Субота, 20.04.2024, 06:32

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Праблема прыналежнасці Берасцейска-Пінскага Палесся першая палова ХХ ст. (заканчэнне)
Восенню 1939 г. разглядаемая праблема зноў запатрабавала вырашэння: пасля далучэння ўсходніх правінцый ІІ Рэчы Паспалітай неабходна было размеркаваць Берасцейска-Пінскае Палессе паміж Украінай і Беларуссю – фармальна незалежнымі рэспублікамі (у 1919 – 1921 гг. ва ўмовах выжывання савецкай улады праблема беларуска-ўкраінскага размежавання ў гэтым рэгіёне не ўяўлялася істотнай, а пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора – практычна неактуальнай; іnter alea тагачасныя спробы вырашэння той праблемы пакідалі рэгіён Беларусі).

Вырашальным аргументам, па прызнанні М. Хрушчова, тагачаснага сакратара ЦК КПУ, паслужыла партыйнае размежаванне ў польскі перыяд. Яно ж было абавязана выпадковай акалічнасці: мясцовым падпольшчыкам было непараўнаўча складаней падтрымліваць сувязь з цэнтрам у Львове, чым мець яе з такім жа цэнтрам у Вільні і Беластоку. Прычыны такой сітуацыі не вытлумачваюцца. А ў іх, можа быць, уся справа: гэта даказвае геапалітычную арыентацыю Берасцейска-Пінскага Палесся на поўнач, а не на поўдзень, бо сувязі камунікацыйныя звычайна з’яўляюцца адно вынікам, наступствам сацыяльна-эканамічных і палітычных. Па ўспамінах жа П. Панамарэнкі, калі абмяркоўвалі ў Крамлі правядзенне мяжы па Палессі, М. Хрушчоў прызнаваўся, што хацеў набыць для Ўкраіны тэрыторыю, багатую на лясы, на што І. Сталін выдзеліў Украіне ўчастак з ляснымі масівамі (відаць, маецца на ўвазе Камень-Кашырскі павет – А. Т.), чым і быў дасягнуты кансенсус.

У далейшым насельніцтва, якое размаўляла на дыялекце, набліжаным фанетычна больш да ўкраінскай мовы, чым да беларускай, што адзначаюць многія мовазнаўцы на працягу ўсёй гісторыі даследавання праблем Палесся, у «паспортах СССР записывалось преимущественно белорусами либо русскими», што істотна паменшыла лік украінцаў у рэгіёне. Наўрад ці пры гэтым улада Саветаў "падыгрывала” інтарэсам беларускай рэспублікі ва ўмацаванні непарушнасці яе межаў. Хутчэй праследаваліся мэты ліквідаваць нацыянальную гетэрагеннасць на шляху яе трансфармацыі ў савецкую гамагеннасць этнасаў, што мела на ўвазе пазбаўленне этнакультурнай тоеснасці не толькі ўкраінскай, але і беларускай нацыі. Гэта значыць, калі на першы раз змяненне нацыянальнасці можна разглядаць як эксперымент ці рэпетыцыю, то ў другі раз, на этапе ператварэння ў "савецкі народ” адмова ад нацыянальнасці адбывалася б значна лягчэй – ці не праўда, тонкі псіхалагічны ход з мэтай манкуртызацыі насельніцтва. Аднак савецкая ўлада здолела прайсці на Палессі, дзе пражывала найменш нацыянальна свядомае насельніцтва, адно частку шляху ў накірунку да чыстай савецкай саматоеснасці, у ходзе чаго практычна нівеліравалася значная доля ўкраінцаў на гэтай тэрыторыі, чаго не было нават у часы Расійскай Імперыі.

Перакрэсліванне адміністратыўнага дзялення падчас германскай акупацыі Палесся на карысць Райхскамісарыята Украіна пры вяртанні Саветаў практычна не адбілася на выніках аднаўлення мяжы 1939 г., аднак у далейшым узмацніла інспіраванне думкі пра прыналежнасць Берасцейска-Пінскага Палесся да этнічных украінскіх межаў. У той жа час забываецца, што пры адміністратыўным дзяленні акупаваных тэрыторый кіраўніцтва Трэцяга Рэйха практычна не звяртала ўвагі на этнічны аспект, кіруючыся эканамічнымі фактарамі (што нагадвае сітуацыю Першай сусветнай вайны – гл. вышэй): «такі падзел… забяспечваў Райхскамісарыят «Украіна» лесам і дрэваматэрыяламі, а таксама ствараліся ўмовы для выкарыстання сістэмы каналаў Прыпяці і чыгункі Брэст – Гомель» . Да таго ж, па-першае, «после многочисленных указаний со стороны Белорусской (Народной) Самопомощи, а затем и со стороны Белорусской Центральной Рады, эти области были… в 1944 г. включены в состав Белоруссии» (у лютым), а па-другое, пры праяўленні ініцыятывы беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістычных сілаў арганізаваць антысавецкае паўстанне з мэтаю стварэння незалежных дзяржаў украінскі бок прызнаў факт «несомненного белорусского влияния в Полесье», а таксама тую акалічнасць, што «весьма значительная часть «полешуков» сама признает себя принадлежащими к белорусам и Белоруссии». Гэта адзначалася нават прадстаўнікамі Ўкраінскай паўстанцкай арміі, калі ішла падрыхтоўка УПА да прыходу чарговых Саветаў: у другой палове 1943 г. вывучалася самаідэнтыфікацыя палескага насельніцтва з мэтай прыцягнення яго на свой бок. (Відавочна, што палескія лясы ды балоты, якія з’яўляліся своеасаблівай крэпасцю для партызанскай барацьбы, не маглі не прывабіць сілы рознага палітычнага накірунку. А для ўкраінскага руху да таго ж і падставы былі: Палессе ўключалася ў склад Райхскамісарыята Ўкраіны, дый правы на гэты рэгіён мелі на той час ужо пэўную дзяржаўніцкую традыцыю. Крыху на поўдзень жа лясістасць і балацістасць была зусім рэдзенькая, неспрыяльная для партызанкі, таму рэзыстанс ледзь ні ўсіх ідэйных дактрын магнітам прыцягваўся да непралазнага Палесся.) Так каментавалася сітуацыя ў Давыдгарадзецкім раёне (сёння на тэрыторыі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці): "Населення вважає себе білорусами. За українців мають себе тільки одиниці”. Праўда, прадстаўнікі УПА тут паспрабавалі знайсці вытлумачэнне такой сітуацыі, аднак, думаецца, супярэчачы самім сабе ў логіцы. "До цього спричинилися за німецької окупації ляхи (палякі – А. Т.), ведучи пропаганду, мовляв, якщо залишиться білорусами, приділять їх до Білорусії і будуть платити менші контингенти (тут, па логіцы, – падаткі – А. Т.), бо Україна є багатша і платять більші контингенти”. Аднак якая менавіта карысць з гэтай агітацыі палякам, якія мелі стасоўна пытання пра дзяржаўную прыналежнасць дадзенай тэрыторыі сваё, арыгінальнае меркаванне, не тлумачыцца. Тым больш, што, па словах (і небезпадстаўных) саміх упаўцаў, "щодо большовицьких партизан – то населення їм активно протиставляється”. Гэта значыць, для жыхароў дадзенага рэгіёна партызаны УПА, для якіх палеская зямля, Валынь былі сапраўды радзімай у адрозненне ад акружэнцаў Чырвонай Арміі і закінутых энкавэдэшнікаў савецкай партызанкі, маглі стаць (і, як даводзіць беларускі даследчык Ю. Чарняк, часта станавіліся, асабліва напачатку) адзінымі абаронцамі як ад германскіх акупантаў, так і ад мілітарызаваных лясных атрадаў разнастайнага ангажавання ці палітычнага накірунку, у тым ліку элементарных бандытаў. Да таго ж чалавеку, які знаходзіўся ў пагранічнай сітуацыі, важна было выжыць "тут і зараз”, і агітацыя пра выгоды ў эвентуальнай будучыні пры такіх экзістэнцыяльных варунках не ўяўляецца дзейснай. Не было там і ўплыву беларускіх нацыянальных сілаў, так як гэты рэгіён уваходзіў у Райхскамісарыят Украіна, а тыя сілы супрацоўнічалі з германскімі акупантамі і іх спробы аўтанамізавацца нават у Генеральнай акрузе Беларусь аказаліся субтыльнымі і не прынеслі значных вынікаў.

У канцы 1944 г., гэта значыць, калі ўсе беларускія і ўкраінскія землі ўжо знаходзіліся пад уладаю бальшавікоў, тэарэтычныя праціўнікі ў рамках "палескай праблемы”, якімі з’яўляліся беларускія нацыянальныя сілы, якія калабарацыяніравалі з германскімі акупантамі, і ўкраінскія нацыяналістычныя сілы, што змагалася за незалежную Ўкраіну і супраць савецкай партызанкі, і супраць польскай Арміі Краёвай, (а Ўкраінская паўстанцкая армія і супраць вермахта), у сітуацыі здзейсненага факта «маскоўска-бальшавіцкага ярма» і агульных «імкненняў забесьпечыць сваім народам вольнае і незалежнае жыцьцё» былі саюзнікамі ды іхнія стасункі мелі дужа цёплы характар, пра што ў поўнай меры сведчыць навагодняе віншаванне прэзідэнта БЦР Р. Арлоўскага камандуючаму ОУН "М” (Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў) палкоўніку А. Мельніку з перакананнем стварэння яшчэ больш мацнейшага саюза двух народаў (гл. дадатак № 2). Увогуле ж трэба адзначыць, што паміж украінскімі і беларускімі нацыяналістамі на працягу перыяду германскай акупацыі не толькі не было канфрантацыі, але і больш таго – яшчэ напачатку вайны праводзіліся сумесныя ваенныя акцыі супраць разбітых ды адстаўшых войскаў Чырвонай Арміі (прычым у дадзеным выпадку нават не з ОУН "М” – таксама калабарантамі, а з катэгарычнымі, «шчырымі» незалежнікамі УПА).


Дадатак № 2

Цікава, што, як казалася вышэй, у часы Ўкраінскай Дзяржавы, якую ачольваў гетман Скарападскі, яе дыпламатыя ігнаравала БНР. Украінская дзяржава была дужэйшай ва ўсіх адносінах, і яе кіраўніцтва праводзіла сваю паўночную мяжу ўключаючы Берасцейска-Пінскае Палессе. Перад абліччам жа агульнай пагрозы з боку бальшавікоў, апынуўшыся практычна ў аднолькавым з беларусамі становішчы, той жа Скарападскі & Сº не толькі першымі выразілі пажаданне пайсці на перамовы, а ў далейшым і на саюз з беларусамі, але і лёгка празналі беларускі кантэкст, прабеларускую тэндэнцыю развіцця разглядаемага намі рэгіёна (гетман у той час ужо не меў дамінуючага ўплыву сярод украінскіх арганізацый і рухаў, аднак, па паведамленні К. Езавітава, менавіта «из белорусско-украинских встреч со Скоропадским вырос белорусско-украинский союз …определены границы Белоруссии и Украины»). Дый сённяшнімі ўкраінскімі гісторыкамі прызнаецца, што «територіальний роздріб (у часы германскай акупацыі 1941 – 1944 гг. – А. Т.) засвідчив, що гітлерівське керівництво аж ніяк не переймалося етнографичною цілісністю загарбаних краïн».

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што М. Хрушчоў, які ў 1939 г. прывёз Сталіну праект украінска-беларускай мяжы з уключэннем Берасцейска-Пінскага Палесся ў склад Украіны, пасля смерці "бацькі народаў”, у перыяд свайго кіравання, аднак, не рашыўся рэалізаваць свае даўнія намеры, маючы для гэтага, як паказаў прэцэдэнт з перадачай Крыма Ўкраінскай ССР, усю паўнату ўлады, хоць, па ўспамінах П. Панамарэнкі, М. Хрушчоў быў "чалавекам злапамятным, нічога ніколі не забываў”, дый на Крым у адрозненне ад адносна спрэчнага Палесся Ўкраіна не мела, бадай, ніякіх гістарычна ці этнаграфічна абумоўленых падстаў і тым больш праў (да таго ж варта нагадаць, што Крым быў уключаны ва Ўкраінскую ССР у 1954 г., калі М. Хрушчоў яшчэ нават не быў вярхоўным кіраўніком СССР, якім стаў у 1956 г.). Магчыма, тут сыграла ролю тое, што М. Хрушчоў, будучы прагным прыхільнікам і спадзвіжнікам ператварэння народаў Саюза ў адзіны "савецкі”, палічыў такі крок нямэтазгодным, бо перакрэсліванне межаў стала б нагодай для насельніцтва задумацца над сваёй сапраўднай нацыянальнай прыналежнасцю, а прабуджэнне нацыянальнай свядомасці аніякім чынам не ўваходзіла ў планы будаўнікоў камунізму.

І яшчэ цікавы і паказальны момант ужо з самай «свежай» гісторыі. Падчас чарговых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Ўкраіна (2000 г.) у Дубровенскім раёне Ровенскай вобласці, які мяжуе з Брэсцкай вобласцю Рэспублікі Беларусь, некаторыя жыхары ў бюлетэнях шукалі кандыдатуру дзейснага тады прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі. Здаецца, каментары лішнія.

Досвед развіцця ўкраінска-беларускіх палітычных перэпетый, узаемаадносін кажа пра тое, што, усведамляючы слізкасць "палескай праблемы”, ператвараючы яе вырашэнне ў дыпламатычныя гульні, іх суб’екты мелі на мэце перадусім замацаванне сваёй дзяржаўнасці, яе жыццяўстойлівасці наогул, для чаго і запатрабавалася пастаноўка максімалісцкіх задач (што, дарэчы, у 1918 – 1921 гг. атрымалася ў ІІ Рэчы Паспалітай стасоўна заходніх частак Беларусі і Ўкраіны пры імкненні аднавіць межы 1772 г.). Гэты момант неабходна ўсведамляць навукоўцам і зыходзіць з яго пры даследаванні гісторыі і культуры Палесся.

Такім чынам, глабальныя падзеі, якія распачаліся ў 1939 г., маленькай, але неад’емнай часткай якіх з’явілася правядзенне беларуска-ўкраінскай мяжы ў заходняй яе частцы, відавочна, былі "запраграмаваны” ў храналагічным адрэзку з 1914 па 1921 гг., апафеозам якога сталі дакументы, падпісаныя ў Версалі, а таксама, што тычыцца разглядаемай праблемы, трохі раней у Брэсце. Карані ж гэтай праблемы ўзыходзяць менавіта да палітычных перэпетый і менавіта тагачасся, але не глыбей, як інтэпрэтуюць некаторыя даследчыкі, ныраючы ў глыбіню стагоддзяў і/ці карыстаючыся эклектычнай аргументацыяй. Нягледзячы на палітычныя спекуляцыі і гульні, гістарычная прыналежнасць Берасцейшчыны у ХХ ст. абазначылася дастаткова акрэслена і ў наш час на гэтай глебе не павінна ўзнікаць прынцыповых рознагалоссяў. Сёння ж калі і існуе "ўкраінскае пытанне” на Берасцейска-Пінскім Палессі, дык гэта не спрэчка пра гістарычную прыналежнасць разглядаемага рэгіёна, а праблема адраджэння ўкраінскай нацыі і яе культуры ў прымежных раёнах Брэсцкай вобласці, бо кампактнае пражыванне ў нядаўнім мінулым на гэтых землях украінцаў (што і нядзіўна для пераходных этнічных тэрыторый) не выклікае сумневаў.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (16.04.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2345 | Тэгі: Берасцейска-Пінскае Палессе, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.