнікаў без згоды і дамоўленасці, таму частку давялося вярнуць НКА, 47 адправіць у Баранавіцкую вобласць, а 36 перавесці наогул на піянерскую работу. Прысылаемыя настаўнікі не вызначаліся высокім узроўнем адукацыі і прыхільнасцю да нацыянальных інтарэсаў мясцовага насельніцтва. Яны часта не валодалі элементарнай побытавай культурай. Наступны ўрывак спецпаведамлення органаў НКУС аб становішчы адукацыі Баранавіцкай вобласці ў 1940/41 навучальным годзе развейвае спробу стварэння міфа пра лепшых педагогаў, што выязджалі на працу ў Заходнюю Беларусь: "Значная частка настаўнікаў прыбыла з усходніх абласцей СССР, але сярод гэтай часткі настаўніцтва шмат слабападрыхтаваных. Аддзелы народнай адукацыі і Наркамасветы рэспублікі не заўсёды сур’ёзна падыходзяць да адбору настаўнікаў для накіравання іх у заходнія вобласці, а часамі робяць свядома (падкрэслена намі – А. Т.) – моцных настаўнікаў пакідаюць у сябе, а слабых адпраўляюць". Да таго ж узрост іх значнай часткі не перавышаў 16 – 17 (!) гадоў. 

Акрамя плыні настаўніцтва, якая ажыццяўлялася па каналах НКА, існаваў дзіўны ручаёк камандзіруемых настаўнікаў у памежныя раёны (у Беластоцкай вобласці такіх было 458 чалавек на пачатак 1940/41 навучальнага года), – такая інфармацыя толькі праслізгвае ў агульнадаступных крыніцах, што нараджае пытанне, ці не адкрываліся дзеля канспірацыі, акрамя афіцыйна вядомых, школы пры ваенных частках, як гэта рабілася з дзіцячымі садамі.

З усяго гэтага вынікае, што кадраў для заходнебеларускіх школ не шкадавалі, яны складалі прыкметны працэнт ад агульнай колькасці прыезджых: у той самай Беластоцкай вобласці – 12,2 %, а ў Брэсцкай – 13,7 %. Аднак колькасць не вызначала якасць выбранай кадравай палітыкі. Галоўныя эксцэсы і калізіі пры стварэнні заходнебеларускай нацыянальнай школы па савецкім узоры ўзнікалі менавіта ў выніку размеркавання настаўнікаў з усходу ды іх кантактаў з мясцовымі калегамі і вучнямі.

Бадай, толькі ў літоўскіх школах (іх на пачатак 1940/41 навучальнага года было 54 з колькасцю вучняў парадку 3000 чалавек) гэтая праблема не выклікала вастрыні. Па той простай прычыне, што іх да верасня 1940 года так і не змаглі даўкамплектаваць патрэбнымі педкадрамі: НКА БССР "удалося паслаць туды толькі аднаго педагога, які ведаў літоўскую мову", і ў гэтым плане адсутнічалі ўсялякія перспектывы.

Мяркуючы па архіўных дакументах, яўрэйскія школы (170 з 51046 вучнямі) не адчувалі праблем з настаўніцкімі кадрамі. Да таго ж асноўная маса яўрэйскага настаўніцтва мела сярэднюю і вышэйшую педагагічную адукацыю, толькі ў нязначнай часткі адсутнічала спецыяльная адукацыя, што на агульным фоне глядзелася выключэннем. Праўда, і яго не было б, каб пасля шматлікіх перагібаў не звольнілі з пасады загадчыка Беластоцкага аблана Найдзіна, які ў сакавіку 1940 года даў сакрэтнае ўказанне загадчыкам райана адносна замены ў школах мясцовых кадраў прыезджымі, што было адменена яго намеснікам 1-га кастрычніка.

Камплектаванне ж польскіх школ, асноўная частка якіх знаходзілася ў Беластоцкай вобласці, адбывалася хваравіта для нацыянальнай школы. Найперш гэтаму садзейнічала неадпаведная ідэям нацыянальнай школы палітыка прысылання кадраў для народнай адукацыі з усходу, якая мела паталагічна паланафобскі характар. Так, з ліку накіраваных Масквой у Беластоцкую вобласць для арганізацыі школьнай работы 39 камсоргаў ЦК ВЛКСМ – 19 рускіх, 13 яўрэяў, беларусаў усяго 4, палякаў зусім толькі 3. Большасць з іх – жыхары г. Масквы і Маскоўскай вобласці. Польскай мовай з іх не валодаў ніхто. 

Наўрад ці такая палітыка была неабдуманай, хутчэй наадварот: каб каразійныя працэсы станаўленню нацыянальнай школы прышчапіць у зародку, – на карысць гэтай думкі сведчыць пасляваеннае развіццё народнай адукацыі Беларусі. Настаўнікі, зразумеўшыя тэндэнцыі развіцця асветы, расчароўваліся ў новых уладах, некаторыя нават пакідалі працу ў школе.

Каб фармальна адпавядаць прадэклараванай палітыцы, стварыць уражанне яе выканання Саветы ўзводзілі адпаведныя "дэкарацыі". 17 кастрычніка 1940 года была прынята пастанова "Аб упарадкаванні справы падбора і пасылкі работнікаў у заходнія вобласці БССР". У ёй адзначалася, што "распаўсюдзіліся выпадкі пасылкі ў заходнія вобласці работнікаў, у якіх там няма ніякай патрэбы, на пасады і працу, якія з поспехам могуць заняць мясцовыя кадры... Наркамасветы ўвёў практыку накіравання настаўнікаў у заходнія вобласці без уліку сапраўднай патрэбнасці і нацыянальнага састава школ". Практыка агульнага недаверу да мясцовых спецыялістаў (асабліва польскай нацыянальнасці) была прызнана заганнай. Цяпер ухіл быў зроблены ў бок каранізацыі – вылучэння на кіруючыя пасады тутэйшых кадраў. 

Услед пастанове ў ЦК КП(б)Б была накіравана спецыяльная запіска "Аб фактах скажэння ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі аддзеламі народнай адукацыі ў Беластоцкай вобласці", у якой паведамлялася пра шматлікія эксцэсы і парушэнні.

Настаўнікі з усходу мусілі вывучаць польскую мову, у іншым выпадку яны замяняліся на мясцовых, што тычылася нават дырэкцыі школ.

Імкнулася паправіць становішча кадравая палітыка мясцовых органаў асветы адносна укамплектоўкі школ настаўнікамі і размеркаванне іх з большай карысцю для навучальнага працэсу.

У большасці сваёй гэтыя прадпрымаемыя меры так і заставаліся на паперы, рэцэдывы неадэкватных дзеянняў усходнікаў працягваліся.

Такім чынам, агульная панарама педагагічных кадраў з нацыянальна-дэмакратычных і прафесійных пазіцый выглядае хутчэй негатыўна, чым станоўча. Лічба колькасці настаўнікаў агульнаадукацыйных школ у 21170 перад пачаткам вайны з Германіяй, згодна дадзеных савецкіх статыстаў, з'яўляецца завышанай і архівамі (савецкімі ж), а таксама іншымі крыніцамі не пацвярджаецца (яна можа быць больш-менш сапраўднай толькі пры ўмове ўлічэння выпускнікоў курсаў і педагагічных устаноў, аднак яны па сутнасці яшчэ не пачалі прафесійную дзейнасць). У працэсе развіцця школьнай сеткі захоўваўся важкі брак спецыялістаў рознага профілю.

Узровень адукацыі школьных кадраў быў крытычна нізкі (за выключэннем настаўнікаў яўрэйскіх школ). Мяркуючы па тэндэнцыі, колькасць настаўнікаў з вышэйшай педагагічнай адукацыяй у школах заходніх абласцей да лета 1940 года не перавысіла 10 % (гл. склад настаўніцтва Беластоцкай і Баранавіцкай абласцей).

Асноўная маса настаўніцтва амаль не мела прафесійнага вопыту.

Матэрыяльнае становішча простых настаўнікаў, іх бытавыя ўмовы значна пагоршыліся ў параўнанні з папярэднім "буржуазным" перыядам. Заработная плата вагалася ад 150 да 200 рублёў пры пражытачным мінімуме не менш 100 рублёў па дзяржаўных коштах, якія разыходзіліся з рынкавымі ў разоў пяць, зразумела, не на карысць народа. Не надта клапаціліся і пра накіраваных у незнаёмы край з усходу. У Парэцкім раёне (непадалёку ад Гродна) былі выпадкі, калі прыезджым настаўнікам даводзілася спаць на падлозе, да таго ж ім не выплачвалася своечасова зарплата. У райцэнтры Крынкі Беластоцкай вобласці 9 настаўнікаў вымушаны былі жыць разам у адным пакоі. На Брэстчыне меліся перабоі ў забяспечанні настаўніцтва таварамі першай неабходнасці (хлеб, цукар, мыла, абутак). Пры гэтым умовы працы тады былі надзвычай жорсткімі, пад махавік рэпрэсій можна было трапіць за дробнае парушэнне. "У час, калі краіна ўзмацніла работу з усялякімі парушальнікамі законаў (выйшаў закон аб працоўнай дысцыпліне – А. Т.) і правілаў сацыяльнага суіснавання, з дэзарганізатарамі вытворчасці хуліганамі і раскрадальнікамі сацыялістычнай уласнасці, – гаварылася ў галоўнай савецкай газеце, – нельга цярпець мяккацеласці і ў адносінах дэзарганізатараў навучання ў школе".

Напярэдадні нападу Германіі педагагічныя кадры школ Заходняй Беларусі ў цэлым набылі выгляд сфарміраванасці, запоўніўшы тыя прабелы, якія ўзніклі пасля развалу сістэмы адукацыі ІІ Рэчы Паспалітай (праблема з недахопам настаўнікаў у літоўскіх школах была часткова вырашана пасля чарговай перадачы тэрыторый ужо анексіраванай Літве ў лістападзе 1940 года). Розніца ў прафесійным узроўні паміж "старымі" мясцовымі і прыезджымі пачала нівеліравацца (не ў лепшы бок). І наогул хуткімі тэмпамі адбывалася агульнасавецкая уніфікацыя "арміі народных настаўнікаў".
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (16.10.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2133 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.