Панядзелак, 29.04.2024, 09:17

НАВАГРУДСКІЯ ЗАМКІ

Галоўная »
НАВАГРУДСКІЯ ЗАМКІ існавалі ў 11— пачатку 18 ст. у горадзе Навагрудак Гродзенскай вобласці. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.

Навагрудак, Навагрудскі замак
Навагрудскі замак. Рэканструкцыя В.Сташчанюка

Замак на дзядзінцы (быў старажытным цэнтрам г. Навагрудак і рэзідэнцыяй заходне-рускіх і літоўскіх князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т.зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 х 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам вышынёй 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394 г.) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пачатку 15 ст. на тэрыторыі замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцёльная (9 x 9 м), Малая вежа-брама (8 х 10 м), Пасадская (7,7 х 7,7 м).

Для забеспячэння замка вадой на ўсходнім схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 x 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410 г. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пачатку 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўночна-заходняй частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 х 14 м), на паўднёва-ўсходнім схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У канцы 16 — пачатку 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14 — 19 ст. на тэрыторыі замка была царква, у якой да 1775 г. адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 г. і 1506 г. татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 г. замак узарваны шведамі.

Навагрудак, Навагрудскі замак
Навагрудскі замак

Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пачатку 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пачатку 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўночнага і паўночна-заходняга бакоў. Да 1828 г. ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.

Аўтар: М.А. Ткачоў
Крыніца: "Беларускаяэнцыклапедыя"
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.