Субота, 20.04.2024, 03:48

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Вучні Круговіцага народнага вучылішча. Да 150-годдзя заснавання школы
У 1864 годзе ўрадам Расіі было прынята «Палажэнне аб народных вучылішчах». Ім было дазволена грамадскім установам і прыватным асобам адкрываць пачатковыя школы «для ўмацавання ў народзе рэлігійных і маральных паняццяў і распаўсюджвання першапачатковых карысных ведаў». Па Мінскай губерні планавалася адкрыццё аднаго народнага вучылішча на воласць.

Памятны знак, што ўстаноўлены ў вёсцы Вялікія Круговічы да 150-годдзя з дня заснавання школы ў дадзеным населенным пункце

У Слуцкім павеце першыя пачатковыя школы адкрыліся яшчэ падчас інсурэкцыі ў 1863 годзе. Але шмат іх запрацавала падчас хваляванняў. Да заснавання ўстановы ў Вялікіх Круговічах па ўсім павеце ўжо дзейнічала 18 школ. У Круговічах аднакласнае народнае вучылішча (або земская школа) пачало працаваць толькі ў 1869 годдзе.

Школы тыя ўяўлялі сабой навучальныя ўстановы з трохгадовым курсам, дзе дзеці ўсіх трох гадоў навучання (падзеленыя на тры аддзяленні) адначасова займаліся ў адным пакоі з адзіным на ўсю ўстанову настаўнікам.

Асноўную масу навучэнцаў гэтых школ складалі дзеці сялян. Навучаліся ў земскіх школах звычайна дзеці ва ўзросце 8—12 гадоў. Кожная ўстанова збірала дзяцей навакольных вёсак, дзе не было школ або былі ўстановы з ніжэйшым статусам (з іх маглі пераходзіць у народнае вучылішча).

Навучанне было бясплатным. Пад бясплатнасцю мелася на ўвазе, што не трэба было грошы за навучанне даваць самой дзяржаве, бо, як гаворыцца далей, сяляне рабілі ўнёскі за сваіх дзяцей-вучняў як грашыма, так і натурпрадуктамі. Дакладней, сродкі паступалі ад усёй абшчыны. Такім чынам, школа не толькі размяшчалася ў пабудаваным, як правіла, талакою грамадскім будынку, але і ўтрымлівалася ў многім за кошт вяскоўцаў. Частка грошай паступала і з боку дзяржаўнага казначэйства.

3 пачатку XX стагоддзя ў Расійскай імперыі распаўсюджваўся тып школы з чатырохгадовам навучальным курсам, двума класамі (па два аддзяленні ў класе) і двума настаўнікамі — так званая двухкамплектная школа. Зразумела, гэта датычылася найперш устаноў, якія мелі адпаведную колькасць вучняў. Па нашых назіраннях, іх павінна было налічвацца не менш чым 100. Таму на пярэдадні Першай сусветнай вайны Круговіцкая ўстанова мела ўжо чатыры класы. Хутчэй за ўсё гэта адбылося з пачаткам 1913/14 навучальнага года. Менавіта тады колькасць настаўнікаў павялічылася ў два разы (нагадаем, быў толькі адзін педагог). Такім чынам, трохі, хоць і непрынцыпова павысіўся статус навучальнай установы.

Праіснавала вучылішча як мінімум да 1918 года. Тады Круговіцкая воласць апынулася пад нямецкай акупацыяй. У першай палове 1919 года на гэту тэрыторыю прыйшла савецкая ўлада. Але ці было вяртанне да школьнага фармату, што існаваў за царызмам? На гэтае пытанне пакуль адказу няма. Затое можна дакладна сцвярджаць, што ўвосень 1920 года народнае вучылішча ў Вялікіх Круговічах перастала функцыянаваць. Яно з акупацыяй легіёнамі Пілсудскага было пераўтворана ў польскую ўсеагульную школу.

Магчымыя перспектывы для вучняў

Якія магчымасці адкрываліся дзякуючы навучанню ў народным вучылішчы? Адказ на гэтае пытанне абазначыць і сэнс вучобы, да якой прыступалі сялянскія дзеці (трэба мець на ўвазе практычны характар жыццядзейнасці тагачаснага беларускага сялянства).

3 аднаго боку, гэта была ўсё ж пачатковая школа і ўзровень ведаў у ёй быў адпаведны. 3 іншага боку, ён прыкметна вылучаўся на агульным фоне, які характарызаваўся высокім працэнтам суцэльнай непісьменнасці Таму атэстат вучылішча дазваляў яго ўладальніку знайсці годную рэалізацыю сваіх жыццёвых памкненняў.

Прывядзём паказальны факт: закончыўшы такую ўстанову, выпускнік мог сам займацца настаўнічаннем у рухомых школах граматы. Менавіта выпускнікі вучылішча сталі настаўнікамі ў рухомых школах граматы суседніх з Круговічамі Агарэвічах (1890), Кукове (1884) і Будчы (1890). Гэта былі адпаведна: Іван Коўш (яго заробак за вучэбны перыяд склаў 25 руб.); Мартын Кляцко (10 руб.); Герасіменя К. (24 руб, 74 кап.).

Па ўсёй верагоднасці, з улікам таго, што тагачасныя сяляне ў сваёй жыццядзейнасці надта не аддаляліся ад роднага кута, названыя новаспечаныя настаўнікі закончылі ў свой час менавіта Круговіцкае народнае вучылішча. Іх заробкі залежалі галоўным чынам ад колькасці вучняў. Сумы, як бачым, фігу руюць невысокія. Галоўнай крыніцай кармлення сялянскай сям’і ў такіх настаўнікаў па-ранейшаму заставалася зямля. Аднак для селяніна і тыя грошы былі важкім дадатковым прыбыткам.

Часцей шлях да настаўнічання выпускнікоў народных вучылішч быў крыху іншым — праз долю «дарэктара». Ім станавіцца можна было без дасягнення паўналецця. Пра такога хлопчыка класік пісаў:

Ён толькі летась скончыў школку
I веды меў у адну столку,
Ды й тых патраціў з палавіну,
У поле гонячы скаціну.

Такім чынам, паэт абазначаў і ўзровень такіх настаўнікаў. Таму грошай «дарэктарам» плацілі няшмат, па дамоўленасці бацькоў. У прыватнасці пра такога героя Коласавай «Новай зямлі» гаварылася: «Дамо рублёў тры і — гатова!» Але і гэта дазваляла малалетнім зарабляць кавалак хлеба разумовай працай, што вылучала «дарэктара» з масы сялянскіх дзяцей.

Дакументальна засведчаных звестак пра «дарэктарства» ў Круговіцкай воласці няма. Гэта з’ява належала хутчэй да бытавога боку сялянскага жыцця, таму звычайна і не трапляла ў нейкае справаводства. Тым не менш яе масавасць у Беларусі дазваляе дапускаць існаванне «дарэктараў» і на акрэсленай тэрыторыі.

Па дасягненні паўналецця адукацыя народнага вучылішча дазваляла прэтэндаваць на працаўладкаванне памочнікам пісара, а затым і на месца самога пісара ў валасным праўленні. Яка-ніякая гэта была ўжо начальніцкая пасада. Чалавек станавіўся, можна сказаць, падпанкам, атрымліваў некаторую ўладу над жыхарамі воласці (хоць фармальна той улады законы не прадугледжвалі).

Аналіз прозвішчаў старшынь валасных праўленняў і пісараў Круговіцкай воласці дае падставы казаць, што нават першымі станавіліся мясцовыя ўраджэнцы. Так, прозвішчы Рыгора Зялёнкі (старшыні Круговіцкай воласці ў 1881—1882 гады) і Ігната Карпені (1902—1907 гады) папулярныя ў Дзяніскавічах, Адама Свірыда (1890—1895 гады) — у Начы, Сцяпана Курыліка (1907—1917 гады) — у Агарэвічах. Названыя вёскі, па ўсёй верагоднасці, і былі месцам нараджэння будучых начальнікаў. Стартавай пляцоўкай для іх адукацыі не магло не стаць народнае вучылішча.

Трохі парадаксальна, але прозвішчы пісараў не характэрныя для Круговіцкай воласці. Таму можна меркаваць, што іх звычайна прысылалі на службу з іншых, але таксама беларускіх рэгіёнаў. У той час, калі старшынь, згодна з прадпісаннем заканадаўства, выбіралі з мясцовых пісьменных сялян. Адсюль і практычна безальтэрнатыўная верагоднасць, што тыя старшыні заканчвалі мясцовае (у нашым выпадку Круговіцкае) народнае вучылішча.

Атэстат народнага вучылішча прадугледжваў магчымасць далейшага навучання па двух кірунках:

Першы — паступленне ў настаўніцкую семінарыю. Сетка такіх устаноў адкрылася на Беларусі ў заключнай трэці XIX стагоддзя. Іх мэтай было забеспячэнне народных школ педагогамі. Гэтай магчымасцю скарыстоўваліся вельмі многія (успомнім таго ж Якуба Коласа і яго мясцовасць). Папулярнасць паступленняў у семінарыі абумоўлівалася, па-першае, іх бясплатнасцю, што было важна для нашчадкаў незаможных бацькоў, па-другое, атрыманнем прафесіі, якая дазваляла ў параўнанні з доляй селяніна жыць лепей і, што асабліва важна, карысталася прэстыжам у вачах сялянства. Такіх выпадкаў з выпускнікамі Круговіцкага вучылішча не зафіксавана. Пасля заканчэння се-мінарыі дыпламаваны спецыяліст не вяртаўся ў родную вёску, а накіроўвася туды, дзе ў гэтым існавала неабходнасць. Тым не менш у мясцовай летапіснай крыніцы гаворыцца, што адзін з вучняў, які закончыў установу ў 1912 годзе, напрыканцы яе існавання ў выглядзе расійскага вучылішча ўсё ж выкладаў. Гэта — Мікалай Іванавіч Блінкоўскі 1898 года нараджэння. Ён мог да рэвалюцыі яшчэ і закончыць настаўніцкую семінарыю (хутчэй Нясвіжскую), пра што, праўда, звестак няма. Але мог выкладаць і без педагагічнай адукацыі. У тых умовах усё магло быць.

Другі — працяг вучобы ў гімназіі (або ў рэальным вучылішчы). Яны размяшчаліся галоўным чынам у гарадах (у нашым выпадку — у павятовым цэнтры Слуцку). Навучанне там было платным. 3 улікам неабходнасці забеспячэння пражывання ў горадзе гімназіста яго вучоба для сялянскай гаспадаркі станавілася непад’ёмным грузам. Тым не менш, паводле школьнага летапісу, пасля паспяховага заканчэння народнага вучылішча вучні атрымлівалі накіраванне ў гімназію.

Зразумела, што такія выпадкі — толькі шчаслівае выключэнне. Масава не было кругаўцоў ці малосенцаў (назвы жыхароў адпаведна Вялікіх і Малых Круговіч), хто б ішоў вучыцца ў Слуцкую гімназію. Тым болей сялянскага паходжання. Часцей за ўсё не бачылі ў такім жыццёвым шляху патрэбы. Між іншым, былі і тыя, хто б не супраць быў бы адправіць сваё дзіця ў гімназію, але для гэтага не мелася сродкаў. Нават пры прадастаўленні магчымасці навучацца за дзяржаўны кошт (якая прадастаўлялася лепшым вучням) патрэбна было забяспечыць пражыванне ў павятовым горадзе (зняць жыллё, апрануць, накарміць, урэшце даць на кішэнныя расходы). Гэта было непад’ёмна для сяляніна нават вышэй сярэдняга дастатку. Так, за выдатную вучобу накіраванне ад Круговіцкага вучылішчa ў гімназію атрымаў яго выпускнік Васіль Адамавіч Занька (15.09.1902—16.06.1988 гады). Гэта было недзе на самым пярэдадні Першай сусветнай вайны. Але менавіта з прычын матэрыяльнага характару бацька дзіцяці не змог выправіць сына ў Слуцк.

Доўгі час выпадкаў працягу вучобы ў гімназіі пасля заканчэння Круговіцкага вучылішча намі не знаходзілася. Атэстат гімназіі не прадугледжваў вяртання яго ўладальніка ў глухі родны кут. Таму жыццёвыя шляхі такога выпускніка губляліся. 3 такой адукацыяй былі адкрыты дзверы інстытутаў і ўніверсітэтаў. Далей чакала праца ў гарадах. Зрэшты, як правіла, гэты варыянт датычыўся дзяцей заможных класаў. У Круговічах такімі былі найперш Абуховічы. У воласці жылі таксама іншыя заможныя памешчыкі. Несумненна, сваім дзецям яны стараліся даць добрую адукацыю. Пакуль не ўстаноўлена, ці пасылалі яны нашчадкаў у вясковую пачатковую школу. Звыклай практыкай у памешчыкаў была дамашняя адукацыя. Для дзяцей спярша наймалі рэпетытара. Або адразу везлі ў гімназію. Зразумела, у такіх выпадках народнае вучылішча не наведвалася.

Тым не менш з ліку ўраджэнцаў Вялікіх Круговіч адшукаліся і выпускнікі гімназіі, якія маглі закончыць і напэўна закончылі мясцовую школу. Такім стаў Ян Янкоўскі. Нарадзіўся ён 30 кастрычніка 1893 года. У 1912 годзе закончыў класічную гімназію ў Слуцку. У тым жа годзе паступіў ва ўніверсітэт у Пецярбургу на фізіка. Закончыў вучобу ў рэвалюцыйным 1917 годзе. У наступным годзе атрымаў пасаду прафесара гімназіі ва ўкраінскі горад Гумань (Цэнтральная Украіна). 3 устанаўленнем польскай улады на Заходняй Беларусі пераехаў у Польскую Рэспубліку і да канца жыцця выкладаў у гімназіях Вільні. Адзначыўся тым, што ў рамках сваёй працы арганізаваў у якасці эксперымента кіно і радыётэлефон. Памёр з нейкай прычыны вельмі рана — у 31 год.

Адбітак некралога пра Яна Янкоўскага

Праявім смеласць і сцвердзім, што Ян Янкоўскі спачатку скончыў Круговіцкае народнае вучылішча. Хутчэй за ўсё ён быў нашчадкам прыгоннага селяніна Антона Андрэевіча Янкоўскага. Пра яго адшукваецца інфармацыя ў рэвізскіх кнігах 1858 года. Спачатку ён служыў у пана Івана Абуховіча ў якасці дваровага. Затым быў пераведзены ў неаседлыя сяляне. Такія, як правіла, не мелі зямлі. У пазначаны год Антону было 43 гады. Адносна нядаўна да таго часу ён ажаніўся з 20-гадоваю Каміляй Дамінтаўнай (дзявочае прозвішча не ўказваецца). Мяркуючы па часе, будучы прафесар Ян Янкоўскі — гэта ўнук названай пары. Верагодна, яны былі католікамі (прыкметай тут з’яўляюцца характэрныя прозвішча і імёны). Паколькі ў крыніцах пра ранейшыя часы жыхароў з такім прозвішчам у Круговічах не сустракалася, дапускаем, што Ян Янкоўскі быў прыезджым, яго мог Iван Абуховіч аднекуль прывесці сабе ў прыслугу (магчыма, за нейкае ўменне, якім не валодалі мясцовыя прыгонныя).

У сувязі з гэтым акцэнтуем увагу на наступным. Яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі нашчадкі нядаўніх прыгонных мелі магчымасці паступаць у гімназіі і нават пасля іх далей — ва ўніверсітэты, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Маглі станавіцца выкладчыкамі ў прэстыжных навучальных установах. Гэта давала права называцца прафесарам (пад ім тады меліся на ўвазе якраз выкладчыкі ад гімназій і вышэй). Прычым не толькі мелі тую магчымасць тэарэтычна, але і карысталіся ёю на практыцы.

Яшчэ пра адну магчымую жыццёвую сцежку паведамляюць краязнаўчыя крыніцы — кар’ера ў арміі.

Першыя выпускі Круговіцкага народнага вучылішча прыпалі на рэформу камплектавання расійскіх узброеных сіл. У 1874 годзе быў адменены рэкруцкі набор. Уводзіцца ўсеагульны воінскі абавязак. Пад яго трапляў юнак па спаўненні 20 гадоў. Гэта значыць, што вучні Круговіцкага вучылішча, заснаванага ў 1869 годзе, пры дасягненні прызыўнога ўзросту маглі быць забраны ў армію.

Аднак усіх не прызывалі, бо не было патрэбы. Да таго ж не ўсе адпавядалі патрабаванням па стане здароўя. Ішло служыць толькі каля 20 % ад ваеннаабавязаных. Далёка не ўсе прызыўнікі аказваліся пісьменнымі.

На агульным фоне выдзяляліся тыя, хто меў адукацыю народнага вучылішча. Яны мелі некаторыя прэферэнцыі. Напрыклад, час вайсковай службы скарачаўся з пяці да чатырох гадоў. Дакладна ўстаноўлена, што трое выпускнікоў Круговіцкага вучылішча акрэсленыя льготы мелі: Шушкевіч Антон, Мелехавец Іван, Герман Пётр.

Знаходжанне гэтай інфармацыі сярод архіўных дакументаў 1880-х гадоў дазваляе вылучыць пэўную гіпотэзу наконт часу нараджэння ўказаных вучняў (каля 1870 года) і наведвання імі школы (каля 1880 года). У наяўнай у нас інфармацыі па тым часе толькі прозвішча апошняга сустракаецца сярод жыхароў такіх круговіцкіх вёсак, як у Вялікіх, так і Малых Круговічах. Астатнія два, відавочна, належаць да жыхароў іншых вёсак воласці.

Больш таго, выпускнікі народных вучылішч маглі паступаць у школу малодшых афіцэраў. Пасля яе заканчэння юнакі выходзілі ў званні малодшых афіцэраў і маглі служыць у штабах.

Уладзімір Муха лічыў, што па гэтым шляху ніводзін вучань Круговіцкай школы не пайшоў. Аднак наяўнасць выхадца з Вялікіх Круговіч з афіцэрскім званнем дазваляе меркаваць, што апісанай магчымасцю, тым не менш, некаторыя скарыстоўваліся ў сваім жыцці. Хоць, канечне, такіх нашых землякоў не было шмат. Але і асаблівымі выключэннямі яны не былі. Так, афіцэрам стаў кругавец Васілеўскі (імя не ўстаноўлена). Найбольш рэальным варыянтам атрымання высокага (па сялянскіх мерках) вайсковага звання бачыцца менавіта атрыманне адукацыі народнага вучылішча і пазнейшы прызыў у армію.

Акрамя Васілеўскага, сярод удзельнікаў Першай сусветнай вайны фігуруюць наступныя ўраджэнцы Круговіцкай воласці, якія змаглі стаць афіцэрамі. Што праўда, пра іх нам стала вядома таму, што яны не толькі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але і сталі ахвярамі баёў, з прычыны чаго трапіўшы ў адпаведную статыстыку.

Афіцэры расійскай царскай арміі. Першы справа Васілеўскі з Вялікіх Круговіч. Астатнія не ідэнтыфікаваны

Спіс вядомых ахвяр Першай сусветнай вайны з афіцэрскім званнем — жыхароў Круговіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні

п.п.
Прозвішча, імя, імя па бацьку
(калі ёсць у крыніцы)
ЗваннеВеравызнаннеСямейнае становішчаПрычына выбыванняДата
(па старым стылі — Юліянскім календары)
1Кандратовіч Цімафей Фёдаравічмалодшы унтэр-афіцэрправаслаўныхаластыпаранены02.12.1914
2Краўчук Дзмітрый Сцяпанавічстаршы унтэр-афіцэрправаслаўныжанатызабіты11.12.1914
3Лагун Антонмалодшы унтэр-афіцэрправаслаўныхаластыпаранены04.08.1914
4Ненза Уладзімір Францавічмалодшы унтэр-афіцэркатолікхаластыпаранены18.11.1914
5Хвіль (магчыма, Хваль — А.Т.) Антон Іванавічстаршы унтэр-афіцэрправаслаўныжанатыпаранены10.12.1914
6Чычка Іван Міхайлавічстаршы унтэр-афіцэрправаслаўныхаластыпаранены29.08.1915
7Шулякоўскі Даніілмалодшы унтэр-афіцэрправаслаўныжанатызабіты02.08.1914
8Ясінскі Адам Валер’евічмалодшы унтэр-афіцэркатолікхаластызнік без вестак04.02.1915

Калі не ўсе, дык пераважная большасць афіцэраў расійскай арміі з гэтага спісу павінны былі прайсці праз Круговіцкае вучылішча з паспяховым яго заканчэннем. Адметна, што прозвішчы ўказваюць на даволі шырокую геаграфію воласці. Значыць і школу, размешчаную ў Вялікіх Круговічах, наведвалі дзеці сялян з самых розных вёсак.

Таксама трэба звярнуць увагу, што спіс прадстаўляе толькі афіцэраў — ахвяр той вайны. Насамрэч, такім чынам, такіх ураджэнцаў Круговіцкай воласці было значна больш. Іх лік ішоў на дзясяткі. Нават прыблізнай лічбы устанавіць немагчыма. Тым не менш на ўзроўні тэндэнцыі перспектыва выпускніка Круговіцкага вучылішча зрабіцца армейскім афіцэрам практычна рэалізоўвалася. Прычым гэты шлях пераважаў над астатнімі.

Дадзім яшчэ і тое, што ў агульным шэрагу ахвяр вайны з ліку ураджэнцаў Круговіцкай воласці афіцэры займаюць не так ужо і малую долю — роўна дзясятую частку. Гэта азначае, што не менш чым 10 % мабілізаваных у расійскую армію з Круговіцкай воласці станавіліся афіцэрамі. Ці не галоўнай прыступкай для такога сацыяльнага росту была тут менавіта адукацыя земскай школы.

Яшчэ адным выпускніком Круговіцкага народнага вучылішча, па ўсёй верагоднасці, быў Іван Паўлавіч Міладовіч. Паводле кароткай даведкі, ён з’явіўся на свет у 1875 годзе. Месца нараджэння — «урочышча Малое» Круговіцкай воласці Слуцкага павета. Так сказана ў крыніцы. Аднак такога населенага пункта няма і ніколі не было. Тым не менш ёсць Малыя Круговічы. Дарэчы, мясцовыя жыхары іх часта называюць скарочана — Малымі (прычым чамусьці з націскам на першым складзе). Відаць з гэтай прычыны і ўзнікла некаторая недакладнасць. Пасля адбыцця вайсковай павіннасці ў 120-м пяхотным Серпухаўскім палку Міладовіч ў сакавіку 1906 года паступіў на службу ў мінскую паліцыю на пасаду гарадавога. За час непрацяглай службы ён зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. 31 сакавіка 1907 года (тым часам адбывалася так званая Першая руская рэвалюцыя — заўвага A. Т.) названы паліцыянт быў забіты пры выкананні службовых абавязкаў.

Такім чынам, заканчэнне народнага вучылішча давала не так і мала. 3 такой адукацыяй сялянскае дзіця (асабліва сын) магло стаць пісарам, пайсці вучыцца ў семінарыю, мець перспектыву на вайсковай службе. Практыка паказвае, што многія выпускнікі Круговіцкага вучылішча скарысталіся з такіх магчымасцей. Аднак дзяўчат сярод іх не выяўлена. Найбольш такіх выпадкаў фіксуецца ў сувязі з вайсковай службай.

Вучнёўскі кантынгент Круговіцкага народнага вучылішча

Першыя наяўныя звесткі пра колькасць вучняў адносяцца да 1869/70 навучальнага года — самага першага ў гісторыі ўстановы. Тады ў Круговіцкім народным вучылішчы навучаліся 55 дзяцей, з якіх — шасцёра дзяўчынак. Гэта ў параўнанні былі высокія паказчыкі. Так, паводле статыстыкі, па Мінскай губерні сярэдняя колькасць вучняў у аналагічных установах складала 35 чалавек.

Аднак за лічаныя гады кантынгент вучняў зменшыўся больш чым у два разы. Напэўна, сяляне расчараваліся ў навучанні. Да таго ж імпэт настаўніка мог таксама знізіцца, бо абудзіць у тагачасных сялянскіх дзецях цягу да ведаў, якія здаваліся бессэнсоўнымі, было надзвычай складана.

Колькасць вучняў пачала расці толькі праз паўтара дзясятка гадоў. I то — з невялікімі перападамі. У 1886/1887 навучальным годзе іх было: 44 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. А ўжо ў 1900/1901 — амаль у два разы больш: 87 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Затым — ізноў нязначны адкат, прычына якога лагічна суадносіцца з адкрыццём Любашаўскага вучылішча ў 1902 годзе.

Колькасць вучняў Круговіцкага народнага вучылішча на працягу ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў
Навучальныя гадыКолькасць вучняўЗ іх дзяўчынак
1869/1870556
1882/1883232
1883/1884262
1884/1885301
1886/1887484
1887/1888450
1891/1892410
1892/1893660
1894/1895680
1896/1897521
1898/1899653
1900/1901925

Між тым, крыніцы могуць разыходзіцца ў статыстыцы. У сваёй аналітыцы мы абапіраліся найперш на апублікаваныя дзяржаўныя дакументы, галоўным чынам на «Памятные книжки Виленского учебного округа». Але паводле царкоўных звестак, лічбы паўстаюць трохі іншыя. Так, у «Ведомостях о состоянии церквей, духовенства ин паствы по благочинию 3-го округа, Слуцкого уезда, за 1884-й год» указана наяўнасць у Круговіцкім вучылішчы нібыта 46 вучняў. Гэта як мінімум у паўтара раза больш, чым гавораць «Памятные книжки». 3 іх дзяўчынак — чацвёра.

У параўнанні з іншымі аналагічнымі школамі, па тым дакуменце, Круговіцкае вучылішча ўжо не выглядала выйгрышна: па акрузе яно было адной з самых малаколькасных земскіх школ. Сама больш (83) навучалася ў Клецкім народным вучылішчы, сама менш — у Мядзведзіцкім — 27 (там назіраўся моцны уплыў каталіцызму, у выніку чаго з праваслаўем не было такой дружбы, як у Круговічах ды іншых вёсках).

Тым не менш, паколькі даныя царкоўных крыніц спарадычныя, у аснову нашых падлікаў вучнёўскага кантынгенту возьмем афіцыйна апублікаваныя дадзеныя. Што праўда, несупадзеннямі грашыць і статыстыка органаў асветы. Так, «Ведомость о народных училищах Слуцкого уезда за 1883-й отчетный год» на 1 студзеня 1884 года фіксуе ў Круговіцкай школе наяўнасць 33 вучняў (з іх дзвюх дзяўчынак). Гэта таксама больш, чым у «Памятной книжке...», але значна менш, чым дэкларавалі царкоўныя крыніцы.

Хутчэй за ўсё «Памятные книжки» выдаваліся па выніках навучальнага года, у канцы ці пасля яго. Натуральна, па вясне дзеці далучаліся да сельскагаспадарчых прац, таму пакідалі школьную парту. Тым самым у статыстыцы заканамерна ўзнікаў спад.

Царкоўная крыніца магла ўказаць усіх дзяцей, якія на працягу года з’яўляліся ў школе, але не заставаліся вучыцца стала. Дарэчы, у такім выпадку ў параўнанні з іншымі школамі Слуцкага павета працэнт наведвальнасці Круговіцкага вучылішча мясцовымі дзецьмі будзе большы. Як сказана вышэй, царкоўныя дакументы дэкларуюць большую колькасць вучняў у іншых школах рэгіёна. Аднак афіцыйная статыстыка гаворыць, што навучальная ўстанова ў Круговічах па гэтым паказчыку на фоне аналагаў у павеце выглядала няблага. Так магло стацца з прычын меншага адсеву дзяцей з Круговіцкага вучылішча.

Разыходжанні паміж крыніцамі ў той час былі непазбежнымі. Навучанне ў школе не з’яўлялася абавязковым. Статыстыка строга не вялася. На працягу года колькасць вучняў магла вар’іравацца і фіксавацца ў залежнасці ад інтарэсаў аўтара, паходжання крыніцы, пары яе ўзнікнення. Наш падыход — пры абапіранні на аднастайны статыстычны матэрыял — дае магчымасць прынамсі ўстанавіць пэўныя тэндэнцыі. Хоць, як прадэманстравана вышэй, не можа адказаць на пытанні з поўнай дакладнасцю.

Затое дадатковыя крыніцы вельмі дапамагаюць убачыць за сухой статыстыкай чалавечае аблічча працэсаў фарміравання школьнага кантынгенту.

Так, згаданая царкоўная «Ведомость...» прыадкрывае канфесійны аспект — указвае, што праваслаўных вучняў налічвалася 41 чалавек (пяць хлопчыкаў хутчэй за ўсё былі сынамі католікаў). У прыведзенай «Ведомости...» свецскага паходжання блізкія лічбы: да праваслаўных належала 25 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі, да католікаў — шэсць хлопчыкаў.

Тут жа прыводзіцца інфармацыя пра сацыяльнае паходжанне вучняў. Зразумела, з іх большасць былі выхадцамі з сялянскіх сем’яў — 27. Служкі царквы таксама вучылі дзяцей на месцы. У школу хадзіла трое хлопцаў і дзве дзяўчынкі. Колькі з іх каму належала інфармацыі не маем. Адно ведаем, што тым часам, акрамя святара Юльяна Гарбачэвіча, у Круговіцкай царкве быў псаломшчык Хрыстафор Мазюкевіч. Пэўна гэта былі іх дзеці.

Загадкай пакуль з’яўляецца для нас наяўнасць у складзе вучнёўскага кантынгенту Круговіцкага вучылішча аднаго дзіцяці мяшчанскага паходжання.

Затое насупраць гэтай установы пустуе графа пра «Потомственных дворян». Ніхто з памешчыкаў Круговіцкай воласці на той момант не пасылаў дзяцей у земскую школу. Мясцовыя — Абуховічы — былі заможнымі і маглі патраціцца на гувернёра або адсылаць нашчадкаў у Слуцкую гімназію. Шэрагу іншых памешчыцкіх сем’яў з вёсак і маёнткаў воласці прасцей было пайсці такім жа шляхам, чым дастаўляць у цэнтр адміністрацыйнай адзінкі сваіх дзетак або пакідаць іх у інтэрнаце пры школе.

Статыстыка па іншых народных вучылішчах Слуцкага павета пра наяўнасць у іх дзяцей мясцовай шляхты неаднародная. У цэлым, аднак, меней за палову тых устаноў наведвалася дзецьмі «потомственных дворян». Як прыклад, у суседнім Заастравецкім вучылішчы налічвалася такіх тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі.

Што яшчэ мы можам сказаць па гэтай сціплай інфармацыі?

Найперш тое, што наведвалі школу пераважна хлопцы. Як бачна, навучальная ўстанова была змешанага тыпу, аднак дзяўчынак у ёй вучылася значна меней, бо лічылася, што ім веды не патрэбны. Панаваў стэрэатып, што дзяўчатам грамата не патрэбна зусім. У той час, калі хлопцы, атрымаўшы хоць бы пачатковую адукацыю, могуць «выбіцца ў людзі». Наяўнасць у школе дзяўчынак заставалася стабільнай — адзінкавай або аніякай. Па наяўных звестках, яна не перавышала шасці — пры адкрыцці Круговіцкага вучылішча і ў 1905/06 навучальны год. Калі браць у працэнтных суадносінах, ізноў-такі ў першы год існавання быў самі высокі паказчык колькасці вучаніц — 10,9 %. Перыяд 1888—1895 гадоў характарызуецца поўнай адсутнасцю ў школе дзяўчынак. Дый увогуле галоўнай адукацыяй тады з’яўляліся ўменні працаваць па гаспадарцы. Таму многія з дзяцей зусім не наведвалі школак. Тым не менш пакрысе стэрэатып з часам пераадольваўся, дзяўчаткі, хоць і не стабільна, далучаліся да навучання. Такая тэндэнцыя з’явілася ў самым канцы XIX стагоддзя і стала ўжо непахіснай.

У цэлым колькасць вучняў школ у Круговіцкай воласці расла, можна сказаць, няўхільна. Да канца XIX стагоддзя школы (ці то царкоўнапрыходскія, ці то рухомыя школы граматы) паадкрываліся ў многіх вёсках Круговіцкай воласці. Такім чынам, прыток вучняў у навучальную ўстанову адміністрацыйнага цэнтра зменшыўся. Рост вучнёўскага кантынгенту абумоўліваўся перадусім значным паляпшэннем дэмаграфічнага становішча (па нашых ацэнках, за час існавання школы да канца XIX стагоддзя Круговічы з часу заснавання школы маглі вырасці ці не ў два разы — і перавысіць лічбу свайго насельніцтва ў паўтысячы чалавек, прычым значную іх частку складалі дзеці, якіх у сялянскіх сем’ях традыцыйна было нямала — па тры-пяць і больш). Тым часам адбываецца ўзмацненне цягі да ведаў сярод сялян, усё больш вяскоўцы пачынаюць звязваць будучыню сваіх дзяцей з граматай.

Аднак, ізноў-такі па нашых разліках, колькасць вучняў Круговіцкага вучылішча на працягу яго функцыянавання ў XIX стагоддзі наўрад ці перавышала 15 % ад агульнай колькасці дзяцей школьнага ўзросту (што праўда, строгага вызначэння гэтага ўзросту не было). Наша калькуляцыя пацвярджаецца дзяржаўнай статыстыкай, паводле якой у Мінскай губерні напрыканцы XIX стагоддзя хадзіла ў школы 13,4 % (або 75941 чалавек, з іх 10184 жаночага полу) ад усіх патэнцыйных вучняў. Дзяцей школьнага ўзросту было значна больш. Тэмпы ахопу асветай заставаліся слабымі і палепшыліся толькі з пачаткам XX стагоддзя.

Колькі за ўвесь перыяд існавання «царскай» школы ў Круговічах яе наведала дзяцей? Па нашых падліках, толькі на працягу XIX стагоддзя ў Круговіцкай школе змаглі павучыцца (гэта не значыць закончыць) да 500 дзяцей і яшчэ столькі сама — за 17 гадоў XX стагоддзя. Вылічэнні базуюцца на вышэйпрыведзеных лічбах вучняў у пэўныя гады. Бачна, што ў 3-гадовай школе пачынала вучыцца 30 вучняў — гэта значыць па 10 на клас. У 1880—1890-х гадах апошняя лічба расла і знаходзілася недзе паміж 15 і 20 з нечым вучнямі. На апошнія гады стагоддзя паказчык перавысіў 30 чалавек. Такім чынам, у сярэднім за XIX стагоддзе, канечне, па прыкідках, класы характарызаваліся напаўненнем не менш за 15 вучняў. Але наўрад ці значна большым. Памножыўшы на гады існавання школы ў XIX стагоддзі, і атрымаем лічбу, блізкую да паўтысячы. У XX стагоддзі школу наведвала штогод каля сотні вучняў (на ўсе класы). Гэта пацвярджаюць як афіцыйныя дакументы, так і ўспаміны. Значыць, на клас прыходзілася больш чым 30 чалавек. Памножыўшы іх на колькасць гадоў, што адлічыла ўстанова ў XX стагоддзі, выйдзем таксама прыкладна на 500 вучняў.

Атрымліваецца, што за трэць стагоддзя наведвала школу прыкладна такая ж колькасць вучняў, колькі за часавы адрэзак у два разы меншы. Калі кіравацца гэтай арыфметыкай, дык можна сказаць, што папулярнасць адукацыі сярод сялян Круговіцкай воласці на працягу няпоўнай паловы стагоддзя існавання школы вырасла ў два разы. Да таго ж адкрываліся школы ў іншых вёсках воласці, што, аднак, не змяншала колькасці вучняў у Круговіцкім вучылішчы. Але трэба мець на ўвазе, што паралельна адбываўся прырост насельніцтва ў цэлым. У такім святле працэнт наведвання школы калі і павышаўся, дык не так значна. Да таго ж па-ранейшаму адсутнічаў закон аб усеагульнай школьнай адукацыі.

Агулам за акрэслены час выходзіць каля 1000 вучняў. Прычым лічба можа быць большай — пры ўмове вялікай цякучкі вучняў многія вучыліся не ўсе прадугледжаныя праграмай вучылішча гады. За кошт гэтакіх непастаянных наведвальнікаў у адным класе за яго трохгадовы навучальны курс магло пабываць, умоўна кажучы, не 15—20 вучняў, а ў два разы больш. Прычым пры захаванні штогод напаўнення, якое не перавышала двух дзясяткаў. Нам нават прыблізна не вядома, якой была тая «ратацыя». Таму нашы падлікі вельмі прыблізныя. Але іх карэкціроўка магчымая хутчэй у бок павелічэння.

Збольшага стабільна перакошанымі заставаліся гендэрныя прапорцыі. 3 той тысячы не болей за 5 % — у колькасным выражэнні гэта 50 чалавек — прайшло праз школьную парту дзяўчынак.

Разам з тым, як ужо адзначалася, паспяхова закончылі вучобу далёка не ўсе. На жаль, маем толькі вельмі ўскосныя сведчанні, колькі магло быць паўнавартасных выпускнікоў. Але калі меркаваць па тых, якія, так бы мовіць, выбіліся ў людзі (як вышэйзгаданыя Васілеўскі ці Міладовіч), дык такіх было мала, — адпаведна, іх лік ішоў у лепшым выпадку на дзясяткі.

Пакуль што адзінай падставай правесці хоць нейкія вылічэнні з’яўляецца вышэй выведзеная доля афіцэраў сярод прызваных у войска. Яна ўскосна гаворыць пра наступную прапорцыю вучняў, якія цалкам прайшлі курс навучання ў народным вучылішчы. Паколькі ж ахвяр сярод афіцэраў (у працэнтных суадносінах) было меней чым салдат, дык і долю паўнавартасных выпускнікоў Круговіцкай школы можна лічыць крыху вышэйшай за ўказаныя 10 %, Да іх варта дадаць і тых, якія закончылі вучылішча, але не былі прызваны ў войска ці не сталі афіцэрамі. Пры ўмове правільнасці нашых прыблізных падлікаў лёгка вылічыць, што за паўвека функцыянаван-ня ў Круговічах народнага вучылішча яго закончыла каля 100 (але не менш) дзяцей. Дакладна вядомы колькасны склад адно выпуску 1883 года. Тады тры вучні атрымалі пасведчанне аб заканчэнні ўстановы.

У сваю чаргу выяўленыя 10 з нечым працэнтаў значаць (з улікам раней указаных не больш чым 15 % дзяцей школьнага ўзросту, якія станавіліся хоць на невялікі час вучнямі), што да фінішу навучання паспяхова даходзілі лічаныя пару працэнтаў ад усіх сялянскіх нашчадкаў Круговіцкай воласці. Хоць, з аднаго боку, сотня выпускнікоў пачатковай школы — гэта нібы і нямала. Але трэба мець на ўвазе, што гэта лічба набегла за паўвека існавання ўстановы. Гэта значыць, у сярэднім выходзіць па два на год. Думаецца, у XIX стагоддзі некаторыя гады вучылішча заставалася зусім без выпускнікоў. У XX стагоддзі іх колькасць, несумненна, узрасла.

Да сённяшняга дня дайшлі адзінкавыя імёны вучняў, якія закончылі Круговіцкае народнае вучылішча. Час іх вучобы адносіцца да канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Дакладна ўстаноўленыя выпускнікі Круговіцкага вучылішча
Прозвішча, імя, імя па бацьку
(што вядома)
Год нараджэння
(калі вядома)
Гады вучобы
(калі вядома)
Заўвагі
Шушкевіч Антонкаля 1870каля 1880Паколькі ў дакуменце яны фігуруюць разам, маем некаторыя падставы залічваць іх да аднаго выпуску.
Герман Пётр
Мелехавец Іван
Муха Іван Іванавіч18811900—1903Год нараджэння так указаны ў крыніцы. Верагодна, 1891 г.н. — А.Т.
Віктаровіч Мікалай Адамавіч18881897—1900-
Герман Антон Адольфавіч18881897—1900-
Блінкоўскі Мікалай Іванавіч18981907—1912Хутчэй за ўсё час навучання заняў 4, а не 5 гадоў.

Сюды не ўключылі вышэйзгаданых ахвяр Першай сусветнай вайны, паліцэйскага і гімназійнага прафесара. Усё ж пры вялікай верагоднасці заканчэння імі тагачаснай школы няма 100-працэнтных таму доказаў.

Цікава, што пазней імя Антона Германа будзе ўсплываць у сувязі з яго палітычнай пазіцыяй і дзейнасцю ў пачатку 1920-х гадоў, падчас уваходжання Круговіч у склад Польскай Рэспублікі, (гэты вясковец быў актывістам сацыялістычнага руху). Heсумненна, у палітызацыі гэтага чалавека прынцыповую ролю сыграла адукацыя. Няхай сабе і на ўзроўні пачатковай школы.

Дзяўчынак, як адзначалася, па-ранейшаму хадзіла мала. Наогул са школьнага летапісу вядомы прозвішчы толькі дзвюх з іх: Васілеўская і Масюкевіч (так у крыніцы). Першая — хутчэй за ўсё блізкая сваячка згаданага вышэй афіцэра Васілеўскага — дакладна ўстаноўленага выпускніка вучылішча. Другая, па ўсёй бачнасці, з’яўлялася дачкой мясцовага валаснога пісара Мікалая Місюкевіча (працаваў у 1908—1915 гады) і настаўніцы Алены (яна фігуруе часам пад прозвішчам Мазюкевіч), якая працавала толькі адзін год. Пра дзяўчынак, якія б закончылі поўны курс народнага вучылішча ў Круговічах, інфармацыі не сустракалася. Магчыма, такія выпадкі калі і былі, дык выключна рэдка. Так, паспяхова закончыць усе класы (недзе напярэдадні Першай сусветнай вайны) маглі тыя ж Васілеўская і Масюкевіч. Ускосным аргументам служыць той факт, што ў іх сем’ях ужо назіралася пэўная традыцыя даваць адукацыю.

Часы войн і рэвалюцый змянілі ўладу на акрэсленай тэрыторыі. Стала панаваць польская дзяржава. Адпаведна гісторыя расійскага народнага вучылішча ў Вялікіх Круговічах скончылася.

Заключэнне

Колькасць граматных, як сведчаць царкоўныя дакументы, што тым часам маглі быць ледзь не адзінымі дакументальнымі крыніцамі па гэтай тэме, заставалася невялікай (асабліва ў параўнанні з сённяшнімі часамі). Напрыклад, у «Описании церквей и приходов Минской епархии. III. Слуцкій уезд» адносна насельніцтва вёскі Дзяніскавічы напрыканцы 1879 года паведамляецца, што «грамотность между прихожанами весьма незначнительна и достигает не более 1 % всего населения».

Гэта з адлегласці часу глядзіцца пераменшваннем. Але сугучная ацэнка знаходзіцца і ў больш сур’ёзнай афіцыйнай тагачаснай крыніцы: «Процент грамотности между прихожанами (Круговіцкай царквы. — A. Т.) незначителен». Прывядзём больш канкрэтныя дадзеныя. Паводле перапісу 1897 года, агульная колькасць пісьменных у Беларусі складала толькі 25,7 %. У Слуцкім павеце, да якога належала Круговіцкая воласць, сітуацыя была лепшай, хоць большая частка насельніцтва — 56 % — заставался непісьменнай. Адпаведна тых, якія ўмелі чытаць, пісаць і лічыць на канец XIX стагоддзя налічвалася 44 %. 3 іх прадстаўнікі мужчынскага полу складалі больш чым 2/3 — 68 %. Дарэчы, гэта нават не зусім лагічна. У школу хадзіла толькі да 5 % дзяўчынак, Але ў дарослым жыцці граматаю валодала ўжо каля 30 % прадстаўніц жаночага полу. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, што галоўнай крыніцай адукацыі для дзяўчат станавілася не школа.

Калі такія прапорцыі распаўсюдзіць на Круговіцкую воласць, атрымаецца, што з 13166 яе жыхароў не валодалі граматай 7398 супраць 5768 пісьменных, з якіх 3922 — мужчыны. Канечне, часавая розніца ўзнікнення прыведзеных крыніц з такімі прынцыпова супрацьлеглымі дадзенымі значная — амаль два дзясяткі гадоў. Але прагрэс ад 1 % да без малога паловы насельніцтва — таксама з разраду фантастыкі. Тым не менш, несумненна, за гэты перыяд заснаваныя школы прынеслі свой плён.

Відавочна, сялянскае насельніцтва ўсё больш цягнулася да ведаў. Увогуле ў Расійскай імперыі планамерна падыходзілі да ўвядзення ўсеагульнай адукацыі. Па некаторых звестках, яна магла быць уведзена ў 1920-х гадах. Аднак Першая сусветная вайна ды рэвалюцыі перакрэслілі задумы.

Школа ў Круговічах, дзякуючы цэнтральнаму становішчу вёскі, стала першай у воласці і да рэвалюцыйнага 1917 года захоўвала вядучыя пазіцыі ў навучанні дзяцей. За няпоўныя паўстагоддзя яе функцыянавання ў той перыяд ва ўстанове змянілася два дзясяткі настаўнікаў, якія навучалі каля 1000 вучняў. Гэта, нягледзячы на ўнушальную лічбу, складае толькі прыкладна сёмую долю ад усіх дзяцей школьнага ўзросту. Але толькі іх невялікая частка змагла пайсці далёка (па мерках тагачаснага круговіцкага селяніна) у свет. Тым не менш, менавіта дзякуючы існаванню Круговіцкага народнага вучылішча, узнік ручаёк міграцыі з сяла, які з цягам часу ператварыўся ў паток. Без граматы, застаючыся непісьменным, малады чалавек, сялянскі нашчадак, гэтага зрабіць не змог бы ў прынцыпе (або яго шанцы былі б мізэрнейшымі). Поўны курс праходзілі ў лепшым выпадку адзінкі з кожнага класа. Некаторыя выпускнікі пакінулі сляды для нашчадкаў. Асноўная ж маса для нас — людзей, што жыве праз тры-пяць і больш пакаленняў — засталася безыменнай.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (14.09.2019) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1370 | Тэгі: школа, народнае вучылішча, Ганцавіцкі раён, Анатоль Трафімчык, Вялікія Круговічы | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.