Аўторак, 23.04.2024, 14:43

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Родам з Палесся
Мінула больш за 10 гадоў, як яго ўжо няма. Гэта здарылася 16 лютага 1996 года на 61 годзе жыцця. Мне вельмі балюча чытаць Іванавы вершы, нарысы, глядзець у сямейны альбом, перабіраць у памяці ўспаміны пра наша жыццё.


Іван Кірэйчык з жонкай Верай Фёдараўнай у горадзе Ганцавічы.
1959 год

Сустрэліся мы з Іванам у палескім райцэнтры Ганцавічы, дзе ён на той час працаваў літсупрацоўнікам у газеце " Сялянская праўда" . Пазнаёміліся ў 1958 годзе на вяселлі майго брата Міхаіла Дубянецкага, які працаваў намеснікам рэдактара гэтай жа газеты. Іван насіў яшчэ флоцкую форму, быў высокі, статны, прыгожы хлопец з вялікай капой цёмна-русых кучаравых валасоў. З ім лёгка і цікава было знаходзіцца побач: размаўляць, кружыць у танцы, спяваць песні – гэта ж было вяселле. I мы, як кажуць, з першага погляду пакахалі адзін аднаго. У наступным годзе пажаніліся.

Дружна жылі супрацоўнікі рэдакцыі. Гэта была згуртаваная цудоўная сям'я, дзе ўсе радасці і беды дзяліліся пораўну, а для Івана, пачынаючага журналіста, гэта была добрая школа. Галоўны рэдактар Іван Балеслававіч Лісецкі быў душой калектыву, у якім працавалі здольныя журналісты В.Праскураў, М.Дубянецкі, М.Рудкоўскі, С Дзерышаў. Іван добра "ўпісаўся" ў гэты калектыў. Ён ужо друкаваў свае вершы, нарысы. Вось як хораша ён успамінае сваю першую газету: "...Я схіляю сваю галаву перад той нашай "раёнкай" у Ганцавічах, якая давала нам крылы для палёту, – Міхасю Рудкоўскаму, Васілю Праскураву, Міхаілу Дубянецкаму, пазней – Віктару Гардзею, Алесю Кажадубу, Алесю Каско, майму аднавяскоўцу Уладзіміру Маруку. Нехаця мы разляталіся ад яе, ад мясцін спрэч казачных здзіўленняў і тых самых, якія колісь зачаравалі маладога Якуба Коласа на стварэнне такой на дзіва паляшуцкай аповесці "У палескай глушы".


Іван Кірэйчык з калегамі па працы ў горадзе Ганцавічы.

А ў асабістым жыцці – гэта былі нашы лепшыя гады. Хаця мы былі матэрыяльна неўладкаванымі, але ж маладыя, духоўна акрыленыя і жылі з верай у лепшае будучае.

Цяжкім было жыццё Івана ў дзяцінстве. Бацька загінуў на фронце пад канец вайны, маці адна выхоўвала сына і дачку. Іван з васьмігадовага ўзросту пасвіў сваю і чужыя каровы, каб дапамагчы маці зарабіць на адзежу, абутак, пражытак, ды і на школьныя прылады. Кожны дзень зацемна выганяў кароў і зацемна прыганяў іх назад. Але ж якая гэта была свабода для тонкай паэтычнай душы хлопчыка! У сваёй аўтабіяграфіі І.Кірэйчык піша: "...я меў магчымасць штодзённа быць сам-насам з прыродай, без якой сёння нават не ўяўляю чаго-небудзь напісанага мною больш-менш вартага...". У школу хадзіў Іван толькі тады, пакуль ляжаў снег і нельга было пасвіць кароў. Ён разумеў, што грунтоўных ведаў такім чынам атрымаць нельга, і таму многа працаваў над сабой самастойна, каб папоўніць прабелы па школьнай праграме, асабліва ў вобласці гуманітарных навук.

Пісаць пачаў рана, надрукаваўся ўпершыню ва ўзросце 16 гадоў у раённай газеце, потым былі публікацыі, калі служыў на Балтыйскім флоце, у газетах "Страж Балтики", "Советская Отчизна", у часопісе "Нёман". Пісаў спачатку на рускай мове. Сустрэча на флоце з паэтамі Генадзем Бураўкіным, Мікітам Сусловічам, Вадзімам Сямерніным, Мікалаем Сідарэнкам станоўча паўплывала на развіццё яго літаратурных здольнасцей. Пад уплывам гэтых паэтаў ён стаў вяртацца да роднага слова, асабліва пад уздзеяннем паэта Мікалая Сідарэнкі, які пахваліў Іванавы вершы, але пры гэтым сказаў яму вельмі крыўдныя словы, якія балюча апяклі сэрца. "Вось так у вас, беларусаў, і атрымліваецца: самі пішаце па-руску, а на родную мову пасля перакладаюць вас... іншыя". Гэтая калючая фраза вельмі ўзрушыла яго свядомасць і заставіла задумацца аб тым, адкуль ён родам, дзе яго карані. "Вяртанне да роднай мовы давалася цяжка, хоць і ведаў яе, лічу, дасканала,” – успамінае ён.

І.Кіэрэйчык быў сапраўдным патрыётам сваёй Беларусі Усе яго вершы, нарысы прасякнуты любоўю да роднай прыроды, зямлі і людзей, што жывуць на гэтай зямлі. Мне хочацца нагадаць верш "Аснова", якім пачынаецца яго зборнік вершаў з такой жа нвзвай. У гэтым вершы – крэда яго жыцця:

Мае ідэі –
Жыццё Радзімы,
Дыханне Часу
І пульс Планеты;
Найлепшым словам дзялюся з імі
І, веру, шчасце маё ў гэтым.
Аддаць бы людзям сябе без рэшты,
Лістам і травам,
Палям жытнёвым,
У жаданні гэтым –
Мая аснова,
Уток і кросны,
Палотны, ўрэшце.

…Я –
з Белай Русі,
Я –
просты хлопец,
Я –
сын вясковы.
Бацькамі дадзена мне аснова.


Талент Івана ад Бога. Але ж аснову, карані гэтага Божага дару трэба шукаць у сям'і, у бацькоў, і ў першую чаргу у маці – Лізаветы Герасімаўны. Яна была разумнай, дасціпнай, своеасаблівай скарбонкай народных уяўленняў, павер'яў, прыкмет. Ведала шмат пагаворак, прыказак, народных песень і прыпевак. Мікалай Архіпавіч Янкоўскі, былы выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, сапраўдны сябра сям'і, вельмі любіў размаўляць з Лізаветай Герасімаўнай. Пасля кожнай такой сустрэчы ён гаварыў: "Я атрымліваю вялікае задавальненне і асалоду ад гутаркі з вашай маці, адчуваю прыліў творчых сіл ад такой вобразнай, мяккай, простай, па-вясковаму пявучай, лексічна багатай мовы".

І сапраўды, яе мова была перасыпана прыказкамі, пагаворкамі, народным гумарам. A як хороша і меладычна яна з дачкою (сястрой Івана) спявалі беларускія народныя песні! Мікалай Архіпавіч шмат чаго занатоўваў у свой блакнот ад нашай маці, называў яе "жывой народнай энцыклапедыяй". Ну а для Івана яна была штодзённым кансультантам. Ён заўсёды цікавіўся ў маці, як будзе гучаць тая ці іншая песня, пагаворка, прымаўка. Яна адкладвала свае няхітрыя дамашнія справы і з ахвотай расказвала аб усім, што ведала. Магчыма, у сілу абставін, талент Івана і неадкрыўся поўнасцю, але ж яго паэзія, нарысы і публіцыстыка маюць мастацкую каштоўнасць, свае, адметныя рысы, іх нельга зблытаць ні з якімі другімі.

Свой талент, любоў да роднага краю і роднай мовы Іван з генамі перадаў свайму малодшаму сыну Сяргею. Я была задаволена гэтым і спадзявалася, што сын пісаў бы не горш бацькі, бо ў яго ўжо праяўляліся літаратурныя здольнасці. Ён шмат чытаў, меў добрую памяць, вучыўся на "выдатна" не толькі па гуманітарных дысцыплінах, a і па ўсіх астатніх. Бывала напіша такое сачыненне на вольную тэму, што настаўнікі дзіву даваліся: такі шырокі палёт фантазіі. Ну, a па гуманітарных прадметах для яго не было канкурэнтаў ні ў школе , ні па-за школай. Ён ужо сёе-тое рыфмаваў, меў некалькі публікацый у газетах "Піянер Беларусі”, "Чырвоная змена", "Гомельская праўда", вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце, адкуль і быў прызваны на вайсковую службу. Служыў на Сахаліне. У пісьмах з арміі прасіў бацьку, каб той дасылаў яму свае новыя публікацыі, вершы, бо там, на Сахаліне, яму не хапала беларускага слова.

He здзейсніліся нашы мары і спадзяванні. Сярожа не вярнуўся дадому жывым. На жаль, і наш вялікі смутак, ён загінуў, выконваючы службовыя абавязкі. I гэта ў мірны час.

Я звяртаюся да ўсіх маці зямлі беларускай, каб яны цанілі і бераглі нашу незалежнасць, якая дала магчымасць не адпраўляць сваіх дзяцей ні ў Афганістан, ні ў Чачню, ні на далёкі Сахалін, бо там няма нашых інтарэсаў. Сёння ўсе хлопцы праходзяць вайсковую службу дома, у Беларусі. Гэта вельмі добра.

Немагчыма палічыць нашы бяссонныя ночы і вылітыя слёзы пасля смерці Сярожы, a потым і Сашы, нашага старэйшага сына (памёр праз 11 месяцаў). На людзях Іван трымаўся, а дома плакалі разам. Вялікае, цяжкае, непамернае гора падарвала наша здароўе.

Іван быў апантаны сваёй творчасцю. Часцей за ўсё ён пісаў уначы, калі было ціха дома, і за акном. Вось як ён успамінае аб працы над сваімі творамі: "Яны пісаліся ...як песня на адзіноце, споведзь перад самім сабой". Іван ніколі не хітрыў, быў шчырым, сумленным і адкрытым, з уласнай думкай, з абвостраным пачуццём справядлівасці, што часта перашкаджала яму ў жыцці. Жыў у згодзе са сваім сумленнем, ніколі не паступаўся дзеля сваіх выгод. Былі і часы, калі трэба было пісаць па заказу. І нават тады ён ніколі не парушаў нормы маралі, не крывіў душой. На першым плане ў яго былі агульначалавечыя каштоўнасці; ён не імкнуўся да таго, каб начальства яго заўважыла і адзначыла. Друкаваўся не так многа, як хацелася б, але за ўсё напісанае – не сорамна. Ён быў вельмі патрабавальным дa кожнага свайго слова, радка, не мог аддаць у рэдакцыю недасканалы, з яго пункту гледжання, матэрыял, перапісваў шмат разоў адно і тое ж, шліфаваў, што называецца, кожнае слова. Цудоўна валодаўшы ўсімі літаратурнымі жанрамі ("...ён і паэт-лірык, і тонкі празаік, і востры публіцыст, і прафесійны журналіст..." Т.Мельчанка), ён тым не менш заўсёды меў патрэбу параіцца са сваімі сябрамі-літаратарамі.

Іван ніколі не цураўся роднае мовы, не адракаўся ад яе, выступаў у яе абарону і ў вершах, і ў жыцці. Быў незадаволены тым, што дзяржаўныя дзеячы размаўляюць не на роднай мове. Любоў да роднага слова ён перадаў усім членам сям'і. Паміж сабой мы заўсёды размаўлялі па-беларуску, за што нас і паважалі яго вяскоўцы-землякі. "Маладзец, Янак (так звалі Івана ў вёсцы), – гаварыла цётка Гэля, – колькі гадоў жывеш у горадзе, а матчыну мову не забываеш, шануеш яе. Вунь як хораша і ўся сям'я размаўляе па-нашаму".

"...З родным словам душой падзялюся –
Хмель закружыцца ў галаве
I ў палескай глушы апынуся,
Дзе на станцыі Цельшына-Люсіна
Краска-кветка маёй Беларусі –
Прыгажуня Ядвіся жыве.

Слова роднае…
Што б са мной стала
Без цябе?
Без цябе ж я не я.
Без цябе не ўяўляю Купалы,
Без цябе пачарнелі б купавы
У майго паркалёвага краю…
Слова роднае – вечнасць мая.
"З родным словам"

Вёска Гута, дзе нарадзіўся і вырас Іван, знаходзіцца ў маляўнічым палескім куточку. Навокал вёскі – лес, зусім блізка працякае рака Нача. Мы любілі адпачываць там. Уставалі рана, часта хадзілі ў лес па грыбы, слухалі спеў птушак, назіралі за прыродай. Іван вучыў мяне, і Сярожу, дзе трэба шукаць грыбы, і як іх збіраць. Любіў ён і рыбу лавіць, але прыносіў дамоў толькі вялікую, маленькую шкадаваў і закідваў назад у раку. Дарэчы, па гаспадарцы рабіў толькі тое, што яму падабалася, але ўсё – няспешна і акуратна. Напрыклад, любіў касіць, грэбці сена, пілаваць, калоць і, асабліва, складаць у акуратныя кучы дровы. Дзе б ён ні быў і што б ён ні рабіў, у кішэні заўсёды знаходзіліся аловак і блакнот, куды ён занатоўваў свае думкі і назіранні.


Іван Кірэйчык з Гуцянскімі дзецьмі ў роднай вёсцы.

Адметнымі рысамі характару Івана былі — дабрыня і шырыня яго натуры, гасціннасць. Ён быў шчодрым чалавекам, верным і ўважлівым сябрам, меў шмат сяброў сярод літаратараў-мастакоў. Думаю, што ім было цікава з гэтым чалавекам. Кухня і зала нашай кватэры-хрушчоўкі часта нагадвала невялікую літаратурную гасцёўню, дзе хапала месца ўсім. Усім было прыемна і ўтульна ад дабразычлівасці і гасціннасці яе гаспадароў. Тут чыталіся і абмяркоўваліся вершы, нарысы, апавяданні, даваліся парады пачынаючым першыя крокі ў літаратуры, вяліся гаворкі-дыспуты на палітычныя тэмы. Многія пачынаючыя паэты, студэнты пісалі Івану пісьмы. Яны дасылалі яму на прагляд свае вершы, прозу. Іван дапамагаў ім, як толькі мог: уважліва адносіўся да кожнай просьбы, акуратна адказваў на пісьмы.


Іван Аляксандравіч і Вера Фёдараўна Кірэйчыкі.

Праблемы быту для Івана не існавалі. Усё было на маіх плячах. І калі я яму рабіла заўвагі наконт гэтага, выказвала свае незадавальненні, ён з гумарам адказваў: "Ты ўзяла ўладу ў cваe рукі, вось і кіруй!" У жыцці ён быў непрактычны, не ўмеў нічога "даставаць", ні з кім дамаўляцца: "Ты – мне, я – табе”. Карацей кажучы, не валодаў патрэбнымі якасцямі. Працуючы ў газеце "Чырвоная змена", ён так і не змог у Мінску атрымаць кватэру. Нейкі час яго сям'я (маці, я і сын) жылі ў Ганцавічах. Яму было цяжка жыць без сям'і, a прыязджаць часта да нас не меў магчымасці, таму амаль кожны дзень пісаў нам пісьмы. Разам з пісьмамі дасылаў нам і свае вершы, накшталт гэтага:

Споведзь

І не пытай, і не кажы,
І хваляванне без патрэбы.
Я не магу без дому жыць,
Як без вады, ці як без хлеба.

Я не магу без працы жыць,
Я не магу без сябра жыць,
Я не магу без песні жыць…
Не дакарай – дапамажы.

Я солі шмат пакаштаваў,
Часамі горкай, як хваробы, –
Яе здзіраў з матроскай робы,
Сівее соллю галава.

Ці раз пакрыўдзіў я цябе?
Ці раз аднёсся без увагі?
Кішэнь мне муляе рубель,
Хачу хоць трошкі быць бадзягай.

Я замыкацца не хачу,
Падушкі мяккай не хачу,
Машыны ўласнай не хачу:
Я маю крылы – палячу.

Дык не пытай і не кажы,
І без патрэбы хваляванне:
Я не магу без дому жыць
І без цябе – маё каханне.

Мне здаецца, што Іван знітаваны са сваімі героямі – працавітымі, сумленнымі, адкрытымі душой і сэрцам. Яго нарысы – гэта светлая паэзія, адзначаная любоўю да людзей і прыроды. Нават назвы нарысаў паэтычныя. Напрыклад, "Расці мая бярозачка", "Дзень добры, каханне маё...", "Зямля паэтаў", "Гусі-лебедзі ляцяць”, "Лес, падбелены снегам" і іншыя. А вершы – гэта песні. Чытаючы іх, нібы бачыш хараство беларускіх рэк, азёр, лясоў, чуеш спеў птушак, адчуваеш пах лугавых кветак і траў:

…Серабрыцца рака, як парча
Паабапал-зялёная замець.
Я прыхожу сюды нібы ў памяць
Тут мой ціхі; мой верны прычал.


Магчыма, я крышку ідэалізавала партрэт Івана. Я не паглыблялася ў штодзённае жыццё, у якім за 37 год было шмат чаго прыемнага, і не вельмі. Але Івана трэба прымаць такім, які ён ёсць. Такога мне яго і не стае.

Нарэшце, думаю, і мне хочацца верыць у тое, што існуе нейкая сувязь паміж жывымі і мёртвымі – роднымі, блізкімі, знаёмымі. Хачу расказаць, як Іван прадчуваў сваю смерць. Калі памёр Іван Чыгрынаў ён (I.Кірэйчык) быў ужо цяжка хворы і не мог сам чытаць, таму штодзённа прасіў, каб я чытала ўголас некралогі з усіх газет пра I.Чыгрынава. Аднойчы я запытала: "Навошта так часта чытаць пра гэта? Ты хочаш вывучыць на памяць надрукаванае?" Ён адказаў: "Я вельмі любіў і паважаў Івана Чыгрынава. Ведаю, што гэта было ўзаемна. Адчуваю, што ён мяне хутка забярэ”. І вось за два дні да смерці ён прачнуўся са словамі: "Бачыў сон, нібы прыйшоў да нас Іван Чыгрынаў і сказаў: "Сёння я заначую ў вас, а заўтра пойдзем з табой, Іван, да мяне”. "Гэта ж толькі сон, не хвалюйся, у цябе яшчэ столькі творчых планаў, задум, шмат чаго не дапісана, не закончана,” – спрабавала я яго супакоіць, хаця ведала, што будзе так, як яму прыснілася (ўрачы ўжо мяне папярэдзілі), але ж яшчэ спадзявалася на нешта лепшае. Надзея памірае апошняй.

На жаль сон спраўдзіўся.
Ён памёр…
І ён са мной.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (19.03.2010) | Аўтар: Вера КІРЭЙЧЫК
Праглядаў: 3980 | Тэгі: Іван Кірэйчык, Вера Кірэйчык | Рэйтынг: 4.3/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.