Чацвер, 25.04.2024, 10:07

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Пясняр Палескага краю
Нарысы Васіля Праскурава ўжо не адно дзесяцігоддзе вывучаюць на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, і яны, аказваецца, сваёй літаратурна-мастацкай вартасці і грамадскай актуальнасці не страцілі і сягоння, калі аўтара ўжо даўнавата няма ў жывых. Разгляду творчасці слыннага нарысіста тады, у самым росквіце яго па-сапраўднаму чалавечага і глыбока гуманістычнага таленту, нямала шчырых і пранікнёных старонак прысвяцілі Уладзімір Калеснік, Барыс Стральцоў, Уладзімір Юрэвіч, Алесь Марціновіч, іншыя вядомыя пісьменнікі і даследчыкі. Да прыкладу, той жа надзвычай строгі і патрабавальны прафесар Уладзімір Калеснік у аб'ёмістым артыкуле «Берасцейскае вогнішча», прысвечаным колішнім і цяперашнім брэсцкім літаратарам, дасведчана і слушна зазначыў: «У нарысах Праскурава чуваць той зорны спеў пра Палессе, край экзотыкі, светлай явы і вялікіх перспектыў. Пісьменнік натхняецца адчуваннем даўняй паэтычнай традыцыі, адштурхоўваецца ад народных паданняў, легендаў, прыкмет, падключае ў кантэкст жыцця народныя прыказкі, прымаўкі, але разам з тым знаходзіць падзеі, якія не ўступаюць гуманістычнай вымоваю легендам і казкам». I яшчэ адна, як мне здаецца, дужа красамоўная цытата: «На прозе Васіля Праскурава моцна адчуваецца колішняя школа паэта. Паэтычнасць яго нарысаў, лірызм у пейзажах і апісаннях, адкрытасць аўтарскай эстэтычнай ацэнкі і складаюць адметную рысу стылю».

Васіль Праскураў, Василий Проскуров

Увогуле высока ацэньваючы першую «тоўстую» кнігу на той час яшчэ малавядомага нарысіста «Людзі-суседзі», і асабліва яго знакаміты нарыс-апавяданне «Надзейка», Уладзімір Калеснік выказаў справядлівае меркаванне, што першая задача пісьменніка-дакументаліста не паэтызаваць, а ўсё ж даследаваць, падагульняць жыццёвыя працэсы. Васіль Праскураў, валодаючы несумненнай назіральнасцю і аналітычным складам розуму, з гэтай задачай справіўся бліскуча. Ужо ў ранніх творах, такіх, як «Святая сівізна», «Дабрата», «Вялікая радня», напісаных падчас працы ў ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», ён дае выдатныя прыклады сацыяльнага аналізу, засяроджвае ўвагу на маральных прынцыпах, думах і памкненнях сваіх герояў — звычайна сціплых працаўнікоў вёскі. Нарысіст дамагаўся сінтэзу лірыкі з драматычным бачаннем свету, і менавіта таму Уладзімір Калеснік лепшыя нарысы Васіля Праскурава хацеў паставіць на адной паліцы з вядомай кнігай Веры Палтаран «Дзівасіл», а думка шаноўнага крытыка заўсёды была аўтарытэтнай і дакладнай.

Пісаць гэтыя радкі сумна і балюча, ды яшчэ і крыўдна, таму што мой старэйшы сябар і літаратурны настаўнік не паспеў як след наталіцца славай першага нарысіста рэспублікі і, будучы ўжо цяжка хворым, здаецца, нават не панасіў у кішэні новенькі пісьменніцкі білет. На ганцавіцкіх могілках, калі гарачым майскім днём, праз год пасля чарнобыльскай аварыі, хавалі Васіля Праскурава, многія прамоўцы, у тым ліку і «наш брэсцкі Калеснік», адзначалі не толькі гуманістычную сілу, жыццёвасць кніг нарысіста, але і душэўную дабрату, вялікую чалавечую сціпласць іх аўтара. Сапраўды, нягледзячы на тое, што ў Ганцавічах Васіль Фёдаравіч жыў і працаваў амаль усе пасляваенныя гады, мала знойдзецца людзей, якія б ведалі што-небудзь істотнае з біяграфіі пісьменніка. Пра сябе ён гаварыў рэдка, а калі згадваў далёкае юнацтва, то часта расказваў пра даўнія сустрэчы з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Аляксеем Сурковым. Між тым Васіль Праскураў быў выдатным сем'янінам, бацькам чатырох слаўных дачок і вельмі цешыўся сваім першым унукам — Васькам. Напэўна, усё з-за той жа прыроднай сціпласці ён пры жыцці так і не надрукаваў ніякіх аўтабіяграфічных звестак, таму сёння, калі прайшло столькі часу, відаць, ёсць сэнс напомніць найбольш важныя моманты з жыццяпісу вядомага беларускага нарысіста, маючы таксама на ўвазе, што не так і даўно літаратурнай грамадскасцю рэспублікі адзначаўся яго сямідзесяцігадовы юбілей.

Нарадзіўся Васіль Праскураў 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Нягаціна Дубровенскага раёна ў вялікай сялянскай сям'і, пятым дзіцем па ліку. Бацька рабіў лесніком, а маці хадзіла ў наймы, бо зямлі сваёй не мелі, пакуль не пачаліся калгасы. Да вайны будучы пісьменнік паспеў скончыць сем класаў і больш у дзённай школе не вучыўся. На вайну трапіў, як кажуць, на шапачны разбор і праслужыў у войску цэлых пяць гадоў — спачатку ў Венгрыі, потым у Аўстрыі і Германіі, дзе быў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины». Яшчэ ў акупацыю памёр бацька, адразу пасля вайны не стала маці і бабулі, сёстры за гэты час павыходзілі замуж, і ехаць дэмабілізаванаму салдату, па сутнасці, не было куды. Так ён апынуўся ў Ганцавічах, дзе працавала настаўніцай яго старэйшая сястра Іанна Фёдараўна Праходская. Ніхто тады не ведаў і не думаў, што худы і цыбаты юнак у доўгім, да пят, патрапаным шынелку, аднойчы ступіўшы з цягніка на пашчэрблены прывакзальны перон, назаўсёды застанецца тут, у глухім палескім гарадку, стане славай і гонарам гасціннай і маляўнічай Ганцавіцкай зямлі.

У салдацкім рэчмяшку побач з іголкай і зубной шчоткай Васіль Фёдаравіч, як сам расказваў пазней, прывёз сшытачак з юнацкімі вершамі, але, вядома, не да паэзіі, калі няма сталага занятку і ўласнага кутка. Трэба было вучыцца, набываць нейкую мірную прафесію. На працу ён уладкаваўся ў мясцовы райспажыўсаюз і, маючы кемлівую галаву дабіўся значнага поспеху: на працягу сямі гадоў працаваў старшынёй сельпо, загадчыкам гандлёвага аддзела, старшынёй раённай спажывецкай кааперацыі. Адначасова скончыў вячэрнюю сярэднюю школу, экстэрнам здаў іспыты за курс Брэсцкай гандлёва-кааператыўнай школы.

Неўзабе нядаўні салдат ажаніўся, і маладую жонку, прыгажуню Лідзію Сцяпанаўну, прывёў у новы дом, зрублены з гонкай палескай сасны сярод кашлатых вольхаў на ўскраіне Ганцавіч. Тут, у гэтым ашаляваным і пафарбаваным на зялёнае доме, Васіль Праскураў пагадаваў і вывеў у людзі ўласных дзяцей: журналістку, філолага, двух урачоў, тут, у ледзь што не вясковай цішыні, ён напісаў усе свае цудоўныя кнігі, а пра той цяжкі пасляваенны час, у якім, апрача клопатаў пра хлеб, знайшлося месца і рамантычнаму юнацкаму каханню, пісьменнік праз чвэрць веку хораша і праўдзіва раскажа ў высокамастацкай, таленавітай аповесці «Рута-мята».

Юнацкі сшытак з першымі спробамі пяра між тым не даваў аўтару спакою, і партыйнае начальства проста было здзіўлена, што малады старшыня райспажыўсаюза намнога лепш, чым у нейкіх там нета і брута, разбіраецца ў ямбах і харэях. Аднак просьбу паэта ўважылі: без лішніх слоў адпусцілі на працу ў раённую газету «Сялянская праўда», дзе таксама здольных кадраў не хапала. Без адрыву ад вытворчасці, спалучаючы, як кажуць, прыемнае з карысным, Васіль Праскураў скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, атрымаўшы, дарэчы, «чырвоны» дыплом, доўгі час працаваў радавым журналістам — спачатку ў Ганцавічах, потым у Ляхавічах, а калі ў 1966 годзе быў узноўлены Ганцавіцкі раён, вярнуўся сюды ўжо ў якасці рэдактара мясцовай газеты «Савецкае Палессе».

Можна без сумнення сказаць, што менавіта з гэтага перыяду пачаліся найбольш значныя творчыя і жыццёвыя поспехі славутага нарысіста. Аднаму з першых сярод журналістаў яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР, па выніках конкурсу на лепшы нарыс ён стаў лаўрэатам прэміі Саюза журналістаў былога СССР. Неяк спакваля, неўпрыкмет імя Васіля Праскурава займае ганаровае месца сярод пішучай браціі, з ходу ўрываецца ў студэнцкія аўдыторыі журфака, адна за адной выходзяць яго кнігі. Пісьменнік-дакументаліст, мусіць, і сам не чакаў такога імклівага ўзлёту, хоць выпадковасці тут няма. Васіль Фёдаравіч заўсёды быў працавітым, уседлівым чалавекам, свае нарысы не пісаў надта лёгка — думаў, пакутаваў, шукаў ёмкія, свежыя мастацкія вобразы і дэталі, тым самым пацвярджаючы слушную думку Уладзіміра Калесніка, што ў публіцыстычнай творчасці празаіку надзвычай дапамагла колішняя школа паэта, вопыт не абы-якога лірыка.

Тады, на пачатку шасцідзесятых, калі наўсцяж палявых дарог і прасёлкаў сцяной стаяла «хрушчоўская» кукуруза, мабыць, сама грамадская атмасфера спрыяла ўзлёту паэзіі, садзейнічала развіццю літаратурных талентаў. Кажучы без жарту, вартасць раённых газет у той знакаміты час усё ж вызначалася не колькасцю артыкулаў пра «каралеву палёў», а колькасцю маладых паэтаў, выхаваных на іхніх старонках. Мне, абросламу да вушэй васьмікласніку які і сам нешта спрабаваў пісаць, добра запомніліся дзве такія газеты: спачатку ганцавіцкая — «Сялянская праўда», пазней ляхавіцкая — «Будаўнік камунізму», дзе з нумара ў нумар друкаваліся вершаваныя і празаічныя спробы мясцовых аўтараў. Вакол гэтых рэдакцый склаліся творчыя суполкі, якія ў прамым сэнсе далі шырокую дарогу ў літаратуру Міхалу Дубянецкаму, Міхасю Рудкоўскаму, Івану Кірэйчыку, Міколу Купрэеву.

Зразумела, сярод усёй рыфмаванай прадукцыі, што «раёнкі» прапаноўвалі сваім чытачам, вельмі выгадна і свежа вылучаліся вершы Васіля Праскурава. Пісаў ён, праўда, на рускай мове, але не будзем строга судзіць аўтара: усё-такі літаратурную творчасць ён пачынаў за мяжой, далёка ад роднага беларускага краю. Яшчэ не ведаючы, што лёс на цэлых дваццаць гадоў звядзе нас разам, я ўзахлёб чытаў і перачытваў творы ўжо даволі вядомага ганцавіцкага паэта, і мне тады здавалася, што пісаць так, як ён, хораша і шчыра, бадай, і немагчыма. Многія вершы Васіля Праскурава, на здзіўленне, помняцца і цяпер, хоць пазней, у сталым узросце, яны больш ніколі не трапляліся мне ў рукі. Вось адзін з іх, як калісьці здавалася, узор сапраўднай лірыкі, ды, мабыць, так яно і ёсць на самай справе:
Ветер — ретивый, неистовый —
Тучи над станцией нёс,
Яркий платочек батистовый
Рвал с твоих русых волос.

Жали гармошки отчаянно
Все гармонисты села.
Руку, наверно, нечаянно 
Дважды ты мне подала.

С тем и уехала.
Складные Песни тебе здесь поют,
Но что-то такое неладное
В грудь поселилось мою.

Чуть над колхозными крышами
Взвеют ветра-степняки,
Чудный твой голос все слышу я,
Вижу глаза-васильки.

Только теперь наказание:
Пыль повсеместно, жара.
Мне же (прости за признание)
Круглые сутки ветра.
Надзвычай меладычны і глыбока лірычны гэты верш не забыўся і за трыццаць пяць гадоў, праз час і далячыні ў ім чуецца сапраўдная паэзія, б'ецца жывое, непадробнае пачуццё. Можна лёгка ўявіць, у якія выдатныя паэты мог бы выбіцца Васіль Праскураў але, на вялікі жаль, вершы ён кінуў пісаць, прынамсі, перастаў іх друкаваць тады ж, у канцы шасцідзесятых, цалкам пераключыўшыся на мастацкую і дакументальную прозу. Занятак рыфматворчасцю між тым не прайшоў марна. Мой строгі і патрабавальны настаўнік проста апантана, бязмежна любіў старадаўнюю і сучасную паэзію, рускую і беларускую, саміх творцаў дужа паважаў і шанаваў, а Міхася Рудкоўскага дык проста абагаўляў. Дзесяткі і дзесяткі вершаў, прычым абсалютна розных аўтараў, Васіль Фёдаравіч ведаў на памяць, ды паслухалі б вы, як ён па-майстэрску, нідзе не збіваючыся, чытаў паэму Аляксея Недагонава «Сцяг над сельсаветам». Аднойчы ў Ганцавічы сярод лета нейкім выпадкам завітаў Андрэй Вазнясенскі, па мясцовай завядзёнцы шаноўнага госця адвезлі на Дубаўское возера, пад славутыя Коласавы дубы, то і ён, выдатны рускі паэт і дэкламатар, быў моцна здзіўлены, што ў палескай глыбінцы жывуць такія рэдкія ва ўсіх адносінах самародкі. Аднак, шкадуючы, што Васіля Праскурава чытачы менш за ўсё ведаюць як лірыка, не будзем яго залішне дакараць: ён сам вызначыў свой лёс, сам зрабіў свядомы выбар на карысць прозе, дзякуючы якой дабіўся, зрэшты, і зайздроснага творчага плёну, і ўсеагульнага прызнання.

За два дзесяцігоддзі, што акурат прыпалі на перыяд рэдактарскай працы ў ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе», Васіль Праскураў у розных выдавецтвах рэспублікі выпусціў нямала кніг самабытнай прозы і мастацкай публіцыстыкі. Сярод іх — зборнікі нарысаў «Святая сівізна», «Трое з-за Лані», «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу», «Пакланіся зямлі-карміцельцы», «Чорны хлеб». Ужо адчуваючы сур'ёзныя змены ў сваім здароўі, ён збіраў рукапіс новай кнігі прозы, а здаць у выдавецтва не паспеў. Пад назвай «Наўсцяж вясковай вуліцы» яна пабачыла свет зусім нядаўна, ды і тое дзякуючы фінансавай падтрымцы аблвыканкама, асабістым намаганням укладальнікаў зборніка Алеся Каско і Георгія Тамашэвіча, жонкі пісьменніка Лідзіі Сцяпанаўны. Думаю, у нас яшчэ будзе магчымасць пагартаць старонкі гэтай цудоўнай прозы, а пакуль што звернемся да кнігі Васіля Праскурава «Пакланіся зямлі-карміцельцы», якая стала этапнай у творчасці нарысіста, падвяла скутак яго шматгадовай працы і за якую, у рэшце рэшт, у 1986 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М. Лепяшынскага.

Разглядаючы нарысы пісьменніка-дакументаліста, асабліва тыя, што сабраны ў выніковай, этапнай кнізе, вельмі многія даследчыкі, у тым ліку і Ніл Гілевіч, адзначалі іх несумненную вартасць: багацце зместу, надзённасць і праўдзівасць сацыяльных праблем, глыбокае спасціжэнне жыцця і добрае веданне сваіх герояў. Жывучы непасрэдна ў палескай глыбінцы, Васіль Праскураў стаў сапраўдным летапісцам беларускай вёскі, і, трэба сказаць, ягоныя творы, напісаныя з любоўю і прафесійным майстэрствам, даходзілі да сэрцаў простых людзей, чаму я аднойчы быў выпадковым сведкам. Некалі мы з Васілём Фёдаравічам, тады яшчэ зусім маладым нарысістам, працавалі разам у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты. Напісаў ён нарыс «Двое ў полі» — пра знатнага льнавода, Героя Сацыялістычнай Працы Вольгу Канстанцінаўну Мацюшка. Нарыс быў надрукаваны, а назаўтра Вольга Канстанцінаўна прыйшла ў рэдакцыю. Адчыніла дзверы ў наш кабінет, згарнула на грудзях парэпаныя ад сіверу худзенькія рукі і заплакала:
Даражэнькі мой! Што ты са мной нарабіў! Я сягоннячы ўсю ноч не спала. Цэлу ноч чытала вашу газетку. Спачатку падумала: не пра мяне гэта. Яшчэ і яшчэ раз прачытала. Не, усё правільна.

Васіль Фёдаравіч пацалаваў тады руку Вольгі Канстанцінаўны, а яна аберуч абняла яго за галаву прыгаворваючы:
Не за тое цалую, што пра мяне напісаў. А за тое, што ты ёсць такі, што ўмееш гэтак хораша, гэтак мудра пісаць пра нас, простых людзей.

Так, галоўны герой нарысаў Васіля Праскурава — наш сучаснік, чалавек працы. Яму аўтар аддае цалкам, дарэшты свае сімпатыі, сваё творчае натхненне. Можа, таму ў яго нарысах, прысвечаных людзям працы, столькі святла, прастору, што ў чытача міжвольна ўзнікае святочны настрой, радасць і гордасць за новых знаёмых, жаданне вучыцца ў іх. Даследчыкі творчасці пісьменніка адзначалі актыўнасць пазіцыі нарысіста, яго ўменне выступіць перад чытачом з неардынарнымі думкамі, меркаваннямі, перажываннямі, заўважалі падуладнасць яму фарбаў мастацкай выяўленчай палітры. «Васіль Праскураў — нарысіст уласнай, жыццём падказанай тэмы, — аналізуючы беларускі нарыс, пісаў Барыс Стральцоў — Кожны яго нарыс — гэта нібыта асобны інструмент аднаго аркестра. У кожнага інструмента свой голас, свой тэмбр, а разам яны зліваюцца ў адну задуменную сімфонію народнага жыцця».

У кнізе «Пакланіся зямлі-карміцельцы» сабраны найбольш значныя, на думку аўтара, нарысы апошніх дзесяці гадоў творчай працы. У іх ярка высвечваецца мастакоўская манера, уменне майстра данесці да чытача патрэбную, галоўную думку. I не толькі данесці, але і замацаваць у памяці. Нарысіст імкнецца ўзбударажыць душу, усхваляваць сэрца чытача, прымусіць яго задумацца над прачытаным, паверыць аўтару — як таварышу, другу, брату, як настаўніку. У большасці нарысаў гэтая мэта дасягнута. I дасягнута тонка, спакваля, без прыкрай назойлівасці, без найгранага пафасу.

Пра што б ні пісаў Васіль Праскураў — пра дзяцей ці сталых людзей, пра поле ці балота, пра жыта ці асаку, — ён піша узнёсла і натхнёна, з вялікай і шчырай любоўю. I не проста расказвае пра людзей, лес, поле, а і паказвае іх — настолькі пераканаўча, што ты, чытач, бачыш перад сабой іменна той малюнак, які хацеў паказаць аўтар. I ты верыш яму, верыш прачытанаму ад пачатку да канца. Асабліва хораша піша мастак слова пра родную зямлю. Пра зямлю-карміцельку, матулю-зямліцу. Радкі, дзе апяваецца прыгажосць зямлі нашай Бацькаўшчыны, гучаць як песня, вучаць любіць яе да скону той беззапаветнай сыноўняй любоўю, што, як сцвярджаецца ў нарысе «Пакланіся зямлі-карміцельцы», не толькі ўзвышае чалавека, а і робіць яго шчаслівым.

Без перабольшання можна сказаць: не пакінуць чытача раўнадушным і нарысы Васіля Праскурава пра лес. Яны па-сапраўднаму хвалююць, запамінаюцца. Вось публіцыст на дзялянцы ўшчэнт спляжанага калгаснага лесу. Што і казаць, разважае ён, ніхто чужы, з-за свету не паехаў глуміць гэты лес. Усё — справа рук сваіх жа вяскоўцаў, нават тутэйшых леснікоў. «Вельмі цяжка ўсведамляць, што ўсяго гэтага магло не быць. Магло! Недагледзелі. Адны — свядома, а другія — па занятасці. Страшна падумаць: свядома. Гэта ж хадзіў сабе чалавек, задраўшы галаву скаліў зубы, рабіў выгляд, быццам прадае разынкі, а мо яшчэ горш — сам быў у той шайцы-лейцы і думаў: ану ж будзе шыта-крыта. Людская наіўнасць! Ану ж ды нябось — што надламаная вось: далёка не заедзеш». I аўтар зноў і зноў заклікае чытача падумаць, паразважаць.

Да тэмы лесу зрэшты, як і да ўсёй беларускай прыроды, у сваёй творчасці пісьменнік звяртаўся даволі часта, у прыватнасці, тут можна назваць яго цудоўныя нарысы «Зялёная рапсодыя», «Бярозавы сок», «Прасека», і хоць пра кожны з іх можна было б гаварыць бясконца, асабліва хацелася б згадаць аб мове гэтых і іншых нарысаў — аснове асноў любога мастацкага твора. Мова ў Васіля Праскурава багатая, сакавітая, самабытная, падслуханая ў тых жа леснікоў, сейбітаў, меліяратараў, пра якіх ён апавядае заўсёды цёпла і ўсхвалявана. У свой час, пішучы прадмову да разглядаемай кнігі, я зазначыў: «Нарысы Васіля Праскурава хочацца не проста чытаць, але і перачытваць. Нават больш, хочацца сёе-тое запісаць — для сябе, на памяць». Цяпер жа, калі прайшло ўжо нямала гадоў, я ўсцешаны тым, што пра публіцыстыку старэйшага таварыша сказаў шчырую праўду без хлусні і без нацяжак. Вазьміце любую ягоную кнігу: «Людзі-суседзі» ці «Пакажы чалавеку дарогу», «Пакланіся зямлі-карміцельцы» ці «Чорны хлеб» — у кожнай з іх, ад першай да апошняй старонкі, вы ўбачыце сапраўдную мастацкую прозу, якая нават праз дзесяцігоддзі не страціла вабнасці і хараства, дакладнасці і непаўторнай свежасці.

Надзіва цэласнай, змястоўнай і эстэтычна завершанай, хоць і рыхтавалася да друку староннімі людзьмі, атрымалася і вось гэтая ёмістая, шматпакутная і, дарэчы, хораша выдадзеная кніга «Наўсцяж вясковай вуліцы» — кніга з не дужа ўжо і багатай спадчыны Васіля Праскурава. Пад адной вокладкай у ёй сабраны незакончаная аповесць, апавяданні, нарысы, дакументальныя матэрыялы, а ўвогуле асноўную частку неапублікаваных рукапісаў нарысіста складае мастацкая проза. Шкада, што аповесць «Наўсцяж вясковай вуліцы» засталася незавершанай, абарвалася ў звязку з трагічным лёсам самога аўтара. Аднак, нягледзячы на збег такіх выключных абставін, яшчэ адзін рамантычны твор пра каханне, на гэты раз з помстай і здрадай, адбыўся, і яго незакончанасць мала адчуваецца. Трэба зазначыць, што ў шчыра напісанай прадмове «Слова жытняе і васільковае» грунтоўны і глыбокі аналіз усёй апублікаванай спадчыны празаіка зрабіў паэт Алесь Каско, ён жа — яшчэ адзін маладзейшы літаратурны вучань незабыўнага Васіля Праскурава.

Кожная кніга, а тым больш кніга таленавітая і выдадзеная пасля смерці аўтара, несумненна, будзе доўга служыць выдатным помнікам свайму стваральніку. Не выключэнне тут і апошняя кніга самабытнага пісьменніка, складзеная з добрым мастацкім густам і для паўнаты карціны аздобленая шматлікімі дакументальнымі матэрыяламі. Здаецца, ці не ўпершыню ў зборніку змешчана аўтабіяграфія нарысіста, яго выступленне на журналісцкім сходзе, лісты аўтара да народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, а таксама ўрыўкі з успамінаў, артыкулаў, эсэ вядомых грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў і журналістаў, у якіх рознабакова аналізуецца і разглядаецца творчасць і асоба Васіля Праскурава.

Значны раздзел у кнізе займаюць уражлівыя і прыцягальныя архіўныя фотаздымкі. Вось нарысіст у калгасным жыце, вось ён з сякерай на суботніку, вось ён на сустрэчы з брэсцкімі літаратарамі. Само сабой, звяртае ўвагу і даўні здымак, на якім побач з Васілём Фёдаравічам стаяць супрацоўнікі рэдакцыі Наташа Данько, Кастусь Мохар, Віця Каўко і я, тагачасны сакратар газеты. Вядома, нічога цікавага ў нашых маладых і вясёлых фізіяноміях нельга ўбачыць, калі б не сам подпіс — «Праскураўцы». Сапраўды, так яно некалі і было. Калі раённыя газетчыкі рабілі свой чарговы ваяж па раёне, то ў калгасных канторах начальства, як правіла, не заставалі. Аказваецца, ужо з першай прыгараднай вёскі далей па тэлефонных лініях ляцеў сігнал: «Хавайцеся, праскураўцы едуць!» — і старшыні з брыгадзірамі паспявалі куды-небудзь уцячы.

Можа, і не месца тут бязглуздай усмешцы, ды Васіль Фёдаравіч, напэўна, прабачыў бы: ён жа і сам любіў дасціпны жарт, вясёлую песню, ёмкі анекдот. На здымку, дзе зняты разам з Аркадзем Куляшовым, ён смяецца на ўвесь рот, і так наш колішні рэдактар смяяўся заўсёды — шчыра, залівіста. З народным паэтам Беларусі Васіль Праскураў здымаўся, вядома ж, у Нясвіжы, дзе яны, працяглы час сябруючы, правялі два ці тры летнія сезоны. Аднаго разу, зноў жа па рэдактарскім тэлефонным званку, я павінен быў пад'ехаць у санаторый і падвезці свае вершы, бо Аркадзь Куляшоў зацікавіўся мною. Я сапраўды наважыўся ехаць, нават купіў білет, але з вакзала вярнуўся: што там яшчэ было паказваць такому выдатнаму майстру паэтычнага слова? Потым, калі Аркадзя Куляшова не стала, Васіль Фёдаравіч у Нясвіж ездзіў адзін ці з Лідзіяй Сцяпанаўнай, і мы, супрацоўнікі рэдакцыі, іншы раз, калі выпадаў месяц жнівень, тэлеграмай віншавалі свайго рэдактара з днём нараджэння. У адказ аднойчы прыйшоў гарачы і сардэчны ліст, які ніжэй я прыводжу амаль цалкам:

Добры дзень, Віця!
Добры дзень, дарагія таварышы!

Перш за ўсё прыміце маю самую шчырую падзяку за віншаванне і добрыя пажаданні. Дробязь, здавалася б тэлеграма, а прыемна, чорт вазьмі. Адным словам, дзякуй. Удвая дзякуй таму, хто ўспомніў гэты дзень.

Калі па радыё перадалі аб стыхіі, якая пранеслася над нашым раёнам, я двойчы спрабаваў дазваніцца ў рэдакцыю і дамоў, але дарэмна – ніхто не адказаў. Потым хлопцы з Клецка расказалі, што нічога страшнага не адбылося. I я супакоіўся.

Як я тут жыву? Нармальна. Абрыдла пераапранацца. Цэлы дзень заняты: то адна працэдура, то другая. Наогул урачам толькі дай чалавека, а хвароб яны знойдуць цэлы букет. I цябе ўгавораць і бегаць, і купацца, і ванны прымаць, і расціранне, і ўколы. Словам, толькі дай чалавека, а хворым яго зробяць з ходу.

Умовы тут нармальныя. Кормяць добра. I многа. Але, калі гаварыць шчыра, ужо надакучыла гэтая кухня. Хочацца свайго сала... Нават хацелася б і самагоначкі сваёй прапусціць. У санаторыі ёсць магазін і ларок, але там, акрамя віна і піва, нічога істотнага няма. Нават у горадзе няма чамусьці, па блату дастаюць дзесь у гархарчгандлі.

Ну, а як вы там, хлопцы, пажываеце? Вы ўжо, калі ласка, старайцеся, не падводзьце. Глядзіце добранька газету. Што тычыцца мужчынскай паловы, то я рады быў бы, калі б вы калі-небудзь сярод белага дня селі ды пад'ехалі сюды. Я б вам тут усе княжацкія келлі паказаў, наладзіў бы для вас экскурсію. Гэта даволі цікавае месца, ёсць што паглядзець. Коля дарогу ведае. Ды і недалёка зусім. Зрэшты, глядзіце па абставінах. Перш за ўсё глядзіце газету, а ўсё астатняе пасля...

Жадаю вам усім здароўя і поспехаў у жыцці і працы. Старайцеся, хлопцы! Старайцеся, дзяўчаткі! Прывітанне ўсёй рэдакцыі і друкарні. Яшчэ раз дзякуй за віншаванні.

З прывітаннем В.Праскураў
30.08.1980 г.

Нават дзіўна: жывучы ў адным геаграфічным пункце, ніякай асабістай перапіскі мы, вядома, не вялі, але гэты адзіны ліст ад майго літаратурнага настаўніка захаваўся проста цудам, бо пасля таго я не адзін раз спальваў свае архівы. Ліст прыводжу цалкам толькі з тою мэтаю, што ён, на мой погляд, вельмі ўдала характарызуе Васіля Праскурава як клапатлівага рэдактара і выхавальніка, урэшце, як нераўнадушнага грамадзяніна і чулага чалавека. Васьмідзесяты год — як усё даўно было! Тады, блукаючы ў Ганцавічах па вуліцы Пралетарскай, я ніколі не ўяўляў, што калі-небудзь яна, гэтак жа, як і раённая бібліятэка, стане вуліцай імя Праскурава. Тады, у той знешне спрыяльны і дабратворны час, нават і ў думках не было, што калі-небудзь давядзецца глядзець не на жывога пісьменніка, а на яго маўклівыя фотаздымкі і шэрыя мемарыяльныя дошкі. У палескім гарадку іх дзве: адна — на будынку рэдакцыі, другая — на доме, дзе нарысіст больш за трыццаць гадоў жыў і працаваў. Без гаспадара гэты прасторны, ашаляваны і ўсё яшчэ зялёны дом, здаецца, пазмрачнеў, ссутуліўся, прыціх. Толькі сад, пасаджаны ў далёкім юнацтве пісьменніка, усё разрастаецца, бучнее, паблісквае з-пад лісця жнівеньскай чырванню даспелых яблык. Ды крыху наводдаль сям-там высяцца старыя, парудзелыя вольхі. Напэўна, тыя самыя, якія чараўнік слова маляўніча і сакавіта апісаў у сваім знакамітым нарысе «Хата пад вольхамі».

«Вельмі люблю пісаць, — прызнаецца Васіль Праскураў у аўтабіяграфіі, надрукаванай у кнізе «Наўсцяж вясковай вуліцы». — Проста не магу жыць без гэтага. Некаторыя кнігі маіх нарысаў (асабліва «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу») добра былі сустрэты крытыкай. Што я сам думаю аб іх? Прызнаюся шчыра, як на споведзі: усё гэта толькі трэніровачныя ўзоры той вышыўкі, якую я хачу, якую я павінен зрабіць. Не напісаць, а вышыць на паперы».

Сваю катаржную працу пісьменніка-публіцыста Васіль Праскураў зразумела, ацаніў занадта сціпла, хоць падчас напісання аўтабіяграфіі ўжо быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. Аднаго толькі шкада: многае і, напэўна, самае лепшае ён не паспеў зрабіць. Але і тое, што ёсць, што мы бачым і маем, варта захаплення, бо кожная кніга Васіля Праскурава, кожны яго нарыс ці апавяданне — гэта сапраўдная, прыгожая вышыўка з сакавітымі фарбамі слоўных узораў, з яркімі карункамі самабытнай беларускай мовы.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (25.08.2011) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ
Праглядаў: 3362 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Васіль Праскураў, Віктар Гардзей | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.