Пятніца, 12.04.2024, 18:16

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Знайсці свой стрыжань для раённага музея. Установа, што зберагае Памяць і глядзіць у будучыню
Райвыканкамаўская "лятучка” з "К” Адраджэнне і развіццё cяла: сацыякультурны зрэз Памяць пра Подзвіг усяго народа — у помніках, абелісках, музеях баявой славы, выставачных музейных залах. Менавіта пра дзейнасць музеяў Ганцавіцкага раёна ў справе захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну і наогул — у дзейнасці па вывучэнні роднага краю і пойдзе гаворка ў артыкуле. А пісаць ёсць пра што. У раёне, акрамя Краязнаўчага музея, ёсць Музей баявой славы Паўла Зуйкевіча. І калі ў першай ўстанове ваенным гадам адведзены толькі адзін стэнд, дык у Музеі баявой славы, што знаходзіцца ў вёсцы Лактышы, экспазіцыя больш багатая, разнастайная і распавядае не толькі пра жыццёвы ды баявы шлях разведчыка, але і пра старонкі вызвалення краю. Зрэшты, перад намі — сапраўды рэдкі выпадак, калі раён мае адразу дзве значныя музейныя ўстановы, запатрабаваныя і мясцовымі жыхарамі, і гасцямі Ганцавіччыны, прычым кожная з іх вядзе свой кірунак захавальніцкай і даследчыцкай дзейнасці. Як ім зрабіць свой акцэнт у вывучэнні роднага краю і выхаванні сваімі сродкамі моладзі? У гэтым паспрабаваў разабрацца ў час камандзіроўкі.


Будынак Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея

Народ пытаецца і прапануе

Новы дызайн і экспанаты І ў Ганцавічах, і ў раёне правёў невялікае сацыялагічнае апытанне жыхароў. Да зберажэння памяці пра вайну беларусы заўсёды ставяцца з павагай і разуменнем, таму і пра некаторыя праблемы ў сферы культуры з гэтай нагоды казалі, як пра свае асабістыя.

Андрэй Аркадзьевіч, жыхар Ганцавічаў:
- Адкрылі ў нас не так даўно Краязнаўчы музей. А чаму дасюль не зробяць рамонт ягонага фасада? Будынак - у цэнтры горада, а выглядае, як звычайная вясковая хатка даваенных гадоў. Заезджы турыст пройдзе і нават не здагадаецца, што гэта - музей...

Людміла, студэнтка:
- Была ў нашым музеі неаднойчы. І сама хадзіла, і сяброў, што да мяне прыязджалі, прыводзіла... На жаль, экспазіцыя - невялікая. Пастаянна наведваю новыя выстаўкі, бо хочацца паглядзець на нешта арыгінальнае. Можа, трэба як-небудзь разнастаіць і пастаянную экспазіцыю: да прыкладу, зрабіць іншы дызайн або закупіць новыя экспанаты? Бо і ваўкі, і рыбы, і старадаўнія камяні ёсць у любым раённым музеі, а хацелася б чагосьці адметнага, унікальнага, таго, чаго няма ў іншых...

Святлана, жыхарка вёскі Лактышы:
- Школу мясцовую зачынілі, але ў будынку цяпер - сельскі клуб, бібліятэка і Музей Паўла Зуйкевіча. Хочацца даведацца, ці будзе рабіцца рамонт, ці завіруе тут жыццё? Бо калі і сельскі клуб зачыняць, дык, баюся, каб не атрымалася, што наша вёска акажацца "неперспектыўнай". І музей нам патрэбны, бо ў вёску часта прыязджаюць, менавіта каб яго наведаць, асабліва - улетку. А будынак школы - вялікі, месца там хапае. Можа, варта вольныя памяшканні прыстасаваць пад нешта цікавае?..

Інтрыга вясковай хаціны

Па прыездзе ў райцэнтр скіраваўся ў мясцовы Краязнаўчы музей. Дарэчы, побач з ім знаходзіцца Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў: тут пахаваны 187 чалавек, якія загінулі пад час баявых дзеянняў у Вялікую Айчынную вайну. Зрання і да позняга вечара ўсе два дні, пакуль я знаходзіўся ў Ганцавічах, там шчыравалі рабочыя: добраўпарадкаванне тэрыторыі каля помніка - адзін з важных этапаў падрыхтоўкі да агульнараённага святкавання Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Краязнаўчы музей - гэта звычайная вясковая хаціна: выгляд у яго не надта прэзентабельны, хаця якраз ён і перадае гістарычнае аблічча будынка такім, якім яно было ў 1930-я гады. Як распавяла мне дырэктар установы Ала Занька, у хуткім часе кіраўніцтва аддзела культуры паабяцала зрабіць рамонт фасада будынка. Але гэта - у будучым... Што ж можа прапанаваць музей турысту ўжо сёння?

На першы погляд - не так ужо і шмат. У музеі, адкрытым у 2002 годзе, - пяць залаў, чатыры з якіх прыстасаваны пад пастаянную экспазіцыю, а яшчэ адна - для зменных выставак. Шмат якія падобныя ўстановы краіны, дзе даводзілася бываць у журналісцкіх камандзіроўках, прапаноўваюць наведвальніку "тыпавы" маршрут: экскурсавод распавядае пра стаянкі старажытных людзей, знойдзеныя ў той або іншай мясцовасці раёна, спыняецца на этнаграфічных ды прыродных цікавостках краю, а пасля пераходзіць да расповеду пра раённы цэнтр - з часоў яго заснавання і да нашых дзён...

Не стаўся выключэннем і Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей. Хаця ёсць тут і свае арыгінальныя экспанаты: прывезены з Брэста бівень маманта, насценны гадзіннік, падораны Аляксандрам ІІІ рабочаму чыгуначнай станцыі, разнастайныя старадаўнія ліхтары...

Зрэшты, менавіта такі, падавалася б, стандартны набор абмінаць не тое што немагчыма, але і не варта. Ён выступае тым стрыжнем, ад якога адштурхоўваюцца і ўсе крэатыўныя пачынанні. Іншая справа, што дэманстраваць наяўныя фонды можна неяк па-асабліваму. Скажам, пры дапамозе адпаведнай сучаснай тэхнікі.

З-за таго, што ва ўстанове няма ні ўласнай відэакамеры, ні мультымедыйнай устаноўкі, каб прадстаўляць наведвальнікам прэзентацыі па той або іншай тэматыцы, яна даволі падобная да сваіх "сясцёр" у іншых раёнах Беларусі. Бо менавіта выкарыстанне сучасных тэхналогій дазваляе казаць пра музей якраз XXІ стагоддзя. Але, кажучы па праўдзе, наракаць на дрэннае матэрыяльнае забеспячэнне не выпадае: у музеі ёсць два камп'ютэры з падключэннем да Інтэрнета, сканер і прынтэр.

Пра тое, што ў музеі павінны быць найноўшыя сродкі мультымедыя, наша газета пісала неаднойчы. Разумеюць гэта і ў Ганцавічах. Але часцей за ўсё прычына адсутнасці падобных рэчаў у раённых музеях Беларусі, як і ў Ганцавічах, - банальная: недахоп грошай. Праўда, установа працуе і зарабляе добра: за 2009-ы тут выйшлі на паказчык у пяць мільёнаў рублёў, за першыя ж пяць месяцаў бягучага года зарабілі ўжо каля трох. Калі б гэтыя сродкі накіроўваліся непасрэдна на развіццё ўстановы культуры (маю на ўвазе набыццё неабходнай апаратуры), магчыма, музей змог бы прывабіць сваімі экскурсіямі нашмат болей наведвальнікаў.

Дзённік партызана

Вярнуся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў дзейнасці мясцовых музейшчыкаў. Пра гэты час у раённай установе, як ужо казаў, распавядае толькі адзін стэнд з некалькімі экспанатамі. Сярод іх асаблівую цікавасць можа выклікаць дзённік успамінаў камандзіра партызанскай брыгады, якая дыслацыравалася ў ганцавіцкіх лясах. Тым не менш, у агульным рэчышчы экспазіцыі гэтая старонка не губляецца, а яшчэ раз сведчыць пра маштабы і задачы ўстановы як асветніцкага цэнтра з самым шырокім зместам. Якраз ён, і ў кантэксце сённяшняга свята, зберагае памяць пра мінулае нашай зямлі і, дзякуючы скіраванасці на маладое пакаленне ды сучаснасць, глядзіць у заўтрашні дзень.

Таму не дзіўна, што падрыхтавалі музейшчыкі да сённяшняга дня і сваю праграму менавіта ў наступным кантэксце: 3 ліпеня ля свайго будынка яны ладзяць выстаўку "Ганцавічы: падарожжа ў часе", дзе будуць прадстаўлены экспанаты з фондаў.

Таксама пры цесным узаемадзеянні з музеем у раёне дзейнічаюць пяць экскурсійных маршрутаў, адзін з якіх - па ваеннай тэматыцы: гэта вандроўка па месцах воінскіх пахаванняў у саміх Ганцавічах і наваколлях. Таксама ў межах адной з экскурсій турысты наведваюць Музей баявой славы разведчыка Паўла Зуйкевіча...

Ва ўсёй гэтай дзейнасці - вялікая заслуга дырэктара раённага краязнаўчага музея Алы Занька. Яна - таленавіты арганізатар, які можа скіраваць працу сваіх супрацоўнікаў у патрэбнае рэчышча, што заўсёды прыносіць плён. Да таго, як стаць дырэктарам краязнаўчага музея, Ала Васільеўна працавала загадчыкам клуба ў вёсцы... Ганцавічы (яна размешчана за тры кіламетры ад горада). Арганізавала ў тым жа населеным пункце ў 1996 годзе Дом народнай творчасці, а ў 2000-м - Музей сялянскага падвор'я пад адкрытым небам, дзе паказаны побыт вяскоўца пачатку ХІХ стагоддзя.

Так што вопыту арганізатарскай дзейнасці Але Васільеўне не займаць. Але адпаведнай адукацыі ні яна, ні астатнія супрацоўнікі музея - а ёсць тут яшчэ старшы навуковы супрацоўнік, галоўны захавальнік фондаў і наглядчык - не маюць. Да таго ж, ва ўстанове маецца вакантнае месца навуковага супрацоўніка. Яго абавязкі часова выконвае дырэктар музея.

Яшчэ адна вялікая музейная праблема - недахоп плошчаў. З-за гэтага немагчыма прадставіць некаторыя прадметы з фондасховішча, ды і сам пакой для захавання фондаў не вельмі вялікі.

Подзвіг разведчыка

Натуральна, Раённы краязнаўчы музей не павінен засяроджвацца толькі на ваеннай тэматыцы. Для гэтага існуюць іншыя тыпы ўстаноў культуры - музеі баявой славы.

Падобная ёсць і на Ганцавіччыне. Дарэчы, музей баявой славы - з'ява даволі унікальная для раёнаў рэспублікі. Зрэшты, як сведчыць статыстыка, сёння, на жаль, не кожны раён мае і краязнаўчую ўстанову.

Музей, што носіць імя Зуйкевіча, стала размешчаны ў вёсцы Лактышы, у будынку былой сельскай школы, якую летась зачынілі. Дарэчы, у тым жа будынку знаходзіцца цяпер і сельскі клуб з даволі цікавым музеем, дзе прадстаўлены рыбы, што водзяцца ў мясцовай рацэ Лані, - плён працы аб'яднання "Аквафіл", - а таксама сельская бібліятэка. Але спыню ўвагу на Музеі баявой славы, тым больш, распавесці тут ёсць пра што.

Хаця б таму, што музейная ўстанова распавядае пра лёс разведчыка, ураджэнца вёскі Лактышы, Паўла Рыгоравіча Зуйкевіча, якога за баявыя заслугі Урад Чэхаславацкай ССР пасмяротна ўганараваў найвышэйшай ўзнагародай сваёй краіны - Ваенным крыжам.

Малады чалавек - на пачатку вайны Паўлу было васемнаццаць гадоў - удзельнічаў у партызанскім руху на Ганцавіччыне, трапіў у нямецкі палон, адкуль збег і пасля ваяваў у партызанскім атрадзе на Украіне. У 1944-м яго накіравалі на курсы радыстаў, а ў сакавіку 1945-га закінулі глыбока ў тыл ворага, у наваколле сталіцы Чэхіі, адкуль ён перадаваў звесткі пра дыслакацыю нямецкіх войскаў.

Але фашысты змаглі запеленгаваць рыдыёстанцыю савецкага разведчыка. 7-га красавіка 1945 года, не дажыўшы ўсяго крыху больш за месяц да канца вайны і паўгода да свайго 23-га дня нараджэння, Павел Зуйкевіч быў акружаны фашыстамі і загінуў у няроўным баі.

Пра ўсё гэта мне распавяла загадчык Музея баявой славы ў вёсцы Лактышы Надзея Мышкавец. На жаль, усе асабістыя рэчы Паўла Зуйкевіча згарэлі пад час бамбёжкі Лактышоў. Таму ва ўстанове культуры можна пабачыць некаторыя прадметы, што належалі баявым таварышам разведчыка, а таксама дакументы. Тут можна даведацца пра тое, як і хто вызваляў Ганцавіччыну ў 1944 годзе...

Па словах загадчыка музея, цяпер да іх не так ужо і часта прыязджаюць з экскурсіямі: зарабляе ўстанова ў месяц прыкладна 50 - 60 тысяч, хоць летам наведвальнікаў больш, чым у асенне-зімовы перыяд.

Магчыма, гэта адбываецца таму, што ў музеі не вельмі шмат экспанатаў, і экспазіцыя даўно (а музей быў адкрыты пры школе ў 1984 годзе) не абнаўлялася.

У абмеркаванні закранутых пытанняў прынялі ўдзел старшыня Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір СТОЛЯР і начальнік аддзела культуры Ірына МАРЦІНКЕВІЧ.


Удзельнікі абмеркавання: старшыня Ганцавіцкага райвыканкама
Уладзімір Столяр,
начальнік аддзела культуры Ірыны Марцінкевіч


Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Уладзімір Міхайлавіч, артыкул, прысвечаны Ганцавіцкаму раёну, выходзіць якраз 3-га ліпеня - у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь і ў 66-ю гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што з культурных мерапрыемстваў запланавана ў горадзе?

Уладзімір СТОЛЯР: - Як заўсёды, пройдуць мітынг на галоўнай гарадской плошчы, ускладанне кветак да Брацкай магілы. Будзем казаць і пра тое, чаго мы дасягнулі за той час, калі зрабіліся самастойнай дзяржавай. Менавіта ў такім накірунку і плануецца ладзіць мерапрыемствы ў гэты дзень: паказваць здабыткі Ганцавіцкага раёна. Дарэчы, як і ў мінулыя гады, адзін з рэжысёраў свята - Ірына Марцінкевіч.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Напачатку скірую гутарку ў бок ваеннай тэматыкі. Як і ў кожным раёне Беларусі, ёсць і на Ганцавіччыне помнікі салдатам-вызваліцелям, а таксама мірным жыхарам, якія былі расстраляны карнікамі, ёсць і свае гістарычныя аб'екты, звязаныя з вайной...

Уладзімір СТОЛЯР: - Не так даўно, у 2005-м, адкрылі помнік на сёмым кіламетры дарогі Ганцавічы - Хатынічы, дзе ў 1941 годзе былі расстраляны каля 300 яўрэяў. Ён паўстаў менавіта за сродкі раённага бюджэту.

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - А ўсяго ў раёне - 19 помнікаў, 17 з іх прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, 2 - воінам-афганцам. Усе яны дагледжаны, і стан іхні пастаянна кантралюецца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Не магу не спытаць пра Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей. Экспазіцыя, прысвечаная ваеннай тэматыцы, там не надта вялікая...

Уладзімір СТОЛЯР: - Але, адзначу, у некаторых рэгіёнах краязнаўчага музея ўвогуле няма. А мы свой утрымліваем за раённыя грошы.

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Па вялікім рахунку, на будучае трэба падумаць аб тым, каб размясціць музей у іншым, большым, будынку.

Уладзімір СТОЛЯР: - Але на сёння горад вольных будынкаў не мае...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Пакоі - маленькія, і шмат матэрыялаў там не размесціш. Да таго ж, мала месца для музейных фондаў: пакой фондасховішча - таксама невялікі. А там жа - каля 3000 адзінак у асноўным фондзе, і амаль 2600 - у дапаможным...

Уладзімір СТОЛЯР: - Галоўнае - што музей размешчаны ў цэнтры горада, таму ніякі турыст яго не абміне. І не абмінае.

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Была задума размясціць музей непадалёк ад горада - там, дзе былі вольныя вялікія будынкі, але мы адмовіліся ад гэтага.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Усё ж музею патрэбны рамонт, яшчэ хаця б адно памяшканне для размяшчэння фондаў...

Уладзімір СТОЛЯР: - Галоўнае - каб у такім музеі ішла праца. А яна ідзе, і я працай музейных супрацоўнікаў задаволены. Але, канешне ж, планаваць такое пашырэнне станем абавязкова.

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Выдаткаваны грошы на трэці квартал бягучага года - 10 мільёнаў рублёў: будзем рамантаваць фасад будынка.

Уладзімір СТОЛЯР: - Думалі над тым, каб выкарыстаць пры рамонце сучасныя матэрыялы, але вырашылі пакінуць усё без змен. Пластык, пагадзіцеся, не пасуе краязнаўчаму музею...

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - А фондасховішча, хутчэй за ўсё, размесцім у Дзіцячай школе мастацтваў, дзе ў нас дастаткова месца. Ці ёсць яшчэ адзін варыянт: на другім паверсе гарадскога Дома культуры, які месціцца побач.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Ёсць ва ўстанове і вакантнае месца навуковага супрацоўніка. Дарэчы, усе музейныя работнікі не маюць спецыяльнай адукацыі...

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Так, і гэта насамрэч праблема. Але я чакаю жніўня: да нас павінен прыйсці спецыяліст з БНТУ, археолаг. Ён, хутчэй за ўсё, зойме месца навуковага супрацоўніка музея, адказнага за ахову гісторыка-культурнай спадчыны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А ці чакае рамонту Музей баявой славы Паўла Зуйкевіча ў вёсцы Лактышы?

Уладзімір СТОЛЯР: - Наколькі я ведаю, у Лактышах трэба рабіць рамонт, і аддзел культуры ўжо распачаў гэтую працу.

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Сіламі гаспадарчай групы аддзела ўжо адрамантавана глядзельная зала, будзем даводзіць да ладу яшчэ шэраг кабінетаў. Выкарыстоўваем пазабюджэтныя сродкі і тыя, што выдаткаваны на бягучы рамонт устаноў культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Якія перспектывы ў гэтай вясковай установы?

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Гэта былы будынак школы, мы перавялі туды сельскі клуб і бібліятэку. Мяркуем зрабіць тут музейнаспартыўны комплекс. У дадатак да тых музеяў, што там працуюць, мы перанясём з Дома рамёстваў пакой здаровага ладу жыцця. Значыць, пад адным дахам будзе тры музеі! Карацей, - на любы густ і на любога, нават самага патрабавальнага, турыста. У школе даволі вялікая спартыўная зала. А ў Лактышах размешчаны рыбгас. Вельмі часта туды на рыбнае "паляванне" прыязджаюць турысты з Мінска, Баранавічаў, Ляхавічаў. Таму плануем адрамантаваць шэраг пакояў у гэтым будынку і прыстасаваць іх пад гасцінічныя нумары.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Ведаю, што пад Дзяніскавічамі стаяла партызанская брыгада імя Леніна. Ці існуе задума стварыць нешта накшталт экспазіцыі пад адкрытым небам, ладзіць туды экскурсіі, праводзіць тэатралізацыі, частаваць турыстаў юшкай або салдацкай кашай? Шмат грошай на гэта не спатрэбіцца. Да таго ж, не трэба скідваць з рахункаў і выхаваўча-патрыятычны складнік, ідэалагічны. Менавіта падобны Музей партызанскага побыту пад адкрытым небам ужо доўгі час існуе ў Расонскім раёне, дзе не так даўно давялося пабываць у камандзіроўцы...

Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Увогуле, ідэя - вельмі цікавая, і трэба сказаць, што мы пра гэта ўжо думаем. Каля Ясенца стаялі партызаны, гэта якраз па дарозе на Лактышы. Дык мы плануем у наступным годзе зрабіць там у лесе зямлянкі: гэтая праца сапраўды не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Наладзім і турмаршрут: будзем вазіць турыстаў у Лактышы, дзе мяркуем размясціць музейнаспартыўны комплекс, потым - у Ясянец, дзе ёсць пахаванні, а канцавым прыпынкам стануць партызанскія зямлянкі. Плануем задзейнічаць нашых артыстаў з навакольных дамоў культуры; будуць вогнішча, юшка, салдацкая каша...

Уладзімір СТОЛЯР: - Пра вайну не забываемся ніколі. Пры ГДК у нас ёсць хор народных ветэранаў - адзін з лепшых калектываў раёна. Як 3 ліпеня, так і 9 мая кожнаму ветэрану вайны ўручаюцца падарункі ад райвыканкама. Мы думаем і пра сучаснасць. Таму, натуральна, не толькі захоўваем і ўвекавечваем Подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, але і паказваем сённяшнія дасягненні, сваю самабытнасць, у тым ліку і культурную. Неабходна казаць, да прыкладу, пра хатыніцкіх спевакоў з народнага фальклорнаэтнаграфічнага гурта "Хатовічы", што выступаюць на сваёй мясцовай гаворцы, пра пастуха, які ідзе з торбачкай, дзе вышыты беларускі арнамент. І - пра моладзь, што не цураецца ні беларускай культуры, ні беларускай мовы. У гэтым бачу галоўнае: у тым, каб заўсёды заставалася непарыўнай повязь пакаленняў.

Дэталь да агульнай карціны/ Каго ведае ўвесь раён?

У межах артыкула не магу не распавесці хаця б сцісла пра чалавека, якога, без перабольшання, ведаюць усе ў Ганцавічах. Гэта Вольга Іванаўна Задзяркоўская, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.

Яна два гады - з 1942-га па 1944-ы - была ў шэрагах тых, хто вызваляў Радзіму ад карычневай чумы. Скончыўшы ў 1942 годзе курсы сувязістаў, Вольга Задзяркоўская служыла ў чатырнаццатай асобнай роце сувязі 22-й гвардзейскай Данбаскай Чырванасцяжнай бамбардзіровачнай дывізіі.

Пасля вайны працавала на чыгуначнай станцыі, скончыла Ганцавіцкае педвучылішча і доўгі час была настаўніцай. Выйшаўшы на пенсію, Вольга Задзяркоўская вырашыла напісаць успаміны пра сваё жыццё. Гэты каштоўны матэрыял, а таксама звесткі па гісторыі пасляваеннай Беларусі (выразкі з газет, шматлікія фотаздымкі) Вольга Іванаўна карпатліва збірала і збірае па сёння; цяпер у ейным архіве - больш за 20 сшыткаў, своеасаблівы хатні музей. Было б, вядома, няблага, каб усе гэтыя каштоўныя дакументы папоўнілі з цягам часу фонды Раённага краязнаўчага музея.

Да таго ж, Вольга Задзяркоўская - актыўны ўдзельнік творчай самадзейнасці: была адным з арганізатараў стварэння ў 1986 годзе народнага хору ветэранаў, што дзейнічае пры Ганцавіцкім ГДК. А яшчэ Вольга Іванаўна займаецца вышыўкай і ткацтвам.


Cцяг, што трымае ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны,
сшыты ёй яшчэ ў далёкім 1956-м.
І больш за 20 гадоў гэтае палотнішча выносілася рабочымі
чыгуначнай станцыі "Ганцавічы" на парады, мітынгі і шэсці

Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі". Жалуды партызанскай школы

Галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана ГАЎРЫЛАВА: - У праект Дзяржаўнай праграмы развіцця культуры і мастацтва на 2011 - 2015 гады закладзены ўсе тыя прапановы, якія прадставілі нам абласныя ўпраўленні культуры па развіцці музейных устаноў у сваіх рэгіёнах. У тым ліку гэта датычыцца і набыцця мультымедыйных сродкаў.

Цяпер музеі працуюць згодна з "Праграмай развіцця музейнай справы ў Рэспубліцы Беларусь на 2005- 2010 гады". І калі гаварыць пра Брэсцкую вобласць - там ёсць шматлікія прыклады сапраўднага крэатыву. Маю на ўвазе, напрыклад, музей "Бездзежскі фартушок" на Драгічыншчыне, а таксама Бярозаўскі краязнаўчы музей. Дарэчы, музей у Бярозе прызнаны лепшай установай 2009 года ў намінацыі "Музейна-педагагічны занятак". Мясцовыя супрацоўнікі назвалі яго "Літары на бярозавай кары" і прысвяцілі 65годдзю вызвалення Беларусі: школьнікі тут могуць папрацаваць на партызанскай рацыі, пазаймацца матэматыкай з дапамогай жалудоў і яловых шышак...

Што да праблемы з фондасховішчам, якая ёсць у Ганцавіцкім краязнаўчым музеі, дык, згодна з той жа дзеючай праграмай, прадугледжана паляпшэнне ўмоў працы і аховы музейных фондаў у кожнай вобласці Беларусі, у тым ліку і на Брэстчыне. На гэта накіроўваюцца сродкі з абласных бюджэтаў.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (12.06.2010) | Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ W
Праглядаў: 2482 | Тэгі: газета Культура, Ірына Марцінкевіч, Вольга Задзяркоўская, Юрый Чарнякевіч, Ала Занька, Уладзімір Столяр | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.