Субота, 27.07.2024, 03:26

ЛУЖКОЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА І КЛЯШТАР ПІЯРАЎ

Галоўная »
ЛУЖКОЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА І КЛЯШТАР ПІЯРАЎ размяшчаецца ва ўсходняй частцы вёскі Лужкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Касцёл пабудаваны ў 1744—56 гг. з цэглы пры кляштары піяраў.


Кляштар існаваў у 1741—1832 гг. Заснаваны ўладальнікам Лужкоў полацкім кашталянам В.Жабам, які ахвяраваў піярам фальварак Віснік, пляц пад кляштар і калегіум (у яго гонар называўся Валерыянаўскім), парк і школу (дзейнічала з 1744 г., пазней вучылішча). Жонка Жабы ахвяравала на калегіум 1000 злотых. На 1832 г. кляштар валодаў 13 вёскамі і 330 сялянамі. У канцы 1750-х гг. навучальная сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформаў С.Канарскага, у апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі калегіум уваходзіў з 1783 г. ў Навагрудскую, з 1790 г. ў Піярскую навучальныя акругі, у 1782 г. меліся 3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 4 выкладчыкі, 130 вучняў. Сярод выкладчыкаў і выхаванцаў калегіума: філосаф А.Доўгірд, прафесары Віленскага універсітэта К.Пасалаеўскі, Ф.Серафіновіч, доктар філасофіі А.Паўстанскі, выкладчык нямецкай мовы П.Альбрыхт. У 1793 г. калегіум пераўтвораны ў павятовае чатырохкласнае вучылішча з шасцігадовым тэрмінам навучання. У 1807 г. тут вучылася 116 юнакоў. У вайну 1812 г. разрабаваны французамі. У 1816 г. ў вучылішчы адбыліся хваляванні, за непадпарадкаванне кіраўніцтву выключаны 47 вучняў са 113 (у 1817 г. былі 144 выхаванцы). У 1825 г. рэарганізавана ў звычайнае чатырохкласнае павятовае вучылішча. За ўдзел выкладчыкаў у паўстанні 1830—31 гг. вучылішча ў 1832 г. зачынена, маёмасць піяраў секвестравана. У 1843 г. касцёл перабудаваны пад праваслаўную царкву і абкружаны бутавай агароджай. Пасля Вялікай Айчыннай вайны закрыты. У 1988 г. вернуты вернікам.

Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока, вызначаецца дынамічнасцю вытанчанай вертыкальна накіраванай кампазіцыі, багаццем аб'ёмнай і дэкаратыўнай пластыкі. Дзвюхвежавы аднанефавы храм з выцягнутай акруглай апсідай, да якой па 6аках сіметрычна далучаны нізкія сакрысціі. Тарцы двухсхільнага даху аформлены фігурнымі шчытамі. Чатырох'ярусныя чацверыковыя вежы развернуты вуглом да цэнтральнай увагнутай плоскасці галоўнага фасада, які прафіляванымі цягамі падзелены на тры ярусы, інтэнсіўна крапаваныя пілястрамі. Вылучаныя пабелкай вуглавыя і прасценачныя пілястры акаймоўваюць архітэктурныя масы і надаюць будынку графічную выразнасць. Разнастайныя праёмы з лучковымі, паўцыркульнымі і фігурнымі арачнымі завяршэннямі аформлены тонкапрафіляванымі ліштвамі, хвалістымі броўкамі. Дэкаратыўнае вырашэнне ўзбагачаецца двухколернай тынкоўкай сцен і ордэрнай пластыкай.

У інтэр'еры неф і апсіда перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Сцены раскрапаваны паўкалонамі на высокіх пастаментах і з капітэлямі з лісця аканта, валют і галовак пуцці. Адхілы высокіх арачных аконных праёмаў, прасценкі, скляпенні ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай. Пластыка-дэкаратыўныя акцэнты інтэр'ера — тры ракайльныя двух’ярусныя стукавыя алтары, упрыгожаныя драўлянай скульптурай. Над уваходам хоры, абмежаваныя хвалістым парапетам.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 45
Гасцей: 45
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.