Чацвер, 28.03.2024, 12:40

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

“Залатое пяро” Віктара Гардзея
Гардзей, В.К. Трыадзінства : кніга паэзіі / Віктар Гардзей;
прадм. А. Марціновіча. – Мінск : Маст. літ., 2010. – 319 с.




Імя Віктара Гардзея ў літаратуры займае самавітае месца. Яго талент – і паэта, і празаіка – агульнапрызнаны. Вуліца ў роднай вёсцы Малыя Круговічы на Ганцаўшчыне носіць прозвішча свайго знакамітага гадаванца. Бадай, рэгулярна выходзяць кнігі (хоць і не ўсе з запланаваных). Вось і зусім нядаўна ў серыі "Залатое пяро” выйшла яго кніга паэзіі, якую можна назваць своеасаблівай анталогіяй. Своеасаблівай таму, што пад яе вокладкай сабраны лепшыя паэтычныя творы як апошніх часоў, так і… з перыяду самага пачатку творчага шляху адоранага тонкай душой і інтэлектуальным густам да слова палешука.

І ўсё ж, думаецца, увагі з боку прафесійных чытачоў да яго творчасці малавата. Гэта адзначае ў прадмове з трапнай назвай "Зямное і вечнае” і Алесь Марціновіч. Затое хто "паспытаў” Гардзеева Слова, якое ўскаласілася на жывым палескім востраве матчынай мовы, той заўсёды будзе затрымлівацца на радках пад гэтым прозвішчам, якое за амаль паўвека (як час ляціць!) стала нечым накшталт, як сёння модна казаць, брэнда. Праўда, слова "брэнд” прынята прымяняць хутчэй да "раскручаных” тавараў рынка. А з "раскруткай” тут слаба. Дый таварам назваць паэзію цяжка – нерэнтабельная яна. А можа, і лепей, што ўсё гэтак. Інакш магло б не быць той камернасці і інтымнасці, што нясе паэзія В.Гардзея, чытанне якой становіцца такім чынам феноменам элітарным. Да таго ж само асэнсаванне шырокага праблематычнага кола менавіта дзякуючы душэўным інтанацыям вершаў выклікае ў чытача адкрыты давер.

Некалі семнаццацігадовым юнаком В.Гардзей стварыў паэтычную замалёўку вясновага лесу пад назвай "Камертон”. А сёння ўжо пяро самога аўтара, якое столькі дзесяткаў гадоў ходзіць без фальшы па белых клавішах аркушаў, можна смела называць так. Інтанацыйны акадэмізм яго вершаў нярэдка сугучны з творамі лепшых паэтаў свету. Прычым гэта спадарожнічае вершам В.Гардзея, пачынаючы з самых першых. У вершы "Зімовы эцюд” (с. 22) юнак Гардзей міжволі пераклікаецца з юнаком Ясеніным. Параўнайма (апошняга цытую па памяці):
Над сумётамі светабудовы
Мігатлівае льецца святло.
От луны свет большой
Прямо на нашу крышу… 

Ці яшчэ:
П’е запоем ранак барадаты
Малако бярозак-маладзіц. (с. 39)
Клененочек маленький матке
Зеленое вымя сосет. 

Юнакі, улюбёныя ў родныя сумёты і дахі, адкрывалі перадусім для сябе касмічныя маштабы Сусвету, знаходзілі між імі цесную повязь і ад гэтага займала іх дых настолькі, што потым у рытме паэтычных памераў выхуквалася мелодыя захаплення жыццём – ад зямных драбніц да недасягальных фізічна, але не метафізічна, велічыняў. Вось як перадаецца імпрэсіянізм пацалунку ў аднайменным вершы:
Адно імгненне – вочы, вусны
Адчайна ў вечнасць адплылі,
Сучок пад яблыняю хруснуў,
І – ціха, ціха на зямлі.

Павеў салодкі, хмельны, горкі,
І – захістала, павяло.
Відаць, святло звышновай зоркі
Да нас у гэты міг дайшло.
(с. 38)
На жаль, жыццё не заўсёды песціць. І гэта асабліва востра адчуваюць паэты. Нездарма і кніга В.Гардзея названа трыадзінствам – Бяды, Журбы і Віны. Яны – як рэверс медаля, на аверсе якога трыяда Веры, Надзеі, Кахання. Такая дыялектыка. Але – парадокс! – мы не знойдзем нараканняў на жыццё. Яно прымаецца (з не меншымі па пачуццёвай сіле Верай, Надзеяй і Каханнем!). Паэт усведамляе, што "няма цяпла без дзён самотных” (с. 298). Таму і 
Не трэба, аднак, спачування:
Напісаны боль на раду. (с. 293)

Бо
Непастаянны дзень асенні,
І стогн, і ўздых, што рвецца часу ніць.
Ды ўсё ж цудоўныя імгненні,
Калі яшчэ душа баліць. (с. 289)
Паэзія В.Гардзея традыцыйная – і па форме, і ў тэмах. Здавалася б, нічога новага. Але якраз дзякуючы яго някідкай, але імліцытна яскравай чалавечай індывідуальнасці лірычны свет вершаў непаўторны. І ў той жа час – тыповы ў сваёй надзённасці, таму і блізкі, зразумелы, бадай, для ўсіх. Ці то ён піша пра прыроду, ці то пагружаецца ў філасафічныя нетры быцця, ці то адлюстоўвае боль абпаленага вайной пакалення, ці то спавядаецца ў нечым асабістым – усё замешана на шчырасці, якую прынята называць гранічнай.

Дзяцінства і вобраз рана страчанай маці перадаюцца ў вершах В.Гардзея з тонкім трымценнем, без громкагалоснага надрыву, на ўзроўні малітоўнага шэпту, каб напоўніцу пачуць які, трэба мець адпаведна далікатнае, чулае сэрца.
Забудзецца вобраз сірочы
І час, што мільгнуў паміж траў.
Успомніць бы матчыны вочы.
Згадаць бы, хто хлеба даваў.
(с. 281)
Тэма апошняй вайны ў нашай літаратуры прадстаўлена, мусіць, як рэдка ў якой, і шырока, і глыбока. Ды В.Гардзей і тут знайшоў свае ноты ці, дакладней, іх спалучэнне. Так, у "Баладзе пра тытунь”, датаванай трыццаць першым пасляваенным годам, паэт распавядае відавочна нявыдуманую трагедыю цёткі Мілы, якая столькі часу чакае свайго суджанага Сцяпана. Сімвалам таго чакання стаў яго самасад, які, пераняўшы яшчэ раней мужчынскую работу, пачала курыць і кабета:
– Мой родны, міленькі Сцяпанка,
Куру я ў смутку і ў журбе,
Бо той тытунь, што ўзрос ля ганка,
Не даў забыць, забыць цябе.
(с. 60)
У горы цёткі Мілы высвечана доля ўсяго народа, пасляваенныя фарбы якой можна параўнаць толькі з адценнямі чарнобыльскай жуды:
Дзе сеялі жыта – аблога,
Дзе бульбу садзілі – папар.
Над вёскай арлана крутога
Збянтэжана "ловіць” радар.
(с. 285)
Паэзія В.Гардзея характарызуецца сама па сабе "павышаным фонам” (цытата, с. 213) успрымання лірычнага героя да розных праяў гэтага свету, які бывае не толькі белым. Аднак і за смугой суму ды болю бачыцца тое, што не дае апусціць рукі, тое, што мацуе жыццёвыя сілы, нягледзячы на экзістэнцыйны драматызм. Таму той жа вобраз матулі паўстае тоесным анёлу-ахоўніку:
З белай завеі ты горкай часінай
Выйдзеш у белым, і мне ласкавей
Свет усміхнецца ў самоце адзінай
Воблакаў снежных і шумных завей.
(с. 280)
Дый кніга ў цэлым пакідае рэха матыву мажорнага, аптымістычнага, бо іншага і не магла навеяць "Навагодняя паштоўка землякам”, размешчаная, напэўна ж, не выпадкова ў кнізе наапошак:
Не пагасне язычніцкі Зніч –
Яркі бляск асвятляе загоны.
На пагорках маіх Кругавіч
Дабравестам царкоўныя звоны.
(с. 305)

А значыць – жыццё не спыняецца і доўжыцца знакамiты міг між мінулым і будучыняй, якая працягвае крочыць "праз гарызонт і парадоксы” (назва раздзела кнігі В.Гардзея), абяцаючы і надалей адкрыцці, новыя радасці, свежыя вершы…

Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (07.05.2010) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2909 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Трыадзінства, Віктар Гардзей, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.