Субота, 20.04.2024, 22:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

“Родны кут, і светлы і блакітны…”: літаратурна-біяграфічны нарыс
Багата на літаратурныя таленты Ганцаўшчына, шмат імён пісьменнікаў і паэтаў вядома далёка за межамі раёна. I сярод іх — імя Івана Кірэйчыка.

Тут, на сутоках балоціста-лясной Лані і раўнінна-лугавой Начы, дзе чароўныя краявіды самі заклікаюць да чагосьці вечнага, узвышанага і светлага, такі самабытны пісьменнік, як Іван Кірэйчык, і павінен быў нарадзіцца. Паабапал абедзвюх ціхаплынных рачулак у не дужа вялікіх ды адвеку галасістых вёсках сышліся, намоцна знітаваліся, перапляліся каранямі і кронамі дзве моўныя стыхіі — Клецкага Поля і Пінскага Палесся. Гаворкі, характэрныя для Крышылавіч і Арэшніцы, аднолькава пяшчотна гучаць у Лактышах і Кругавічах, але чым далей на поўдзень, скажам, у Люсіне або Хатынічах, чуйны слых адразу выхапіць з размовы мясцовы каларыт з яго непаўторным палескім "оканнем", да прыкладу, як вось у гэтым кароценькім дыялогу: "— Ганно, дзе була?" — "Хібо табе засляпіло? Коровы посла!". Вядома ж, дзякуючы таму, што яшчэ ў дзяцінстве будучы літаратар і журналіст басанож абабегаў усе навакольныя сялібы ў міжрэччы любых яму Лані і Начы, абедзве моўныя стыхіі, зліўшыся ў адно цэлае і непарыўнае, і пазней сталі асновай і ўтокам выбеленага ў чэрвеньскіх росах кужалёвага палатна ягонай літаратурнай мовы — хоць у цёплых і чалавечных нарысах, (хоць у балючых, адметных асабіста перажытым апавяданнях, хоць у простых і шчырых, часцей з прыродазнаўчым досведам вершах.

Як паэт Іван Кірэйчык горнецца да свежай мастацкай дэталі і вобраза, да ёмкай зрокавай метафары. Як празаік — тут ужо ён сапраўдны чараўнік слова, які здольны шчодра аздобіць гукамі і фарбамі красавіцкага прадвесня лясы і разлогі, надзяліць душой кожную палявую былінку і баравую краску. Прыкладаў таму процьма. Аматарам паэзіі запомніўся вось і гэты ўзор прыгожага слоўнага ткацтва, дзе, правёўшы ў небе жураўліныя ключы, восень ціха ходзіць, "глыбокі ліст пад ногі кладучы: з барвовых клёнаў — лапкаю гусінай, з бярозкі белай — россыпам лісіц...". А што да прозы пісьменніка, то па доказы, як кажуць, і выбірацца далёка не трэба — расхініце ягоную, без перабольшання, таленавітую кнігу "Пялёсткавы бераг", дакладнасцю малюнка з жыцця вёскі, сваёй незвычайнай вобразнасцю прывабіць і возьме ў палон ужо самы першы "чырвоны радок, ці канкрэтней — пачатак самотнага і хвалюючага апавядання "Расці, мая бярозачка...".

"Недзе там, за лесам, была вёска. Недзе там, за лесам, цяпер па-буслінаму весела клекаталі касавіцкія малаткі; падымаючы па дарозе заваложаны расою пыл, у лёгкім ранішнім тумане лянівым гуртам выплывалі за вёску каровы; над нечым садком, пераклікаючыся з бадзёрым рэхам, голасна кукавала зязюля; і ўсё ж недзе там было нязвыкла сцішана; і недзе там, за лесам, жыло маё дзяцінства. Нутрана фыркнуў аўтобус, які прывёз мяне сюды, на гэты палявы камяністы прагалак, і пакаціўся далей, у ранішнюю стынь, па няўклюднай шашы-камяніцы, а я пастаяў яшчэ.крыху і пайшоу напрасткі к лесу".

Веска Гута, родная сяліба пісьменніка, кажучы ягонымі ж словамі, "прыпелася" краем да самага сіняга бору, таму што і праўда стаіць "недзе там, за лесам", але гэта калі глядзець на яе з суседніх Ясянца альбо Малога Сяла, дзе лес такі ж, як і ў Гуце, "стары, пануры і дзікі, густа парослы багуном і маліннікам, пераблытаны хмелем..." 3 другога боку, наўсцяж амаль усяго Нацкага ці то бальшака, ці то палявога прасёлка, да канцавых двароў і агародаў калісьці ўшчэнт вытаптанымі паплавамі і чмялінымі грудамі на мурожных пакосах упрытык падступае абалона славутай Начы, не адзін раз апетай у вершах паэта і, на шчасце, ацалелай у гады меліярацыйнага разгулу. Невядома, ці задумваўся калі Іван Кірэйчык над назвай роднага селішча, ды несумненна, што назва пайшла ад слова "гута", хоць якіх-небудзь слядоў саматужнай шкляной вытворчасці нідзе ў ваколіцах не захавалася. Мяркуючы па ўсім, вёска старажытная, аднак па нашых палескіх мерках зусім невялікая: у ёй ніколі не было нават васьмідзесяці двароў; а жылі ў тых дварах добрыя і спагадлівыя людзі, якія не кідалі адзін аднаго ў бядзе, трымаліся сем'ямі ў ваеннае ліхалецце. I гэта сюды, да сваіх вытокаў і крыніц, напрасткі па чэрвеньскіх беларосах ды па снежаньскаму цаліку вяртаўся назіральны юнак з далёкіх і блізкіх вандровак. Невыпадкова, ужо ў даволі сталым узросце, глыбока асэнсаваўшы тое, што балела ў грудзях і бурліла, як магма, ён сцвердзіў у някідкіх паэтычных строфах мудрую думку: дарога дадому — самая галоўная дарога ў жыцці.

Неўпрыкмет падступае знямога,
Адпадае сама па сабе,
Калі бліжай дадому дарога,
Калі мама чакае цябе.
I забыты бапьшак глухаваты,
I праз неруш пратоптаны снег,—
Сустракай мяне, крайняя хата,
3 самым добрым святлом у акне.

Зусім няважна, дзе стаіць бацькоўская светлая хата — пасярэдзіне ці з краю вёскі, галоўнае, што ў гэтай хаце чакае мама, якая толькі зірне на сына, цяжка ўздыхне і вымавіць ціха: "Пахудзеў". Але першай у двары ўсё ж сустракала трывожна-шумлівая і ўзрушаная бяроза — дрэва, бадай, самае любімае і ў паэзіі, і ў прозе Івана Кірэйчыка. Аднойчы ён, мой сябар і зямляк, апавядаў такую ні то легенду, ні то быль. Яшчэ да вайны адзін гуцянец вельмі хацеў, каб на ягоным панадворку расла стройная беластвольная бярэзінка, ды тое дрэўца ўсё не прыжывалася: калі ні пасадзіць, ці вясной, ці ўвосень, — адразу засохне. Ну, рыхтык наканаванне якое — кожны раз пакутнае дрэўца заплача жаўталістам сярод лета. Ды вось собіла чалавеку выправіцца на вайну, свой край вызваляць ад фашыстаў, і ў першую ж вясну, калі з фронту подаўна ўжо не прыходзілі салдацкія трохкутнікі, каля весніц, на сонечным акраўку, вымкнуў з зямлі кволы бярозавы парастак. Крылатае зернетка вецер прынёс з недалёкага гаю, каб тут, на самотным удовіным дворышчы, зашумела з цягам часу гожая, стройная бярэзіна — прырода тым самым як быццам дала знак, што гаспадар хаты з вайны не вернецца.

Зразумела, гэтую суровую быль Іван Кірэйчык апавядаў з уласнага вопыту, збіраўся нават шчымлівую гісторыю з бярозкай увасобіць у нейкім сваім празаічным творы, але, на жаль, аповесць ці апавяданне так і не напісаў, як не паспеў ажыццявіць і многія іншыя задумы, што трывожна мулялі ў сэрцы і збалелай памяці. Безумоўна ж, класічнае па ўсіх параметрах апавяданне "Расці, мая бярозачка..." — пра незабытае дзяцінства з лютымі зімамі, з галоднымі вёснамі. Калючы, як стрэмка, уздых: "Той зімой мы яшчэ чакалі ад бацькі пісьмаў". Але паштальёнка, мінаючы сіроцкую хату, вінавата апускала вочы. У кнізе "Памяць" па Ганцавіцкаму раёну на старонцы, дзе пералічваюцца ахвяры фашызму з вёскі Гута, ёсць журботны радок: "Кірэйчык Аляксандр Цімафеевіч, н. у 1910, загінуў у 1945". I ўсё, і больш ніякіх звестак. Ды, як ні дзіўна, у сына франтавіка мала вершаў пра свае горкае сіроцтва, ні разу не ўжыта крыўднае слова "бязбацькавіч", затое апаленае вайной дзяцінства, а потым і не дужа аскаромленае выгодкамі юнацтва даволі часта згадваюцца ў ягоных бліскучых нарысах І апавяданнях.

Ёсць, праўда, два вершаваныя творы, якія нельга не заўважыць, бо акварэльнай дакладнасцю вобразаў яны адтуль — з полымя і дыму, з вогненнай завірухі. Першы верш мае надта будзённую назву — "Коні". Але гэта і не коні — прывіды, здані, убачаныя паэтам на начлезе, у туманным вербніку. "Цёмныя, як з вугля, мірныя — ад плуга ці з драбін", грывастыя прывіды нагадалі іншых, партызанскіх коней, на якіх у Гуту "прыляталі хлопцы Каўпаковы" або і "хлопцы генерала Коржа". Баявога скакуна свайго чарговага пастаяльца маці накрывае цёплай коўдрай, каб "пад сіверам не мёрз", а пасля ў "прыгрэбак ціха лезе, абірае бульбу пры акне...". Другі верш — на тую ж балючую тэму, але, вытрыманы строга ў рамках жанру, ён так называецца "Балада пра маці". Жывой пластыкай мовы, моцным сканцэнтраваным пачуццём, відавочна наўмыснай замаруджанасцю дзеяння твор хутчэй нагадвае гераічную сагу ці народнае сказанне, чаму ў беларускім фальклоры ёсць нямала прыкладаў:

Па завадзі ціхай,
Не чуючы ліха,
Хадзіла бусліха,
Старая бусліха. I
Чырвоныя боты
Тапталі балоты...
Як раптам у вёсцы
Пачуліся стрэлы
I вельмі ўжо штосьці
Запахла гарэлым,
Спяшала, ляцела —
Там вёска гарэла.
Дым, полымя, стрэлы
Бусліху сустрэлі.
I крылы самлелі
Над роднаю хатай:
У полымі тлелі
Яе бусляняты.
I крылы зпажыла,
I рынула-ўпала
Туды, дзе кружыла,
Дзе пекла шугала,—
К сваім немаўлятам.

Працяг гераічнай балады не менш жудасны і крывавы. Другая матуля, цяпер ужо звычайная матуля чалавечая, ноччу жыўцом спаліла ў сваёй хаце фашысцкіх катаў, калі яны перапіліся да покату, і раніцай горда, з пачуццём спраўджанай помсты пад канвоем пайшла дарогай Уладзіка — сына, якога надоечы павесілі гітлераўскія забойцы.

Напісаная дзесьці напрыканцы 50-х гадоў мінулага веку, "Балада пра маці" друкавалася спачатку ў тагачаснай ганцавіцкай раённай газеце "Сялянская праўда", і, як бачна, сваёй бясспрэчнай свежасці не страціла і сягоння. Трэба сказаць, у так званай грамадзянскай паэзіі Івану Кірэйчыку не часта спадарожнічала паненка ўдача, але бадай што беззаганнымі нараджаліся творы маладога аўтара, у якіх пераважаў моцны лірычны пачатак. Аднолькава справядліва гэтая выснова лучыць і ягоныя вершы, і прозу розных жанраў — ад замалёўкі да эсэ, і нават у самых ранніх рэчах цяжка знайсці відавочныя хібы, ад папрокаў за якія пісьменніка маглі б абараніць толькі спасылкі на малады ўзрост і нявопытнасць.

Якім-небудзь складаным, "закручаным" сюжэтам твор не вызначаецца, але месца дзеяння ў ім самае рознае: то родная школа, то універсітэцкі скверык, то суровае Балтыйскае мора. Такі, зрэшты, жыццёвы шлях галоўнага героя. Аднойчы, калі іх баявы крэйсер стаяў на рэйдзе ў Балтыйску, у рукі закаханаму матросу трапіла доўгачаканае пісьмо ад любімай Олі. Прачытаўшы ліст-споведзь і "абапёршыся на лееры, хлопец у чорным бушлаце ўсё курыў папяросу за папяросай, задумліва слухаючы соннае мора”. Давай паглядзім уважліва: ці не сам гэта аўтар апавядання? Ці не з сябе спісаў ён усе перыпетыі лёсу закаханага пакутніка? Праўда ў тым, што так яно і ёсць.

Выпускнік Гуцянскай сярэдняй школы, сын забітага на фронце салдата, нягледзячы на пастаянную нястачу і цяжкую для падлетка працу, вырас высокім шыракаплечым асілкам, і, калі надышла прызыўная пара, тутэйшы ваенком з радасцю зазначыў, што дзесьці на Балтыйскім флоце акурат не хапае менавіта гэтага гуцянскага здараўца з чорным кудзерыстым чубам. Не скажаш, што надта салодкімі былі чатыры гады муштры і бясконцай вахты на палубе магутнага крэйсера, але, як бы там ні прыйшлося, невядомаму ваенкому трэба толькі дзякаваць. Іменна суровая Балтыка абудзіла ў душы вясковага юнака нейкую чуйную струну, і ён пачаў пісаць прыгожыя лірычныя вершы, стаўшы пад канец службы прызнаным флоцкім паэтам. Пісаў, праўда, на рускай мове, аднак таго вымагалі абставіны. "Марскія" вершы Івана Кірэйчыка нярэдка друкаваліся ў газеце "Страж Балтии", выдаваліся ў калектыўным зборніку "Песня, рожденная морем". Не ведаю, з якіх крыніц, бо гэтых выданняў я нават не трымаў у руках, яшчэ з часоў далёкага юнацтва ў памяць мне ўрэзаўся (вершаваны абразок паэта-земляка і запомніўся ён менавіта таму, што ў ім, як я ўжо агаворваўся, надзвычай моцны лірычны пачатак:

Я проснулся под пристальным взглядом,
Открываю глаза: за окном,
Белоснежным сверкая нарядом,
Улыбнулась сирень озорно.

Шчасліваму заканчэнню ў 1958 годзе "балтыйскай адысеі" Іван Кірэйчык радаваўся па-свойму шчыра і летуценна. Як-ніяк, жыццё толькі ўваходзіла ў сапраўдную сталасць, ёсць ужо немалы вопыт вершаскладання і творчасці ў прозе, а галоўнае — у далечыні ад радзімы не забылася матчыная мова, наадварот, роднае палескае слова, як той самацвет, зазіхацела новымі гранямі і адценнямі. Творчага крызісу, канечне, яшчэ не магло быць — проста ў душы наспяваў бунт мноства нявыкарыстаных метафар, алітэрацый, мастацкіх вобразаў. Ён, гэты бунт, не паслабеў і тады, калі рэдактар раённай газеты, былы партызан Б.С. Лісецкі без ніякіх папярэдніх умоў забраў звольненага матроса ў штат рэдакцыі. I тут, на здзіўленне ўсім, пяро навічка, па сутнасці яшчэ пачаткоўца, разгарнулася на поўную сілу — найперш як літаратара і публіцыста. Тады, на размежжы пяцідзесятых і шасцідзесятых гадоў, яго вострапалемічныя нарысы "Быль Узбіскага бору", "За возерам Горным", "Мачаха", надрукаваныя спачатку ў "Сялянскай праўдзе", узрушылі грамадскасць раёна, імі зачытваліся старыя і маладыя, у мястэчку і ў вёсках, а слава аўтара расла, як кажуць, не па днях, а па гадзінах. Нават і сёння гэтыя творы, уключаныя ў адну з празаічных кніг пісьменніка, успрымаюцца так, быццам напісаны ўчора, хаця герояў дасканалых па форме і зместу нарысаў даўно ўжо няма ў жывых.

Невядома, як склаўся б лес самога Івана Кірэйчыка, калі б ён і далей працаваў ў "Сялянскай праўдзе", але ў велізарнай краіне працягваліся бязглуздыя і, галоўнае, незразумелыя народу хрушчоўскія рэформы. Ганцавіцкі раён як адміністратыўная адзінка нечакана быў ліквідаваны, рэдакцыю і друкарню закрылі, дружны і згуртаваны калектыў "Сялянскай праўды" адразу распаўся. Хто рушыў у Брэст, хто кінуўся ў Ляхавічы, а выхаванец Балтыкі як чалавек практычны скіраваў позірк на сталіцу рэспублікі. Балазе, у Мінску яго ўжо добра ведалі — у рэдакцыях газет, на радыё і, асабліва, у часопісе "Работніца і сялянка", дзе таленавіты аўтар з правінцыі надрукаваў нямала сваіх публіцыстычных рэчаў. Да таго ж, Іван Кірэйчык завочна вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце на перадапошнім курсе факультэта журналістыкі і разумеў, што сумяшчаць працу і вучобу паблізу сталічных бібліятэк непараўнальна прасцей, чым дзесьці наводшыбе. Можна лічыць, дзякуючы славутаму хрушчоўскаму валюнтарызму, гуцянскі самародак стаў карэспандэнтам Беларускага радыё, але праца ў эфіры яму не спадабалася: як сам казаў, зашмат мітусні, усё, што ні напішаш, вылятае на вецер, не пакінуўшы і следу. А тут любімая "Чырвонка" прапанавала пасаду ўласнага карэспандэнта па Гомельскай вобласці з прапіскай і кватэрай у абласным цэнтры. Для даволі ўжо спрактыкаванага журналіста гэта было цудоўнае вырашэнне прафесійных і сямейных праблем. Таму ён адразу даў згоду на пераезд і неўзабаве разам з маладой жонкай Верай Фёдараўнай (у дзявоцтве — Дубянецкай) апынуўся ў незнаемым і чужым яшчэ Гомелі. Не думаў змушаны вандроўнік, што лёс прапіша яго тут назаўсёды, да самага скону, не гадаў бедачына, што прыгожы горад над Сожам, зрэшты, як і ўся казачная Гомельшчына, стане другой радзімай пісьменніка, і ёй, горача любімай, будуць прысвячацца нарысы, апавяданні, вершы.

На сваім творчым бальшаку паэт Іван Кірэйчык не выдумляў звышмодныя тэмы — пісаў пра тое, што бачыў востры зрок, што лавіў чуйны слых, яго творчасць шчасліва абмінулі сучасныя навацыі — бясплённы мадэрнізм, ашалелы сюррэалізм, а "прадметам" цікаўнасці паэта становяцца дзве блізкія экасістэмы — Пінскае і Гомельскае Палессе — яшчэ задоўга да таго, як бяскрайныя лясы і балоты абсыпаў чарнобыльскі пыл. Невыпадкова ў паэтычных зборніках, якія, дарэчы, не зляталі з пісьмовага стала, як бліны з гарачай патэльні, суседнічаюць у прыемным і кроўным радстве палескія рэкі: Лань і Сож, Нача і Убарць, ціхая Цна і, вядома, непараўнальныя з ёю Дняпро і Прыпяць. Тэма прыроды, "якая на водкупе ў Чарнобыля", і напрыканцы, і ў самы ранні перыяд творчасці была і засталася галоўнай у паэзіі Івана Кірэйчыка. Ён больш як тры дзесяцігоддзі пражыў на Гомельшчыне, але, не будучы перабежчыкам у стане амаль аднолькавай красы і хараства, ніколі не забываў сваю першую радзіму і часта наведваўся сюды, асабліва, калі яшчэ жывая была маці, адпачываў у мілай Гуце і тыдзень, і два, а то і цэлы месяц, набіраючыся каля зялёнай Начы творчага настрою і натхнення:

Тут кожны раз расчулішся да слёз.
Дзень добры, любыя мясціны!
За вёскаю купаўна ад бяроз
I песенна ў сялібах салаўіных.
Лагоднае рачулкі берагі
Дыван пад ногі сцелюць аксамітны...
Мой родны кут,
I светлы, і блакітны,
Пакінь і сыну радаснай тугі.

Тое далёкае і, як здаецца цяпер, зусім бесклапотнае юнацтва, мне помніцца свежа і ясна да драбніц, адтуль, з напластаванняў часу, добрых і сумных падзей, нярэдка выплывае, нібы з люстэрка, незабыўны воблік старэйшага сябра і вядомага беларускага пісьменніка. Ледзь толькі на парозе раённай газеты "Савецкае Палессе", пераемніцы пасляваеннай "Сялянскай праўды", узнікала знаёмая постаць плячыстага маладога мужчыны з непакорным матроскім чубам, у рэдакцыі доўга панавала нейкая прыўзнятая і светлая атмасфера. Усе тут шчыра радаваліся госцю. 3-за стала з вітальным войканнем падхоплівалася бухгалтар Надзея Ігнатаўна Точка, з друкарні пабачыць былога "раёншчыка" спяшалася вярстальшчыца Надзея Шатроўская, з распасцёртымі рукамі тэпаў насустрач наш рэдактар Васіль Праскураў. Абдымкі, роспыты, працяглая размова-гаворка, і неўзабаве на рэдакцыйнай машыне ўлешчаны і павесялелы Іван Кірэйчык ехаў у сваю ціхую Гуту каля "лагоднае рачулкі" з аксамітавымі берагамі. Але праходзіў тыдзень-другі, гомельскі вандроўнік пачынаў нудзіцца на самоце, і тады ў маім "адказна-сакратарскім" пакоі ці ў Косці Мохара, на той час загадчыка сельгасаддзела газеты, чуўся патрабавальны тэлефонны званок. Густы барытон запрашаў: "Што вы, хлопцы, дрыхнеце там, як дзяды? Пара б і ногі памыць!" На нашай мове гэта азначала: трэба выехаць на прыроду, пасядзець каля маляўнічай рэчкі, разгавецца, пажартаваць удосталь, а калі пашанцуе, то і вывудзіць якога няшчаснага акуня ці плотку.

Дарога да востраўскай павароткі роўная, гладкая, хоць каціся, ды і там, за пералескам, палявы бальшак не зеўрае частымі выбоінамі — не праходзіць багата хвілін, як мы ўжо ў Кірэйчыкавай роднай вёсцы, адвеку ціхай, малалюднай ды па-беларуску ветлівай і гасціннай. Цераз выбіты поплаў, а далей някошаным яшчэ лугам, дзе трава стаіць да пояса, узрушаны Іван Аляксандравіч вядзе нас на высокі груд, бо тут, насупраць Гуты, ўюнкая Нача" даволі балоцістая, з нізкімі, густа зарослымі асакой і рагозам берагамі. На гарызонце, не так ужо і далёка адсюль, бачны рэшткі колішняга фальварка Лахоўшчына, цяпер закінутага і зруйнаванага ўшчэнт. Згадваецца, што гэты панскі маёнтак дэталёва апісаны ў цудоўным апавяданні слыннага празаіка "Цэгла". Зноў жа, дзея адбываецца ў бядотны пасляваенны час. Сяляне адбудоўваюцца і, каб зляпіць якую марную печ, ломяць у фальварку векавую, зляжалую цэглу, бяруць усё што-кольвек прыдатнае ў гаспадарцы. Пісьменнік ніколі нічога не выдумляў. Сярод блізкіх сяброў Аляксандравіч увачавідкі перайначваўся, з твару адразу знікала пастаянная сур'ёзнасць і пахмурнасць, і ў такія хвіліны ён мог экспромтам выдаць пацешны верш, расказаць цікавую прыгоду. Часцей — са свайго вопыту, з уласнай практыкі. Аднак хопіць пустой балбатні — мы ж прыехалі з Косцем Мохарам адпачыць на ўлонні прыроды, разгавецца з жаданым госцем, злавіць акуня ці плотку, у рэшце рэшт — "памыць" у празрыстай вадзе свае маладыя, яшчэ не стомленыя бясконцай мітуснёй ногі.

Сёння, згадваючы той далёкі час, не зусім бездакорным уяўляецца вядомае выслоўе: "каб зразумець пісьменніка, трэба пабываць на яго радзіме". Знакавасць і вартасць таго ці іншага аўтара ўсё ж сцвярджаюць ягоныя кнігі. У Івана Кірэйчыка можна зачытваць любы ўрывак без выбару, каб зразумець — перад намі сапраўды таленавіты пісьменнік. Вось бы гэтая цытата: "А ноччу мне прысніўся сон. Я — пастушок. Летняе сонца ўжо добра-такі паднялося па-над Ланню, і я адпрасіўся ў такіх жа, як і сам на снеданне. Бягу па расе, спяшаюся. А дома нязвыклае для раніцы няўтулае: халодная яшчэ не паленая печ, маўклівая маці. Маці ведае, чаго я прыбег, і яна, паглядзеўшы ўважліва на мяне, уздыхае, падымаецца і ідзе на агарод. I нешта вельмі доўга яе адтуль няма. Я іду паглядзець, што там такое, і бачу: маці трымае ў руках вырваны куст бульбы з дробнай, як пацеркі, завяззю на каранях і плача. Мне становіцца зразумелай прычына яе слёз. I я моўчкі паварочваюся і няспешна вяртаюся на пашу. Бурчыць пусты жывот, а на душы так крыўдна — на сябе ж, што вось прыйшоў і зрабіў маці балюча..."

Тут не кніжны, не выдуманы герой — сам пісьменнік згадвае сваё горкае дзяцінства, якое жыло "недзе там, за лесам", вярэдзячы памяць і сны, бо і працытаваны ўрывак дзівоснай па гуку і пластыцы прозы ўзяты не з чыста мастацкага твора, а з даўняга нарыса "Дарога". Хутчэй за ўсё таму, што лес часта паварочваўся да яго сваім чорным бокам, напісаў творца наогул не вельмі і багата, выдаўшы ў розныя гады чатыры кнігі прозы і публіцыстыкі з надта прыгожымі назвамі: "Багацце душы — людзям", "Пялёсткавы бераг", "Каласам хіліцца долу", "Калінавая квецень". Многія празаічныя творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках "Вернутае шчасце", "Люблю будзённы дзень" і іншых. Апрача таго, на рахунку паэта зборнікі вершаў "Аснова" і "З маіх крыніц", моцныя сваім лірызмам і непадробнай шчырасцю. У яго дасканалым літаратурным запісе выйшлі кнігі былых партызан Р. Лазабеева "Лясныя пабрацімы" і М. Качана "Апалены ранак". Бадай, гэта адзіны выпадак у рэспубліцы, калі ваенныя мемуары былі напісаны на беларускай мове. Як бачна, творчая спадчына Івана Кірэйчыка, калі мераць яе толькі па колькасці, не дужа і вялікая. Магчыма, сёе-тое з рукапісаў захавалася ў сямейным архіве, але ў гомельскай кватэры па вуліцы Пушкіна на тэлефонныя званкі даўно ўжо не адказвае густым сакавітым барытонам сам гаспадар.

Апошнюю кропку я ўсё ж не рашаюся ставіць, бо пра чужое гора і бяду не прынята гаварыць уголас, публічна. Аднак разумею: творчы і біяграфічны досвед пісьменніка будзе няпоўным, калі не згадаць пра яго ўласную, вельмі ўжо балючую, трагедыю. Справа ў тым, што першы сын боскага пакутніка быў невылечна хворы, другі сын Сяргей, якому паэт прысвячаў светлыя, пранікнёныя вершы, загінуў у арміі. Бяда і гора доўга ламалі моцную балтыйскім духам натуру, і, хоць ён ніколі не спавядаўся пра свае няшчасці, раны душы не зажывалі, марным рабілася творчае натхненне, і з гадамі мой таленавіты зямляк пісаў усё менш і менш. У палескай Гуце не забылі славутага аднавяскоўца. Помняць Івана Аляксандравіча Кірэйчыка ўдзячныя палешукі, помняць маляўнічыя рэчкі Нача і Лань, помняць вакольныя лясы і долы, якія слынны паэт і празаік так хораша апісаў у сваіх высокамастацкіх творах.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (11.02.2010) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 5619 | Тэгі: Іван Кірэйчык, Літаратурная Ганцаўшчына, Гута, газета Савецкае Палессе, Віктар Гардзей | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.