Пятніца, 26.04.2024, 16:07

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Святлана Локтыш

І сняцца жахі гадоў ваенных…
Той, каму давялося зведаць жахі вайны, без слёз пра гэта не расказвае. Вось і жыхарка Малькавіч Ганна Трафімаўна Жукоўская, даведаўшыся, чаго я завітала да яе, зглытнула даўкі камяк, змахнула слязу: "Галубка мая, я ўсё прайшла. Як успомню сваіх…”

На некаторы час я нават пашкадавала, што прыйшла, каб развярэдзіць незагойныя раны душы гэтай цудоўнай, гасціннай жанчыны. Апраўдвала сябе толькі тым, што мы, маладзейшыя, павінны ведаць сваё мінулае, каб не дапусціць яго паўтору, павінны прайсці ў думках шляхамі нашых дзядоў і прадзедаў, каб зразумець перажыт
ае імі і ацаніць па заслугах іх подзвіг.


Пяцьсот кіламетраў роспачы

…Ад Старых дарог, куды Ганна трапіла працаваць пасля заканчэння педвучылішча, да вёсачкі Славені Талочынскага раёна, што на Віцебшчыне, — пяцьсот кіламетраў дарогі. Пяцьсот кіламетраў роспачы, адчаю, слёз. Але там, у Славенях, іх з братам чакала матуля, і гэта надавала сілы.

Ганна ўспомніла свайго Ціхана. Колькі вершаў Маякоўскага, Некрасава ведаў ён напамяць, як прыгожа ўмеў іх чытаць! І не дзіва, што закахалася ў разумнага сімпатычнага хлопца, Ціхана Ерафеенка. Ды і ён вылучыў яснавокую, статную прыгажуню з усіх знаёмых дзяўчат.

Хіба маглі яны тады падумаць, што наперадзе іх чакае разлука даўжынёй у сем гадоў?! Ён вось-вось павінен быў вярнуцца са службы ў арміі — а тут вайна. Яна, маладая настаўніца, якая пасля педвучылішча працавала па накіраванню ў Старых Дарогах, дагэтуль верна чакала яго там. Вучылася завочна ў Мінскім педінстытуце, які прыйшлося кінуць на трэцім курсе. ("Так і засталася без вышэйшага,” — і сёння са шкадаваннем уздыхае жанчына.) Каб было весялей, забрала да сябе браціка. Дарэчы, у гарадской школе разумнаму хлопчыку вучыцца падабалася больш, ён стараўся.

І вось цяпер яны ўдваіх з Ванькам пяшком прабіраліся дамоў праз свіст куль, кроў і стогны, праз шаленства фашыстаў. Вакол — мора палонных, сярод их нямала раненых, аслабелых. Тых, хто не мог рухацца самастойна, немцы тут жа расстрэльвали. 

Калі падышлі да Мінска, здавалася, паветра проста разарвала страляніна. У гэтым хаосе Ганна згубіла брата. Яна кідалася з аднаго боку ў другі, плакала, крычала, клікала, аднак бамбёжка і гул такога ж, як і ў яе, адчаю соцен людзей не дазвалялі ёй пачуць нават уласны голас. 

Праз гадзіну брат знайшоўся. Гэта быў сапраўдны цуд! Але пад Барысавам кашмар паўтарыўся: на гэты раз фашысты аднялі брата ў Ганны — падлеткаў збіралі ў кучу, туды ж трапіў і Ванька. Ганна не разгубілася, стала тлумачыць па-нямецку, што яны ідуць дамоў, да матулі. Немцам спадабалася, што яна добра валодае іх мовай — і … іх адпусцілі. 

"Я бачыла тады, што ў многіх забіралі дзяцей. Не аднаго чалавека я выратавала, як і брата, — расказвае Ганна Трафімаўна. — Магчыма, таму і трымае мяне Усявышні так доўга на гэтай зямлі.”

Кавала мужнасць "партызанка”

Дома, на Талочыншчыне, маладая настаўніца звяжацца з партызанскім атрадам. Не адно заданне паспяхова выканае адважная сувязная і разведчыца. Страх, успамінае цяпер жанчына, быў, але яго перамагала імкненне вызваліць ад ворага сваю краіну, сваю хату, якую занялі немцы.

Памяць былой партызанкі захавала нямала жудасных эпізодаў тых часоў. Так, не забыць ёй адзін з паходаў на явачную кватэру. Да месца сустрэчы з партызанамі заставалася ўсяго з кіламетр, калі ў адной з вёсак Ганна выпадкова сутыкнулася з групай немцаў і паліцэйскіх. Рука жанчыны была "перабінтавана”, але на справе пад бінтамі быў захаваны не пералом, а медыкаменты. Іх перадаў партызанам немец Рудольф, што працаваў у аптэцы. "Гэта канец,” — прамільгнула ў галаве Ганны, і тут жа яна пачула:

— Ауштэйн! Вошн зі? (Да мяне! Куды ідзеш?).
— Рука баліць, іду да ўрача — адказала ні жывая ні мёртвая Ганна. І раптам пачула голас аднаго з паліцэйскіх:
— Майнэ швэстэр…. (Гэта мая сястра.)

Ганна, здалося, на імгненне згубіла мову. Так зусім чужы, незнаёмы чалавек выратаваў ёй жыццё. Мала таго, дапамог выканаць заданне, а значыць, выратаваць жыцці яшчэ некалькіх партызан, якім так неабходны былі лекі.

Але было ў амаль трохгадовым партызанскім жыцці Ганны Трафімаўны і здрадніцтва. Праз некаторы час настаўніцу-партызанку нехта выдаў фашыстам. Яе арыштавалі. 

Калі Ганну пачалі біць палкамі, яна пайшла на хітрасць:

— За што вы мяне б’яце? — спытала яна па-нямецку. — Я не ведаю, дзе партызаны.
— О, дойчэ шпрэхен? — спыніўся фашыст з палкай у руцэ.
— Я, я… — замахала галавой Ганна і амаль скорагаворкай "выпаліла”: — Я нічога не ведаю пра партызан, акрамя таго, што яны — бандыты. Вось ты — нямецкі салдат, а ў нас ёсць рускія салдаты, гэта добра. А партызаны — бандыты…

Ганна гаварыла і гаварыла: пра тое, што кожнаму чалавеку дарагая свая зямля, таму і абараняюць яе салдаты, што дома ўсіх іх чакаюць маці і тата, глядзяць у акенца і думаюць, дзе цяпер іх сын, жывы ці мёртвы, як хутка вернецца да іх. І нямецкі салдат апусціў палку, у вачах яго з’явіліся слёзы: успомніў, пэўна, пра сваіх родных, сваю далёкую Радзіму. А Ганна ў думках разважала, што ў душы гэтага немца ўсё ж ёсць нешта чалавечае, і ў каторы раз горача дзякавала сваёй былой настаўніцы нямецкай мовы з педвучылішча за трывалыя веды, за тое што была справядлівай, але і патрабавальнай, што любіла свой прадмет і перадала гэту любоў сваім вучням. На ўсё жыццё захавае яна асаблівую прыязь да такіх настаўнікаў ад Бога.

…Партызанку адпусцілі. Мама сустрэла яе белая, нібы палатно, ад страха. На фронце служыў танкістам сын, за якога кожны дзень шчымела душа, а тут ледзь не пазбавілася дачкі. Калі ўбачыла яе, ўздыхнула з палёгкай, але засцерагаць ад далейшых сувязяў з партызанамі не стала — разумела, што кожны ў гэты час у адказе перад уласным сумленнем і Радзімай.

Сорак шэсць гадоў і… ўсё жыццё

Радасць перапаўняла сэрцы людзей у дзень Перамогі. Ганна лічыла сябе шчаслівай — вярнуўся з фронту муж. 

Ціхана Акімавіча накіравалі працаваць завучам у Ганцавіцкае педвучылішча, і маладая жанчына адправілася за мужам. Выкладала рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 2. Потым, калі Ціхана Акімавіча накіравалі дырэктарам у Малькавіцкую сярэднюю школу, сям’я пераехала ў вёску, і Ганна Трафімаўна стала працаваць настаўніцай пачатковых класаў. 

Сорак шэсць гадоў свайго жыцця служыла Ганна Трафімаўна справе адукацыі і выхавання дзяцей. А калі па вялікаму рахунку, то і ўсё жыццё. Спачатку проста падабалася прафесія, а пасля не магла ўявіць без яе свайго жыцця. Як заўважае старшыня Малькавіцкага сельвыканкама Н. П. Буйкевіч, Ганна Трафімаўна Жукоўская і дагэтуль актыўна выступае на розных мерапрыемствах у школе, выхоўвае моладзь выступленнямі на мітынгах. "Прыпыніцеся ля абеліскаў, — заклікае яна, — зніміце шапкі. Тыя, што ляжаць тут, таксама былі маладымі і хацелі жыць. Ідзе салдацік — пакланіцеся яму: ён абараняе Радзіму…”

Праходзяць міма дома Ганны Трафімаўны дзяўчаты ці хлопцы з бутэлькай піва або цыгарэтай у руцэ, пакліча, па-мацярынску пагаворыць, паўшчувае. І падлеткі слухаюцца, паважаюць пажылую настаўніцу. Нездарма ж яна мае званне "Выдатнік народнай адукацыі”. 

І дома яна заўсёды была не проста матуляй, а мудрым педагогам, выхавальнікам. Трое сыноў выгадавалі з мужам. Калі прыйшоў час вучыцца далей, кожнаму давалі бацькоўскі наказ: вучыцеся. Некалі ў нас не было ні кала, ні двара, дык быў другі час. Вы ж розумам сваім усяго ў жыцці зможаце дабіцца”. 

Усе іх трое сыноў атрымалі вышэйшую адукацыю. Двое жывуць у Мінску. Віктар — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, працуе ў БДУ. Паказвае візітку другога сына, Генадзя, чытаю: намеснік дырэктара ДУ "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя” Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Трэці сын, Анатоль, жыве ў Жодзіна, але працуе таксама ў сталіцы, на адным з заводаў. "Вось толькі прозвішчы ў нас з імі розныя, — усміхаецца Ганнна Трафімаўна. — Калі мы жаніліся з Ціханам Акімавічам, я вырашыла, што маё прозвішча не горшае і пашкадавала губляць яго. З цягам часу зразумела, што гэта прыносіць лішнія клопаты, складанасці, таму сваім дзецям і ўнукам, якія становяцца на шлюбны ручнік, раю браць адно прозвішча на дваіх.” Дарэчы, зараз у Ганны Трафімаўны Жукоўскай ужо сямёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.

"Я і цяпер жыву ў СССР…”

— Здаецца, цяпер — іншы раз крычала б, — разважае мая субяседніца. — Дзе тая актыўная піянерская арганізацыя, дзе камсамол, члены партыі? Я і дасюль засталася вернай тым ідэалам, на кастрычніцкія святы, на Дзень Перамогі вывешваю на сваім доме чырвоны сцяг. І не баюся ні зласліўцаў, ні здраднікаў — для мяне гэта як закон. І сёння ганаруся тым, што малькавіцкія школьнікі павязалі мне гальштук як ганароваму піянеру — яго я потым падарыла ўнуку Цішку, каб працягваў маю справу, таксама быў дастойным піянерам і патрыётам сваёй краіны. У душы я — навекі камсамолка, хоць і застаўся мой білет зашытым у падкладку піджака, што знялі з мяне немцы ў час той злашчаснай 500-кіламетровай дарогі. Інакш цяпер тая дарагая сэрцу кніжачка была б са мной. Як са мной вокладка савецкага пашпарта — кропелька былой Радзімы, магутнай СССР. Калі мяняла пашпарт на беларускі, папрасіла пакінуць хоць яго карэньчыкі. Знайшоўся добры чалавек, зразумеў. Так што я і цяпер жыву ў СССР — вялізнай, дружнай краіне, якой аддала ўсё лепшае, што было ў маім жыцці. А людзі іншых нацыянальнасцей — мае браты і сёстры.”

Як да братоў і сясцёр адносіцца Ганна Трафімаўна і да сваіх былых калег. І не толькі з Малькавіч. Сябруюць, перазваньваюцца і цяпер з Надзеяй Сцяпанаўнай Сысоевай (па мужу — Муха), Аляксандрай Рыгораўнай Белаазёравай з Ганцавіч. Рэдка, але ўсё ж бывае жанчына на сваёй малой радзіме, сустракаецца з аднапалчанамі. Асабліва памятнай атрымалася сустрэча з Гудковым — былымкамандзірам партызанскай брыгады, дзе Ганна Трафімаўна была сувязной, разведчыцай.

П’ю цёплую каву, якую прапанавала гаспадыня мне "з дарогі”, і яна здаецца гаючай. "Коцік, не бедакур, — супакойвае мая субяседніца свайго гадаванца і расказвае, як спраўляецца з выдаткамі свайго ўзросту: — Я часта наведваюся ў бібліятэку. Аднойчы там прачытала, што сучасныя медыкі сцвярджаюць: есці і піць можна ўсё, аднак трэба знаць меру, не пераядаць. Вось і прытрымліваюся гэтых парад”.

Але я думаю, справа — у іншым. Сэрца яе заўсёды выпраменьвае дабрыню, душа імкнецца да справядлівасці, розум — да ведаў, што і надае сілы, бадзёрасці, жыццёвай актыўнасці
гэтай дзіўнай жанчыне. Няхай жа хопіць іх яшчэ на многа-многа гадоў!


НА ЗДЫМКАХ: аб маладых гадаў Ганны Трафімаўны і Ціхана Акімавіча расказваюць фотаздымкі; упрыгожваюць піджак ветэрана ўзнагароды за службу і вернасць Радзіме.
Катэгорыя: Святлана Локтыш | Дабавіў: admin (16.04.2009) | Аўтар: Святлана ЛОКТЫШ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2491 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Светлана Локтыш | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.