Субота, 18.05.2024, 22:36

ДРЭААПРАЦОЎЧЫЯ РАМЁСТВЫ

Галоўная »
ДРЭААПРАЦОЎЧЫЯ РАМЁСТВЫ – асноўныя з іх: цяслярства, сталярства, бондарства, стальмашнае рамяство, такарнае рамяство, разьба па дрэве, пляценне, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на больш спецыялізаваныя заняткі. Дрэваапрацоўчыя рамёствы найбольш старажытныя, узніклі на пачатку чалавечай гісторыі разам з вырабам прымітыўных прылад працы. У кожную археалагічную эпоху дрэва побач з каменем, косцю, пазней жалезам было найважнейшым матэрыялам для вырабу прадметаў ужытку, зброі, разнастайных прылад. Мэтанакіраваная дрэваапрацоўка (пляценне, адсяканне, расколванне, выдзёўбванне, заточка) вядома з часоў палеаліту.

Са з’яўленнем жалезных прылад істотна ўдасканальвалася тэхналогія дрэваапрацоўкі, якая дала пачатак цяслярству, сталярству, вырабу посуду. З эвалюцыяй грамадства і ўдасканаленнем рамеснай тэхнікі паглыблялася вытворчая спецыялізацыя, што абумовіла дыферэнцыяцыю дрэваапрацоўчых рамёстваў на адносна самастойныя вытворчыя заняткі. Так, у цяслярскай справе вылучыліся выраб дахавых матэрыялаў, будаўніцтва мастоў, абарончых аб'ектаў, у сталярнай — выраб прыкладных элементаў жылля (акон, дзвярэй і інш.), мэблі, сельскагаспадарчых прылад, у стальмашным — вытворчасць рабочых вазоў, карэт, колавае, саннае, дужнае рамяство і інш.

У 17 ст. на Беларусі існавала каля 30 рамесных прафесій, звязаных з апрацоўкай дрэва. У гарадах рамеснікі адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцей утваралі свае карпарацыйныя аб'яднанні — брацтвы, або цэхі. Найбольш пашыраны дрэваапрацоўчыя рамёствы былі у сельскай мясцовасці. Частка сельскіх рамеснікаў несла службы пры замках, гасцінцах, фальварках і жыла асобнымі дварамі ці пасёлкамі. Вядомы службы цяслярская, дойлідская, калёсніцкая, бандарная і інш. Другая частка сельскіх майстроў вызвалялася ад пастаяннай службы і плаціла чынш. Дрэваапрацоўчыя рамёствы ў сельскай мясцовасці былі дапаможным заняткам. У сярэднявеччы амаль кожная сялянская сям'я сама будавала жыллё, рабіла сельскагаспадарчыя прылады, прадметы ўжытку, посуд, простую мэблю, транспартныя сродкі. Сельскія майстры звычайна не мелі спецыяльнага памяшкання; на двары пад паветкай стаяў варштат, знаходзіліся простыя вытворчыя прыстасаванні і інструменты. Зімой у хаце выраблялі посуд, плялі лапці, кошыкі і інш. Частка вырабаў прызначалася для аднавяскоўцаў, жыхароў суседніх вёсак ці збывалася на мясцовых кірмашах.

З развіццём капіталістычных адносін і ажыўленнем гандлёва-эканамічных сувязей дрэваапрацоўчыя рамёствы набывалі форму адыходных промыслаў. Некаторыя майстры-гаспадары мелі вучняў і падсобных рабочых, якіх адпраўлялі ў суседнія вёскі рамантаваць калёсы, рабіць бочкі, цэбры, дзежкі, тачыць верацёны і інш. Многія цесляры і сталяры хадзілі на заробкі ў аддаленыя мясціны. Назіралася і геаграфічная спецыялізацыя дрэваапрацоўчых рамёстваў. Так, у Віцебскай губерні ў пачатку 20 ст. цесляроў сярод сельскага насельніцтва было значна больш, чым спецыялістаў іншых прафесій. Колькасна яны займалі першае месца і ў Магілёўскай губерні (3500 чалавек). Разам з тым тут былі развіты сталярны промысел і вытворчасць дахавых матэрыялаў (асабліва гонтаў). Высокім узроўнем народнага дойлідства вызначаліся Случчына і Нясвіжчына. Апрацоўка ліпавай кары і вытворчасць плеценых вырабаў былі пашыраны на Міншчыне, у некаторых раёнах Магілёўскай губерні. Вырабам рагож славіўся Рагачоўскі павет. Пляценне з лубу, лазы вядомы на Піншчыне, Мазыршчыне і ў Налібоцкім краі. У басейнах Дняпра, Бярэзіны, Прыпяці, Заходняй Дзвіны і Нёмана значная частка насельніцтва займалася нарыхтоўкай і тралёўкай лесу, пярвічнай апрацоўкай драўніны, вырабам брусоў, дошак, бандарнай клёпкі, гонтаў, сухой перагонкай драўніны і лесасплавам.

У наш час дрэваапрацоўчыя рамёствы існуюць у форме індывідуальнай працоўнай дзейнасці як народнае ўмельства і дапаможны промысел у сельска-гаспадарчай вытворчасці. Асваенне лепшых традыцый дрэваапрацоўчых рамёстваў спрыяе развіццю мясцовай прамысловасці і нацыянальнага прыкладнога мастацтва.

Аўтар: В.С.Цітоў
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1400]
Здарэнні [469]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.