Чацвер, 28.03.2024, 11:57

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Вяртанне да сваіх каранёў
Як і ў іншых мясцінах, летапісная гісторыя Ганцаўшчыны складаецца з гераічных подзвігаў і звычайнай працы яе людзей, вызначальных грамадска-палітычных падзей і невялікіх малюнкаў з паўсядзённага жыцця, вясёлых святкаванняў і малавядомых трагічных старонак. Не менш багатая яна на розныя загадкі і таямніцы. Адказы на іх, захаваныя сярод архіўных дакументаў, ці ў людской памяці, цярпліва чакаюць сваіх даследчыкаў. Альбо — шчаслівага выпадку. А ў тым, што яны рана ці позна знаходзяцца, яшчэ раз пераканала падзея, якая нядаўна адбылася ў Агарэвічах.

Напрыканцы ліпеня на ганку агарэвіцкай сядзібы, ці, як інакш у нас яе называюць — панскага дома з’явіліся вандроўнікі: мужчына і жанчына. Яны са шчырым здзіўленнем і непадробнай цікавасцю разглядвалі былы маёнтак, рабілі яго здымкі і нешта з захапленнем гаварылі адзін аднаму. Сядзіба знаходзіцца побач з ажыўленай дарогай і да таго, што сюды перыядычна наведваюцца турысты, Галіна Кулікоўская — загадчыца гасцініцы СВК "Агарэвічы”, размешчанай тут, даўно прывыкла. Аднак, якім вялікім было яе здзіўленне, калі яна даведалася, што бачыць аднаго з нашчадкаў апошняй уладальніцы маёнтка — пані Марыі Апацкай!

Мужчына, які стаяў на ганку, назваўся Кшыштафам з роду Свяжынскіх. Ён, пляменнік старэйшай дачкі пані Марыі — Ірэны Свяжынскай, спецыяльна прыехаў у Агарэвічы з Варшавы. Тут, дзеля таго, каб чытачы маглі зразумець сувязь паміж Апацкімі і Свяжынскімі, неабходна зрабіць невялікі экскурс у гісторыю гэтай сям’і, якую падрабязна напісаў пан Кшыштаф.


Дзякуючы плану, які намалявала дачка апошняй уладальніцы панскага дома —
Ірэна, Галіна Кулікоўская адкрыла для сябе новыя,
невядомыя раней старонкі з гісторыі Агарэвіч

Так склалася, што за сваё жыццё пані Марыя тройчы была замужам. Першым яе мужам быў Пётр Свяжынскі, у шлюбе з якім у яе нарадзілася дачка Ірэна. Пасля смерці Пятра Марыя выйшла замуж за Тараевіча і нарадзіла сына Браніслава. Аднак Тараевіч таксама неўзабаве памёр, і Марыя выйшла замуж за Апацкага, ад якога нарадзіла дачку Марыю. Такім чынам, у адной сям’і перапляліся тры роды: Свяжынскіх, Тараевічаў і Апацкіх.


На плане дэталёва пазначаны ўсе асноўныя аб’екты,
якія меліся на сядзібе Апацкіх

Інфармацыя, якую паведаміў варшаўскі госць, аказалася амаль сенсацыяй. Да гэтага часу прынята было лічыць, што восенню 1939 года супрацоўнікі органаў НКУС сярод ночы паднялі пані Марыю і ў адной сарочцы, разам з трыма дзецьмі пагналі на станцыю Ганцавічы, каб адтуль адправіць у Сібір. Аднак, быццам бы сялянам удалося ўратаваць малодшую дачку Марыю, а таму ў ссылку былі адпраўлены толькі ўладальніца маёнтка, яе старэйшая дачка Ірэна і сын Браніслаў. Меркавалася, што па дарозе ў Сібір Ірэна памерла, а што далей сталася з самой пані і яе сынам, дакладна было невядома. Прынамсі, так пра гэта ўказваецца ў раздзеле, прысвечаным Ганцаўшчыне ў кнізе "Прэс-тур у глыбінку”, якая была выдадзена ў 2006 годзе.

Аднак, як аказалася на самай справе, пазбегнуць ссылкі ўдалося ўсім траім дзецям Марыі Апацкай — іх выратавала старая служанка пані — Юзэфа. Яе невялічкі домік знаходзіўся побач з сядзібай ў месцы, якое вяскоўцы называюць "Залешша”. Там яна і прытуліла Ірэну, Броніка і Марыю. Няцяжка здагадацца, што гэтая простая жанчына, ратуючы панскіх дзяцей, рызыкавала ўсім. У той час за гэта можна было трапіць у лік "ворагаў народа”, размова з якімі была кароткай: іх чакалі турма, Сібір, ці расстрэл.


5 ліпеня 1939 года — апошнія месяцы шчаслівага жыцця.
Марыя Апацкая з сынам Браніславам (у цэнтры) на адпачынку

Можна меркаваць, што акрамя чалавечай спагады да дзетак, якія трапілі ў бяду, пайсці на гэты рызыкоўны крок Юзэфу прымусіла і нейкае пачуццё ўдзячнасці да іх маці. Для таго, каб лічыць так, маюцца ўсе падставы: па ўспамінах мясцовых старажылаў, пані Апацкая была добрай і адукаванай жанчынай, якая з вялікай павагай і прыязнасцю ставілася да простых людзей. І тыя, у сваю чаргу, адказвалі ёй тым жа.

На вялікі жаль, як расказаў пан Кшыштаф, зімой Юзэфа, шукаючы па вёсках хлеб для галодных дзяцей, вельмі прастудзілася, моцна захварэла і памерла. Па ўспамінах яго цёткі Ірэны, дванаццацігадовы Бронік у зімнюю сцюжу сам выкапаў магілу і пахаваў іх выратавальніцу Юзэфу. У хуткім часе пасля гэтага лёс раздзяліў дзяцей: Ірэна і Марыя перабраліся ў Польшчу (Ірэна пасля — у Англію), а вось сляды Браніслава згубіліся. Як паведаміла Галіна Кулікоўская, пра яго вядома толькі тое, што пасля вайны Браніслаў прыязджаў у Агарэвічы і сустракаўся са сваім знаёмым Міхаілам Ігнацьевічам Міхневічам, які і дагэтуль жыве ў вёсцы. Магчыма, праз яго ўдасца знайсці нейкія нітачкі, якія і прывядуць да сына пані Апацкай. Сама ж яна здолела прайсці ўсе выпрабаванні сібірскай ссылкі і пасля вызвалення таксама пераехала ў Польшчу, а адтуль — у Англію.

Па словах пана Кшыштафа, яго цётка ўсё сваё жыццё (Ірэна памерла ў 2000 годзе ў Лондане) імкнулася адшукаць свайго брата Браніслава, ці яго нашчадкаў. А цяпер гэта робіць ён, яе пляменнік. Бо знайсці ўсіх прадстаўнікоў сям’і Свяжынскіх — Тараевічаў — Апацкіх, і сабраць іх разам — яго запаветная мара. У свой час, каб захаваць гісторыю свайго роду і неяк дапамагчы ў пошуках родных, Ірэна па памяці намалявала схематычны план сядзібы Апацкіх і зрабіла аўдыёзапісы сваіх успамінаў. Копію гэтага плана Кшыштаф перадаў цяперашняй захавальніцы сядзібы Г. Кулікоўскай. З плана выходзіла, што на тэрыторыі сядзібы меліся прыгожыя грабавая, яловая, тапаліная і ліпавая алеі (апошнюю спілавалі недзе напачатку 1970-х гадоў), некалькі кветнікаў і вялікі сад. Непадалёк размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, ляднік і сыраварня.

Пан Кшыштаф шчыра прызнаўся, што едучы ў Агарэвічы разлічваў застаць, у лепшым выпадку, руіны ці падмурак сядзібы Апацкіх. Таму яго да глыбіні душы ўразіла тое, што нягледзечы на прайшоўшы час і ўсе гістарычныя катаклізмы, маёнтак яго продкаў не толькі захаваўся цэлым, але і працягвае служыць людзям. Пра гэта, не хаваючы свайго хвалявання, ён расказаў Галіне Кулікоўскай і старшыні Агарэвіцкага сельвыканкама Святлане Агейка. Пан Кшыштаф запэўніў, што сёлета, недзе напрыканцы верасня — пачатку кастрычніка, ён абавязкова зноў наведае Агарэвічы. А да гэтага часу, можа, адкрыюцца новыя звесткі пра лёс Браніслава. Неабходна адзначыць, што для такіх спадзяванняў маюцца свае падставы: пошукамі нашчадкаў роду Апацкіх на працягу апошніх гадоў таксама займаецца і Г. Кулікоўская. Яна пасылала некалькі запытаў у Польшчу і напісала ліст на тэлеперадачу "Жди меня".


Так выглядае сядзібны дом сёння

Хто яго ведае, магчыма дзякуючы агульным намаганням і дапамозе новых сяброў з Агарэвіч, сваякі здолеюць адшукаць сляды Браніслава альбо яго нашчадкаў. Пры такім шчаслівым збегу акалічнасцей зможа, нарэшце, ажыццявіцца мара пана Кшыштафа, і тры галіны агарэвіцкага роду Свяжынскіх — Тараевічаў — Апацкіх зноў сыдуцца разам. І, было б вельмі сімвалічным, каб гэтая падзея адбылася на роднай для іх, ганцавіцкай зямлі. Ва ўсякім выпадку, шчыра хочацца спадзявацца, што так яно і будзе.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (19.08.2010) | Аўтар: Генадзь ПАПЛАЎСКІ-Савецкае Палессе W
Праглядаў: 2298 | Тэгі: Свяжынскія, Агарэвічы, Апацкія, газета Савецкае Палессе, Генадзь Паплаўскі | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.