НАМІТКА — даўні
галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Лакальныя назвы павойнік, сярпанка, плат, завівала. Складаўся з уласна наміткі — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) шырынёю 30 — 60 см, даўжынёю ад 2,3 — 2,6 да 5 м, абматанага паверх чапца, і тканкі (валік з
кудзелі, абшыты палатном, на які накручвалі валасы).
Жанчына ў намітцы. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. 1920-я гады Вядома каля 30 спосабаў абмотвання. Часам абодва канцы завязваліся ззаду (
магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (
капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часам намітку замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы наміткі, іншы раз і край над ілбом аздаблялі
арнаментам (
вышыўка ці натыканне),
карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі, маларыцкі, кобрынскі строі).
Святочную намітку аздаблялі зелянінай, букетамі штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (
ляхавіцкі строй), пер’ем (
кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з двума «рожкамі»-пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў
маларыцкім строі).
Першы раз у намітку ўбіралі на
вяселлі (
абрад завівання), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. На Палессі бытавала да 1930-х гадоў.