Серада, 24.04.2024, 22:39

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Святлана Локтыш

Духоўнасць: “Раскіданыя гнёзды” гісторыі
Упершыню на гэтых загадкавых могілках, падобных якім, упэўнена, не шмат на Беларусі, я пабывала ў кастрычніку 2003 года. І вось зноў завіталі сюды з карэспандэнтам газеты "Советская Белоруссия” Таццянай Грынкевіч, навуковым супрацоўнікам раённага краязнаўчага музея Віталем Герасіменем і сакратаром сельвыканкама Людмілай Фёдараўнай Ленкавец. І зноў нахлынулі на мяне пачуцці трывогі і віны. Трывогі за помнікі і склепы, якія на нашых вачах паглынае тлен. Віны перад тымі, хто спрабаваў захаваць спакой сваіх продкаў ды не ўбярог яго не столькі ад часу, колькі ад бяздушнай рукі чалавека.

Пасля вяртання дамоў яшчэ раз перачытваю ўспаміны, запісаныя са слоў старажылаў і бібліятэкара Нацкай бібліятэкі, краязнаўцы Алы Хваль, знаходжу блакноты з інфармацыяй, сабранай мною раней. Што тут адпавядае ісціне, а што, перадаючыся з вуснаў у вусны, пераўтварылася ў легенды? Цяпер гэта цяжка вызначыць. Таму перад сабою стаўлю задачу, як мага паўней і дакладней перадаць людзям пачутае — гэта адзінае, што магу зрабіць у памяць аб тых, хто ляжыць у ясянецкай зямлі і чые косці, магчыма, і зараз раскіданыя па самай вялікай фамільнай капліцы, якая належала роду Вендорффаў(НА ЗДЫМКУ 1).


Здымак 1


На гэты раз мы не змаглі спусціцца ў склеп — лесвіца падалася надта ненадзейнаю. А тады, у 2003-м, разам з некалькімі членамі БРСМ мы складвалі гэтыя костачкі ў некалі дабротныя, ацынкаваныя, а ў гады вайны і пасля яе па-варварску разрабаваныя, пашкоджаныя труны, расстаўлялі іх па 12 нішах-усыпальніцах. Звесткі аб кожным пахаваным чалавеку некалі можна было прачытаць звонку капліцы, на дошках з белага мармуру, што віселі па 4 з трох бакоў капліцы, але іх даўно ўжо няма. Захавалася толькі адна, самая вялікая, справа ад уваходу. Па маёй просьбе адзін знаёмы пераклаў напісанае на ёй: "Ева Мальчынскіх Вендорффава, на 78 годзе свайго жыцця сканаўшая 17 жніўня 1828 года, тут пахавана. Кожнаму нешта прызначана. Ты нам дала жыццё, а мы тваё цела аддалі зямлі. Памяць тваіх сямейных заслуг і слёзы прысвячаюцца табе. Няхай гонар будучых пакаленняў узнясе цябе. Сардэчнасць, якою Маці хочуць адплаціць дзеці”.

Дзе цяпер нашчадкі гэтага роду? Ім хацелася б перадаць распяцці (НА ЗДЫМКУ 2), якія знайшла ў час таго наведвання склепа: пакінуць на месцы было нельга — ад іх не засталося б і слядоў, як і ад многіх іншых каштоўных рэчаў, што, сцвярджаюць мясцовыя жыхары, знаходзілі тут людзі. Пазней я перадала распяцці ў Ганцавіцкі касцёл, а скляначкі з-пад лякарстваў (ці духмяных рэчываў?) у раённы краязнаўчы музей.


Здымак 2


Зноў жа праз знаёмага спрабавала што-небудзь даведацца пра род Вендорффаў у Польшчы — безвынікова. У Баранавіцкім архіве знайшла толькі адзін упамін пра прадстаўніка гэтага роду — у "Донесении Б. К. Рейхарта В. А. Долгорукову о действиях повстанческих отрядов в Минской губ. и недостатке войск”, датаваным 1863 годам, дзе сказана: "Мятежнические шайки по Минской губ. день от дня усиливаются. В Слуцком у. образовались 4 партии числом до 500 человек, одна из них под предводительством мирового посредника Вендорфа…”. У зносцы дадаецца: "Повстанческий отряд был сформирован в окрестностях сел. Голынка Слуцкого у. мировым посредником Вендорфом и поступил под начальство отставного артиллерийского офицера Машевского. В тот же день отряд выступил на подводах в направлении Игуменского у. По дороге, в 10 верстах от Синявской станции, повстанцы срубили пять телеграфных столбов и перерезали провода. Утром 21 апреля во время отдыха в лесу при дер. Озерцы Игуменского у. они были настигнуты войсками. Повстанцы оказали сильное сопротивление…”, аднак "вынуждены были оставить позиции и скрыться в лесу. См. ЦГВИА, ф. 484, оп.1, д.139,лл. 55—62; ЦГИА БССР (Минск), ф. 295, оп. 1, д. 1537; Минские губернские ведомости» от 17 апреля 1864 г., № 16, стр. 289—292.”.

Ці быў міравы пасрэднік адным з роду, прадстаўнікі якога пахаваны на могілках у Ясянцы? Думаю, так. Апісаныя падзеі адбываюцца непадалёк ад нашых месцаў, акрамя таго, мясцовыя жыхары ўпэўнены, што сюды для пахавання людзей прывозілі з Нясвіжа, Янавіч, Капланавіч, Баранавіч і іншых населеных пунктаў, у Ясянцы ж яны ніколі не жылі.

Старажылы Ясянца Барыс Антонавіч (1931 г. н.) і Станіслава Мікалаеўна (1924 г. н.) Сташаніны расказваюць, што іх цесць і бацька Мікалай Ігнатавіч Рапейка (1871 г. н.) доўгі час быў вартаўніком на могілках. У яго знаходзіўся ключ ад капліцы, замок якой закрываўся на 30 абаротаў. Унутры, у нішы насупраць уваходу, стаяла скульптура Божай Маці. Калі верыць маім запісам з 2003 году, той жа Барыс Антонавіч сцвярджаў, што на гэтым месцы вісела "вялізная ікона, а за ёю быў схаваны крыж з дрэва”. Гады ідуць і, на жаль, немагчыма ўсё ўтрымаць у памяці. Важна тое, што немалады мужчына падказаў нам і іншыя акалічнасці. Напрыклад, тое, што са склепа быў яшчэ адзін выхад, у насыпу, праз які сюды заносілі труны, які зачыняўся жалезнымі дзвярамі. Або тое, што "яшчэ гадоў 20-30 назад лазіў у склеп, бачыў там 8 раскіданых трун і 4 — цэлыя”. Значыць, апошнія былі па-святатацку знявечаныя ўжо нашымі сучаснікамі…

Дапаўняе гэтыя звесткі расказ жыхара райцэнтра, які родам з Ясянца, Вячаслава Іосіфавіча Рапейкі, запісаны таксама ў 2003 годзе, які сведчыць, што "ўнук Вендорффаў прысылаў у вёску ліст, абяцаў выслаць многа грошай, каб толькі навялі парадак на могілках яго продкаў”, аднак у савецкія часы на гэта ніхто не звярнуў увагі. Ліст згубіўся, адрас ніхто не запомніў.

Шмат цікавага расказаў тады Вячаслаў Іосіфавіч і пра фамільны склеп Яленскіх (НА ЗДЫМКУ 3), размешчаны таксама, як і астатнія найбольш старыя пахаванні, у паўднёвай частцы могілак, непадалёк ад капліцы: "Мой бацька расказваў мне, што пабудаваны склеп быў недзе ў 1830-х гадах.Тут некалі былі жалезныя дзверы, якія зачыняліся на вялізны замок. Ён важыў 16 кілаграмаў, каб адкрыць яго, трэба было 16 разоў павярнуць ключ. Выкаваў гэты цуд мясцовы жыхар Антон Васільевіч Маеўскі, вялікі ён быў майстар. У гады Вялікай Айчыннай вайны адчынілі сакрэтны замок толькі з дапамогаю міны.


Здымак 3

У 1924 годзе бацька ўдзельнічаў у пахаванні Юрыя Яленскага, якому было ўсяго 20 гадоў. Па тагачасных чутках, Юрый здаваў экзамен у Нясвіжскую гімназію і "праваліўся”. А сялянскі сын здаў. Ад сораму панскі сын павесіўся. Калі яго хавалі, дарогу з Нясвіжа да Ясянца выслалі яловымі лапкамі. Работнікам за гэту работу Яленскі плаціў па 10 злотых манет за дзень.

Недзе ў 1975 годзе прыязджалі дзве машыны з Нясвіжа, у адной — цэгла, у другой — раствор. Нашчадкі Яленскіх замуравалі склеп”.

Антон Васільевіч Касач (1922 г. н.) з Начы дадаў, што бачыў у склепе (НА ЗДЫМКУ 4) 8 трунаў, з якіх 6 былі запоўнены. У адным з іх быў пахаваны малады Яленскі, у дабротным сінім, у палосачку, касцюме. На гэтую дэталь — "харошы сіні касцюм” — звярталі ўвагу і іншыя старажылы. Яго, меркавалі яны, нехта з мясцовых жыхароў зняў з амаль сатлеўшага цела. Узгадвалася і гісторыя з самазабойствам і пахаваннем Юрыя, толькі яловыя лапкі часам замяняліся на кветкі. Магчыма, выпадак меў месца: як пацвердзіла ў тэлефоннай размове намеснік дырэктара па навуцы Нясвіжскага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Галіна Міхайлаўна Кандрацьева, у 1924 годзе ў Нясвіжы працавалі і жаночая, і мужчынская гімназіі, і прадстаўнік знатнага польскага роду ўпаўне мог там вучыцца…


Здымак 4


"Ванджэй Вагнераў Еленскі, 1885 года, 24 лістапада” — мармуровая дошка з такім надпісам сіратліва прытулілася да боку фамільнай усыпальніцы. Яшчэ адно імя прадстаўніка вялікага, заможнага роду захавала яна для памяці. Ці захаваем яго мы?

Амаль урос у зямлю маленькі дзіцячы склепік. Існуюць розныя меркаванні пра тое, чый прах тут пакоіцца — дзяўчынкі, хлопчыка ці абодвух дзетак. А. В. Касач сцвярджае, што тут была пахавана дзесяцігадовая дзяўчынка, што прах яе двойчы даставалі са склепа і клалі назад. Гэта была дачка Абуховічаў, знакамітага ў нашых мясцінах роду, якому належалі землі вакол Ясенца. Наколькі даўно? — гэтага цяпер ніхто не скажа. Як і адкуль з’явіўся ў нашых краях род Абуховічаў? Старажыл вёскі Вялікія Круговічы Уладзімір Іванавіч Муха расказваў (запіс 2003 года), што "пад Крышылавічамі, за Востравам у 1863 годзе бацька Абуховіча быў генералам польскай арміі, разбамбіў рускае войска — за гэта і далі яму акругу. Пазней сыны яго прайгралі яе ў карты, прапілі. Калі Янак Абуховіч, які жыў у В. Круговічах, абанкроціўся, Яленскі стаў яго апекуном, без дазволу якога малады паніч не мог ступіць і кроку”.

Вяскоўцы прапануюць дзве іншыя версіі з’яўлення ў тутэйшых мясцінах гэтага заможнага роду. Згодна першай, землі належалі Абуховічам вельмі даўно, і менавіта гэты род некалі пабудаваў тут суконную фабрыку, энергію якой праз вадзяны рухавік давала рэчка Ясеньчык (адсюль і назва вёскі). "Тут не маленькая вёска, тут амаль горад быў, жыло шмат людзей,” — гаворыць Б. А. Сташанін. А на пытанне, адкуль такая інфармацыя, адказвае: "Яна перадавалася з пакалення ў пакаленне”. І іншыя жыхары гэтых мясцін гавораць, што яна была даволі шырокай і паўнаводнай, па ёй хадзілі нават невялікія судны. У вёсцы, па словах А. В. Касача, у Мельнікаў быў млын, які "круціўся ад рэчкі, значыць, немалая была”, а ў самой вёсцы некалі стаяла гарбярня, у якой вырабляліся аўчыны. А У. І. Муха перадае паданне, што тут наогул быў невялічкі порт, а ў пасёлку рабілі са льну марскія вяроўкі.

Калі ў 18 стагоддзі шведы ішлі на Палтаву, вёску спалілі, суконную фабрыку разграбілі, і шматлікія яе рабочыя перасяліліся жыць у Нач і Гуту. Кажуць, у час будаўніцтва дарогі ў Ясянцы некалькі дзесяцігоддзяў назад былі раскапаны астаткі мураваных пабудоў, якія маглі належаць вялікаму прадпрыемству, магчыма, той самай суконнай фабрыцы. Але мэтанакіраванымі раскопкамі тут ніхто не займаўся.

А дзе дзелася рэчка? І зноў легенда (ці праўда?). Аднойчы адзіны сын нейкай купецкай сям’і (а А. В. Касач кажа, што гэта быў сын цыганкі) пайшоў пакупацца ў Ясеньчыку і патануў, за што яго маці ў адчаі пракляла рэчку, і тая паступова абмялела, высахла, зарасла. Цяпер на яе месцы засталася канава, якую можна пераскочыць. Яна праходзіць праз лес і цягнецца ў бок Лані, аднекуль і цяпер сочыцца ў канаве вада. Калі людзі збіраюцца браць у тым баку ягады ці грыбы, яны дагэтуль кажуць "хадзем за рэчку”…
Але вернемся да Абуховічаў. Згодна другой версіі, адзін з прадстаўнікоў роду купіў у Радзівілаў гэтыя землі ў 2-й палове 19 стагоддзя. Сям’я гэтых Абуховічаў пабудавала тут дом, пан назваў паселішча Ясенцом — вакол яго рос густы лес, у якім сярод дрэў пераважаў ясень.

Насамрэч, колісь у Ясянцы стаяла панская сядзіба, пабудаваная ў 2-й палове 19 стагоддзя. Пацвярджэннем сказанага можа служыць фота, якое беражліва захоўваецца ў архівах Нацкай бібліятэкі, на ім — сям’я Абуховічаў і драўляны аднапавярховы дом, які меў форму прамавугольніка, высокі, чатырохсхільны, накрыты гонтай. Вакол дома плошчу ў 10 гектараў займаў парк. Засталіся рэшткі яго заходняй і ўсходняй частак. Заходняя частка ўяўляе сабою купу дрэў, у асноўным, дубы, узрост якіх болей за 200 гадоў. Усходняя частка, на якой размяшчалася сядзіба і дзе цяпер стаіць вясковая крама складаецца з разнастайных парод, у тым ліку лістоўніц, клёнаў, акацый, ліпы і іншых. Сама будова пасля 2-й Сусветнай вайны была разабрана і перавезена ў Гуту, прыстасавана пад школу і сельскі клуб. У апошнія гады яна была абкладзена цэглай.

Захаваліся ўспаміны жыхаркі в. Ясянец Плаксы Надзеі Міхайлаўны аб сям’і апошняга пана Абуховіча, запісаныя былой настаўніцай гісторыі Нацкай сярэдняй школы Я. А. Навіцкай. Надзея Міхайлаўна служыла ў пана за няньку, даглядала дзяўчынку-яўрэйку, якую сям’я ўзяла на выхаванне (ці не пасля таго, як страціла дачку?). Жонка пана была па нацыянальнасці немкай.

А вось якую цікавую, душашчыпальную гісторыю пра трагічнае каханне маладога паніча Аляксандра расказвала Н. М. Плакса: "Падрос Аляксандр Абуховіч, паехаў вучыцца ў Варшаву, у акадэмію. Аднаго разу адзначаў з сябрамі ў рэстаране нейкае свята і ўбачыў дзяўчыну — прыгожую, стройную, але… лёгкіх паводзін. Асмеліўся падысці да яе, загаварыць, і пачалі яны сустракацца. Закахаўся Аляксандр у Крысціну, сваю Кшыську, даў ёй слова гонару, што калі кіне яна свой занятак, ён ажэніцца з ёю.

Крысціна больш не займалася бруднай справай. Паніч купіў ёй кватэру, назначыў утрыманне горнічных і прыслугі. І неўзабаве паехаў у Ясянец прасіць блаславення бацькоў на шлюб — не вянчалі ў касцёле без яго ў той час. А Крысціна заказала сабе падвянечную сукенку, купіла вяночак…

Прыехаў дамоў Аляксандр і сказаў бацькам, што хоча жаніцца. Але калі тыя пачулі, кім была яго нарачоная, сталі на дыбы: "Не! Ніколі! Такі сорам! Блаславення не атрымаеш!”. І вымушаны ён быўвярнуцца ў Варшаву, , не дабіўшыся свайго. Расказаў гэта крысціне, абняў, пацалаваў, прашаптаў: "Бывай, маё каханне, бывай…” І не паспела дзяўчына апомніцца, як Аляксандр дастаў з кішэні наган, прыставіў да скроні і выстраліў…

Крысціна апранула вясельную сукенку, паклала вянок на галаву, выпіла атруту, пацалавала мёртвага каханага і лягла побач з ім. Так і знайшлі раніцай іх слугі, паведамілі бацькам. Пан Абуховіч перавёз цела сына ў Ясянец, Крысціну пахавалі ў Варшаве — не маглі іх разлучыць пры жыцці, разлучылі пасля смерці. Пасля гэтага нядоўга жылі і старыя Абуховічы: смерць сына даканала іх.”

Дваццаці гадоў ад роду пайшоў Аляксандр з жыцця, а нямым сведкам яго існавання застаўся беламармуровы помнік (НА ЗДЫМКУ 5), надпіс якога, між іншым, пацвярджае факт самазабойства, але асабіста мяне схіляе да думкі, што, магчыма, не праз кулю, а праз ваду прыняў малады чалавек смерць: "Панаравілася Богу яго душа, і хутка выйшла яго вылечванне, і колёнска (?) вада была яго збаўленнем, і здрадзіла Божая кара, пагубіла яго душу… "


Здымак 5

Кожны стары помнік на ясянецкіх могілках — асобны лёс, асобная легенда. Кажуць, напрыклад, што пад надмагіллем у выглядзе аркуша паперы ляжыць пісьменнік. Два помнікі з пашкоджанымі скульптуркамі дзяўчынак гавораць самі за сябе. Ёсць тут сапраўдныя творы мастацтва, вырабленыя з дубу, камяні, падатлівыя ўмелым рукам былых майстроў, мудрагеліста выгнутыя чыгунныя агароджы.

Ходзячы па могілках, знайшлі мы і падмурак з камянёў, які застаўся ад былой прыгожай капліцы, або, як называюць яе тут, "касцёлка”. У 1941 годзе яна стала сведкаю трагедыі людзей, якія былі сагнаны сюды і расстраляны. Хто яны былі, адкуль? Хто стаў іх карнікамі? Невядома. Памяць тутэйшых старажылаў захавала толькі адно прозвішча — Май (помнік гэтаму чалавеку не так даўно паставілі нашчадкі), ды яшчэ малюнак "не для слабанярвовых”: шмат крыві і мёртвыя целы, якія былі пахаваны на гэтых жа могілках.

Якімі б вар’яцкімі ні здаваліся гэтыя ўспаміны, згадкі Н. М. Плаксы пра партызанскія схованкі боепрыпасаў у фамільных склепах, расказы А.В. Касача і У. І. Мухі пра тое, што надмагільны мармур і каштоўнасці з пахаванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны ішлі "не па назначэнню”, магчыма, нехта і знойдзе таму апраўданні: другі быў час, небяспечны, сумбурны. Але якімі аргументамі можна прыкрыць вусцішную, жахлівую праўду пра тое, што унікальны помнік нашай духоўнай культуры, якім без перабольшвання можна назваць ясянецкія могілкі, рабаваўся, разбураўся, знявечваўся ў мірны час? Як апраўдаецца перад Вечнасцю наша пакаленне за сваю бяздзейнасць, за недахоп сродкаў для яго аднаўлення і захавання сёння? Чым растлумачыць наша няўменне карыстацца тымі выгодамі, які дае нам зямля легенд і старадаўніх курганоў? — можна паказваць і расказваць пра яе людзям з іншых краёў.

Зразумела, шмат культурных помнікаў на Беларусі патрабуюць неадкладнай увагі. Работы па іх рэканструкцыі, рэстаўрыраванні дарагія, выконваць іх могуць толькі спецыялісты. Чакаць, калі дойдзе чарга да ясянецкіх могілак, спадзеючыся пры гэтым толькі на дзяржаўную кішэню, нельга — працэс разбурэння прагрэсіруе. А гэта ж наша гісторыя, нашага краю. Каму ж, як не нам, папраўляць разбураныя гнёзды гісторыі?! Продкі талакой браліся за справу, давайце ж і мы з’яднаемся ёю. Я гатова ахвяраваць нейкую суму на аднаўленне помніка. Спадзяюся, многія з вас, шаноўныя чытачы, таксама. Думаю, калі будзе добры зачын, яго падтрымае і ўлада. Звяртаюся да спецыялістаў аддзелаў ідэалагічнага і культуры райвыканкама як да патэнцыяльных арганізатараў акцыі: калі ласка, паспяшайце…
Катэгорыя: Святлана Локтыш | Дабавіў: admin (28.06.2008) | Аўтар: Святлана ЛОКТЫШ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3634 | Тэгі: Светлана Локтыш, Ясянец, газета Савецкае Палессе | Рэйтынг: 4.6/9
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.