Пятніца, 19.04.2024, 23:15

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Пра значэнне оніма “Маскаль” у беларускім дыскурсе: спроба канкрэтызацыі
На ніве беларускага слова дасюль няма пэўнасці ў разуменні назвы "маскаль” (мн. "маскалі”). У многім гэта абумоўлена яго пеяратыўнымі канатацыямі, якія пераважылі ў найноўшым часе і якія былі напаўзабаронены ў савецкі перыяд дамінацыі "вялікага рускага народа” (Сталін).



Таму і ўжыванне самога оніма было вельмі звужана – фактычна да прац пра фальклор. Дый у іх яго семантыку імкнуліся рэдукаваць да абазначэння салдат расійскага войска, а таксама часам і чыноўнікаў, якія прыехалі кіраваць далучанымі да Расіі беларускімі і ўкраінскімі землямі. Да таго ж былі падставы для такога рэдукавання, асновы якога закладзены І. Насовічам. Паводле яго слоўніка, маскалямі беларусы называлі царскіх салдат. Аднак літаратурныя творы, якія ўзніклі на беларускай зямлі, указваюць на несправядлівасць ужывання слова "маскаль” з семантыкай, абмежаванай значэннем вайскойца.

На прыкладах прасочым, якое ж значэнне больш ужывальнае, вылучыўшы меркаванне, што "маскалямі” называюцца расейцы як дзяржаватворная нацыя (у якасці палітоніма), а "Масквою” – іх краіна. Пад гэтакім значэннем мы знаходзім разглядаемыя словы ў літаратурных помніках даўняй беларускай літаратуры. Прычым калі пад Масквою можа разумецца часта і сам горад, то назвы "маскалі” ці "маскоўцы” маюць на ўвазе прыкмету нацыянальную або (геа)палітычную, але не сацыяльную. Так, у "Гутарцы аднаго паляка з Маскалём на Маскоўскім замку ў годзе 1601”, пакінутай нашчадкам Гальяшам Пельгрымоўскім – дыпламатам Рэчы Паспалітай, Маскаль азначае свой сацыяльны статус як "халопа гаспадарскага” (ён быў баярынам), ад чаго Паляк не перастае яго называць Маскалём. На карысць акрэсленай пазіцыі сведчыць і напісанне слова з вялікай літары, якое некалі было прынята стасоўна этнонімаў.

Семантычная трансфармацыя слова замацавалася пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, хаця перадумовы, канешне, узніклі яшчэ падчас шматлікіх войнаў, калі расійскія войскі ўрываліся на землі ВКЛ. Але яшчэ ў "Песні беларускіх жаўнераў 1794 года” онім "Маскаль” выкарыстоўваецца побач з такімі этнонімамі, як "Немцы”, "Прусакі”: "Няхай Москаль уступае, / Няхай Беларусаў знае. <...> Дамо сабе рукі ўзаем, / Бацькаўшчыну адзыскаем”; "Атаманы і Казакі, / Бійма Маскву і Прусакі”; "Пойдзем жыва да Касцюшкі, / Рубаць будзем Маскалюшкі”.

Значэнне, зафіксаванае ў слоўніку І. Насовіча 1873 г., відавочна, усталявалася пазней збройнага чыну пад кіраўніцтвам Касцюшкі, хутчэй за ўсё ў ХІХ ст. у сувязі з рэкруцкімі наборамі ў Расею – забіраннем "у маскалі” (пацверджаннем чаму – верш Паўлюка Багрыма "Зайграй, зайграй, хлопча малы...”, бо аўтар сам быў забраны "ў маскалі”). Але тое значэнне аніяк не выцесніла палітычнае і этнічнае. Так, у "Гутарцы старога дзеда” (апублікавана ў 1861 г.) назіраецца супрацьпастаўленне "Палякі – Маскалі” перадусім у нацыянальным сэнсе. Больш таго, вельмі часта менавіта ў значэнні нацыянальнай прыкметы "Маскалямі” называе К. Каліноўскі ў "Мужыцкай праўдзе” (1862 – 1863 гг.) нашых усходніх суседзяў. Таму і У. Караткевіч, захоўваючы гістарычны каларыт свайго рамана "Каласы пад сяропм тваім”, ужывае менавіта гэты назоў галоўнай расійскай нацыянальнасці (зрэшты беларускі класік ведаў яшчэ адно, зусім не паэтычнае, значэнне слова "маскаль”, пра якое гл., калі ласка, спасылку). Хоць некаторыя даследчыкі – сучаснікі аўтара той газеты – заўважалі чамусьці толькі адно значэнне слова-назвы, зафіксаванае неўзабаве ў слоўніку І. Насовіча. Таму разуменне канатацыі "Маскаля” як расійскага салдата адносна літаратурных і фальклорных твораў, якія нарадзіліся падчас і ў многім пасля падзей 1794 г., бачыцца не зусім карэктным. Да таго ж гэта прыніжае сэнс свядома антыімперыялістычнай барацьбы народаў Рэчы Паспалітай і адстойвання імі сваёй незалежнасці ў збройных паўстаннях.

Дадамо да ўсяго, што А. Катлярчук увогуле лічыць, што "расейцаў ("русских”) просты люд да пачатку ХХ ст. зазвычай зваў "маскалямі”, што якраз ва ўказаны час адцеміў карэспандэнт П. Шэйна Іван Карскі: "Великоруссов крестьяне называют казаками, москалями и русаками”. Дый Юрка Харытончык, удзельнік Слуцкага паўстання, ва ўспамінах, апублікаваных упершыню ў 1960 г., кажа, што ў 1914 г. яго брата "маскалі забралі ў войска” (назіраем відавочнае размежаванне паняццяў: маскалі выступаюць як пануючая, уладная нацыя, якая мае сваё войска, бо іначай было б "забралі ў маскалі”). Такое ж значэнне характэрна для беларускай дыяспары. Так, пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Змагар (Яцэвіч) у датаванай 1984 г. жыццяпісе рускіх называе менавіта маскалямі.

Гэты онім уваходзіў у актыўны слоўнікавы запас Якуба Коласа і Янкі Купалы, прычым нярэдка нароўні з непрыязнай назвай заходніх суседзяў – ляхаў.

Раз абсеклі Беларуса
Маскалі ды Ляхі
І давай яму сваяцтва
Тыкаці пад пахі:
- Ты мой ісціны браточак! –
Маскалёк бармоча;
- Ты мой хрэснік, мой сыночак! –
Юда-Лях сакоча. (Янка Купала, 1914 г.)
Нягледзячы на меншую сацыяльна-палітычную заангажаванасць (у параўнанні з Купалам), Якуб Колас ці не часцей за яго называў расейцаў маскалямі:

І лілася кроў нівінна, 
Швед набытак наш паліў, 
І Маскаль тут самачынна 
Гвалт над намі ўтварыў.
...Толькі-ж, брацьця, край ня згінуў,
Не пагнуўся яго стан. 
Ды із нас душы ня выняў 
Ні Маскаль, ні польскі пан...
(Якуб Колас. Сымон-музыка, 1918 г.)
Як бачым, у абодвух паэтаў онім "Маскаль” заключае ўжо непрыхаваную несімпатычнасць. Прычым Якуб Колас яе праяўляе ў сваёй творчасці яшчэ ў 1921 г., калі верш "Беларускаму люду”, які, па словах М. Скоблы, за Саветамі яшчэ публікуецца ў 1922 і 1928 гг., але потым замоўчваецца:

Досыць ўшчувалi нас паны-ляхi,
Ведаем цiск маскалёў...
(Якуб Колас. Беларускаму люду, 1921 г.)
Савецкі "Беларуска-расійскі слоўнік” укладання М. Байкова і С. Некрашэвіча (1925) першасным значэннем лексемы "маскаль” яшчэ фіксуе як "московитянин, великорус, русский”, і толькі потым як салдат рускага войска. Пра тоесную пазіцыю іншых філолагаў сведчыць і зроблены С. Мінскевічам аналіз перакладаў на беларускую мову верша А. Міцкевіча "Do przyjaciół Moskali”, у якіх з прычыны сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры перакладчыкі вымушаны былі шукаць адэкват этнічна-палітычнаму оніму "Маскалі”, што тым часам набыў у многім пеяратыўную канатацыю, замяняючы яго сінонімам, нейтральным для актуальнага ім хранатопу, – "рускія”.

У далейшым першаснае значэнне оніма "маскаль” стала шчыра замоўчвацца, дый у значэнні вайскоўца ўжывалася, бадай, толькі ў навуковай гуманітарнай навуцы (і то вельмі рэгламентацыйна), што працягнула яго семантычную недакладнасць і блытаніну. Ужыванне оніма ізноў актывізуецца на хвалі нацыянальнага адраджэння 1990-х гг. І хаця Вікіпедыя дае даволі грунтоўнае вытлумачэнне этымалогіі і гісторыі гэтага слова, беларускі дыскурс па-ранейшаму мае праблемы з яго адэкватным прачытаннем.

Цікава, што гэта лексема спарадзіла назву вершаванага жанру – маскалікі. Іх ідэя ўзнікла ў 1950-я гг. у польскай паэткі Віславы Шымборскай і яе мужа Адама Влодэка. Маскалік – гэта кароткі рыфмаваны дасціпны верш, які ёсць пародыяй на фрагмент «Паланэза Касцюшкі» Райнальда Сухадольскага (1831 г.).

С. Балахонаў тлумачыць сутнасць жанравай спецыфікі: "У двух першых радках, якія пачынаюцца фармулёўкай «Хто сказаў, што...» ці нечым падобным, змяшчаецца пэўнае меркаванне, што найчасцей утрымлівае ў сабе назву народу ці племені. У трэцім радку – пагроза таму, хто гэтай меркаванне сфармуляваў, а ў чацвертым – месца, дзе пагроза павінна быць ажыццёўлена (звычайна гэта храм альбо іншы царкоўны будынак). Рыфмы – abab”. З пачаткам ХХІ ст. назіраюцца толькі спробы прыжывіць гэту вершаваную форму ў беларускай літаратуры.

Падводзячы рысу, занатуем, што онім "маскаль” (мн. лік "маскалі”) у беларускім дыскурсе і яго перадгісторыі:
1) фарміраваўся перадусім як пераважна нейтральны палітонім і этнонім;
2) з часам пачаў абрастаць канатацыямі:
а) семантычнымі: салдат расійскага войска, у якое забіралі рэкрутамі на чвэрць веку (нярэдка чыноўнік расійскай улады, а ва Усходняй Беларусі маскалямі называюць і па сёння стараабрадцаў, якія некалі ўцяклі з Масковіі і захавалі сваю дыяспару);
б) экспрэсіўнымі: назва набывае негатыўные адценне з-за ўціску расійскай уладай беларускага народа, перадусім сацыяльнага, а ў наступную чаргу і нацыянальнага (кіраўнічай стратай на далучанай да Расійскай імперыі Беларусі сталі рускія, што, бадай, сінанімізавала гэтыя аспекты ўціску);
3) у ХХ ст. пачынае ўжывацца значна радзей, абмяжоўваецца пераважна мастацкай літаратурай і значэнне залежыць ад кантэксту ці кожнага прыватнага выпадку (у публіцыстычных творах ужыванне гэтага оніма мае тэндэнцыю да яго негатыўнай экспрэсіўнасці);
4) у той жа час стаў этымалагічнай асновай для маркіравання запазычанага ў польскай літаратуры новага жанру вершаў – маскалікі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (15.07.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3484 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/12
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.