Серада, 17.04.2024, 19:20

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Прысвячаецца тым беларусам, хто нарадзіўся “пры Польшчы”
Нас падзялілі… Хто? Чужаніцы, 
Чорных дарог махляры. 
К чорту іх межы! К д'яблу граніцы! 
Нашы тут гоні, бары!
 
Якуб Колас

Сеялі і малацілі... 
Раптам нас "асвабадзілі”. 

Сяргей Панізнік

Прыйдзе новы – а мудры – гісторык, 
А ён прыйдзе – ужо ён ідзе –
І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак
І да зорак аб нашых прасторах, 
Аб падзеях, людзях павядзе.
 
Янка Купала



Тое, што наспела актуальнасць стварэння гэтай працы, казаць і даказваць неяк і няёмка. Нягледзячы на відавочнасць выказваемых у даследаванні думак і вынікаў сінтэзаванага ўспрымання праблемы, падобныя меркаванні калі і "праслізгваюць” у гістарыяграфіі, то не замацоўваюцца ў сілу постсавецкай інертнасці нашай навукі, таму артыкул мае да ўсяго і наватарскае значэнне. 

Мэта гэтай працы даць па магчымасці аб’ектыўную характарыстыку палітычных працэсаў напярэдадні падзей 1939 г. і іх вераснёўскага ажыццяўлення, а таксама адлюстраваць сапраўдны стан рэчаў палітычнай гісторыі вакол аб’яднання Беларусі, даць ацэнку верасню 1939 г. з беларускай пазіцыі.

Традыцыйны агляд гістарыяграфіі дастаткова заключыць у тры тэзісы. Савецкая гістарычная навука ад сталінскай да гарбачоўскай чаканкі адназначна ацэньвала паход Чырвонай Арміі як вызваленчы. Сучасная беларуская гістарыяграфія за выключэннямі, якія не ўплываюць на агульны дыскурс, не адмовілася ад савецкай дэфініцыі з меркаванняў гістарычнай справядлівасці аб’яднання. Польская гістарычная навука на працягу "пээнэраўскага” перыяду нібыта набірала паветра ў лёгкія, каб выгукнуць (і небезпадстаўна): "Агрэсія! Акупацыя!”. 

Каб зразумець, што насамрэч адбылося, неабходна зазірнуць у мінулае, прынамсі ў першую чаргу звярнуцца да часоў канца ХVІІІ ст. і да падзей 1918 г. Шляхам трох падзелаў канфедэрацыі Кароны Польскай і ВКЛ – Рэчы Паспалітай – Расійская Імперыя атрымала ў свой склад усе беларускія этнаграфічныя землі – тыя, на каторых магла б утварыцца беларуская нацыя і нацыянальная дзяржава ў разуменні Новай гісторыі. Уздым нацыянальнага руху ў Еўропе прывёў да імкненняў народаў да самавызначэння. Палякі ў сваім адраджэнні кіраваліся менавіта станам на 1772 г., калі краіны-суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае развіццё канфедэратыўнай дзяржавы. Таму незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай элітай беларусаў у 1918 г., мелі ніяк не меншыя падставы. Аднак 1918 г. для беларусаў не стаў годам аднаўлення дзяржаўнасці: ў адрозненне ад заходняга суседа (і Літвы) не хапіла сіл (унутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі) забяспечыць БНР, абвешчанай 25 сакавіка 1918 г. (дарэчы раней, чым такі акт здзейснілі палякі), жыццяздольнасць. Рэспубліка была расціснута молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (ІІ Рэчы Паспалітай), што замацавалі 18 сакавіка 1921 г. у Рызе. Абедзьве краіны былі прасякнуты імперскімі інтарэсамі. Аднак пазіцыя Польшчы ў дачыненні да Беларусі была ў нейкім сэнсе вымушанай: каб не стаць другой Украінай, якая ўрэшце пасля ўпартай барацьбы трапіла назад пад уладу "маскалёў”, палякі выяўлялі большыя прэтэнзіі – "ад мора да мора”, што дазволіла б (і ўрэшце дазволіла) захаваць ядро дзяржавы, нават больш: ваеннастратэгічныя пралікі Тухачэўскага далі магчымасць ІІ Рэчы Паспалітай устанавіць сваю мяжу далёка на ўсход ад лініі Керзана, якая спачатку расцэньвалася як дзяржаўная. Да таго ж, каб краіны суседзяў, у тым ліку і перш за ўсё Польшча, не здолелі замацаваць сваю дзяржаўнасць, наўрад ці бальшавікоў турбавала б пытанне пра беларускую дзяржаўнасць, якая толькі прыўносіла лішнія складанасці ў распаўсюджванні рэвалюцыі: у немалаважных для будучага гістарычнага развіцця дакументах Беларусь не згадвалася ў кантэксце народаў з правам на нейкую дзяржаўнасць. Дарэчы, да падпісання мірнае дамовы ў Рызе ніхто іншы, як дэлегацыя ІІ Рэчы Паспалітай прапанавала савецкай вывесці і польскія, і расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі (улучна са Смаленшчынай) і правесці там плебесцыт для самавызначэння беларусаў, аднак Масква адмовілася, выбіраючы драпежніцкі варыянт адносна Беларусі. Як бачым, Расія ў абодвух выпадках (у канцы XVIII ст. і ў 1918 – 1921 гг.) найактыўнейшым чынам "паспрыяла” разбурэнню самастойнай беларускай дзяржаўнасці. 

Рыжскі дагавор усё ж прадугледжваў фармальна не такія ўжо і малыя правы для беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай. De jure і ССРБ (потым БССР) мела суверэннасць. Пры рэалізацыі тых праў беларусы як нацыя па абодва бакі меліся адбыцца. Але планы метраполій былі інакшыя. 

У Савецкім Саюзе, а значыць і ССРБ, у 1920-х гг. закінулі нажыўку карэнізацыі і беларусізацыі: маўляў, правы беларусаў і меншасцяў у Савецкай Беларусі вытрымліваюцца. Намінальная суверэннасць рэспублікі дазволіла ўжо адпачаткова казаць пра яе уніфікацыйнае для беларускіх тэрыторый значэнне; і ў пацверджанне Масква пасля знікнення значэння ССРБ як буфернай зоны ад капіталістычнага акалення правяла два ўзбуйненні рэспублікі, хоць у канцы 1920 г. бальшавікі зусім не збіраліся "ўзбуйняць” Беларусь з-за адсутнасці сэнсу (народны камісарыят замежных спраў РСФСР, як паведамляецца ў яго цыдулцы ад 6 лістапада 1920 г., лічыў "нежаданым далучэнне да Беларусі якіх бы там ні было частак Віцебскай або Магілёўскай губерняў”). Але неўзабаве той сэнс з’явіўся: такі ход Савецкую Беларусь рабіў большай і па тэрыторыі, і па насельніцтву за заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы, – не далучаць жа было большую частку да меншай. Да таго ж менавіта з падачы Крамля была створана Кампартыя Заходняй Беларусі (1923 г.) – упершыню "крэсы паўночна-ўсходнія” атрымалі (пра)савецкую інтэрпрэтацыю. Сэнс яе быў у інспіраванні справядлівасці эвентуальнага аб’яднання Беларусі. Крэмль "падабраў” назву "Заходняя Беларусь” у нацыянальных сілаў, якія ўжывалі яе з 1919 г. Інспіраванне прайшло надзвычай удала. 

У ІІ Рэчы Паспалітай беларусы афіцыйна былі нацменшасцю, што таксама паспрыяла таму інспіраванню, якому паверылі нават некамуністычныя нацыянальныя дзеячы на ніве беларусчыны. Асабліва, мусіць, з-за таго, што дамаганні Б. Тарашкевіча і яго хаўруснікаў у палітыцы здабыць аўтаномію не рэалізаваліся. Тая аўтаномія (хаця б фармальная) у вялікай ступені пазбавіла б Маскву глебы для інспіравання эвентуальнага аб’яднання Беларусі. Думаецца, гэтыя сепаратысцкія памкненні Б. Тарашкевіча падштурхнулі бальшавікоў спярша наладзіць яму эміграцыю ў БССР, а затым рэпрасаваць яго. У выніку да 1939 г. па абодва бакі мяжы ўсталяваўся стэрэатып пра будучае аб’яднанне як далучэнне Заходняй Беларусі да Беларусі Савецкай, чым быў стораны прэтэкст для такога аб’яднання. 

Вераснёўскія наступствы пакта Молатава – Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, аднак, як бачым, у стасунку да Беларусі як гістарычнага краю многімі лічацца справядлівымі. Тады ўзнікаюць лагічныя пытанні, ці захавалася б справядлівасць, каб уз’яднанне Беларусі адбылося праз захоп ІІ Рэччу Паспалітай БССР? Ці, можа, захавалася б справядлівасць тады, калі б Сталін, просячы перадышкі ў Гітлера (снежань 1941 г.), аддаў ІІІ Рэйху заходнюю частку сваёй імперыі, у тым ліку Беларусь? У апошнім выпадку ж наша краіна таксама была б "аб’яднанай” – у Lebensraum’е. Але Гітлер не пайшоў на такі крок. Справядлівасць гэтакіх аб’яднанняў не ўкладваецца ў галаве. Менавіта на фоне гэтых пытанняў бачыцца абсурднасць той справядлівасці, адэптамі якой з’яўляюцца і сёння многія беларускія гісторыкі. Няўжо так цяжка ўсвядоміць, што любая агрэсія, да таго ж з ярка выражанымі імперскімі амбіцыямі, не можа быць і ценню справядлівасці, не можа несці нейкае дабро людзям як народнай масе (нацыянальнай у тым ліку), так і асобе ў прыватнасці.

Але разбярэмся падрабязней у тых наступствах. Перад інкарпарацыяй земляў Польскай дзяржавы існавала задума стварэння трох "дзяржаўных” фарміраванняў, у тым ліку Заходняй Беларусі, аднак Крэмль выбраў іншы варыянт развіцця падзей, прапанаваўшы Рэйхстагу перагледзець дэмаркацыйную лінію, якая даходзіла да самой Варшавы, каб, па словах Сталіна, не мець праблем з польскай аўтаноміяй. СССР прадставіў свае ваенныя дзеянні як дапамога і вызваленне кроўных братоў у Заходніх Беларусі і Украіне, што, паводле ленінскай тэорыі, фармальна апраўдвала гэтыя дзеянні, бо яны нібыта не траплялі пад паняцце анексіі, і што не перашкодзіла яму захапіць 52 % тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Аднак звярніце ўвагу на выказванне Сталіна 17 красавіка 1940 г. з выступлення на нарадзе начальніцкага складу па абагульненні досведу баявых дзеянняў супраць Фінляндыі: "война в Польше (выдзелена намі – А. Т.) это была военная прогулка”. Для Крамля ж насамрэч тыя падзеі братэрскім вызваленнем і аб’яднаннем Беларусі (і Украіны) зусім не з’яўляліся, пра што сведчыць далучэнне Заходняй Беларусі з вялікімі пагрэшнасцямі адносна першапачатковага яе тэрытарыяльнага разумення і абазначэння: 1) Савецкі Саюз захапіў землі, каторыя ніколі не лічыліся Заходняй Беларуссю (Ломжыншчына) і дзе не праводзілася дзейнасць КПЗБ; 2) і ў той жа час Віленшчына, заходнебеларускасць якой з 1923 па 1939 гг. не ставілася ў Маскве пад сумнеў, была ў якасці траянскага каня прэзентавана Літве (дарэчы, у стасунках СССР з Літвою двухаблічны Крэмль тым часам прызнаваў савецка-літоўскую мяжу 1920 г., паводле якое паўночна-заходняя частка Беларусі разам з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы і інш. адносіліся да Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі, гэта значыць, каб бальшавікі былі цалкам паслядоўнымі, яны павінны былі б аддаць нашмат большую частку Беларусі; да таго ж паводле Рыжскага дагавора, пытанне пра прыналежнасць спрэчных паміж Польшчай і Літвой тэрыторый падлягала вырашэнню выключна паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, г. зн. Масква не мела да таго пытання ніякага дачынення). На першым месцы тут знаходзілася ленінска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Германіяй у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла яна ў 1921 г. у "дыялектычным” (адзінства і барацьба супрацьлегласцей) хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта – падзяліла землі суседа. Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, то ў 1939 г. распачыналася ІІ сусветная вайна. Скажэце, што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця – "абы вайны не было”. Да таго ж у тым, што Беларусь не толькі не знікла з геаграфічнае мапы, але і ў 1920-х гг. павялічыла свае адміністрацыйныя межы як Савецкая Рэспубліка, немалаважную ролю адыграў менавіта Рыжскі дагавор. Не было б яго, наўрад ці Крэмль пайшоў бы на так званае ўзбуйненне. Не было б яго, беларуская эліта была б знішчана у 1930-я гг. дашчэнту. Не было б яго, ці атрымала б урэшце Беларусь суверэннасць? Ці не была б яна паглынута Імперыяй, як вышэйзгаданая Карэла-Фінская ССР, якая не выканала сваёй гістарычнай місіі ў распаўсюджванні сусветнай рэвалюцыі? 

Дарэчна будзе яшчэ давесці, што 17 верасня 1939 г. з’яўляецца толькі датай, паводле савецкай тэрміналогіі, вызвалення, але ні ў якім разе не аб’яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць "крэсы паўночна-ўсходнія” ў адной рэспубліцы. De jure паварот да варыянту, які ўрэшце ажыццявіўся – і Беларусь аб’ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Германіяй быў падпісаны чарговы дагавор аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай пакуль тады яшчэ суверэннай дзяржавы. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра прыняцце яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. афіцыйна Крэмль задаволіў тую "просьбу”, што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР. Гэта значыць, што фармальна аб’яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля "вызвалення”. А фактычна яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо праз старую мяжу не зрабілі вольнага перамяшчэння. «На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила». Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры германскай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан. 

Цікава прасачыць рэакцыю насельніцтва на вераснёўскія падзеі 1939 г. Па ўспамінах сучаснікаў, беларусы чакалі перамен да лепшага і чырвонаармейцаў называлі не інакш, як "нашымі”. Бадай, толькі польская частка насельніцтва была адпачаткова настроена варожа да савецкай улады, што праяўлялася як у актыўным супраціве (падпольная барацьба), так і ў пасіўным (так званая ўнутраная эміграцыя). У хуткім часе і беларусы разглядзелі сутнасць вызваліцеляў і бальшавікі ў іх вуснах не без іроніі трансфармаваліся ў «башлыкоў». Дый пасляваеннае перасяленне беларусаў у Беларусь (ізноў перадзеленую бальшавікамі), а палякаў у Польшчу, паказала сапраўдныя адносіны насельніцтва да савецкай улады. Яе ўжо не прызнавалі сваёй, хоць да 1939 г. многія і чакалі Саветаў. Пры магчымасці ж сяляне імкнуліся ў асноўным застацца па заходні бок мяжы, нягледзячы, што і там існавалі праблемы экзістэнцыйнага характару (напрыклад, нацыянальная нецярпімасць, бандытызм). І наадварот, значная частка кансерватыўных па вобразу жыцця сялян, якія лічыліся палякамі і апынуліся на далучаемай да БССР тэрыторыі, старалася ўцячы ад калгасаў, непамерных падаткаў, хамскае ўлады, што неслі нэндзу, паўсядзённы неспакой, рэпрэсіі. 

Такім чынам, ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Гэты тэзіс, як можа падацца, лье ваду на млын польскіх прэтэнзій на землі, якія знаходзяцца на ўсход ад Беластока і Брэста. Таму неабходна адзначыць неабгрунтаванасць і тых дамаганняў.

Кажучы пра захоп "крэсаў паўночна-ўсходніх”, палякі забываюць, якім чынам яны ім дасталіся. Пасля паражэння Германіі і гістарычнага аборту БНР беларускія землі сталі арэнай дзяржаўных інтарэсаў адроджанай Польшчы і бальшавіцкай Расіі. Абедзьве расцэньвалі Беларусь у якасці бар’ера, якім і была наша Бацькаўшчына на працягу цэлага тысячагоддзя ў супрацьстаянні дзвюх тыпаў цывілізацый – еўрапейскага і азіяцкага. З боку Пілсудскага зыходзілі нават ідэі стварэння канфедэрацыі (гэта нагадвае саюзную ідэю бальшавікоў). Але ў выпадку непатрэбнасці той ідэі, як сталася ў 1920 – 1921 гг. і пасля, на яе не звярталася ніякай увагі: кіраўніцтва ІІ Рэчы Паспалітай арыентавалася менавіта на тыя чыннікі, якія абгрунтоўвалі магчымасць уварваць найбольш тэрыторыі, што і прывяло да Рыжскага міру і ўтварэння "крэсаў паўночна-ўсходніх” (у 1922 г. адбылася інкарпарацыя Сярэдняе Літвы – Віленшчыны). Відавочна, і польская ўлада разумела, што здзейсніла захоп Заходняй Беларусі, будучых "крэсаў паўночна-ўсходніх”. Імкненне стварыць унітарную дзяржаву дыктавала Варшаве праводзіць асіміляцыю нацменшасцяў (што, дарэчы, нівеліравала б факт захопу "крэсаў”), і ў гэтым бачыцца стратэгічна-гістарычны пралік ІІ Рэчы Паспалітай: беларусы ў ёй сталі маргіналамі, тады, калі па ўсходні бок мяжы яны былі нібыта роўнымі сярод роўных і мелі свой "цэнтр”, сваю сталіцу. Дзякуючы таму праліку Савецкі Саюз і змог з лёгкасцю стварыць прэтэкст аб’яднання Беларусі пад саюзным дахам. 

Такім чынам, неабходна прызнаць акт 17 верасня – 2 лістапада 1939 г. фармальна аб’яднаўчым для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскрайкі на поўначы і на ўсходзе). Аднак патрэбна скарэктаваць канатацыю дэфініцыі "аб’яднанне”, што паводле савецкай інтэпрэтацыі атрымала станоўчую афарбоўку для таго гістарычнага моманту. Па-першае, аб’яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў ІІІ Рыма і ІІІ Рэйха. Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя бакі, якія аб’ядноўваліся: іх аб’ядналі, не пытаючыся таго, і толькі потым postfactum правялі інсцэніроўку "Народнага” схода. Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваны пры ажыццяўленні нібыта аб’яднаўчага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу), – яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і маглі толькі меркаваць пра далейшае развіццё лёсу так званай Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 г., бо ў Крамля было некалькі варыянтаў (многія інтэлектуалы-"заходнікі”, хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, неўзабаве аказаліся за кратамі, а наша нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі). 

Дарэчна будзе давесці, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра "гвалтоўныя метады” "далучэння заходняй часткі ўкраінскіх зямель да Вялікай Украіны”, слушна заўважаюць, што аб’яднанне "было найважнейшым крокам у фарміраванні ўкраінскай саборнасці”. "Однак ця подія, – цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, – принесла украiнцям не менші страждання, ніж полякам”. Карэктна бачыць такое ж значэнне тых падзей і для Беларусі. Але ў прызнанні аб’яднаўчага для Беларусі моманту недапушчальна казаць пра "вызваленне Чырвонай Арміяй” і тым больш пра нейкую справядлівасць таго акту, тым самым прызнаючы справядлівасць агрэсіі. Падзеі 1939 г. былі справядлівымі гэтак жа, як і дзяльба Беларусі ў 1918 – 1921 гг. І падзеі 1939 г. не прыбавілі ў гісторыі справядлівасці, бо зло нельга выкараніць злом. Ад гэтага яго толькі пабольшае. А ацэнка тых і іншых момантаў сацыльна-палітычнага развіцця гісторыяй як гуманітарнай навукай павінна быць адэкватнай цывілізаванай аксіялогіі і па магчымасці не трапляць у залежнасць ад палітычных сілаў ці асабістых перакананняў даследчыка.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (18.09.2009) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3341 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.