Субота, 27.04.2024, 04:07

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Збіральнік народных скарбаў
Дзейнасць збіральнікаў паэтычных жамчужын народа М.Г. Чарнышэўскі назваў подзвігам. Сапраўдны подзвіг здзейсніў наш зямляк – фалькларыст, этнограф, мовазнавец, публіцыст Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі.

Владимир Касько
Уладзімір Касько даследчык жыцця і дзейнасці
Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага


Нарадзіўся ён 21 чэрвеня 1864 г. у вёсцы Бялевічы, што на Случчыне, у беднай сялянскай сям'і. Пасля сканчэння Вызненскага народнага вучылішча, як называлі раней звычайную чатырохгадовую школу, паступіў у 1881 г. у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1884 г. Аляксандр Сержпутоўскі ў якасці настаўніка пераступае парог Лучыцкага народнага вучылішча Мазырскага павета. З гэтага часу і пачынаецца яго даследчая дзейнасць.

Малады настаўнік запісвае купальскія і вясельныя абрады, песні, казкі, паданні. Багаты матэрыял для роздуму і асэнсавання рэчаіснасці даюць яму сустрэчы з простымі палешукамі, падзеі, што адбываюцца ў тутэйшых мясцінах. Узнікае жаданне расказаць пра ўсё гэта людзям. З 1891 г. на старонках "Минских губернских ведомостей" рэгулярна з'яўляюцца карэспандэнцыі, замалёўкі, у якіх Сержпутоўскі знаёміць чытачоў з цяжкім жыццём палешукоў, указвае на шкоду, што прыносяць здароўю людзей знахары, хатнія лекары.

У 1893 г. А. Сержпутоўскі пераязджае ў Мінск, працуе пісарам у аддзяленні сялянскага пазямельнага банка, а пазней – у паштова-тэлеграфным ведамстве. Праз год ён – супрацоўнік Пецярбургскага паштамта. Працу Аляксандр паспяхова спалучае з вучобай у археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах.

У 1906 г. Сержпутоўскі паступае на службу ў Рускі музей рэгістратарам этнаграфічнага аддзела. Адкрываецца новая старонка яго творчай біяграфіі. Па даручэнню Рускага геаграфічнага таварыства (РГП) ён даследуе маладаступную частку Беларусі па левых прытоках Прыпяці ў Слуцкім і Мазырскім паветах, дзе збірае багатую этнаграфічную калекцыю сялянскага адзення, земляробчых прылад, прыстасаванняў для рыбнай лоўлі і палявання, а таксама хатняга посуду, узораў вышыўкі. Вынікі першых экспедыцый этнограф-пачатковец абагульніў у нарысе "Беларусы-палешукі", які, аднак, не быў надрукаваны.

У ранніх працах А. Сержпутоўскага, прысвечаных старажытным народным традыцыям, звычаям, абрадам, адлюстраваны высокія маральныя якасці простага чалавека – пачуцці калектывізму, таварыскасці, узаемадапамогі. Да ліку такіх прац адносяцца, у прыватнасці, нарысы "Бонда", "Талака", "Сябрына", "Земляробчыя прылады Беларускага Палесся", "Бортніцтва ў Беларусі". Яны шмат даюць для пазнання грамадскага і сямейнага побыту, вытворчай дзейнасці і матэрыяльнай культуры беларусаў, іх сацыяльна-эканамічнага становішча ў дарэвалюцыйныя гады.

Збіральніцкая дзейнасць Сержпутоўскага прыпадае на той час, калі ў памяці народа яшчэ захаваліся ўспаміны пра здзекі памешчыкаў-прыгоннікаў з паднявольных сялян. Гэта быў таксама перыяд абуджэння рэвалюцыйнай свядомасці працоўных, перыяд трох рускіх рэвалюцый, якія адыгралі велізарную ролю ў ідэйна-палітычным выхаванні рабочых і сялян.

Падзеі эпахальнай важнасці адбіліся ў вусна-паэтычных творах, выклікалі вялікую цікавасць народных мас да казак, легенд, прыказак, напоўненых вострым сацыяльным зместам. Асаблівай крытычнай скіраванасцю характарызуюцца творы, сабраныя Сержпутоўскім і надрукаваныя ў зборніку "Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў" (1911). У іх бязлітасна высмейваліся памешчыкі, чыноўнікі і іншыя эксплуататары, раскрывалася палітычная свядомасць простага люду, гучаў пратэст супраць нацыянальнай несправядлівасці і антыгуманнага ладу. Кніга стала адметнай з'явай не толькі ў расійскай фалькларыстыцы, але і ў фалькларыстыцы ўсіх славянскіх народаў. Яна развянчала антынавуковую думку пра беларускую народную прозу, заснаваную быццам бы на міфалагічнай творчасці, паказала беларусаў як народ таленавіты, свабодалюбівы і, галоўнае, як носьбіта глыбокага філасофскага светаўспрымання.

Бібліяграфічнай рэдкасцю стаў зборнік A.К. Сержпутоўскага "Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету" (1926), у якім адлюстраваліся духоўныя змены, што адбыліся ва ўмовах распачатага пераўтварэння рэчаіснасці. Узбагаціліся погляды чалавека на свет, прыроду, на яго інтарэсы і запатрабаванні. Паступова знікала вера ў фантастычныя вобразы. У казцы, напрыклад, змянілася функцыя цудоўнага – яна стала больш дынамічнай, у яе канву пачалі ўплятацца матывы новага жыцця.

У галіне вывучэння старажытных вераванняў і светапогляду беларусаў важнае месца належыць фундаментальнаму зборніку А. Сержпутоўскага "Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў" (1930). У гэтай кнізе, якая з'яўляецца вынікам яго шматгадовай збіральніцкай дзейнасці, змешчаны вялікі фактычны матэрыял – 2275 запісаў легенд, паданняў, прымхаў, забабонаў, зробленых у паўднёвай частцы Слуцкага павета. Яны даюць магчымасць скласці поўнае ўражанне аб духоўным абліччы беларускага селяніна дарэвалюцыйнага часу са станоўчымі і негатыўнымі бакамі яго светапогляду.

Значны ўклад унёс A.К. Сержпутоўскі ў беларускае мовазнаўства. Вучоны рэзка крытыкаваў дарэвалюцыйных дэмографаў, якія не прызнавалі існавання самастойнай беларускай мовы і адносілі беларусаў па веравызнальнаму прызнаку (праваслаўны, католік) да рускіх або палякаў.

Свае думкі і назіранні адносна мовы беларусаў-палешукоў Сержпутоўскі выклаў у працы "Грамматический очерк белорусского наречия дер.Чудина Слуцкого уезда Минской губернии" (СПб., 1911). Матэрыялам для яе паслужылі запісы, зробленыя ў 1906-1907 гг., а таксама назіранні і даследаванні больш ранняга перыяду. Нарыс напісаны ў адпаведнасці з праграмай Аддзялення рускай мовы і славеснасці Імператарскай Акадэміі навук, складзенай Я.Ф. Карскім.

У кароткім уступе дадзена прыродна-геаграфічнае апісанне в.Чудзін – адной з самых глухіх палескіх вёсак, размешчаных сярод непраходных балот, далёка ад шашэйных і паштовых дарог. Жыхары гэтых месцаў рэдка выязджалі за межы сваіх вёсак, рэдка тут з'яўляліся і чужыя людзі. "Такі замкнуты лад жыцця, – пісаў Сержпутоўскі, – садзейнічаў таму, што тут, больш чым у іншых месцах, захаваліся характэрныя рысы народнага жыцця палешука-беларуса, які моцна трымаецца за ўсё дзедаўскае і вельмі туга ўспрымае навізну". Гэтыя абставіны, напэўна, і абумовілі выбар аб'екта даследавання. Да таго ж Чудзін размешчаны паблізу родных месцаў Сержпутоўскага.

Асобныя раздзелы твора прысвечаны фанетыцы, словаўтварэнню, марфалогіі, сінтаксісу і лексіцы чудзінскага говару.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць прыкладзеныя да нарыса "Матэрыялы для слоўніка", якія налічваюць звыш 2,5 тысячы слоў і фразеалагізмаў. Усе яны падзелены на 35 семантычных груп, што складаюць назвы прыродных з'яў, сялянскага хатняга посуду, адзення, a таксама тэрміны, якія адносяцца да вераванняў, ступеняў сваяцтва, саслоўяў і званняў, рамёстваў, назваў дрэў, птушак і г.д.

У артыкуле "Беларуская народнасць і рэлігія" (1918) Сержпутоўскі падкрэсліваў, што беларускі народ, нягледзячы на жорсткі ўціск, які прыгнятаў яго стагоддзямі, збярог у чысціні сваю мову і звычаі. А ў артыкуле "Да пытання аб беларускай арфаграфіі" (1918) ён заклікае шырэй скарыстоўваць багатую скарбонку жывой народнай мовы, клапаціцца пра адкрыццё беларускіх школ і стварэнне падручнікаў для іх.

А.К. Сержпутоўскі не пакінуў спецыяльных даследаванняў па народнай песні, але з яго экспедыцыйных дзённікаў добра відаць, як жыва цікавіўся ён народнай песнятворчасцю. Гэта пацвярджаюць і яго рэцэнзіі на выданні, прысвечаныя песні ("50 песен русского народа для мужского хора из собранных в 1902 г. в Саратовской губ. Л.Н. Некрасовым и Ф.Н. Покровским". М., 1907; Малевич С. "Белорусские народные песни". СПб., 1907).

А.К. Сержпутоўскі сцвярджаў, што абрадавыя песні трэба вывучаць у цеснай сувязі з асяроддзем, дзе яны бытуюць. Таму тэксты ён заўсёды дапаўняў апісаннямі рытуалаў, якія суправаджалі песню.

Мне пашчасціла знайсці ў асабістым архіве Я.А. Ляцкага, што захоўваецца ў Інстытуце рускай літаратуры АН Расіі (Пушкінскі дом) у Санкт-Пецярбургу, невядомы раней рукапісны зборнік Сержпутоўскага "Беларускія песні". У ім 53 творы, запісаныя ў 90-х гг. XIX ст. у Мазырскім павеце. Вялікую каштоўнасць уяўляюць песні траецкія (русальныя) і талочныя, якія дапамагаюць пазнаёміцца з абрадамі і звычаямі беларуса-палешука.

У 1924 г. Аляксандр Казіміравіч разам з кампазітарам Я. Прохаравым пабываў у Горацкім, Чавускім, Мсціслаўскім і Клімавіцкім паветах Магілёўскай губерні, дзе запісаў шмат вусна-паэтычных твораў. На жаль, лёс гэтага збору песень з нотамі невядомы.

Сярод навуковых прац Сержпутоўскага першых гадоў савецкай улады быў "Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы", падрыхтаваны на аснове капітальнага зборніка "Слоўнік дзіцячай мовы беларусаў", які яшчэ да рэвалюцыі аўтар перадаў у рукапісе акадэміку А. Шахматаву. Згодна заключэнню акадэміка Я. Карскага, аддзяленне Рускага музея 20 студзеня 1919 г. прыняло пастанову апублікаваць гэтую працу ў акадэмічным зборніку. На жаль, яна, як і шматгадовая праца "Слоўнік дзіцячай мовы беларусаў", не ўбачыла свету.

Больш як 20 гадоў жыцця аддаў A.К. Сержпутоўскі фундаментальнаму даследаванню "Быт беларусаў", у якім разглядалася і народная творчасць. Шкада, што і гэтая праца не захавалася.

У анкеце, уласнаручна запоўненай Аляксандрам Казіміравічам, гаворыцца, што ён аўтар 45 апублікаваных работ, удзельнік 25 навуковых – этнаграфічных, антрапалагічных і лінгвістычных экспедыцый.

A.К. Сержпутоўскі вёў вялікую даследчую, навукова-педагагічную і грамадскую работу. З'яўляўся асістэнтам, намеснікам хавальніка, хавальнікам Этнаграфічнага аддзела Дзяржаўнага рускага музея (1918-1930), узначальваў падкамісію ў Камісіі па складанню этнаграфічных карт і вывучэнню нацыянальнага саставу насельніцтва Расіі пры Акадэміі навук, аналагічную падкамісію ў РГТ (1922-1923), выкладаў у Нядзельным універсітэце для рабочых (1928), выступаў з лекцыямі перад слухачамі Беларускай гімназіі ў Петраградзе (1918-1923). Па даручэнню Ленінградскага аддзела народнай адукацыі распрацаваў план і праграму навукова-даследчых экскурсій па краіне (1921), прымаў удзел у рабоце акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ў Мінску (1926), з'яўляўся правадзейным членам Інбелкульта (1925-1927). A.К. Сержпутоўскім былі створаны першыя экспазіцыі па беларускіх і зарубежных славянах, распрацаваны планы перасовачных выставак "Беларусы", "Украіна", "Беларусы і БССР" (1929-1930).

Палымяны прапагандыст беларускай навукі і культуры, A.К. Сержпутоўскі імкнуўся зрабіць так, каб пра дасягненні рэспублікі, пра таленавіты, працавіты беларускі народ ведалі ва ўсіх кутках краіны, свету. Ён раіў, як лепш пераабсталяваць беларускія экспазіцыі музея, адбіраў калекцыі для міжнародных выставак. У планах вучонага было падрыхтаваць новую работу пра Беларусь, пра змены, што адбыліся ў побыце, светапоглядзе, культуры беларуса-палешука. Смерць, якая настала 5 сакавіка 1940 г., перашкодзіла здзяйсненню гэтых планаў.

Адной з характэрных рысаў A.К. Сержпутоўскага было тое, што ён умела спалучаў у сваёй працы акадэмічнае даследаванне з надзённымі задачамі дня, праблемамі будаўніцтва беларускай нацыянальнай культуры. Шырокае кола навуковых інтарэсаў, актыўная грамадзянская, жыццёвая пазіцыя – усё гэта паставіла Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага ў першыя шэрагі выдатных беларусазнаўцаў, якімі па праву ганарыцца народ.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (22.01.2011) | Аўтар: Уладзімір КАСЬКО
Праглядаў: 2854 | Тэгі: Владимир Касько, Аляксандр Сержпутоўскі, Александр Казимирович Сержпутовский, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.