Субота, 27.04.2024, 06:38

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Смерць мая не стане цяжкай стратай…»
Некалі гэтыя радкі напісаў наш зямляк, паэт Іван Лагвіновіч. 29 сакавіка, пасля цяжкай і працяглай хваробы яго не стала. Паэта чуллівага, тонкага...

Такія глыбокія лірыкі, якім быў Іван Лагвіновіч, рэдка памыляюцца ў сваіх паэтычных роздумах. Але смерць паэта выявіла, што ў дадзеным выпадку прароцтва не спраўдзілася: яго адыход у лепшы свет усхваляваў не толькі родных, але і многіх нераўнадушных і да літаратуры, і непасрэдна да асобы творцы.

Іван Лагвіновіч

У Баранавічах, дзе жыў Іван Лагвіновіч апошнія 20 гадоў, на Ганцавіцкай і Малькавіцкай зямлі, адкуль паходзіў родам, у Мінску, Брэсце, іншых гарадах, дзе меў аднадумцаў, друкаваўся, – усюды смуткуюць з прычыны такой страты – Паэта і Чалавека.

Пакручасты лёс юнака з хутара Запрапасць закінуў ажно на Данбас, дзе ён атрымаў адукацыю, працяглы працоўны вопыт шахцёра і ў нагрузку прафесійную хваробу лёгкіх. Адтуль, з Данецкай вобласці Іван Лагвіновіч пісаў на радзіму не толькі лісты родным, але і вершы. Яго пяру быў падуладны шырокі дыяпазон тэмаў і багатая вобразнасць.

Заслугоўвае ўвагі філасофская і пейзажная лірыка Івана Лагвіновіча, роздумы паэта пра паэзію. Асабліва тонкім лірызмам прасякнута грамадзянская лірыка – у адрозненне ад многіх зусім не трыбунная па стылі. Характэрна, што нават напрыканцы жыцця паэт перажываў не толькі і не столькі за асабістую долю, хаця хвароба няшчадна адольвала яго, колькі за свой беларускі народ, для якога сам паэт...
Чалавек для трохсот
геніяльным ён быў і народным,
для астатніх мільёнаў,–
як кажуць, ні сват і ні кум.
Тым не менш паэт працягвае маліцца за суайчыннікаў:
…Уладару ўсёмагутны!
Будзь заўсёды з намі,
памажы на землях продкаў
стаць гаспадарамі.

Навучы на роднай мове
гаварыць і слухаць.
у імя Айца, і Сына,
і Святога Духа.

Амін.
Гэта верш з апошняй кнігі, якая рыхтвалася да выдання самім Іванам Лагвіновічам. Але…

Чытаючы яго глыбінную лірыку, міжволі заўважаеш, што ўсе тэмы, нават з самымі песімістычнымі і мінорнымі матывамі, характарызуюцца святлом, такім самым святлом, якім быў надзелены Іван Лагвіновіч у паўсядзённым жыцці, па якім ён прайшоў не толькі паэтам, не толькі шахцёрам, але і годным Чалавекам.
Смерць мая не стане цяжкай стратай.
Роспач вашых сэрцаў не кране.
Я не быў ніколі герастратам.
Хутка вы забудзеце мяне.
Гэтыя радкі сведчаць, што Іван Лагвіновіч не спадзяваўся на сваё ўвекавечанне. Але яго кнігі ўжо самі па сабе з’яўляюцца тым нерукатворным помнікам, пра які задумваліся многія паэты. А з нашага боку найлепшым ушанаваннем памяці будзе чытаць пакінутыя нам у спадчыну паэтам часцінкі яго душы.

Светлая памяць…
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (02.04.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1779 | Тэгі: Іван Лагвіновіч, Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.