Пятніца, 26.04.2024, 18:50

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

З Арміі Андэрса – у Сібір
Адной з невядомых старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны з’яўляецца ўдзел беларусаў у Другой сусветнай вайне ў складзе польскай арміі пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса. 2007 год у Польшчы быў абвешчаны годам імя гэтага славутага генерала. Беларусы ж сёння амаль зусім не ведаюць пра баявы шлях сваіх землякоў у Арміі Андэрса. Гэтае няведанне сталася вынікам дзесяцігоддзяў існаваўшай забароны ў савецкім грамадстве на любое крананне азначанай тэмы. Дык што гэта за армія і які лёс яе вайскоўцаў? На гэтыя пытанні можа адказаць тыповая жыццёвая гісторыя аднаго з "андэрсаўцаў” – палешука Івана Аляксеевіча Кляўчэні. 

Іван Кляўчэня нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Будча сучаснага Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Яго свядомае жыццё праходзіла ў час, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Вёска Івана знаходзілася амаль ля самай мяжы з БССР. І, дарэчы, паміж роднай Будчай і суседняй вёскай Чудзін знаходзіўся памежны корпус польскіх войскаў – Людвікава. Як успамінала жыхарка вёскі Будча Анастасія Дайлід: "У Людвікава войска стаяла, кашары (казармы – аўт.), салдаты служылі з усяе Заходняй Беларусі. А як стала вайна (паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года – аўт.), войскі адышлі, дык будчакі ды чудзінцы разабралі тыя цагляныя кашары, некалькі сцен толькі засталося”.  

У першай палове 1939 года Іван Аляксеевіч Кляўчэня быў прызваны ў польскае войска і ў складзе батальёна Корпуса Аховы Памежжа "Людвікава” ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Чырвонай Арміі. Аднак вельмі хутка трапіў у савецкі палон. 

Згодна з рапартам шэфа ХІІ аддзела Генеральнага Штаба Чырвонай Арміі, у савецкі палон трапілі 4963 беларусы. Пэўная частка з іх была вызвалена, астатнім жа, у тым ліку і Івану Кляўчэні, так не пашэнціла (тых, хто служыў у польскіх памежных войсках, не вызвалілі), гэтыя палонныя былі накіраваны ў прамысловыя лагеры Народнага камісарыята чорнай металургіі – у Крывы Рог, Данбас і Запарожжа. Да сярэдзіны 1941г. у Ровенскім лагеры знаходзілася 2318 беларусаў, Крыварожскім – 2046, Запарожскім – 400. Да нападу Германіі на Савецкі Саюз лагеры апошняга напоўніліся яшчэ і дэпартаванымі былымі грамадзянамі ІІ Рэчы Паспалітай, колькасць якіх, па розных падліках, складала да 120 тысяч чалавек.

Таму калі ў выніку савецка-польскага пагаднення ад 30 ліпеня 1941 года (пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз) на тэрыторыі СССР з польскіх палонных пачало стварацца польскае войска пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса, многія беларусы не раздумваючы ўступалі ў яго, запісваючыся палякамі. Тое самае ў жніўні 1941 года зрабіў і Іван Кляўчэня, стаўшы вайскоўцам Арміі Андэрса. 

Да жніўня 1942 года Армія Андэрса аператыўна падпарадкоўвалася камандаванню Чырвонай Арміі, складалася з 6 пяхотных дывізій і іншых часцей і службаў. Калі гаварыць пра колькасны склад Арміі Андэрса, то ў сакавіку 1942 года яна налічвала 66 тысяч чалавек, а ў ліпені 1945 года – больш за 228 тысяч чалавек.


Генерал Уладзіслаў Андэрс

У сакавіку - красавіку і жніўні 1942 года Армія Андэрса была эвакуіравана на Сярэдні Усход – Іран, Ірак і Палесціну. Там яна аб’ядналася з Польскім войскам на Сярэднім Усходзе ў Польскую армію на Усходзе, якая дзейнічала на тэрыторыі Ірака. А ў чэрвені 1943 года з яе складу быў вылучаны 2-гі Польскі корпус, які на чале з Уладзіславам Андэрсам быў накіраваны ў Паўночную Афрыку.

Паляшук Іван Кляўчэня ў 2 Польскім корпусе ваяваў у складзе 3-яй дывізіі стральцоў карпацкіх. Сярод вайсковых адзінак Другога Корпусу найбольш беларусаў было ў гэтай дывізіі (22 %), а таксама ў 5-й крэсавай дывізіі (45 %). 

З Афрыкі ў студзені-лютым 1944 года Армія Андэрса была пераведзена ў Італію. Тут перад саюзнікамі (Брытанія, ЗША, Францыя) паўстала задача прарыву моцных нямецкіх загараджальных ліній "Гітлер” і "Густава”, якія перашкаджалі далейшаму наступленню на поўнач. Адным са стратэгічных пунктаў лініі "Густава” быў кляштар Монтэ-Касіна, які знаходзіўся на недаступнай вяршыні гары. У гэтым кляштары бенедыктынцаў размяшчаліся некалькі батальёнаў элітнай 1-й парашутнай дывізіі вермахта. Спробы 5-й арміі ЗША і 8-й брытанскай арміі прарыву на поўнач завяршыліся няўдачай і баі зацягнуліся да траўня. Страты саюзнікаў склалі звыш 52 тысяч чалавек, з якіх 8340 загінулі.

У траўні 1944 года задача прарыву лініі Густава была ўскладзена на 2-гі Польскі корпус. 5-я крэсавая дывізія павінна была авалодаць ключавымі кропкамі нямецкай абароны на ўзвышшы Відма (польск. – прывід) і Сан-Анжэла. Тым часам 3-я дывізія карпацкіх стральцоў ішла на штурм кляштара Монтэ-Касіна. 

Штурм пачаўся ў ноч з 11 на 12 траўня. Немцаў выбілі з пярэдніх ліній абароны, аднак умацавацца не ўдалося. Несучы адчувальныя страты, давялося адступіць і здаць пазіцыі. Чарговая спроба штурму была прызначана на ноч з 17 на 18 траўня. Гэтая спроба аказалася паспяховай, над кляштарам узвіўся бела-чырвоны польскі сцяг. Яшчэ некалькі дзён спатрэбілася на здабыццё астатніх нямецкіх пазіцый.

У выніку бітвы 2-гі Польскі корпус страціў 924 чалавекі забітымі, сярод якіх былі 264 уражэнцы Беларусі. Акрамя таго, варта прывесці лічбы загінуўшых нашых землякоў падчас іншых баталій на Апенінскім паўвостраве: Ларэта – 234, Касамасіма – 72, Балонія – 287, іншыя месцы – 11. 

Усяго ж ад моманту стварэння Арміі Андэрса загінулі 1583 беларусы.

Сведчаннем адвагі нашых землякоў з’яўляюцца сотні прозвішчаў беларусаў сярод кавалераў Памятнага крыжа Монтэ-Касіна і іншых высокіх узнагародаў.

Іван Аляксеевіч Кляўчэня таксама атрымаў крыж Монтэ-Касіна. Ён удзельнічаў у непасрэдным штурме кляштара ў складзе 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў. З успамінаў яго брата Канстанціна Аляксеевіча нам удалося высветліць, што Іван Кляўчэня быў сур’ёзна паранены і трапіў у шпіталь, а па вяртанні на Радзіму "ён вельмі моцна кульгаў”. Невядома, праўда, быў ён паранены пад Монтэ-Касіна, ці пазней, але ледзь не да 1947 года Іван Аляксеевіч знаходзіўся ў шпіталі ў Шатландыі. 

Пасля вайны ўсім жадаючым з Арміі Андэрса прадастаўлялася брытанскае грамадзянства або магчымасць выехаць у любую краіну свету, у тым ліку і ў СССР. Многія былыя вайскоўцы засталіся, а іншыя, хто меў сем’і, каго апанавала туга па Радзіме, вярнуліся дадому. На працягу 1946 – 1948 гадоў каля тысячы былых вайскоўцаў Арміі Андэрса вярнуліся ў Беларусь.

Іван Кляўчэня вярнуўся ў родную Будчу да сямейнай гаспадаркі з шатландскай вайсковай базы Stewardton ў 1947 годзе. І калі ў 1939 годзе ён сыходзіў у польскае войска з Лунінецкага павета, то цяпер з яго ўжо быў вылучаны Ганцавіцкі раён, жыццё ў якім імкліва мянялася. Паўсюдна, нягледзячы на нежаданне большасці палешукоў, ішла агітацыя за ўступленне сялян у калгасы, якая суправаджалася запалохваннем, дыскрымінацыйнай падатковай палітыкай у адносінах да адзінаасобнікаў, а часам нават і рэпрэсіямі.

Да 1948 года ў Ганцавіцкім раёне існавалі толькі 4 калгасы. Аднак ужо ў 1949 годзе быў узяты курс на масавую калектывізацыю сельскай гаспадаркі і за адзін толькі гэты год у Ганцавіцкім раёне былі ўтвораныя 33 новыя сельгасарцелі.

18 сакавіка 1949 года і ў Будчы быў створаны калгас, які атрымаў назву "Чырвоны партызан”. З 295 гаспадарак, якія на той час былі ў вёсцы, на момант арганізацыі ў калгас уступіла 41 сям’я. А па стане на 20 лістапада ў калгасе "Чырвоны партызан” было ўжо 109 сялянскіх гаспадарак. Сведка тых падзей Анастасія Лукашаўна Дайлід на пытанне, як уступалі ў калгас, адказала па-простаму і недвусэнсоўна: "Хто сам, а каго за шкірку, ды й цягнуць…”

Сям’я Івана Кляўчэні, нягледзячы на тое, што не была заможнай і не мела шмат зямлі, не ўступала ў калгас. Паводле ўспамінаў Канстанціна Кляўчэні, гэтага не жадаў бацька Аляксей Аляксеевіч. Трымалі некалькі кароў, коней і жылі са сваёй працы.


Брат Івана Кляўчэні -- Канстанцін

У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 года органы МДБ правялі масавую акцыю па арышце і дэпартацыі разам з сем’ямі былых вайскоўцаў арміі Андэрса ў Іркуцкую вобласць. У якасці асноўнага матыву фігуравалі фармулёўкі: "не браў удзелу ў Вялікай Айчыннай вайне… не мае асаблівых заслугаў перад савецкай радзімай… знаходзіўся ў гады вайны за мяжой… служыў у арміі здрадніка Андэрса”. Вядомы прозвішчы 890 андэрсаўцаў, якія былі дэпартаваныя ў Сібір. З іх 285 – адзначаныя памятным крыжам Монтэ-Касіна.

У гэтую самую ноч была арыштаваная і сям’я Івана Кляўчэні. Паводле ўспамінаў Канстанціна Кляўчэні, "прыехала НКВД з аўтаматамі. Двое на вуліцы чакалі, а двое зайшлі ў хату. Пачалі брата (Івана – аўт.) дапытваць, каб нейкія паперы падпісаў, быццам "изменник Родины”. Потым забралі ўсе дакументы і нас усю сям’ю завезлі ў Сібір у Іркуцкую вобласць, Чарамхоўскі раён, у пасёлак Кірпічны. Забралі бацьку Аляксея Аляксеевіча, брата Івана, мяне і сястру Вольгу. Бацька і брат працавалі там на цагляным заводзе, а я скончыў школы 4 класы і таксама пайшоў працаваць. У 1953 годзе памёр Сталін, то нас у 1957 годзе вызвалілі і мы вярнуліся ў Беларусь. Сястра ў Сібіры выйшла замуж і пераехала з мужам жыць у Салігорск. Брат памёр яшчэ ў Сібіры, сэрца не вытрымала. То ў вёску прыехалі мы з бацькам удваіх. Вярнуўшыся, даведаліся, што гаспадарку нашу забралі ў калгас, то і я пайшоў у калгас пасвіць жывёлу.

Хата наша стаяла. Пакуль рамантавалі, то пажылі ў сваякоў… Па вёсцы праехалі, людзі нам сабралі бульбы, яшчэ нечага, пакрыху развялі. Потым я ажаніўся, а бацька хутка памёр, бо старэнькі ўжо быў…”
.

Такім чынам, Іван Кляўчэня не дачакаўся вяртання на Беларусь. На сёння не засталося не тое, што яго ўзнагародаў, але нават і фотакарткі гэтага чалавека, пражыўшага такое гераічнае жыццё, якое скончылася так трагічна. Не пакінуў гэты чалавек і нашчадкаў. Не паспеў...

А ягоны брат Канстанцін, які падлеткам спрабаваў збегчы з халоднай Сібіры (ад’ехаў ад Іркуцка кіламетраў ля 100, пакуль яго не знялі і не вярнулі назад), усё ж, як вы прачыталі вышэй, вярнуўся на Радзіму ў 1957 годзе. Але кім ён вярнуўся? "Ворагам народа”, юнаком з назаўсёды паламаным жыццём. І ўсё гэта толькі таму, што ягоны брат Іван змагаўся з фашызмам у складзе польскай арміі пад англійскім камандаваннем.

Сям’я Канстанціна Кляўчэні да 2008 года (!) не ведала, што яна рэабілітаваная. Дачка Канстанціна Кляўчэні "пісала заяву ў Ганцавічы” ў канцы 90-х гадоў мінулага ўжо стагоддзя, але ніякага адказу не дачакалася. Канстанцін Кляўчэня ж не бачыў у гэтым вялікага сэнсу. Ён жыў сабе з ярлыком "ворага народа”, перадаючы яго з пакалення ў пакаленне сваім ўжо ўнукам, адным з якіх з’яўляецца і аўтар гэтага артыкула. 

Я пачаў даследаваць тэму Арміі Андэрса падчас вучобы на гістарычным факультэце. Падштурхнула мяне да гэтага менавіта імкненне даведацца праўду адносна гісторыі ўласнага роду. Падчас высвятлення акалічнасцей баявога шляху Кляўчэні Івана былі зробленыя пісьмовыя запыты ў аддзел ЗАГС горада Чарамхова Іркуцкай вобласці (дзе сям’я знаходзілася ў ссылцы), а таксама ў аддзел УВД па Брэсцкай вобласці і ў Міністэрства абароны Брытаніі. У выніку, удалося высветліць, што Іван Кляўчэня акрамя польскай узнагароды - Крыжа за бітву пад Монтэ-Касіна № 6524, атрымаў яшчэ і 4 брытанскія медалі: Зорку 1939-1945, Зорку Італіі, Зорку Абароны, Медаль вайны 1939-1945. І ёсць спадзяванні, што брытанскія ўзнагароды сям’я яшчэ зможа атрымаць праз пасольства Велікабрытаніі.
Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (03.04.2010) | Аўтар: Павел ДАЙЛІД
Праглядаў: 2581 | Тэгі: Павел Дайлід, армія Андэрса | Рэйтынг: 5.0/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.