Аўторак, 23.04.2024, 20:24

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Праблема прыналежнасці Берасцейска-Пінскага Палесся першая палова ХХ ст. (пачатак)
Skriptum ad narrandum, non ad probandum
("Пішу, каб распавесці, а не каб давесці")

Падзеі верасня 1939 г., якія пацягнулі за сабой далучэнне ўсходніх крэсаў ІІ Рэчы Паспалітай, вынеслі праблему беларуска-ўкраінскай мяжы на Палессі з плоскасці абстрактнай у плоскасць канкрэтную. І хоць па сутнасці такое размежаванне з’яўлялася фармальнасцю – у сілу ўключэння абедзвюх рэспублік у адну дзяржаву, якая кіравалася з Крамля, – адміністрацыйнае дзяленне патрабавала рэальнага ўвасаблення.

Замяшальніцтва, якое ўзнікла спачатку ў новых улад, сведчыць пра складанасць станоўчага вырашэння праблемы: на мясцовым узроўні з-за нявызначанасці адміністрацыйнага лёсу паўночна-заходнепалескага рэгіёна часам сустракаюцца дакументы на трох мовах: украінскай, польскай і рускай, а ў беларускай рэспубліканскай газеце была прадубліравана інфармацыя ТАСС пра горад Роўна ў фатаграфічнай рубрыцы "Па гарадах і сёлах Заходняй Беларусі”.

У дадзеным артыкуле не ставіцца задача вызначэння найбольш карэктнага правядзення мяжы, каб не ствараць глебу для палітычных спекуляцый, якіх вакол гэтай праблемы занадта. Хочацца прадставіць комплекс некаторых аспектаў разгляду гэтага пытання ды выказацца з такой нагоды.

Першы, да якога звернемся, – лінгвістычны фактар, які вызначаў на працягу дастаткова працяглага часу нацыянальную ідэнтыфікацыю насельніцтва па ўсім усходнееўрапейскім рэгіёне.

Усеагульны перапіс Расійскай імперыі 1897 г. па Гродзенскай губерні паведамляе пра 22,6 % насельніцтва з роднай мовай маларускай (украінскай). Канцэнтрацыя маларосаў назіралася ў трох паветах – Брэсцкім, Кобрынскім і Бельскім (часткова), дзе яны агулам складалі каля 350 тысяч.

Крыху пазней Я. Карскі практычна толькі на аснове вывучэння беларускіх дыялектаў склаў «Этнографическую карту белорусского племени» (што ўжо само па сабе некарэктна, так як лінгвістычныя даследаванні не ёсць этнаграфічныя), у якой тэрыторыя з беларускім насельніцтвам на Берасцейска-Пінскім Палессі была, аднак, значна рэдукавана. Прычыны, думаецца, заключаюцца ў падыходзе вучонага да праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Складваецца ўражанне, што Я. Карскі ў разглядаемым рэгіёне вызначаў размежаванне метадам "ад адваротнага”. Гэта значыць, ведаючы асноўныя асаблівасці беларускага "наречия”, ён устанавіў мяжу яго распаўсюджвання. Пры гэтым гаворкі, якія адрозніваліся некаторымі сапраўды прынцыповымі рысамі ад яго, былі аўтаматычна аднесены да бліжэйшага этнасу, у нашым выпадку – украінскага (нягледзячы на таксама прынцыповыя адрозненні і ад асноўнай масы ўкраінскіх гаворак). На гэта працуюць два аргументы.

Першы. Як відаць па карце, распаўсюджванне беларускіх гаворак на ўсходзе Беларусі канстатавалася Я. Карскім як вельмі глыбокае. Справа ў тым, што знаючы дасканала рускую мову, вучоны пры ўсіх цяжкасцях з прычыны роднаснасці выразна адрозніваў яе ад беларускіх дыялектаў (як, дарэчы, і неславянскія прыбалтыйскія гаворкі, няроднасць якіх з беларускімі з’яўлялася відавочнай нават пры няведанні іншых). Да таго ж не факт, што ён асабіста даследаваў Заходняе Палессе, больш бываючы ў паўночна-заходніх і заходніх паветах Беларусі. "Вось чаму трэба лічыць межы беларускага народу, паданыя акадэмікам Карскім у Віленшчыне і на захадзе Гарадзеншчыны больш трывалымі, больш угрунтаванымі, чымся паўднёвыя межы Заходняй Беларусі”.

Другі. Акадэмік У. Пічэта звяртаў увагу, што Я. Карскі быў схільны лічыць беларускія дыялекты меней самабытнымі чым украінскія, што магло і прадвызначыць у такім дыскусійным моманце перавагу меркаванняў вучонага на карысць большай распаўсюджанасці апошніх. Да таго ж у яго лінгвістычных даследаваннях Палесся Я. Станкевічам выяўляецца шмат недакладнасцей і памылак. Больш таго, на думку Я. Карскага, "белорусское наречие” было ў свой час "инструментом литературы, которая имела целью возмутить народ против православной церкви и русских”, гэта значыць, для такіх меркаванняў у вучонага былі і палітычныя матывы, якія накладалі суб’ектыўны адбітак.

Тым не менш, і Я. Карскі заўважаў, што складзеная ім карта акрэслівае "вобласць, якая хутчэй належыць беларускай мове, чым этнасу” (курсіў наш – А. Т.), таму гэтыя словы не трэба скідваць з рахунку. Разважаючы аб устаноўленых межах беларускіх гаворак, Я. Карскі робіць некалькі вельмі цікавых заўваг адносна іх. Прынамсі адзначае, што вызначыць дакладна мяжу на беларуска-рускім або беларуска-ўкраінскім сумежжы па сутнасці немагчыма. Гэтым самым нібы перадбачачы эвентуальнасць выкарыстання вынікаў яго даследаванняў, Я. Карскі дэклараваў, што яны не прэтэндуюць на тое, каб легчы ў аснову размежавання этнасаў. Хоць у пэўным сэнсе тут можна адшукаць і супярэчнасці ў пазіцыі самога даследчыка (што ўзнікае, відаць, з прычыны іншых – сацыяльна-палітычных – меркаванняў вучонага, якія, як бачым, такім чынам зашкодзілі метадалагічным асновам навуковых пошукаў). Да таго ж, як указвае Я. Насытка, галоўны недахоп Я. Карскага (і яго папярэднікаў – А. Рыціха і Г. Ноберта) заключаецца "ў тым, што ў этнічным разьмежаваньні народаў іх аўтары кіраваліся толькі фанэтычнымі асаблівасьцямі мовы і не ўлічвалі сукупнасьці лінгвістычных, этнаграфічных і гістарычных фактараў”, а таксама ў адсутнасці належнай увагі да дадзеных перапісу 1897 г.

Перапіс 1931 г. ІІ Рэчы Паспалітай па сваёй тэхналогіі блізкі да першага расійскага: 1) яны праводзіліся па моўнай прыкмеце; 2) абедзьве дзяржавы былі зацікаўлены ў асіміляцыі насельніцтва, таму яны не мелі мэты падтасоўваць вынікі на карысць беларускай ці ўкраінскай нацыі за кошт адной з іх (больш таго, палякі, выкарыстаўшы моцныя моўныя адрозненні ды рэдкую для Еўропы ХХ ст. індэферэнтнасць стасоўна нацыянальнай самастойнасці, відавочна імкнуліся сфарміраваць з жыхароў Палесся прадстаўнікоў тытульнай нацыі; зрэшты гэтак сама, як і ўкраінскія палітыкі: апошнія – адпаведна – бачылі палескі люд паспаліты ўкраінізаваным). Такім чынам, у Палескім ваяводстве, якое ўключала рэгіёны з кампактным пасяленнем украінцаў, іх было зарэгістравана адно 54 тысячы, а беларусаў таксама не на шмат больш – 75,4 тысячы. У той жа час 707,1 тысяч складалі так званыя тутэйшыя. Тутэйшы ў літаральным перакладзе – мясцовы. Дарэчы, слова тутэйшы старажылы Берасцейска-Пінскага Палесся лічаць польскім словам, яму адпавядаюць мясцовыя тубылнык, тубылэц (паведамленне Ф. Д. Клімчука). У час польскіх перапісаў на Берасцейска-Пінскім Палессі мясцовых жыхароў запісвалі тутэйшымі, але гэтае слова не з’яўлялася аўтонімам. Проста маса нацыянальна несвядомых тутэйшых з’яўлялася «сырым матэрыялам, прыдатным на ўсякі нацыянальны эксперымент». На думку М. Волаціча, "уведзеная асобная "нацыянальнасць” на Палессі” служыла мэце "штучна паменшыць лік Беларусаў”. Да таго ж выглядае зусім незаканамерным і ненатуральным, што на працягу 34 гадоў, за якія многія этнасы якасна эвалюцыянавалі да ўзроўню дакладна акрэсленай нацыі, на Палессі адбываліся адваротныя працэсы (таму, думаецца, хутчэй некаторыя даследчыкі, што лічаць сябе навукоўцамі, не валодаюць элементарнымі здольнасцямі дэдуктыўнай аналітыкі). Тым больш, што нават тыя, хто ў 1897 г. на Берасцейшчыне ідэнтыфікаваўся ўкраінцамі, праз нейкія 15 – 20 гадоў ужо вызначаліся як беларусы.

Спроба такой дысіміляцыі дзеля далейшага апалячвання прывяла адно да таго, што на дадзеную лічбу сталі прэтэндаваць (пра)украінскія дэмографы. Па некаторых ацэнках, лічба ўкраінцаў на тэрыторыі Беларусі ў наш час даходзіць да 1311 тысяч чалавек, а у 1926 - 1931 гг. на Берасцейшчыне – амаль да 708 тысяч . Такое супадзенне дае падставы меркаваць, што лічбы так званых тутэйшых тэндэнцыйнымі і (з-за адсутнасці аб’ектыўнай інфармацыі) не толькі тэндэнцыйнымі даследчыкамі ў публіцыстычных і нават навуковых працах нярэдка з дапамогай сафістычнай метадалогіі "расцягваюцца”. Так, І. Віннічэнка ў адной са сваіх падставовых прац па дадзенай праблеме робіць безапеляцыйную выснову пра этнічную прыналежнасць Берасцейшчыны да ўкраінскіх зямель, у якасці доказаў прыводзячы наступныя асноўныя аргументы:
1. Указвае на дадзеныя расійскага перапіса па трох палескіх паветах з перавагай украінскага насельніцтва, якія дэдуктыўна экстрапаліруюцца вучоным на ўсё Берасцейска-Пінскае Палессе. На яго думку, лічбы гэтага і наступных перапісаў стасоўна ўкраінцаў заніжаны, аднак цвёрдых доказаў не прыводзіцца: маўляў, улічвалі толькі моўны фактар, а не нацыянальную самаідэнтыфікацыю (але даследчык забывае, што жыхары Палесся такой не мелі, што абарочвае словы навукоўца супраць яго ж самога).
2. Указвае на дадзеныя Я. Карскага ды іншых лінгвістаў (пра што ішлося вышэй).
3. Абапіраецца на аналіз этнагенезу (без уліку таго, што нацыянальнасці ў сённяшнім разуменні пачалі фарміравацца ў пачатку ХІХ ст., а беларуская і таго пазней).
4. Указвае на адміністрацыйна-палітычную канцэпцыю пры прывядзенні мяжы ў 1939 г., асуджаючы яе (хоць сам ёю не грэбуе пры разглядзе гісторыі зямель ХI – ХVІІІ стст.).

Такім чынам, пры аналізе канцэпцыі І. Віннічэнкі яна пачынае праяўляць сваю метадычную неадпаведнасць і неканструктыўнасць. У якасці контраргумента дадамо яшчэ заўвагу Я. Станкевіча пра тое, што аўтонімам "тутэйшыя” называюцца толькі беларусы, чым вызначаецца іх тэрытарыяльная і нацыянальная прыналежнасць. (Варта было б дадаць, што ідзецца пра ХХ ст., бо стагоддзем раней такая ж з’ява назіралася сярод палякаў. Увогуле, як адзначае С. Токць, "адсутнасць нацыянальнай ідэнтычнасці не была ўласцівай выключна беларускім сялянам. Гэта характэрная рыса традыцыйных сялянскіх супольнасцей у даіндустрыяльную эпоху”. Ва Ўсходняй Еўропе найглыбей у даіндустрыяльнай эпосе знаходзілася менавіта беларуская нацыя, якая амаль не мела свайго класа буржуа і справядліва з нечай лёгкай рукі стала называцца сялянскай).

Трацейскія ацэнкі сённяшніх дэмографаў пры аналізе развіцця нацыянальнай самасвядомасці ў разглядаемым рэгіёне першай паловы ХХ стагоддзя сведчаць "аб эвалюцыі свядомасці і ўсё больш выразнай ідэнтыфікацыі насельніцтва ў бок беларускай, а не ўкраінскай нацый” ужо ў даваенны час . Так, "паводле звестак губернскага статкамітэта, у 1910 г. у Кобрынскім павеце ўдзельная вага беларусаў складала 84,8 % і паступова павялічылася да 85,7 % у 1913 г., а ў Пружанскім – да 87,1 %”, і, як лічыць Я. Насытка, ішоў натуральны працэс беларусізацыі паўднёва-заходняга кутка Беларусі.

Беларускі этнас быў палітычна слабейшы за суседнія, таму самаатаясамленне насельніцтва Палесся з беларускім народам параўнаўча вельмі ў малой ступені з’яўляецца ўплывам беларускіх рухаў (калі і быў нейкі палітычны ўплыў, то найбольш з украінскага поўдня ці польскага захаду разглядаемага рэгіёна, не кажучы ўжо пра расійскі фактар). Прабеларускі вектар самавызначэння на дадзенай тэрыторыі аўтахтонны і іманентны.

Што тычыцца асабістых назіранняў і высноў па пытанні прыналежнасці асноўнай масы дыялектаў Берасцейска-Пінскага Палесся (акрамя яго паўднёва-заходняга куточка, дзе, дарэчы, і Расійскі перапіс паказаў яго "украінскасць”), дык неабходна прызнаць значныя фанетычныя адрозненні паміж імі і літаратурнай беларускай мовай – паралельна з прызнаннем фанетычных адхіленняў у бок тоеснасці з украінскай мовай. Аднак на лексічным узроўні сітуацыя паўтараецца ў дыяметральна супрацьлеглым парадку: дыялекты схіляюцца да беларускамоўнай лексічнай парадыгмы. Думаецца, што гэтыя дыялекты з’яўляюцца не толькі, а, магчыма, і не столькі пераходнымі паміж украінскімі і беларускімі гаворкамі, а найбольш архаічнай групай усходнеславянскіх дыялектаў – у параўнанні з беларускімі гаворкамі на поўнач ад Палесся і ўкраінскімі на поўдзень. Палессе ж – наогул рэгіён, вядомы сваёй архаікай і кансерватыўнасцю вобразу жыцця яго абарыгенаў (гэта адзіная назва рэгіёна, якая мае гістарычную пераемнасць і прысутнічала яшчэ ў сярэднявеччы ), таму і мова іхняя, калі можна так сказаць, "адстала” ў сваім развіцці, гэта значыць, змянялася не такімі шпаркімі тэмпамі, як дыялекты ў рэгіёнах у паўночным і паўднёвым напрамку, і да часу стварэння сучасных літаратурных моў беларускага і ўкраінскага народаў гэта былі ўжо істотныя адрозненні. А імклівае ХХ стагоддзе ўварвалася і на Палессе, прымусіўшы яго жыхароў паскорыць рух да самавызначэння. І – праявілася "прабеларуская” тэндэнцыя, нягледзячы на субтыльнасць беларускіх палітычных сілаў, пра што размова пойдзе ніжэй.

Не абвяргаюць тэндэнцыю самавызначэння ў бок беларускай нацыі і дадзеныя пра прыналежнасць насельніцтва Берасцейшчыны да рэлігійных канфесій. Заўважана, што да ХХ стагоддзя для ўкраінцаў гістарычна склалася перапляценне уніяцтва і праваслаўя, беларусам жа да гэтага часу стала характэрна суседства каталіцтва і праваслаўя. Патрэбна разумець суіснаванне двух канфесій для пэўнай нацыі як адзін з важных бакоў яе характарыстыкі. У 1939 г. паляк Ф. Чарвіньскі адзначаў, што сярод украінцаў адсутнічаюць рымакатолікі. Як відаць з дадзеных польскага перапісу 1931 г. уніятаў на заходнепалескай тэрыторыі практычна не назіралася (нават у раёне Брэста – «месцанараджэння» уніяцкай царквы), тады як крыху на поўдзень, дзе нацыянальная ідэнтыфікацыя ўкраінцаў бясспрэчная, уніяцкая канфесія з’яўлялася дастаткова распаўсюджанай. Праваслаўныя ж, якія самаідэнтыфікаваліся ўкраінцамі, на Берасцейшчыне сапраўды былі ў міжваенны перыяд, пра што сведчыць скліканне ў 1928 г. іх акруговага нацыянальна-царкоўнага з’езду для паветаў (NB) Брэсцкага, Кобрынскага і Пружанскага, гэта значыць, прыкладна як раз на той тэрыторыі, дзе, паводле Першага расійскага перапісу, і прысутнічалі ўкраінцы ў масавай колькасці. Аднак такую з’яву, як валачобніцтва (карнавальны абход двароў на першы дзень Вялікадня), якое практыкуецца на ўсёй этнічнай прасторы Беларусі і з'яўляецца адным з этнавызначальных крытэрыяў беларусаў, у паўднёвых раёнах Брэсцкай вобласці не мае татальнага распаўсюджвання, ступень і геаграфію якога варта было б даследчыкам этнаграфіі лакалізаваць канкрэтней. У той жа час украінскі гісторык і этнограф А. Волкаў, лічачы адной з найважнейшых прыкметаў для вызначэння этнічнай прыналежнасці жыхароў Валыні форму надмагілляў і абапіраючыся на традыцыі мастацка-пластычнага вырашэння надмагілляў, прыйшоў да высновы, што "паўночныя паветы Валыні былі ў мінулым заселеныя беларусамі”.

Як бы там ні было, ні лінгвістычная характарыстыка рэгіёна, ні заснаваны на ёй этнаграфічны матэрыял, а таксама рэлігійна-канфесійны фактар па вялікім рахунку не з’яўляліся дамінуючымі ў рашэнні разглядаемай праблемы. Больш таго, апеляванне да падобных аргументаў адбывалася толькі ў кантэксце палітычных дыскусій, нярэдка цяжка адрозных ад спекуляцый. Штуршком для іх з’яўляўся эканамічны фактар. Ці варта казаць, што прыпяцкая водная магістраль, якая паралельна суправаджаецца чыгункай, і багацейшыя лясныя масівы Палесся з’яўляліся апетытным тэрытарыяльным пірагом для любога дзяржаўнага ўтварэння.

Цікава было б зазірнуць у кантэкст генезісу абазначанай праблемы, які або скажаецца, або ўвогуле абмінаецца, і звярнуць увагу на некаторыя важныя, часта вызначальна прынцыповыя моманты. Неабходна адзначыць такі, які ўпускаецца (свядома ці не) многімі (асабліва ўкраінскімі) навукоўцамі. Праблема ідэнтыфікацыі "тутэйшых” на Палессі, якая пачала "прабуджацца” разам з нараджэннем нацыянальных эліт украінцаў і беларусаў, паўстала перад усім не як этнічная, а (геа)палітычная: вастрыню яна набыла толькі ў першай палове ХХ стагоддзя ў выніку перакройвання межаў, фарміравання ці спроб фарміравання) новых дзяржаўных утварэнняў, а менавіта – пачынаючы з часу першай сусветнай вайны. Падзеі 1914 – 1921 гг. сталі каталізатарам інтэнсіўнага і тэндэнцыйнага перагляду этнаграфічнага складу ва Ўсходняй Еўропе і – адпаведна – этнаграфічных мапаў, якія да гэтага адлюстроўвалі "расселение народов достаточно стабильно”. "Все заинтересованные страны одновременно обнаружили "несоответствие” этнических границ на всех русских и зарубежных картах (папярэдняга перыяду – А. Т.), как будто бы Белоруссия до этого времени была могущественной империалистической державой, которая несправедливо захватила территории своих соседей и еще оказала влияние в свою пользу на составителей немецких, австрийских, русских этнографических и лингвистических карт”. Але, як слушна ўказвае В. Булгакаў, «любой ирредентизм в отношении соседних народов был бессмыслен, ибо перед нацией стоят нерешенные внутренние задачи».

У афіцыйным палітыка-дыпламатычным дыскурсе праблема размежавання беларускага і ўкраінскага этнасаў упершыню была паднята пры фарміраванні монанацыянальных унітарных дзяржаў на гэтых землях, але не ў якасці мэты, а як сродак, прымяняемы па меры патрэбы. Менавіта з гэтага часу варта весці адлік рэальнай гісторыі беларуска-ўкраінскага размежавання па Берасцейска-Пінскім Палессі.

Фармальна пачатак быў пакладзены, відаць, 1 лютага 1918 г., калі дзяржавы Чацвяртнога саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя, Асманская імперыя) прызналі незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі і затым падпісалі з ёй у Брэст-Літоўску мірны дагавор. Па ўмовах яго, паўднёвая частка Беларусі, у тым ліку Берасцейска-Пінскае Палессе, разглядалася як тэрыторыя УНР. Па меркаванні А. Ціхамірава, Германія з саюзнікамі ў выглядзе фармальна незалежнай Украіны бачыла базу, багатую на паліва і сыравіну, таму прырэзванне эканамічна выгадных надзелаў да УНР не з’яўляецца нонсенсам.

Брэсцкі мірны дагавор ад 3 сакавіка 1918 г. фактычна замацаваў за Ўкраінай, у абліччы якой Захад бачыў рэальнага дзейнага ворага бальшавіцкай Расіі, нібыта res nullius, «бясхозную» палескую тэрыторыю, права на якую ўкраінская дэлегацыя дабілася ў ходзе перамоваў з так званымі Цэнтральнымі Сіламі. Хоць раней адзін з прадстаўнікоў германскай дэлегацыі генерал Гофман заяўляў, што бясспрэчна ўкраінскай тэрыторыяй для яго з’яўляюцца землі на поўдзень ад Брэста на ўсходні бок Буга і на ўсход ад Брэста па чыгунцы Брэст – Пінск на поўдзень ад яе. А калі ўкраінскія дыпламаты ўказалі таксама на нібыта ўкраінскія землі Мінскай і Гродзенскай губерній, якія ляжалі на поўнач ад Брэста, то Гофман адпрэчыў: маўляў, падчас палявання на поўнач ад чыгункі ўкраінцаў не сустракаў, дый палонныя таксама казалі яму, што ўкраінцаў там няма.

Відавочна, што і Германіі, і інтэнсіўна адраджаемай Польшчы, дый краінам Антанты было б выгадна мець "санітарны” бар’ер ад Савецкай Расіі, як і апошняй ад Захаду: крыху на поўнач ад Брэста і Пружанаў праводзілася літоўска-ўкраінская мяжа працягласцю з захаду на ўсход больш за сто кіламетраў (гл. дадатак № 1). Сілы беларускага адраджэння на той гістарычны момант не маглі супрацьстаяць тым працэсам па аб’ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага Кангрэса стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Ўкраіны, падтрыманыя немцамі, апынуліся ў больш авантажным становішчы, што прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння гэтых усходнееўрапейскіх народаў. Пытанне ж пра беларускую дзяржаўнасць, як і спроба яе юрыдычнай рэалізацыі Ўстаўнымі граматамі 9 і 25 сакавіка 1918 г., у плоскасці гістарычна-палітычнай рэальнасці, практычнага ўвасаблення стала "раскручвацца”, лабіравацца некалькі пазней, чым паўночнага і паўднёвага суседзяў, аднак таго часовага адраэка было дастаткова, каб гэтае пытанне аказалася лішнім для ўсіх, акрамя саміх беларускіх адраджэнцаў, так як да гэтага быў заключаны шэраг міжнародных дагавораў, якія не прадугледжвалі наяўнасць беларускага боку. (І гэта на фоне тагачаснага стварэння контураў новага палітычнага ўладкавання ў Еўропе, што мела ў аснове перадусім нацыянальны прынцып, які насамрэч, як указала Л. Мілякова, з’яўляўся амбівалентным).


Дадатак 1. Карта размежавання Берасцейска-Пінскага Палесся

У красавіку 1918 г. на перамовах паміж кіраўніцтвам БНР і УНР "перавага стратэгічных матываў над этнічнымі было ўскосна пацверджана і на сустрэчы (беларускай – А. Т.) дэлегацыі з М. Грушэўскім, дзе былі выказаны планы прадастаўлення беларусам нацыянальна-персанальнай аўтаноміі і стварэння з Гомельскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў "беларускага П’емонту”, г. зн. культурна-нацыянальнага самакіравання” ва ўсходняй частцы Палесся, што для дэлегацыі БНР не з’яўлялася прымальным. Пэўную слушнасць той пазіцыі пацвердзіла практыка міжнародных стасункаў беларускіх суседзяў, якая паказала, што прадыктуючы ў далейшым ідэі так званага беларускага П’емонта, і Літва, і Польшча кіраваліся ў тых напрамках чыста меркантыльнымі меркаваннямі, разлічанымі толькі на пашырэнне сваёй тэрыторыі і асабістае дзяржаўнае ўзмацненне без шчырага клопату пра беларускае адраджэнне.

Аднак з боку прадстаўнікоў БНР мелі месца прапазіцыі кансенсусу, умовы якога заключаліся ў дапамозе ўкраінскага ўрада пры ўстанаўленні мяжы паміж Беларуссю ды Расіяй, што мела б на ўвазе меншую прынцыповасць з боку беларускіх дыпламатаў стасоўна правядзення паўднёвай мяжы. Гэта значыць, перамовы набывалі характар дыпламатычных гульняў, якія выходзілі за рамкі нібыта толькі двухбаковай праблемы з яе ўнутранымі мэтамі і сродкамі (вядома, што некалькі пазней просьба пра падтрымку БНР у спрэчцы аб межах з Украінай паступала, але не афіцыйна, а ў прыватнай гутарцы, і расійскім дыпламатам). Мэтай дыпламатычных хітрыкаў, выпрацаваных уключаным у склад беларускай дэлегацыі М. Доўнар-Запольскім, было «перавядзенне перамоваў з двухбаковага на шырокі міжнародны ўзровень», тым больш што прадстаўнікі БНР не мелі паўнамоцтваў прымаць рашэнні аб устанаўленні дзяржаўных межаў. Дадзены выпадак з’яўляецца тыповым для кантэксту першай сусветнай вайны, калі "многія ненацыяналістычныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя супярэчанні набывалі этнічнае і нацыянальнае адценне”.

Ключ да вытлумачэння тагачаснай украінскай пазіцыі адшукваецца ў першакрыніцах – пратаколах беларуска-ўкраінскіх перагавораў, падчас якіх старшыня дэлегацыі УНР пан Ліхнякевіч патлумачыў прычыну катэгарычных інтэнцый максімальна паўночнага правядзення мяжы Ўкраіны па Берасцейска-Пінскім Палессі: «Лінія чыгункі Пінск – Гомель можа быць украінскай – гэта з пункту погляду геаграфічнага. Вядомая кожнаму рэч, што ні Польшча, ні Маскоўшчына ніколі не зракуцца сваёй імперыялістычнай экспансіі на Беларусь. Калі б Украіна ведала, што яе суседам навечна будзе Беларусь, мы, можа, сказалі б нешта іншае» . Хацелася б, каб падкрэсленыя ў цытаце намі (А. Т.) словы былі пачуты праз гады сённяшнімі ўкраінскімі даследчыкамі разглядаемай праблемы.

Дзяржаўны пераварот на Ўкраіне ўнёс прыкметныя змены ў працэс беларуска-ўкраінскіх перамоваў. Дыпламатыя Ўкраінскай дзяржавы праблему сваёй мяжы на Палессі пачала рашаць на перамовах з РСФСР (май – кастрычнік 1918 г.). Гэты працэс адбываўся дастаткова амбівалентна. З аднаго боку ўкраінскія дыпламаты заявілі, "што паколькі Беларусь… стала на шлях дзяржаўнага самавызначэння і аддзялення ад РСФСР, дык устанаўленне дзяржаўных межаў паміж імі… павінна было вырашацца… без якога-небудзь дыктату з боку РСФСР”. Аднак з іншага боку заяўлялася, што перамовы пра беларуска-ўкраінскую мяжу будуць весціся з расійскай дэлегацыяй – да таго часу, пакуль Беларусь не стане суверэннай дзяржавай і суседкай Украіны. Расійская ж дэлегацыя патрабавала ад украінскай "згадзіцца з тым… што мы (бальшавікі – А. Т.) маем уладу… на Беларусі”. І гэта адбывалася ў той час, калі БНР яшчэ існавала не толькі de jure, але і ажыццяўляла практычную дзяржаўную дзейнасць. Гэта значыць, пры жаданні ўрад Украінскай дзяржавы меў магчымасць весці перамовы з прадстаўнікамі БНР (як і рабілася ў часы ўрада М. Грушэўскага), а словы расійскіх дыпламатаў на той момант не адпавядалі рэчаіснасці, бо практычна ўся Беларусь тады знаходзілася пад акупацыяй нямецкай арміі (праўда, кіраўніцтва Германіі, маючы на той момант фактычную ўладу над большай часткай беларускіх зямель, згодна з "Руска-Германскім дадатковым дагаворам” ад 27 жніўня 1918 г. прызнавала права РСФСР на гэту тэрыторыю, збіраючыся ачысціць яе "паралельна наяўным узносам”). Магчыма, украінскі ўрад не ішоў на перамовы аб мяжы з дыпламатамі БНР па той прычыне, што стала б відавочным яго неадпаведнасць дэкларуемых прынцыпаў і намераў па пытанні межаў і рэальных памкненняў: кіраваліся нібыта этнічна-тэрытарыльным прынцыпам на аснове дадзеных перапісу 1897 г., а насамрэч межы праводзілі багата паўночней. (у той жа час прамільгнула ідэя беларуска-ўкраінскай федэрацыі). Такім чынам, перамовы выявілі сапраўдныя інтэнцыі абодвух бакоў, а менавіта – пашырэнне тэрыторыі сваёй дзяржавы за кошт магчымай прасторы, у дадзеным выпадку дзяльбе падвергся «палескі пірог».

Увогуле з боку А. Луцкевіча ў яго бытнасць прэм’ер-міністрам БНР паралельна з дамаганнямі юрыдычнага прызнання Беларусі ў якасці незалежнай дзяржавы і вяртання беларускіх палескіх паветаў зыходзілі прароцкія папярэджанні, "што запозненае прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі можа прывесці да негатыўных вынікаў”. Ён, як заўважае А. Сідарэвіч, не памыліўся: бальшавікі расправіліся і з БНР, і з УНР паасобку. Па меркаванні гісторыка, украінскае кіраўніцтва не хацела развітвацца з палескімі землямі, таму адцягвала юрыдычнае прызнанне БНР, хаця, як вынікае з накідаў мемарандума ўкраінскаму ўраду аўтарства А. Луцкевіча, беларускай дэлегацыі было заяўлена, што ўкраінскі ўрад пойдзе насустрач жаданням Беларусі ў справе звароту занятых украінцамі паўднёвых беларускіх паветаў ды іншых пытанняў.

Пад ціскам такім гістарычных акалічнасцей навукоўцы і тым больш грамадскія дзеячы volens-nolens палітызаваліся, што абумоўлівала іх тэндэнцыйнасць у выніках. Аднак сягоння відавочна тое, што з усіх бакоў, якія былі зацікаўлены ў тым, каб "знайсці” на Палессі чым больш сваіх супляменнікаў, самую слабую палітычную сілу, амаль неканкурэнтназдольную – па прычыне розных палітычных абставінаў – мелі беларусы, што дазволіла суседзям маніпуляваць масамі насельніцтва ў сваіх мэтах. Менавіта такія маніпуляцыі, у ходзе якіх і па сённяшні дзень кропкі над «і» не расстаўлены, наводзяць на думку пра прэваліраванне ў Палескім рэгіёне беларускага нацыянальнага элемента, ва ўсялякім выпадку сярод той, зусім немалой часткі насельніцтва, якая дала глебу для такіх маніпуляцый.
 
Дарэчы, у выпадку незацікаўленасці палітычных рухаў па праблеме прыналежнасці Берасцейска-Пінскага Палесся, як гэта было ў міжваеннай Польшчы, да яе падыходзілі талерантна і памяркоўна абодва бакі, аднак, як паказвае досвед усёй гісторыі, у першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу канфлікты і звадкі, некаторымі забываецца, што адсутнасць падзей падобнага кшталту з’яўляецца не менш важнай падзеяй у гістарычным развіцці, якая нярэдка характарызуе сутнасць палітычных спрэчак. У дадзеным выпадку пасля брутальнага Рыжскага дагавора праблема правядзення па Палессі адміністрацыйнага дзялення з гледзішча этнічнай адпаведнасці стала, як і за Расійскай Імперыяй, зноў неактуальнай, бо ў нацыянальным супрацьстаянні ў беларусаў і ўкраінцаў з’явіўся агульны праціўнік у абліччы польскага шавінізму. Гэты факт раскрывае прэтэнцыёзную надуманасць палітычных спрэчак пра прыналежнасць Берасцейска-Пінскага Палесся, бо ў выпадку натуральнага, а не надуманага існавання такой праблемы яна заставалася б у спектры асноўных нацыянальных пытанняў.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (09.04.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 4743 | Тэгі: Берасцейска-Пінскае Палессе, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.7/12
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.