Субота, 20.04.2024, 13:51

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

Прафесар электраграфіі і магнетызму
Апошнім часам у Беларусі актывізаваліся даследаванні гісторыі нашай навукі. Вядзецца настойлівы пошук імёнаў незаслужана забытых землякоў. Адкрыцці бываюць самыя нечаканыя.


Якуб Наркевіч-Ёдка

Што, напрыклад, гаворыць сённяшняму чытачу гэта імя – Якуб Наркевіч-Ёдка? А яно ж было добра вядома ў XIX стагоддзі як у Беларусі, так і за яе межамі – у Пецярбурзе, Берліне, Вене, Парыжы, Рыме. Пры жыцці гэтаму чалавеку былі нададзены высокія званні, тытулы і ўзнагароды. А ў 1896 годзе ў Парыжы была нават выдадзена кніга пра жыццё і дзейнасць Я. А. Наркевіча-Ёдкі. Рэдкая газета ў тыя часы не змяшчала пра яго рэпартаж, артыкул ці хаця б кароткае паведамленне.

Якуб Наркевіч-Ёдка нарадзіўся 27 снежня 1847 года ў шляхецкай сям'і ў маёнтку Турын Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён).

У 1865 годзе Якуб закончыў Мінскую губернскую гімназію. Пра Наркевіча-Ёдку загаварылі як пра знаўцу музыкі, выдатнага музыку і кампазітара. У гэтай якасці ён падарожнічаў па Еўропе, даваў канцэрты і меў «выдатныя водгукі каранаваных асоб».

Пасля прыезду ў Расію ў 1868 годзе ён служыў у Маскоўскім дваранскім сходзе, адначасова выкладаў у жаночай Марыінска-Ярмолаўскай навучальнай установе. Тут яму даручылі весці курс тэорыі музыкі.

Аднак далёкі ад таго, каб заспакойвацца на дасягнутым, Я. Наркевіч-Ёдка зноў паехаў за мяжу, дзе займаўся ў вышэйшых навучальных установах: спецыялізаваўся ў галіне фізікі, прыродазнаўства і медыцыны.

Навуковую дзейнасць на радзіме ён пачаў з таго, што ў сваім маёнтку Наднёман пабудаваў метэаралагічную станцыю. Станцыя зацікавіла Рускае геаграфічнае таварыства, з якім малады вучоны і пачаў супрацоўнічаць.

Вучоны выкарыстоўваў на палях сваёй сядзібы вядомыя раней прылады і прыстасаванні, уносячы ў іх свае істотныя ўдасканальванні. У прыватнасці, токі маланкаадводаў ён выкарыстоўваў для павышэння ўрадлівасці глебы.

Паступова акрэсліўся галоўны накірунак яго навуковых пошукаў: вывучэнне ўздзеяння вонкавых сіл прыроды, у першую чаргу электрычнасці, на жывы свет. Эксперыменты спараджалі новыя ідэі. Вывучэнне ўздзеяння высокага электрычнага напружання на глебу прывяло да адкрыцця так званай электраграфіі, да арыгінальнай гіпотэзы электрычнай прыроды смерчу.

Якуб Наркевіч-Ёдка меў грунтоўную медыцынскую адукацыю і практыку. Як сведчаць мясцовыя жыхары, у сваім маёнтку ён лячыў хворых, прапагандаваў процідыфтэрыйныя прышчэпкі, якія ўваходзілі тады ў жыццё, адкрыў у Слуцку і Пясочным аптэкі. Таксама, ён узначальваў мясцовае таварыства цвярозасці.

У 1892 годзе Наркевіч-Ёдка быў прызначаны членам-супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбурзе.

Мы не можам быць безуважнымі да яго доследаў па рэгістрацыі электрычных сігналаў на адлегласці, якія былі праведзены ў Наднёмане да 1891 года.

Вынікі даследаванняў па электраграфіі былі выкладзены Я. Наркевічам-Ёдкам у 1892 годзе камісіі Пецярбургскага інстытута эксперыментальнай медыцыны, а затым на канферэнцыі па электраграфіі і электрафізіялогіі ў Пецярбургскім універсітэце. У 1893 годзе з адкрыццём нашага суайчынніка былі азнаёмлены вядучыя навуковыя цэнтры Заходняй Ёўропы — Берлін, Вена, Парыж, Прага, Фларэнцыя, дзе вучоны прачытаў лекцыі і прадэманстраваў цыкл фотаздымкаў «электрычных іскраў і хвалепадобных ваганняў у розныя моманты праяўлення іх у прыродзе і ў чалавечым арганізме».

У 1900 годзе на міжнародным кангрэсе ў Францыі вучонаму было прысуджана званне прафесара электраграфіі і магнетызму.

Заслуга Я. Наркевіча-Ёдкі ў тым, што ён знайшоў практычнае выкарыстанне вынікам сваіх доследаў у медыцыне. Праводзячы свае эксперыменты, ён заўважыў розніцу ў электраграфічным малюнку аднолькавых участкаў цела хворых і здаровых, стомленых і ўзбуджаных, сонных і нядрэмных людзей. Гэта дазволіла зрабіць выснову, што іх характар істотна залежыць ад стану чалавека, і прапанаваць выкарыстаць электраграфічны метад для дыягностыкі розных хвароб. А гэта – нараджэнне новай навукі. Вось што пісалі газеты таго часу: «Несумненна, што гэта работа будучага, але якім будзе становішча медыцыны, калі ўрач пры дапамозе іскры будзе адразу ставіць дакладны дыягназ... Пакуль дастаткова і таго, што спосаб гэты ўжываецца ўжо практычна Я. Наркевічам-Ёдкам у распазнаванні і лячэнні нервовых хвароб».

Памёр Якуб Наркевіч-Ёдка 6 лютага 1905 года ў Вене падчас вяртання з навуковай вандроўкі. Цела нябожчыка было перавезена ў Наднёман і пахавана на сямейных могілках. Развітацца з вядомым вучоным сабралася шмат мясцовых жыхароў.

За мінулыя дзесяцігоддзі з часу смерці вучонага навука і тэхніка зрабілі гіганцкі крок наперад. Але і сёння ідэі нашага суайчынніка застаюцца актуальнымі, значнымі. Яны і зараз займаюць навуковую думку, розумы многіх вучоных. У гэтым, бадай што, галоўны вынік навуковай дзейнасці «прафесара электраграфіі і магнетызму».

Вывучэнне навуковай спадчыны.. Я. А. Наркевіча-Ёдкі толькі пачалося, і таму ацэнка яго асобы яшчэ ў нейкай ступені ўмоўная. Але ўжо зараз можна сцвярджаць: гэта быў незвычайны вучоны. Аднавіць у поўнай меры яго імя — наш абавязак.
Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (23.04.2010) | Аўтар: Павел ДАЙЛІД
Праглядаў: 3985 | Тэгі: Павел Дайлід, Якуб Наркевіч-Ёдка | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.