Пятніца, 26.04.2024, 13:07

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Вытокі шчырай мудрасці (частка першая)
Неразгаданай загадкай застаецца для сацыёлагаў культуры выхад у свет пасляваеннага пакалення беларускіх паэтаў. Без любові народжаны, халодны бог вайны Марс як бы знямогся і адумаўся ў агні сусветнай бойні ці напалохаўся прывіду новай, атамнай, калі пакінуў столькі даравітых, чулых сэрцам дзяцей, прызваннем якіх стала асуджэнне вайны, стварэнне новага свету без войнаў і сябе ў тым свеце, дзе творчасць прызнаецца адзінаю мэтай і сутнасцю.

Міхась Рудкоўскі належыць да першага пасляваеннага прызыву беларускіх паэтаў, але ў літаратурны строй стаў пазней за сваіх равеснікаў. Паходзіць ён з мясцін, якія Якуб Колас ахрысціў глыбінкай Палесся, адтуль і шлях да Парнасу быў даўжэйшы і тэмпы росту традыцыйна замаруджаныя. Родная вёска паэта Востраў знаходзіцца на беразе Начы, не надта далёка ад Люсіна, куды царскія ўлады ў свой час саслалі Я.Коласа за падбухторванне сялян да бунту супраць пана Скірмунта. У рамантычнай лясной глухамані пад Люсінам складваўся лёс Андрэя Лабановіча, тут герой палескай трылогіі сустрэў як раўна недасяжную Ядвісю, тут народны інтэлігент спасцігаў радзіму, сваё месца ў змаганні за волю роднага краю.

Непадалёку адсюль знаходзілася вёска Вялікі Рожан, радзіма геніяльнага казачніка Рэдкага, шчасліва знойдзенага і адкрытага свету фалькларыстам А.Сержпутоўскім. Неверагодная рэч, што гэты край да Якуба Коласа ў вочы не бачыў жывога пісьменніка. Усё таленавітае, што тут нараджалася, ішло ў фальклор. Міхась Рудкоўскі, бадай першы па часе прафесійны паэт Ганцаўшчыны. Праўда, у яго аказаўся ўжо літаратурны настаўнік, дарадчык і апякун, гэта быў вядомы журналіст, улюбёны ў Палессе краязнавец і пісьменнік, Васіль Праскураў. Кіруючы рэдакцыяй раённай газеты, ён выводзіў у людзі многіх, надзеленых іскрынаю таленту, юнакоў — Віктара Гардзея, Уладзіміра Марука, Алеся Каско — цэлую плеяду паэтаў Ганцаўшчыны. Гэты куток палескай цаліны вякамі накопліваў творчыя сілы, каб, абудзіўшыся ў добры час, закаласіцца ядраністым калоссем вобразаў.

Пазней ужо, запытаўшыся неяк, што было б, каб не было ў яго такога паэтычнага краю дзяцінства і ганцавіцкай літаратурнай школы ў юныя гады, паэт адказаў шчыра і ўдзячна:
Відаць, я б жыў, відаць бы, не загінуў,
пісаў бы вершы, сена ў копы клаў, —
ды толькі не такой была б Айчына,
і песня б незакончанай была.
Па адукацыі М.Рудкоўскі настаўнік, скончыў Пінскае педвучылішча, затым завочна філфак Брэсцкага педагагічнага інстытута. Нейкі час вучыў дзяцей у Кукаўскай сямігадовай школе, але цяга да паэзіі, патрэба выказаць сябе родным словам прывялі яго ў рэдакцыю ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». У 1963 годзе выйшла яго кніжка вершаў «Першыя вёрсты», якую заўважылі чытачы і пісьменікі. Сярод іх і Піліп Пестрак. Праўда ацэнкі зборніка разышліся: адны хвалілі пачаткоўца за свежасць голаса і прадказвалі добрую будучыню, другія вытыкалі яму літаратурнасць, перайманні. Праўда была пасярэдзіне, прычына няроўнасці твораў ляжала ў натуры юнага аўтара, скасаванага сарамлівай нясмеласцю перад аўтарытэтамі. Але ўжо выбар літаратурных настаўнікаў гаварыў пра добры густ і нестандартны характар; Рудкоўскаму імпанавалі рамантычная парывістасць У.Караткевіча і шырыня погляду на свет, арганічная народнасць М.Танка.

У першай кніжцы М.Рудкоўскі ўхваляе даброты калектывізму, ён гатовы за кампанію пагадзіцца на звычайнасць свайго жыцця: «юнацтва ў мяне такое, як у многіх». Трэба сказаць, сціпласць тут большая, чым у героя казкі Рэдкага Іваньчыка, які асмеліўся сказаць старому пчаляру, што не жадае ісці следам за дзедам. Рудкоўскі, зразумела, не мог застацца адным з многіх і не застаўся, яго юнацтва толькі па ўмовах і знешніх праявах было звычайным, дэмакратычна-свецкім, але па інтэнсіўнасці перажывання і асэнсаванні навакольнага свету яно было адметным, таму і пакідала на сабе сляды ў паэзіі. Адметнаю рысай таленту М.Рудкоўскага станавілася шчымлівая цнатлівасць пачуцця, адчуванне зрошчанасці свайго лёсу з лёсам народа. Відавочна, самым змястоўным творам першага зборніка быў верш «Бабіна лета», які падхопліваў журботнае галашэнне салдатак, удоваў па абарваным вайною шчасці:
А ў нас у сяле ў кожнай хаце дзесятай
Не прычакала жанчына салдата.
Другая кніга «Сінія брады» — гэта пашпарт мастацкай сталасці аўтара. Праца над ёю заняла чатыры гады, многія творы зборніка раней прайшлі апрабацыю ў перыядычным друку і дазволілі пісьменніцкай грамадскасці паўней пазнаць і дружней прызнаць творчы дар паэта. М.Рудкоўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Найбольш важным паказчыкам сталення таленту было тое, што паэт убачыў тры эстэтычныя крыніцы ў роднай зямлі: першая — самавітае жыццё палескай вёскі з яе працоўна-патрыярхальнымі цнотамі, звычаямі, казачнымі традыцыямі, культам праўды і дабрыні; другая — яшчэ жывая балючая рана адгрымелай вайны і пераходзячая ў легенду памяць пра яе ўдзельнікаў, герояў і ахвяр; трэцяя была экзатычная прырода Палесся, ад Пінскіх балот да волатных дубоў і зуброў у Белавежскай пушчы. Кожная з названых крыніц уносіць брую ў «Сінія Брады» — па некалькі змястоўных і паказальных для М.Рудкоўскага вершаў.

Шырока, з былінным распевам пачынаецца кніга:
Мой дзед быў сельскім кавалём,
кавальскай справы каралём:
калі каваць — ужо каваў,
не ў хаце, у кузні начаваў...
Чытачу прыгадваюцца казкі Рэдкага пра мужнага каваля-волата і сказ Максіма Танка пра асілка Вяля, але не губляецца, а толькі адцяняецца асабісты тон і голас маладога аўтара, летуценнага, захопленага рамантыка, які слухае і, здзіўлены, чуе чарадзейнае рэха кавання, працяг дзедавага быцця на зямлі:
Сякеры гахкалі ў лясах,
звінела у лугах каса,
што дзед загартаваў;
падковай высякаў агонь
па кіламетры сотым конь,
што дзед мой падкаваў.
Паэтычная фантазія ператварае звычайнага каня ў міфічнага Пегаса. Нават гром, што прагрукатаў пад апусцелаю кузняй, здаецца грымучым стукатам малатка па кавадле. Тытульны вобраз зборніка — метафара Сінія Брады — азначае чарадзейную жывую ваду, у ёй адмывае паэт рукі ад бруду, што прыліп да іх у штодзённай мітульзе, ачышчае сэрца ад драбязлівых і нізкіх пачуццяў, ён заве да гаючых крыніц і чытача: «калі апускаў ты далоні у тую ваду — рукі не могуць зрабіць справы бруднае».

У вершы «Сны» фантазія паэта ідзе сцяжынамі касмічных міфаў. Мастак — гэта чалавек, які здольны сніць наяве, але паэтычныя сны не адводзяць ад жыцця, а мацуюць духоўную сувязь з зямлёй. У трывожных снах юнака праглядае лёс планеты. Паэт — рыцар шчырасці, сумлення і красы — ідзе па зямлі і натхнёнаю ўсмешкай сунімае драпе-ніцтва, спыняе справу зла:
Крочу я з усмешкай у вачах
праз варожасць, недавер'е, страх,
і — о цуд! — знікаюць ночы цені,
сонца выплывае над зямлёй,
і каго я на шляху ні стрэну,
быццам брат, вітаецца са мной.
Але планета не заўжды выдаецца паэту райскім садам: «існуючае — у векавечным руху: трашчаць арбіты строгія планет», душу халодзіць трывога за працягласць і надзейнасць быцця ў сусвеце. Юначаму ўзросту хочацца думаць толькі пра вечнасць, ніколі — пра смерць, аднак розум перасцерагае, каб «не праляцець жыцця перакаці-полем, да вод грунтовых прарасці карэннем» («Імгненні»). Апошняя метафара разумеецца не рэгіянальна і прыватна, а хутчэй глабальна. Творчымі знаходкамі аўтара аказаліся вершы пра агульначалавечыя каштоўнасці, пра мінулую вайну і вечны мір, пра пагрозу прыродзе, да якой пачала падбірацца бяздумная прагнасць бензапілы і сякеры ў руках чалавека.

Літаратурныя равеснікі і пабрацімы М.Рудкоўскага адкрылі сваімі творамі гуманістычную каштоўнасць новага бачання праблемы вайны і міру вачыма свайго дзяцінства. Яны дабіліся грамадскага прызнання такога бачання, як здабытку агульначалавечай свядомасці новых часоў. Верш М.Рудкоўскага «Начны эскіз» не загубіўся ў літаратурнай скарбонцы. Задуму падказаў жыццёвы выпадак, памяць дзяцінства, якая зберагла адно перажыванне: дзіця, углядаючыся ў групу партызан, што частаваліся ў бацькавай хаце пасля баявога задання, даглядзела адсутнасць аднаго знаёмага байца:
— А дзядзька дзе?
А дзе вы дзядзьку дзелі?
(О горкая дзіцячая наіўнасць!)
Маўчалі, вочы апусціўшы, вы.
Сутыкненне бязвіннай дзіцячай віны з такой жа бязвіннай скрухай партызан, якія страцілі ў баі таварыша, — узрушае чытача, прымушае задумацца над трагічнай сутнасцю вайны, балючай зрушанасцю каштоўнасцей і ацэнак. Патрэбаю даходзіць да праўды, паднімацца над трафарэтнымі ўяўленнямі пра гераізм, пазнаваць чалавечую матывацыю подзвігаў падказаны верш «Каменні цытадэлі». Маналог звычайна маўклівых рэліквій узрушае высакароднай сціпласцю, сардэчнай блізкасцю з нашчадкамі:
Не кляніцеся гучна,
а ў душы зірніце свае!
Не зайздросце героям іх славы:
Толькі раз чалавеку Айчына дае
На бяссмерце
свяшчэннае права.
Шчырасць тут не проста добрыя манеры ці такт, гэта пазіцыя лірычнага героя, чыю душу перапаўняе драма ўроджанай чуласці, барацьба спагады і абавязку.

Глабальная тэма прыроды, як калыскі хараства і жыцця, прыняла ў вершах М.Рудкоўскага перад усім форму рамантычнага апявання экзотыкі родных мясцін — вершы «Лось», «Буслы», «Паядынак аленяў». Але і тут, на фоне рамантычных сімвалаў і алегорый, прагучалі смелыя парадоксы. Адзін славуты паэт назваў парадокс братам геніяльнасці, у М.Рудкоўскага спробы парадоксаў былі звестунамі духоўнага росту, здольнасці да інтэлектуальна-філасофскіх абагульненняў, спасцігання сутнасці быцця як барацьбы і еднасці супярэчнасцей. Пра культуру пачуццяў сведчыла таксама схільнасць да іроніі, праявы вострай палемічнасці ў маналогу і публіцыстычнага задору:
Над Шчарай буслы
і пад Бугам буслы
на крылах нясуць падарункі вясны:
малым — сны салодкія, быццам цукеркі,
а бюракратам — ахапкі паперкаў...
бацькам — па бялюткай сняжынцы на скроні,
а гультаям — мазалі на далоні...
Паглыбленне ў агульныя заканамернасці быцця напаўняе душу радасцю і трывогай, на плечы героя лажыцца цяжар пазнання з яго адказнасцю за час і прастору, за планету, якая ў касмічна-тэрмаядзерны век аказалася малой і кволай, бы святочны шарык у руках дзіцяці. Паэту даводзіцца пераадольваць страх спасціжэння і небыцця:
Баюся, што стану і сам непрыкметным акордам
ці гукам адным у хаосе блакітнага ліўня.
А мне трэба ўзняцца над ім, непакорным,
стыхійным,
і даць яму форму — разумную форму.
Сведчаннем таго, што М.Рудкоўскаму ўдавалася падняць цяжар пошуку, пакуты спасціжэння, была празрыстасць яго стылю, уразумеласць мовы ў самых складаных філасафічна-інтэлектуальных маналогах ці ў інтымнейшых прызнаннях і спавядальных роздумах:
Пераступаю грані уяўлення —
нібы ступаю па лязо нажа,—
і формулы на аркушы, як жар,
і мысль мая ў нясцерпнасці пякельнай.
Шукаю, б'юся:
к непадкупнай мэце
пакутлівы, ды ёсць жа, знаю, шлях!
...Гарыць акно і сэрца па начах —
і крышачку святлее у Сусвеце.
Зборнік «Сінія Брады» быў не толькі пасведчаннем творчай сталасці М.Рудкоўскага, але і ўкладам у беларускую паэзію перыяду яе творчага абнаўлення ў шасцідзесятыя гады. М.Рудкоўскі, пры ўсёй сціпласці яго натуры, стаў прыкметным у слаўнай плеядзе паэтаў, чые душы заўчасна разбудзіла вайна, апякла іх вогненнымі зорамі і гартавала слязамі матак і ўдоў, прозай галоднага і халоднага пасляваеннага бытавання.

Новыя кніжкі вершаў. М.Рудкоўскага — «Позвы» (1971), «У краі тым» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор'е» (1981), «Засцярога» (1984) — былі этапамі на шляху пошукаў, якім ішоў сталы паэт. Круцізна яго горак роўна ярам і нізям, якія часам пераходзілі ў дэпрэсію. Не здарылася, на шчасце, зняверу, адмаўлення ад абавязку творчага служэння жыццю. Кожны зборнік прыбаўляў — адзін больш, другі менш — залацінак у творчы набытак паэта. Толькі тэма маладых гадоў і горных жаданняў часамі вычэрпвалася: «Было, цяпер мой дух гарам чужы, чужы мой дух цяснінам, скалам, пікам». Гэтае нізіннае прызнанне змешчана ў «Трыгор'і», гучыць яно загадкай, крыху какетлівай, крыху сумнай, паэт скрывае тайну сваіх метамарфоз. Але да той кнігі было яшчэ далёка. Зборнік «Позвы» азначаў узыходжанне.

Сярод найбольш прыкметных, на мой погляд, знаходак вылучаецца тут верш «Ляснік» — мажорны рэквіем, што пераклікаўся з вершам пра дзеда-каваля. Ляснік
Перад смерцю ж,
разважны, спакойны,
папрасіў у суседа свайго
замест крыжа
паставіць шпакоўню
на старэчай магіле яго...
У гуманістычным ключы вырашаецца тэма быцця, паэт здзіўлены адвечнай бясконцасцю яго праяў і схіляе галаву перад жывучасцю асноўных маральных прынцыпаў, якія ўносяць лад у адносіны людзей, жывёл і дрэў — «Перша-гром», «Зубр-адзінец»:
Дзіўлюся, дрэвы, вашай прастаце
і мудрасці
і як сабе вам веру.
Але, асэнсоўваючы біблейскі міф пра пачаткі пазнання, паэт не проста разумее Еву і апраўдвае яе абуджаную спакусай дапытлівасць, ён разумее, што самым цяжкім момантам у пазнанні — вызваленне пазнаючага суб'екта ад забабонаў, рутыны, схем, ад таго, што паэт назваў воляй зямных бажкоў, і прадоўжыў думку так:
Я зведаў свет без іхняе апекі —
дабра і зла сцяжыны, бальшакі,
я адкрываў сябе як чалавека —
і падалі з сваіх нябёс бажкі...
Змястоўныя сваёй сацыяльна-псіхалагічнаю назіральнасцю вершы «Яшчэ не ўсе карэнні абарваны», «Палеская быліна», «Востраў». У апошнім, можна сказаць, паэт прадчувае тэму тугі маладых вясковых інтэлігентаў па роднай хаце, вёсцы, краявідзе. М.Рудкоўскі сумленна і смела выяўляе адзін з мажлівых настальгічных аспектаў. У фокусе лірычнага твора ён ставіць не сябе і тых сяброў, што пакінулі вёску і часамі наязджалі ў родныя пенаты, а таго абарыгена, што застаўся і прарос карэннямі да вод грунтовых:
Мы дзверы інстытутаў адчынялі,
а ён паціху жыў —
касіў, араў.
Усё радзей яго мы ўспаміналі,
а ён нікога з нас не забываў.

Хапае шчырасці паэту, каб, адолеўшы персанальныя амбіцыі, прызнаць пальму першынства ўстойлівасці вяскоўца не толькі пашпартнай, а і маральнай:
I слаў лісты нам, слаў кавалкі сала,
што браў на дне прасоленых кублоў.
Знімаў кажух з плячэй сваіх, бывала,
калі каму з нас холадна было.

Таму цяпер, саскочыўшы з машыны,
мужчыны, што пабачылі ўсяго,
нібы зайцы ад паху канюшыны,
п'янелі мы ў ваколіцах яго.
Значна расшырылася псіхалагічная і эстэтычная геаграфія паэзіі М.Рудкоўскага, ён вёў чытача ў далёкія праслаўленыя паэзіяй куткі радзімы — на Каўказ, у Крым і там знаходзіў яшчэ не вычарпаныя крыніцы хараства — «Ялта», «Усё застаецца». Набралася псіхалагічнай глыбіні, мужчынскай адказнасці тэма кахання: «Не вярнуў я цябе, не паклікаў», «Пасёлак зашыўся ў снежаньскі змрок», «Адвечных зор і вечных рыфм пастух», «У грыбных лясах кружыўся лістапад». Па сутнасці, перад намі лірычныя элегіі, напоўненыя медытацыямі пра этыку кахання, філасофію дружбы як дзвюх асноў жыцця:
Адвечных зор і вечных рыфм пастух,
з бяздумнаю і тлумнай галавою,
я ўклепчыў старамодна прад табою,
ды позна ўжо было. Агонь патух.
I ты пайшла. Пайшла. А я стаяў,
трымаючы ў руках зямлю, бы глобус,
пакуль малепькі спознены аўтобус
цябе на бальшаку не падабраў...
Я хацеў выбраць з гэтага верша пару радкоў на цытату, ды не ўдалося, мусіў прывесці ўвесь, так ён задуманы і скампанаваны, што нельга выкінуць ніводнага слова. Наогул жа М.Рудкоўскі вёў пошук лаканічнай натуральнай выразнасці, імкнуўся дабівацца адзінства задумы і вобраза. Пашыраліся ў яго вершах аблады жывой гутарковай мовы і мовы народнай, яснай і акрэсленай па інтанацыях, свабодна сыходзячай з паэтычнага п'едэсталу на зямлю, мовы, што не траціць духоўнай значнасці, паэтычнай меры:
У сонца форму шара забяры —
і сонца ператворыцца ў туманнасць.
Напэўна, стане і мудрэц прафанам,
калі пачне нагамі дагары
хадзіць, забыўшы, што спакон вякоў
прырода любіць строгасць і разумнасць...
I ўсё ж у «Позвах», услухаўшыся добра, можна ўлавіць сям-там перанапружанасць у акцэнтах, нейкі трывожны сігнал небяспекі. Яшчэ мацней ён у вершах «Векавечнай Бацькаўшчыпы», зборніку, дзе прыкра паменшала арыгінальных і паказальных для М.Рудкоўскага радкоў, а пабольшала прыстойна напісаных па інерцыі вершаваных сачыненняў. Хоць ёсць яшчэ вершы добрыя — «Сенакосны эцюд», «Цябе няма...», «Родная вёска» — і ёсць жаданне выйсці на чарговы ўзгорак, ёсць адчуванне каштоўнасці жыцця, яго таемнай красы, якую паэт па-ранейшаму бласлаўляе:
I дух зямлі густы, і жыта звон,
I прагу жыць —
бязмежную без краю.
Больш пазначаны дэпрэсіяй вершы «Трыгор'я», неспадзявана выступілі тут матывы самаапраўдання, не то заўчаснай самападрыхтоўкі да завяршэння творчай дарогі, хоць яна даходзіла толькі да саракавога кіламетра. Прыкра чытаць словы бяссілля і пакоры ў чалавека, які так хораша, я б сказаў, мудра набліжаўся да эпагея. «Паэт — агонь, таму згарэў так рана» — пачынаецца адзін з варыянтаў самаапраўдальнага псалму. Чаму такое адбываецца ў час, калі народ, адолеўшы вайну, прагна хапаў і скарыстоўваў такі жаданы і ўрэшце здабыты час міру, час пазнання, час кахання, час здзяйснення? Неўразумела маладушна гучаць матывы дэпрэсіі: «I я малады быў учора і свой спазнаў Рубікон...» Які Рубікон? У якіх грамадскіх сутычках удзельнічаў герой? Чаму стаў паднімаць сябе, свае маральныя выпрабаванні жыцця, чаму здрадзіў ідэалу сціпласці? Чаму наогул пісаў, чаму не змоўк, як змаўкалі ў першую сусветную вайну А.Блок і Я.Купала, як змаўкаў на крутым заломе 60-х А.Куляшоў? У іх былі глыбокія духоўныя прычыны, а тут, відавочна, няма іх, паколькі лірычны герой як бы грозіць нам, што вось змоўкне, адыдзе, а тым часам піша і друкуе.

Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі, г.Брэст. 1978 год

Канешне, удары жыцця сыпаліся на яго і па сваёй і па чужой віне па збегу выпадкаў: паэт працаваў на тэлебачанні загадчыкам рэдакцыі літаратурна-музычных перадач, многа год пісаў сцэнарыі пра харавыя калектывы, пра таленавітых разьбяроў, ганчароў і вязальшчыц, маляваў партрэты мясцовых мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў. Усё гэта рабілася з ахвотай і клопатам, пакуль урэшце чалавек не адчуў, што пачынае паўтарацца і недамагаць.

Найбольш самастойных твораў той пары ўвайшло ў перадапошні раздзел «Трыгор'я» — «Метамарфозы». Гэта — «Вітаю вас», «Эксперымент», «У хвіліны роздуму і смутку», «Начная навальніца», «Той морак быў і цяжкі і пусты». Тут прабуджаўся дух адолення, ажывала ўваскрасальная вера. На жаль, яна не была цвёрдай. Збавеннем для душы станавіліся ўспаміны пра нядаўняе рамантычнае гарэнне і прагу дынамічнай гармоніі. Гэтыя акцэнты прагучалі ў апошнім раздзеле кнігі, у самых удалых радках вершаў «Фігурыстка», «Над Бацькаўшчынай цёплыя спягі», «Люблю».

Творчая дэпрэсія зацягвалася перад усім таму, што паэт доўга не разумеў, што немач, якой ён саступаў і паддаваўся, ахоплівала не толькі цела, але і тыя сілы душы — маральную чуласць, эстэтычную ўражлівасць, жыццялюбнасць, якія адны дазвалялі тварыць паэзію і расці ў паэзіі.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (16.04.2011) | Аўтар: Уладзімір КАЛЕСНІК
Праглядаў: 4021 | Тэгі: Уладзімір Калеснік, Міхась Рудкоўскі, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.