Пятніца, 03.05.2024, 09:40

МЯДЗЕЛЬСКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ

Галоўная »
МЯДЗЕЛЬСКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ СЛАВЫ заснаваны ў г.Мядзел ў пачатку 1968 г. рашэннем Мядзельскага райвыканкама. 18.03.1969 г. музей адкрыты для наведвальнікаў. Размяшчаўся ў невялікім драўляным будынку. У 1981 г. для музея ўзведзены новы будынак. Вялікую дапамогу ў зборы фондаў музея аказалі беларускія вучоныя Я.Г.Звяруга, Г.А.Каханоўскі, М.А.Ткачоў, М.М.Чарняўскі. У 1985 г. да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адчынена зала Перамогі, у маі 1989 г. музей быў адкрыты для наведвальнікаў. Першы дырэктар К.Ц.Бобрык, затым музеем кіравалі К.Б.Шымакоўская, Н.М.Мацюшонак, А.Г.Клямяціч. З 2008 г. дырэктар С.А.Чарняўская. 23.12.2004 г. музей зарэгістраваны як юрыдычная асоба і мае назву Дзяржаўная ўстанова «Мядзельскі музей народнай славы».

Мядзельскі музей народнай славы

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 18948 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 14078 адзінак. Агульная плошча экспазіцыйных памяшканняў складае 563 м².

Музейныя экспанаты асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў утвараюць 17 калекцый: дакументы, фотадакументы, друкаваныя выданні, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, прадметы этнаграфіі і побыту, народныя ткацтва і адзенне, прадметы культу, археалогія, нумізматыка, фалерыстыка, баністыка, філатэлія, іканапіс, жывапіс, рукапісы і інш. Сярод экспанатаў вялікую цікавасць выклікаюць рэканструкцыя чэрапу мужчыны-крывіча (11 — 12 ст.), з курганнага могільніка каля в.Навасёлкі; старажытная кафля з раскопак сярэдневяковага замка, які знаходзіўся на паўвостраве возера Мястра; арыгінал прысуду польскага суда жыхару в.Вытраскі В.Казаку, які за бальшавіцкую прапаганду быў асуджаны на 7 гадоў турэмнага зняволення; кіцель Героя Савецкага Саюза Дз.К.Марозава — камандзіра 850-га стралковага палка, які вызваляў Мядзель ад нямецка-фашысцкіх акупантаў; унікальны фотаздымак, на якім жыхар в.Слабада Мядзельскага раёна са сваімі сябрамі каля сцен Рэйхстага ў Берліне; рукапісы вершаў М.Танка і інш.

У музеі 10 экспазіцыйных залаў, у якасці выставачнай залы выкарыстоўваецца фае музея (плошча 98 м²). У экспазіцыі «Старажытная гісторыя краю 2 — 1,5 тыс. да н.э. — 1916 г.» прадстаўлены археалагічныя знаходкі (крамянёвыя прылады працы, керамічны посуд, разнастайная паліхромная мядзельская кафля), планы феадальных маёнткаў, манеты ВКЛ (16 ст.), абразы (канец 19 — пачатак 20 ст.), дакументы часоў 1-й сусветнай вайны (нямецкія акупацыйныя пашпарты, газеты, даведкі) і іншыя матэрыялы, у якіх адлюстравана гісторыя Мядзельшчыны. У зале «Рэвалюцыя 1917 і міжваенны перыяд 1921 — 1940» экспануюцца выданні Заходняй Беларусі, у т.л. КПЗБ і КСМЗБ, матэрыялы пра выступленне нарачанскіх рыбакоў 1935 г., дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы.

Экспазіцыі «Вялікая Айчынная вайна», «Партызанская зямлянка», «Вызваленне Мядзельшчыны» прысвечаны падзеям 1941-45 гг., гераічнаму змаганню беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паказана дзейнасць партызанскіх брыгад імя Варашылава, імя Ракасоўскага, атрада «Баявы», унікальная падшыўка перапіскі партызан з падпольшчыкамі, што служылі ў паліцыі, падпольныя газеты, лістоўкі, асабістыя рэчы і зброя партызан і воінаў Чырвонай Арміі, ваенныя білеты, дакументы пра злачынствы акупантаў і інш.

У экспазіцыі «Сучаснасць і людзі» можна прасачыць за развіццём народнай асветы у пасляваенны перыяд, азнаёміцца з гісторыяй органаў унутраных спраў раёна. Зберагаюцца дакументы і фотаздымкі воінаў-інтэрнацыяналістаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў, артыстаў — ураджэнцаў Мядзельшчыны. Значнае месца ў гэтай зале адведзена жыццю і творчасці народнага паэта Беларусі М.Танка, мастака В.Шаранговіча, актрысы М.Захарэвіч.

У раздзеле экспазіцыі «Канфесіі Мядзельшчыны» дэманструюцца фотаздымкі будынкаў касцёлаў і цэркваў, экспануюцца шматлікія абразы, кнігі, прадметы царкоўнага ўжытку.

Экспазіцыя «Народная творчасць» знаёміць з драўлянымі разнымі, карункавымі і вязанымі вырабамі мясцовых майстроў.

У 1990 г. у сярэдняй школе № 1 г.Мядзел створаны філіял музея — музей гісторыі школы імя У.Дубоўкі.

Аўтар: С.Л. Чарняўская
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.

Адрас: 222397, г.Мядзел, вул. Шаранговіча, 1
Тэл.: +375-1797-55-112+375-1797-55-112
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [470]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.