Пятніца, 19.04.2024, 10:35

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Выспа паляшуцкай мудрасці
Трэба было выбіцца ў ваколіцы Чудзіна, цераз драўляны мост перайсці шыракаватую тут Лань, заглыбіцца ў выгоністы сонечны хвойнік і праз нейкія дзве вярсты дарога ўвапрэцца ў Пярэвалакі — самую крайнюю вёску Ганцавіцкага Надлання, калі можна так сказаць, «аванпост» раёна. З часоў старажытнасці сяліба невялікая — двароў на паўсотні з пасівелымі ад старасці асверамі ды з адвеку гасцінным і ветлівым мясцовым жыхарствам. He ведаю, чаго я патрапіў у тыя боскія, казачныя мясціны, — усё ж, напэўна, прыязджаў з рэдакцыі правяраць якуюсьці нестандартную скаргу, але справа была даўным-даўно, яшчэ ў дні маёй далёкай маладосці, дык не дзіўна, што многія дэталі забыліся: уваччу засталіся толькі гонкі баравы лес і пясчаная, добра ўтаптаная дарога.

Александр Сержпутовский
Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі

Дзівак, я змалку любіў беларускія народныя казкі, асабліва ў запісах Я.Коласа і А.Якімовіча, і ў гэты момант, сам-насам з цішынёю, бясконца ўражаны непаўторнымі палескімі краявідамі, нават і не падазраваў, што дзесьці паблізу, у прамежку паміж Чудзінам і Пярэвалакамі, няўдзячна мінаю славуты хутар Шарпутоўшчына, дзе правёў дзяцінства, бадай, самы знакаміты фалькларыст і этнограф мінулага стагоддзя Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі. Потым я не адзін раз дакараў сябе за сваю недасведчанасць і аднойчы, ужо даволі па часе, знайшоў магчымасць наведацца сюды, на своеасаблівую выспу паляшуцкай мудрасці, без якой духоўныя скарбы дзівоснага краю былі б намнога бяднейшыя, чым яны ёсць цяпер. Канечне, вялікі гонар адчуць, што вядомы асветнік і вучоны, літаратар і публіцыст — мой зямляк. Нешта падобнае, мабыць, перажываў і Алесь Каско, які, будучы ў захапленні ад бліскучых народных казак «Пану навука», «Бязногі багатыр», «Палешукі і палевікі», нечакана адкрыў для сябе, што яны, як і дзесяткі іншых, запісаны не дзе-небудзь за светам, а ў яго роднай вёсцы Чудзін, магчыма, нават побач з парогам дзедаўскай хаты. Пра свае стасункі з беларускімі казачнікамі-землякамі вядомы паэт з цеплынёй згадвае ў пісьменніцкіх нататках і дзённікавых запісах, не так і подаўна надрукаваных у часопісе «Полымя».

Зразумела, толькі выпадак паспрыяў таму, што на глухой ускраіне раёна, у старажытных лясах Надлання, з'явілася гэтая зусім не містычная выспа, вакол якой у непрыкметных сялібах спакон веку жылі народныя казачнікі, апавядальнікі, баечнікі. На самой справе таленавіты хлопчык Алеська, будучы вялікі вучоны, нарадзіўся 21 чэрвеня 1864 года ў беднай сялянскай сям'і ў в.Бялевічы Слуцкага павета Мінскай губерні. Сваёй зямлі бацька не меў, таму працаваў на падзёншчыне, нарыхтоўваў драўніну, наймаўся ў вартаўнікі лесу. Хлопчыку было сем месяцаў, калі сям'я пераехала на Ганцаўшчыну, засяліўшы хутар паблізу вёскі Пярэвалакі. Лясное ўрочышча, дзе караніўся гэты хутар, і зараз называецца Шарпутоўшчынай, — як бачна, транскрыпцыя ад прозвішча Сержпутоўскі. Тут, у баравой глушы, на берагах Лані прайшло Алесева дзяцінства, тут западалі ў сэрца палескія краявіды, расла любоў да роднага краю. Яшчэ школьнікам у суседніх вёсках Чудзін, Пярэвалакі, Вялікі Рожан ён пачуў упершыню мілагучныя народныя казкі, паданні, прымхі. У 1884 годзе скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і працаваў настаўнікам у Мазырскім і Слуцкім паветах. Там пачаўся яго шлях у навуку, трэба сказаць, нялёгкі, цярністы шлях, і доўжыўся ён роўна пяцьдзесят гадоў.

Александр Сержпутовский
Александр Сержпутовский
Памятны камень на месцы хутара Шарпутоўшчына.
Тут з 1864 па 1885 гады жыў Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі

У «Минских губернских ведомостях» з'яўляецца першая публікацыя A.К. Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якой ён пазнаёміў чытачоў з жыццём вёскі Лучыцы з-пад Мазыра. А ўсяго за час настаўніцкай дзейнасці пладавіты публіцыст надрукаваў у гэтай газеце звыш дваццаці краязнаўчых артыкулаў. Неўзабаве здольны юнак пераязджае ў Мінск і працуе пісарам у Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, затым у паштова-тэлеграфным ведамстве. З 1896 года жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Працу на Галоўпаштамце паспяхова спалучае з вучобай у археалагічным інстытуце і на прэстыжных юрыдычных курсах. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вядзе навуковую работу ў Рускім музеі ў якасці рэгістратара этнаграфічнага аддзела, у якім працаваў да 1930 года, з'яўляючыся адначасова і правадзейным членам Інбелкульта.

Малады вучоны, пачынаючы з 1906 года, друкуе свае навуковыя працы ў часопісах, газетах, акадэмічных зборніках. Па даручэнні Рускага музея ён сабраў на Беларусі багаты этнаграфічны і фальклорны матэрыял. Так, у нарысе «Беларусы-палешукі» апісаў пабудовы, побыт, звычаі і вераванні сялян Мазыршчыны, Случчыны, Ганцаўшчыны. Даследаваў земляробчыя прылады, бортніцтва, сябрыну, талаку, расказаў нават пра лоўлю ўюноў на Палессі і бонду — звычай частаваць блізкіх і суседзяў свежыной, новым хлебам, садавіной («Нарысы Беларусі», «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся», «Бортніцтва на Беларусі»). Выдаў зборнікі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). Менавіта гэтыя працы сталіся значнай з'явай у гісторыі беларускай фалькларыстыкі, этнаграфіі, мовазнаўства. За зборнік народных прыказак з слоўнікам (падрыхтаваны да друку ў 1908-м, збераглася частка рукапісу) атрымаў залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства.

Такі добры пачатак акрыліў маладога вучонага, хаця творчая праца вымагала шмат часу для раз'ездаў. Сержпутоўскі двойчы пабываў у экспедыцыях на Палессі, завітваючы і на бацькоўскі хутар каля Пярэвалак, у знаёмых яму мясцінах сабраў унікальную этнаграфічную калекцыю, зрабіў мноства фотаздымкаў, запісаў свае назіранні за ўкладам жыцця палешукоў. Вывучаў таксама дыялекты роднай мовы, стварыўшы «Граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні». У іншых яго матэрыялах ёсць нямала цікавых запісаў аб вёсках Ганцавіцкага раёна — Круговічах, Дзяніскавічах, Будчы, Пярэвалаках. Вынікі першых экспедыцый нястомны падарожнік абагуліў у этнаграфічным нарысе «Белорусы-полешуки: Постройки, занятия и поверья крестьян северной половины Мозырского и южной части Слуцкого уездов Минской губерни».

Памёр A.К. Сержпутоўскі 5 сакавіка 1940 года. Архівы вучонага — гэта сапраўдная скарбніца нашай гісторыі і культуры. Яго рукапісы знаходзяцца ў сховішчах Дзяржаўнага музея этнаграфіі народаў былога СССР, Рускага музея, АН Расіі (Санкт-Пецярбург). Невялікая частка матэрыялаў зберагаецца таксама ў АН Рэспублікі Беларусь. Рукапісы зборніка «Песні Магілёўшчыны» і этнаграфічнай працы «Быт беларусаў» не захаваліся. У савецкі час выйшлі з друку «Казкі і апавяданні Беларускага Палесся» (Мн., 1965 — са зборнікаў А.Сержпутоўскага) і больш як праз 50 гадоў — паўторнае выданне «Прымхаў і забабонаў беларусаў-палешукоў». Феномен знакамітага фалькларыста і этнографа даследавалі Л.Р. Бараг, В.К. Бандарчык, A.С. Фядосік, але цікавасць да ягонай багатай духоўнай спадчыны прыкметна ўзрасла ў апошнія дзесяцігодцзі, асабліва з прыходам у беларускую навуку вучоных новай генерацыі.

На Ганцавіцкім Палессі, у Чудзіне, Будчы, Пярэвалаках і многіх іншых суседніх вёсках, не адзін раз у фальклорных экспедыцыях пабываў кандыдат філалагічных навук, выкладчык факультэта журналістыкі Уладзімір Канстанцінавіч Касько. У выніку плённых паездак ім была напісана змястоўная кніга «Святло далёкай зоркі», у якой аўтар дэталёва апавядае пра жыццёвы і творчы шлях нашага славутага земляка. Пазней, каб данесці духоўныя скарбы паляшуцкага краю да сучаснага чытача, У.Касько распрацаваў кніжную серыю «Повязь вякоў» і вядзе яе навуковае рэдагаванне, а друкуецца каштоўная спадчына ў выдавецтве «Ўніверсітэцкае». Праект разлічаны на этнографаў, фалькларыстаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў і вучняў агульнаадукацыйных школ, ліцэяў, работнікаў асветы, навукі і культуры. Першай у гэтай серыі, што ўвачавідкі стала папулярнай, выйшла кніга самога заснавальніка праекта «Святло далёкай зоркі» (1997), затым адзін за адным пабачылі свет зборнікі A.К. Сержпутоўскага: «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1998), «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1999), а чацвёртым па ліку серыю «Повязь вякоў» папоўніў вядомы зборнік «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета» (2000), надрукаваны па рарытэтным выданні 1926 года. Змешчаныя ў кнізе творы, як сказана ў анатацыі, сведчаць аб высокай духоўнасці нашых продкаў і адлюстроўваюць быт сялянскага жыцця, у той жа час спрыяюць прапагандзе дасягненняў фалькларыстыкі і этнаграфіі, аказваюць неацэнную паслугу ў адраджэнні беларускай мовы і нацыянальнай культуры. У прадмове «Казкі і казачнікі Беларускага Палесся» слынны даследчык У.К. Касько дае вычарпальную характарыстыку мастацкай і эстэтычнай якасці зборніка: «Пра высокую вартасць твораў уключаных у кнігу А.Сержпутоўскага, сведчыць і той факт, што многія з іх пазней неаднаразова ўключаліся ў фальклорныя зборнікі, друкаваліся на старонках перыядычнага друку, гучалі па радыё, з тэатральных сцэн у выкананні прафесійных і самадзейных выканаўцаў. Зборнік «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета» ўключыў у сябе 100 твораў, пераважная большасць якіх насіла вострую сацыяльна-класавую скіраванасць. Яно і вядома — ён убачыў свет пры новым сацыяльным ладзе. Змянілася палітычная сітуацыя, погляды чалавека на свет, прыроду. Іншымі сталі духоўныя запатрабаванні. Паступова страчвалася вера ў старажытныя фантастычныя вобразы, што не магло не адбіцца на трансфармацыі чарадзейнай казкі. Яна стала больш дынамічнай, у яе канву сталі ўплятацца матывы новага жыцця. Больш месца сталі займаць у ёй апісанні прыроды, аўтарскія адступленні, якія адлюстроўвалі адносіны казачніка да ўчынкаў сваіх герояў».

Удалы па задуме навукова-выдавецкі праект «Повязь вякоў», ажыццёўлены дзякуючы немалым намаганням шчырага рупліўца ў справе нацыянальнага адраджэння У.К. Касько, вяртае да жыцця сапраўдныя жамчужыны беларускай вусна-паэтычнай творчасці, бо спадчына высокаадукаванага фалькларыста і этнографа разам, у адной кніжнай серыі, яшчэ не выдавалася. У «Прадмове», своеасаблівай візітоўцы да зборніка «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета», A.К. Сержпутоўскі зазначае, што багаты матэрыял ім сабраны на працягу 1890 — 1923 гадоў пераважна ў дзвюх суседніх вёсках Чудзін і Вялікі Рожан, які раней тэрытарыяльна адносіўся да Ганцавіцкага раёна. Аднак пад асобнымі жыццёвымі апавяданнямі, даўнейшымі казкамі і кароткімі байкамі пазначаны і іншыя, драбнейшыя, колішнія селішчы, выселкі ці хутары — Пярэвалакі, Бохава, Пешчанка, Крыжы. Цікава, што многія геаграфічныя назвы Надлання ўпамінаюцца ў саміх тэкстах, як, напрыклад, знакаміты Узбіскі бор па дарозе між Будчай і Дзяніскавічамі, дзе калісьці ляжаў вялізны камень са следам Багародзіцы. Спакон веку мясціны і прадметы: крыніцы, валуны, дрэвы, нават цэрквы, пазначаныя боскімі адмецінамі, называюцца прошчай і, паводле ўяўленняў нашых продкаў, надзелены надзвычайнай сілай. Асабіста мне гэтае лясное ўрочышча вядома па нарысе Івана Кірэйчыка «Быль Узбіскага бору», які напісаны ў 1960-х гадах пра цудатворны абраз і надрукаваны ў кнізе «Пялёсткавы бераг». У лясах Надлання даўным-даўно няма тых невялікіх сяліб і хутароў, дзе хадзіў яшчэ зусім малады фалькларыст і этнограф, пад напорам урбанізацыі істотна здрабнелі калісьці мнагалюдныя Чудзін і Вялікі Рожан, але памяць пра гарапашных і мудрых палешукоў засталася ў пачутых тут цудоўных апавяданнях, казках, легендах і прымхах.

Пра свой вопыт «хаджэння ў народ» цікава апавядае сам A.К. Сержпутоўскі, і з ягонага прызнання відаць, што гэта была цяжкая праца, творчая справа не аднаго дня. Бывала, каб запісаць на паперы жывую гаворку як мага дакладней, ён наведваўся ў сялянскія хаты па многа разоў. У колішняй патрыярхальнай вёсцы заўсёды жыў чалавек ці нават некалькі, якія былі ўвасабленнем народнай мудрасці, і гэта праз іх, з пакалення ў пакаленне, перадаваліся скарбы вусна-паэтычнай творчасці. Аднак палешукі — людзі самавітыя, асцярожныя, нават сарамлівыя, і іх трэба было ўмець «разгаварыць», увайсці ў давер, каб яны перад чужаком адкрылі душу наросхрыст, падзяліліся запаветнымі думкамі. «Перш чым запісваць народныя творы, я доўга жыў на вёсцы, знаёміўся, як кажуць, з старымі і малымі, гаварыў з імі пра гаспадарку, пра іх дзела, пра тую бяду, якая заўжды трапляецца сярод людзей, — піша ў «Прадмове» A.К. Сержпутоўскі. — I толькі тады, як людзі пачнуць гаманіць са мною, як з сваім братам, я распытоўваюся, хто там добра бае казкі. З тым казачнікам я сустракаюся нібы ненарокам і сам расказваю яму якое-небудзь апавяданне. Ён паслухае і пачне сам баяць. Перш я толькі слухаю казку, але не запісваю, а стараюся запомніць яе так. Бо калі адразу запісваць, дык кожны баечнік, саромеючыся, шмат што прапусціць, скамечыць, пачне варочацца назад ды блытаць, і выйдзе штось нікчэмнае, а не мастацкі твор. I толькі тады пачынаю запісваць, як баечнік добра пазнаёміцца і ўдругае пачне расказваць тую байку. Калі байка кароткая і добра запісана, дык я яе так і застаўляю, а калі ж яна даўгая ды блытаная, дык я яе слухаю яшчэ трэці раз ды сачу свой запіс. Тут часамі мастак-баечнік дабаўляе ўсялякія прыказкі, прымоўкі ды жарты, што і робіць яго твор мастацкім».

Сам фалькларыст, як бачна з гэтага ўрыўка, быў чалавек кампанейскі, падыходлівы да людзей, па слова ў кішэню не лез і пры неабходнасці таксама мог «збаяць» нейкую вясёлую гісторыю ці прыгоду, якая спадабалася б недаверліваму палешуку. Можа, таму розныя даследчыкі адзначаюць асаблівы густ A.К. Сержпутоўскага ў выбары казачнікаў, чые творы не маюць адпаведнікаў як у беларускай і славянскай традыцыі, так і ў сусветным фальклоры. Падчас навуковых экспедыцый на Палессе, несумненна, адбываліся прыязныя размовы з дзесяткамі, калі не з сотнямі, тутэйшых абарыгенаў, але сваім лепшым баечнікам, якіх толькі сустракаў у жыцці, збіральнік незвычайных скарбаў усё ж называе дзеда Рэдкага. Беларускі народны казачнік жыў у вёсцы Вялікі Рожан і ў стогадовым узросце меў ясны розум, выдатную памяць, а наогул пражыў ён, па некаторых звестках, каля 115 гадоў цешачы аднавяскоўцаў дасціпнымі апавяданнямі, байкамі-самаскладкамі для дарослых і дзяцей. У розныя часы, пачаўшы збіральніцкую працу даволі маладым чалавекам, A.К. Сержпутоўскі запісаў ад Рэдкага і апублікаваў 38 тэкстаў казак. Гэта быў не проста таленавіты апавядальнік, a сапраўдны мастак вуснага слова. He разбураючы традыцыі сюжэта, Рэдкі ўзмацняў яго маральна-філасофскую накіраванасць, сачыў за кампазіцыяй твора, дадаваў шмат ад сябе, упрыгожваў апісаннем малюнкаў прыроды і псіхалагічнага стану дзейных асоб. У яго казках і апавяданнях ярка адлюстроўваліся настроі і імкненні беларускага селяніна, звязаныя з уздымам народных мас напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905 года — казкі «Асілак», «Каваль», «Дудка-весялушка», хоць большасць твораў у майстра займальных і захапляючых сюжэтаў маюць добра заўважны сацыяльна-бытавы і чарадзейны характар.

Сустрэчамі і шчырымі размовамі з адным толькі дзедам Рэдкім фалькларыст не абмяжоўваўся, бо, акрамя самародка з Вялікага Рожана, ціхаплынная прыгажуня Лань на лясістых берагах пасяліла нямала іншых казачнікаў, чыё красамоўства знайшло дакладнае адлюстраванне ў запісных сшытках вучонага. Калі самым лепшым апавядальнікам быў Рэдкі, то самым цікавым баечнікам A.К. Сержпутоўскі лічыў Лявона Лебедзіка, які жыў у вёсцы Чудзін і, пастаянна знаходзячыся ў нерэальным і фантастычным свеце сваіх казачных герояў, даволі спраўна вёў уласную малазямельную гаспадарку. Нямала чароўных казак, паданняў, прымхаў у гэтай жа багатай на самабытныя таленты вёсцы пісьменнік пачуў з вуснаў Данілы Куляша, Болбата, сівога дзеда Савіцкага, С.Корчыка, Сасноўскага, сустракаюцца нават два жаночыя прозвішчы — Матруна Бохмачыха і шляхцянка Умінская. ГІрычым A.К. Сержпутоўскі ўсіх сваіх карэспандэнтаў дзеліць на проста апавядальнікаў і сапраўдных мастакоў вуснапаэтычнага слова. Нястомны энтузіяст наведваўся ў адну і тую хату па некалькі разоў, каб і двойчы, і тройчы праслухаць варыянты запісанай надоечы казкі, штосьці ў ёй удасканаліць, паправіць, затое ўжо канчатковы запіс твора станавіўся прызнаным шэдэўрам мастацтва, брыльянтам, які не патрабуе далейшай шліфоўкі і агранкі. З боку кампазіцыі, сюжэта, выхаваўчага «намёку» асабліва цікавыя «самаскладкі» дзеда Рэдкага, Л.Лебедзіка, Д.Куляша, М.Бохмачыхі. Трэба сказаць, у зборніку «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета» слабых рэчаў наогул няма, як няма прынцыповай розніцы і ў тым, што апавядальнікаў і казачнікаў, з якімі вёў гаворку, аўтар паўсюдна называе ёмкім і трапным словам — баечнік.

Над мовай запісаных твораў, заўважым: мовай паляшуцкай і не такой простай, як здаецца на першы погляд, A.К. Сержпутоўскі працаваў апантана і нястомна, балазе гэтую мову ён чуў і жыў ёю з маленства. Сам вучоны пра некаторыя асаблівасці сваёй лінгвістычнай і рэдактарскай працы разважае так: «Запісваў я, як толькі мог запісаць у кароткі час і як чула маё вуха, слова ў слова так і тою самаю гаворкаю, якою гаварыў баечнік. Транскрыпцыя запісаў ясна кожнаму, хто толькі чытае па-беларуску, і не патрабуе асаблівага тлумачэння. Усюды паставіў я націскі так, як іх стаўляў у жывой гаворцы кожны баечнік. Калі ж адзін і той самы баечнік гаварыў неаднакова, дык там так і застаўлена. Зроблена гэта дзеля таго, каб запісаць на паперы жывую гаворку як можна вярней». Імкненне зберагчы для нашчадкаў усё, як і было пачута з вуснаў людзей, сведчыць пра вялікую любоў і павагу фалькларыста да саміх палешукоў, іх культуры і побыту, вось чаму дужа прыемны факт, што арганізатары серыі «Повязь вякоў» і яе навуковы рэдактар У.К. Касько ў перавыданнях захоўваюць сакавітую, каларытную мову A.К. Сержпутоўскага, толькі зрабіўшы ў правапісе нязначныя папраўкі, як таго вымагае новы век і новы час. Цяпер кожны, хто возьме ў рукі прыгожа выдадзены зборнік «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета», ад душы парадуецца жывой паляшуцкай гаворцы, якая бытавала сто гадоў таму назад у міжрэччы Лані і Случы.

Літаратурная, фальклорная і этнаграфічная спадчына A.К. Сержпутоўскага надзвычай багатая, і вельмі шкада, што значная частка яго рукапісаў усё яшчэ пыліцца ў архівах. На Палессе між тым прыйшло новае жыццё, часам лепшае, часам горшае, сам вучоны, бадай, ужо не пазнаў бы лясныя гасцінцы і палявыя сцежкі, па якіх калісьці хадзіў пеша. Вёска Чудзін, дзе ў сваёй аснове былі сабраны «Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета», пажыла нямала і ў галечы, і ў адносным дастатку, а сёння заняпала, абязлюдзела, аднак па-ранейшаму засталася «непатапляльнай» выспай паляшуцкай мудрасці, этнаграфіі і фальклору. Ужо тое, што ў пасляваенны час тут нарадзіліся таленавітыя паэты Алесь Каско і маладзейшая за яго Ірына Дарафейчук, сведчыць аб невычэрпных магчымасцях беларускай мовы і прыцягальнай сіле роднага слова. У вёсцы над лясною Ланню яшчэ з сівой мінуўшчыны жывуць дух і традыцыі славутых палескіх баечнікаў, вусныя творы сучасных казачнікаў і апавядальнікаў спалучаюць у сабе мудрасць і прастату, нясуць адбітак касмічнай эпохі, у якую нам выпала нарадзіцца. Вось і Алесь Каско, маючы зямляцкія і пісьменніцкія правы на хутар Шарпутоўшчына, аднойчы рашыўся прайсці па шляху свайго вялікага земляка: у роднай вёсцы Чудзін ад 82-гадовай Матруны Савені запісаў пяць цудоўных чарадзейных казак і выдаў для дзяцей асобнай кнігай «Чыстага ўсё нячыстае баіцца». Зноў жа хоць бы дзеля дапытлівасці пагартайце энцыклапедычны том «Замовы»: у ім я налічыў каля трыццаці замоў ад суроку, залатніка, рожы, каўтуна і іншых чалавечых немачаў, запісаных у слынным Чудзіне і Пярэвалаках. Прычым кожная замова — гэта, па сутнасці, дасканалы літаратурны абразок, амаль што малітва, — стварыць нешта падобнае многім «камп'ютэрным» празаікам проста не пад сілу. Да сказанага хацелася б дадаць: спакон веку Чудзін славіўся выдатнымі музыкамі, спевакамі, танцорамі, урэшце, сама зямля тут такая — непаўторная, спеўная, прыгожая.

Фалькларыста і этнографа, перадусім выхаванца Ганцавіцкага Надлання Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага беларусы ведаюць і помняць. У літаратуразнаўчым нарысе «Берасцейскае вогнішча», як бы няўзнак называючы славутыя мясціны гэтага цудоўнага краю, у прыватнасці вёску Люсіна, дзе «пад Целяшовым дубам натхняўся казкамі жыцця Якуб Колас», вядомы крытык і вучоны Уладзімір Калеснік далей піша, што пісьменніку Васілю Праскураву ў мастацкіх творах «удалося стварыць рамантычны вобраз адроджанай зямлі, той, казачнай, з якой фалькларыст Сержпутоўскі яшчэ ў мінулым стагоддзі (цяпер ужо — у пазамінулым — Віктар Гардзей) зняў багаты плён народнай паэзіі, зямлі, дзе жыў і марыў дзівосны народны паэт Рэдкі і дзе сёння жывуць яго запаветы». Яно так і ёсць: жывуць запаветы, жыве памяць, не змяншаецца наша чалавечая ўдзячнасць. Канечне, няўмольны час бярэ сваё, а тут мінула ўжо амаль паўтара стагоддзя, калі на хутары Шарпутоўшчына меладычныя бары люлялі маленькага хлопчыка Алеську, якому суджана было стаць першаадкрывальнікам цэлага пласта вусна-паэтычнай творчасці жыхароў Палесся. У лясной глухамані знікаюць апошнія сляды і прыкметы знакамітай сядзібы — прырода абнаўляецца, навакольны краявід істотна змяніўся. Ды ўсё ж вельмі прыемна на сонечным узлеску бачыць памятны знак у гонар славутага чалавека, ведаць, што яго імем названы вуліцы ў вёсках Чудзін і Пярэвалакі. Іншая справа, наколькі поўная гэтая зямляцкая даніна павагі, хаця і без таго зразумела: самы лепшы помнік вучоны і пісьменнік узвёў сабе сваёй неўміручай спадчынай, найперш фалькларыста і этнографа — чарадзея паляшуцкага слова, нястомнага збіральніка беларускай народнай казкі.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (21.06.2011) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ
Праглядаў: 3831 | Тэгі: Пярэвалакі, Чудзін, Аляксандр Сержпутоўскі, Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.