Субота, 20.04.2024, 09:52

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Равеснік раёна
Іван Лагвіновіч, без сумнення, — гэта з'ява на творчым небакраі зямлі Берасцейскай. Яркае пацвярджэнне таму — рэгулярнае з'яўленне яго новых вершаў на старонках прэстыжнай газеты "Літаратура і мастацтва", іншых рэспубліканскіх выданняў. У іх адчуваецца высокая патрабавальнасць і адказнасць аўтара, яго дзівоснае валоданне гукамі і мовай Бацькаўшчыны.

Іван Піліпавіч нарадзіўся 16 студзеня 1940 года на хутары Запрапасць каля Малькавічаў. Адтуль у семнаццаць юначых гадоў рушыў на вугальныя шахты Данбаса. Там будучы паэт закончыў горнапрамысловае вучылішча і пачаў здабываць вугаль. Вярнуўся на шахту на цэлых трыццаць сем гадоў і пасля таго, як адслужыў у арміі. Атрымаўшы прафесійнае захворванне, у пяцьдзесят гадоў вымушаны быў пайсці на пенсію. Вось тады і ўзнікла ў яго непераадольнае жаданне вярнуцца ў Беларусь. З 1992 года ён трывала асталяваўся ў Баранавічах, дзе і жыве цяпер.

Як успамінае творца, чытаць ён вывучыўся ў пяць гадоў. У трэцім класе зрабіў першую спробу напісаць верш. Друкавацца ж пачаў у 1960 годзе. Яго першай паэтычнай трыбунай стала газета "Чырвоная змена".

2010 год для Івана Лагвіновіча знамянальны ўдвайне: ён адзначае 70-годдзе з дня нараджэння і 50-годдзе творчай дзейнасці.

Вершы паэта змешчаны ў шматлікіх калектыўных зборніках: "Дорогие мои однополчане", "Зарницы", "Очень вовремя мы родились", "Агледзіны", "Дзядзінец", адзначаны ў анталогіі беларускай літаратуры XX стагоддзя "Краса і сіла". Яго пяру належаць паэтычныя зборнікі "Разлукі выраёвыя", "Піліпаўка", "Палыновыя кветкі", "Ляда юдолі".

У прадмове да зборніка "Разлукі выраёвыя" вядомы літаратар Мікола Пракаповіч адзначае, што "паэт з хутара Запрапасць піша вершы пра чыстую любоў да Беларусі". I гэта сапраўды так — у патрыятызме сіла і моц Івана Лагвіновіча:

Саслабелых душой не песціў,
Знахабнелых не дакараў.
Суцяшае адно: не бэсціў
Мову продкаў і родны край.
"Роздум"

"Ляда юдолі" — гэта зборнік выбраных твораў Івана Лагвіновіча. Вызначаючы месца паэта, сталічны крытык і паэт Леанід Галубовіч у прадмове да яго адзначаў: "Таленавіты чытач — ёсць адмысловы сатворца паэта, ягоны прыхільнік і апанент у адной асобе. I менавіта ён з'яўляецца самым аб'ектыўным крытыкам. Як чалавек, нейкім чынам набліжаны да такой чытацкай касты, лічу, што Іван Лагвіновіч — адзін з нашых непапраўных паэтаў: так я называю тых, хто піша, пачынаючы з дзяцінства да самага савана. Што ж, відаць, ёсць пэўная логіка ў тым, што паэтам памірае толькі той, хто ім нараджаецца...". Гэтыя словы найбольш трапна характарызуюць паэта з ганцавіцкай глыбінкі.


Іван Лагвіновіч на святкаванні
60-годдзя Аляксея Галаскока


У "Лядзе юдолі" на мяне вялікае ўражанне аказаў верш "Спачатку я ў кватэры прыбяруся". Ёсць у ім такія радкі:

З чыстым сэрцам,
Чыстымі рукамі
Вазьму я чысты
ліст паперы,
За чысты стол пісьмовы сяду
У пакоі чыстым
I запішу лірычны верш
Пра чыстую любоў
Да Беларусі.

Не магу не адзначыць і яшчэ адзін паэтычны набытак Івана Лагвіновіча, праўда, сумесны з сынам Расціславам — іх лірычны зборнік "Заряна". Ён яскрава сведчыць аб тым, што паэтычны талент бацькі перадаўся яго сыну. I гэта вельмі сімвалічна: будзе каму працягваць бацькоўскую справу.

Мне карціць закончыць паэтычны агляд жыцця і творчасці Івана Лагвіновіча радкамі з ягонага верша "Зараніца":

Гэтая пара не забываецца,
Хто хоць раз загон свой зажынаў...

Добры, якасны і ўсім патрэбны творчы "загон" атрымаўся ў Івана Лагвіновіча — равесніка Ганцавіцкага раёна.


Пасвячэнне юбіляру

Скідай, мой сябра, сум з чапа
I азарыся ўсмешкай цёплай!
Як меданосная пчала,
Ляці зноў на нябесны поплаў!

Стаміўся хто, у журбе захрас,
А ты ж, я ведаю, не гэткі.
Смялей праз дым зямных абраз
Ляці на небныя палеткі!

Там воблікі жывых аблок —
Не тое, што людскія маскі...
Там сініць космас васілёк,
А зорачкі — жывыя краскі!

Збірайся ў новы свой палёт,
Уздымайся ў верх з жыццёвай пожні,
Ляці і ўсмоктвай дзіўны мёд —
Натхненне з зоркі ў небе кожнай.

Святло мірглівых чыстых зор
Заўсёды хай твой шлях асвеціць,
А як замрэ у грудзях матор,
Ды лепш у небе, у палёце.

Алесь КОРНЕЎ
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (22.01.2010) | Аўтар: Міхась МАЛІНОЎСКІ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 2241 | Тэгі: Іван Лагвіновіч, газета Савецкае Палессе, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.