Пятніца, 26.04.2024, 03:48

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

У нас не глыбінка. У нас глыбіня!
Аднойчы ў кулуарных размовах літаратараў пачуў наступнае: рэцэнзію на паэтычны зборнік пісаць дужа лёгка і проста, маўляў, вылучыў колькі прыгожых фраз, цытануў, дый па ўсёй справе. Магчыма і так. Але што рабіць калі хочацца працытаваць ледзь не ўвесь зборнік? І пры гэтым рэцэнзія ўсё адно пішацца лёгка і проста! Можа, таму, што зборнік той не фігуруе ў нейкіх афіцыйных рэгістрацыйных даведніках? Бо выдадзены накладам у "299 асоб." і прызначаны, паводле ўсталяванай тэрміналогіі, "для ўнутранага карыстання" (у літаральным сэнсе тут трапна заўважана). Але, думаецца, усё ж таму, што вершы ў зборніку напісаны таксама лёгка і проста, як пішацца на іх рэцэнзія. Дакладней наадварот: рэцэнзія на іх пішацца таксама лёгка і проста, як яны ствараліся аўтарам: без квазіінтэлектуальнай помпы і разам з тым далёка ад вучнёўскіх выкрунтасаў – чысціня, якая сёння страчаецца рэдка.


Вокладка кнігі Аляксея Белага
"Боскі вечер правінцыі"


Спрабуючы дыферэнцыяваць лірыку А.Белага, можна выдзеліць тры-чатыры тэматычныя групы: на першым месцы, безумоўна, знаходзяцца радкі пра каханне; нямалая дзялянка адведзена пад грамадзянскую лірыку, якая змяшчае вершы на палітычныя і гістарычныя тэмы; у многіх творах паэт выступае як філосаф з роздумамі над гэтым жыццём і вакол яго. Найчасцей гэтыя групы пераплецены і ўзаемазвязаны.

Вершы на палітычную і гістарычную тэматыку без усялякіх агаворак можна называць грамадзянскай лірыкай, настолькі пачуццёва тонка яны выпісаны, – такога я дагэтуль не сустракаў. Зрэшты лірычна-публіцыстычныя чатырохрадкоўі трохі нагадваюць «гарыкі» І. Губермана, але творы А. Белага маюць беларускі каларыт, які непаўторны:

Дарога да Манкуртыі прамая
І тут зусім не цяжка разабрацца.
Калі не меў ты бацькі і не маеш,
Адкуль жа можа Бацькаўшчына ўзяцца?

Куды краіны дзелася краса,
Дзе годнасць наша, нашы дзе вяршыні?
Нам кажуць: "Затяните пояса".
І ціха дадаюць, што лепш – на шыі.

Некаторыя думкі не новыя ў асяродку беларускіх інтэлектуалаў. Напрыклад, філосаф В.Акудовіч разважаў пра Беларусь, як пра своеасаблівы архіпелаг. У А.Белага ж знаходзім:

...Так і знікне народ, і згіне,
Хоць працуюць тут адмыслова...
Мы – дыяспара ў роднай краіне,
Дзе цураюцца роднага слова.

Цікава, што нават грамадзянская лірыка ў А.Белага створна з улікам, калі можна так сказаць, "жаноцкага фактара”. Адносіны да жанчыны ў паэта з’яўляюцца наогул адным з важнейшых крытэраў чалавечнасці. Яна выступае той прызмай, праз якую выяўляецца не толькі сутнасць чалавека, але і сутнасць і сэнс ягонага жыцця. І мудрасць гэта пацвярджаецца жыццём.

Калі ж чытаць любоўную лірыку, то дзіву даешся, наколькі трапяткімі засталіся пачуцці паэта да жанчыны. Каб не ведаў яго асабіста, ніколі не сказаў бы, што гэтаму чалавеку пераваліла за паўвека. А ён жа, мусіць, нават не заўважае ўзросту і – не перастае здзіўляцца:

Які гэта цуд – зазірнуць (удваіх!) за зеніт,
З каханай правесці бяссоную ноч на аўчынах...
Ізноў лістапад. З тых, што сыпле дажджом леанід...
І верыш, што здольны ты зноў на вар’яцкі ўчынак!

Нехта даводзіў, што кожнае каханне – першае. А тут для паэта кожны момант – упершыню (і без усялякіх "нібы").

Нават жнівеньскі дзень можа мець цеплыню,
Нават тут, у глыбокай правінцыі...
Дзве ажынкі ты мне прынясеш да агню
На маленькай зялёнай галінцы.

Ну а потым ад шатаў і сініх дымоў
(Не было ўжо такога даўно),
Мы, прапахлыя сонцам, прыедзем дамоў
Дапіваць залатое віно.

Адлюструецца месяц у сінім акне,
Зорка першая скоціцца долу.
Я цябе пацалую. Ты здзівіш мяне:
"Ты чаму не спытаўся дазволу?"

Ці:

...І нічога мне болей не трэба.
І каб крочыць зноў раніцай праз сенажаць,
З лёгкім сумам, што скончыцца лета...
І каб кожную ноч ля каханай дрыжаць
І ўздыхаць, бы зялёны падлетак!

Як і для А.Пісьмянкова, які "не памрэ, пакуль любіць", для А.Белага сэнс жыцця менавіта ў каханні:

Ёсць магчымасць пакуль што табе пазваніць,
Значыць, жыць застаецца магчымасць".

У той час, калі малады Я. Лайкоў піша, што для яго «на захадзе далягляд ільсніцца», А. Белы, чалавек сталага ўзросту, дэкларуе:

Ты бычыш: час цябе не даганяе…
І так сасок жанчыны пад рукой
Напружыцца, узрасце і набрыняе!

Шкада, што калі не ўсе, то нават большасць твораў усё адно немажліва працытаваць у дадзенай працы. Дый любая рэцэнзія не адлюструе паўнаты кнігі, тым больш таленавітай. Як выказаўся, здаецца, Л.Талстой, каб распавесці, што хацеў расказаць аўтар, трэба працытаваць увесь яго твор. Да дадзенага ж выпадку дадаў бы яшчэ, што лепей адзін раз убачыць (прачытаць вершы А. Белага), чым сто разоў пачуць (прачытаць гэту рэцэнзію). А потым мяркуйце самі, ці захочацца вам перачытваць тыя вершы. Думаю, так.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (23.10.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1893 | Тэгі: Аляксей Белы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.