Пятніца, 17.05.2024, 10:07

МАЗЫРСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА І КЛЯШТАР ЦЫСТЭРЫЯНАК

Галоўная »
МАЗЫРСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА І КЛЯШТАР ЦЫСТЭРЫЯНАК размяшчаецца на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада Мазыр Гомельскай вобласці паміж ракою Прыпяць і стромкім правым берагам, на вуліцы Гогаля, у былым прадмесці Кімбараўка. Пабудаваны ў 1743—45 гг. з цэглы паводле ініцыятывы прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага на сродкі кіеўскага падчашага З.Шукшты і жонкі мазырскага земскага пісара С.Камароўскай.


Першы драўляны касцёл пры кляштары цыстэрыянак заснаваны ў 1610 г. па загадзе караля Жыгімонта II. Казімір Сапега падараваў кляштару 30 тысяч злотых, свой уклад зрабіла і мазырская шляхта. Былі пастаўлены мураваныя будынкі. Пры кляштары існавала школа (у 1809 г. вучылася 28 дзяўчат). Пасля закрыцця кляштара ў 1883—88 гг. будынкі перададзены праваслаўнай кансісторыі, у сувязі з чым у 1893—94 гг. касцёл рэканструяваны (прыбудавана званіца, бакавая мураваная галерэя). Да 1990-х гг. касцёл выкарыстоўваўся пад музычнае вучылішча. Захаваліся будынкі касцёла і часткова жылога корпуса, абнесеныя мураванай агароджай. У 1990-я гг. рэстаўрыраваны і вернуты прыхаджанам.


Кaсцёл — помнік архітэктуры позняга барока. Аднанефавы з трохграннай апсідай храм пад высокім двухсхільным дахам з увагнутымі вальмамі над апсідай. Архітэктурна-пластычны акцэнт створаны на галоўным фасадзе, расчлянёным на тры часткі высокімі пілястрамі і завершаным тонкапрафіляваным карнізным поясам, крапаваны экседрамі з ракавінамі і фігурнымі нішамі, завершаны сгупеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894 г.). Бакавыя плоскасныя фасады прарэзаны па трох ярусах лучковымі і квадратнымі аконнымі праёмамі з глыбокімі адхіламі ў моцнай тоўшчы сцен (1,5 м), расчлянёны ў прасценках шырокімі лапаткамі. Галоўны ўваход — праз нізкі пяцігранны прытвор, дэкарыраваны буйнымі пілястрамі.


Зала храма пры рэканструкцыі падзелена на два паверхі, перакрыта цыліндрычным скляпеннем з падвойнымі падпружнымі аркамі і люнетамі. Конхавая апсіда вылучана арачным прасветам, сцены крапаваны шматслойнымі карнізамі, падвойнымі пілястрамі, арачнымі нішамі, апяразаны буйным тонкапрафіляваным карнізам. Скляпенні былі дэкарыраваны фрэскавай размалёўкай на сюжэты з гісторыі ордэна цыстэрцыянак (выканана ў 1804 г., не захавалася).


Першапачаткова з касцёлам з паўднёвага ўсходу злучаўся крыты чарапіцай П-падобны ў плане трохпавярховы жылы корпус (першы паверх быў мураваны, другі і трэці — фахверкавыя ці з «прускага муру»), які ствараў унутраны двор. Захаваўся прамавугольны ў плане двухпавярховы аб'ём пад двухсхільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі, у прасценках — шырокімі лапаткамі. Планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем тыпавых келляў з цыліндрычнымі скляпеністымі перакрыццямі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1396]
Здарэнні [469]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.